Вы тут

Што можна прынесцi ў торбе з Камароўкi


На Камароўцы, на сезонным рынку, ягад гэтымi днямi — процьма. Малiны, познiя блiскучыя клубнiцы, вiшнi (беларускiя — па два з паловай рублi за кiлаграм, малдаўскiя — па шэсць пяцьдзясят, пакаштавала i тыя, i тыя — рознiцы анiякай), буякi, чарнiцы. Менавiта па чарнiцы я i выправiлася ў абед, бо на выхадныя ссовацца ў лес не выпадае, а якая ж зiма без чарнiчнага варэння? Яно, канешне, калi ягады не сам збiраеш, не такое смачнае, але ўсё ж... Купiла два кiлаграмы ў загарэлай цёткi з чорнымi ад ягад рукамi, якая прывезла iх у Мiнск ажно з Драгiчынскага раёна. Гаваркая паляшучка спрытна насыпала ягады ў пакет проста з прылаўка — яны там ляжалi велiкаватай горкай без нiякай скрынкi, — набiраючы iх шырокiм шуфлiкам для смецця. Ягады былi неперабраныя, з лiсцiкамi i хваёвымi iголкамi, давялося павазiцца ўвечары, iх перабiраючы. Я наўмысна купiла такiя — не таму, што таннейшыя, а каб хоць на паўгадзiны вярнуць iлюзiю, што гэта я сама прынесла iх з лесу i вось цяпер корпаюся, выбiраючы пацяруху. Ссыпала iх у шырокую каструлю, засыпала цукрам, уключыла плiту... Праз колькi хвiлiн па пакоях разлiўся кiславаты водар нагрэтых на сонцы летнiх узлескаў, i прыйшло раптам пачуццё дзiвоснага спакою, якое так рэдка можна злавiць у гэтым шалёным жыццi…


Да чарнiц у мяне асабiста пiетэт з дзяцiнства. Мо таму, што мясцiны ў нас не надта на гэтыя ягады багатыя — суглiнкаў яны не любяць, i, каб назбiраць колькi лiтраў, трэба iсцi за блiзкi свет. Думаю, менавiта таму чарнiцы ў нас называюць паважлiва — Ягады. Малiны — гэта малiны, дурнiцы — дурнiцы, бруснiцы — бруснiцы, а чарнiцы — ягады. Пайсцi ў ягады — значыла падацца ў далёкi лес, «зубатыя» абрысы якога ледзь вiдаць на даляглядзе. Завецца ён Тайга (у дзяцiнстве думалася, што гэта тайга i ёсць), i, акрамя ўсялякiх ягад ды грыбоў, шмат у iм усякага звяр'я, таму збiралiся туды, як у небяспечную экспедыцыю, цэлымi кампанiямi. Разбрыдалiся па вялiзным лесе, усё ж азiраючыся, каб не згубiцца, каб бачыць кагосьцi са спадарожнiкаў. Асаблiва баязлiвыя цёткi ўвесь час гукалi адна адной, i вэрхал стаяў яшчэ той, зусiм як у Коласа: «Марыля, гу! гу-гу, Тацяна! // — Гу-гу, Магдуся! Гу, Мар'яна! // — Антоля! цётка Мiхалiна! // — Алеся! Зося! Катарына!»... Карацей, калi i сапраўды хадзiў там паблiзу якi воўк, як нас палохалi дарослыя, дык джгаў, напэўна, у гушчар з усiх ног ад гэтай гарластай пераклiчкi.

Я ўвесь час здзiўлялася (здзiўляюся, згадваючы i сёння), як гэтыя цёткi маглi так хутка назбiраць поўныя дзесяцi-дванаццацiлiтровыя вёдры дробных ягад. Прычым нiколi не карысталiся нiякiмi «камбайнамi» — усё рукамi. Я асабiста, нават ужо дарослая, на такi подзвiг была няздатная. Самае вялiкае дасягненне — бiтончык на два з паловай лiтры. Мы тады выправiлiся ў лес, лiчы, усёй сям'ёй — брат з жонкай, сястра з мужам, i я са сваiм неадчэпным хаўруснiкам ва ўсiх лясных прыгодах — кундалем Джымам. Ведаючы мой асаблiвы «талент» збiраць чарнiцы, брат знайшоў самы буйны ягаднiк, прывёў мяне да яго, сказаў здзеклiва: «Ну, калi ўжо тут не назбiраеш...» Ад ягад, якiя, здавалася, вiселi цэлымi гронкамi, стракацела ўваччу, яны самi прасiлiся ў рукi i... у рот. Хутка назбiраўшы цэлую жменю, я iх туды i адправiла. Потым яшчэ i яшчэ (чарнiцы можна есцi бясконца, а тыя былi буйныя, спелыя i салодкiя). Сабака быў памочнiкам яшчэ тым — разлёгшыся пасярод ягаднiку, ён лянiва хапаў зяпай самыя спелыя чарнiцы i жаваў iх, заплюшчыўшыся ад задавальнення.

Так i знайшлi нас старэйшыя, якiя набралi ўжо поўныя дзесяцiлiтровыя вёдры, — разамлелых i задаволеных, з чорнымi пашчамi (у мяне былi чорныя яшчэ i каленi, бо ўкленчыўшы збiраць было лацвей). Бiтончык сiратлiва стаяў убаку, у iм было ледзь прыкрытае дно. Пераглянуўшыся i пацiснуўшы плячыма, мае родныя пассыпалi ў няшчасную пасудзiну коптары са сваiх вёдраў — i бiтончык стаў поўны. Па вёсцы я несла яго з гонарам, не зважаючы на кпiны, якiя гучалi ў мой адрас усю дарогу. (Дарэчы, гучаць i сёння, калi за сямейнай бяседай прыгадваем свае колiшнiя прыгоды...)

А пасля з чарнiц варылi варэнне. Самае смачнае, самае, па вясковых мерках, каштоўнае. Гэта малiны маглi варыцца ў звычайным гаршку цi выварцы на трыногу ў двары, на чорныя ж ягады даставаўся адмысловы медны таз, i варылi iх толькi на плiце. Ад паху, якi лунаў па хаце, цяклi слiнкi, так хацелася пакаштаваць таго варэння. Яго разлiвалi ў слоiкi, але абавязкова заставалася кружачка, якая нi туды нi сюды (я думаю, мама адмыслова так падгадвала). Вечарам мама пякла гару блiноў, уся сям'я — i большыя, i меншыя — садзiлася вакол стала i мачала скручаныя ў трубачку блiны ў пералiтую з кружачкi ў талерку дзiвосную смакату. Рытуал працягваўся i зiмой — чарнiчнае варэнне даставалi з кладоўкi на выхадныя, калi прыязджалi старэйшыя дзецi, i можна было вось так — усёй сям'ёй — сядзець разам, ласавацца, павольна размаўляць i згадваць пра лета — i пра тое, што было, i пра тое, што абавязкова будзе...

Пэўна, менавiта жаданне адчуць тое самае... калi хочаце — шчасце i пацягнула мяне сёлета на Камароўку, дзе гаваркая цётка з-пад Драгiчына насыпала мне ў торбу неперабраных чарнiц. I на нейкi момант нават здалося, што гэта я сама iх сабрала ў Тайзе, i дзесьцi наводдаль перагуквалiся вясковыя кабеты, а побач у ягаднiку ляжаў белы калматы сабачка i лянiва хапаў ягады чорнай ад iх жа зяпай...

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Прэв’ю: agrognom.ru

Загаловак у газеце: Чарнiчнае варэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».