Вы тут

Вольга Сафронава: Конi — гэта нашы дзецi. Спартсменка расказала пра нюансы коннага спорту, догляд коней i iх трэнiроўку


Каб купiць добрую спартыўную жывёлу, яна прадала сваю машыну i сёння дзесяць гадзiн штодзень праводзiць на канюшнi

Вольга Сафронава i Сандра дэ Амор iмклiва ўварвалiся ў элiту Цэнтральнаеўрапейскай зоны коннага спорту. Выступаючы на турнiрах Вялiкага прыза па выездцы ўсяго два гады, яны ўжо атрымалi квалiфiкацыю на Алiмпiяду 2020 года. На жаль, праз адмену Гульняў цяпер iм зноў давядзецца даказваць сваё права ўдзельнiчаць у спаборнiцтвах у Токiа, але Вольга не бачыць у гэтым праблемы.


А пачыналася кар'ера дзяўчыны ў невялiкiм мястэчку Барань Аршанскага раёна — там на канюшнi працавала трэнерам яе мама, таму любоў да коней перадалася, напэўна, генетычна. Перспектывы спартыўнай кар'еры адкрылiся ўжо ў Мiнску, калi сям'я пераехала ў сталiцу. А каб павысiць сваё майстэрства, Вользе давялося папрацаваць i на замежных канюшнях, выконваючы цяжкую фiзiчную работу. Пра нюансы коннага спорту, догляд коней i iх трэнiроўку спартсменка расказала ў сваiм iнтэрв'ю «Звяздзе».

Выездка, па мiжнароднай тэрмiналогii — дрэсура, вышэйшая школа верхавой язды i алiмпiйскi вiд. Лiчыцца самым элегантным вiдам коннага спорту. У iм спартсмен павiнен прадэманстраваць здольнасць каня да правiльных i прадукцыйных рухаў на ўсiх алюрах у розным тэмпе, павольныя i рытмiчныя пераходы з аднаго алюра ў iншы, правiльную стойку, асаджванне (рух назад), рух з бакавым згiнаннем, выпрацаваныя спецыяльнай трэнiроўкай складаныя рухi (пiруэты, зменка нагi на галопе, пасаж, пiяфе). Пры выкананнi гэтых практыкаванняў конь павiнен рухацца, захоўваючы тое цi iншае становiшча свайго корпуса, якое адпавядае нумару праграмы. Ацэньваецца таксама агульны выгляд каня, яго гарманiчнасць i прыродная здольнасць да эластычных прыгожых рухаў.

«Звычайна дастаецца галаве i пазваночнiку»

— Вольга, калi б не мама-трэнер, вы б сталi займацца конным спортам у Оршы?

— Вельмi складана адказаць на гэтае пытанне, таму што конi ў нашым рэгiёне былi толькi ў адным месцы — у Баранi. Я пражыла там больш за 20 гадоў i на працягу гэтага часу сустракала шмат людзей, якiя казалi, што не ведаюць пра iснаванне той канюшнi, тых коней i наогул такога вiду спорту. Таму, хутчэй за ўсё, не. Але i сёння самыя яркiя ўспамiны з дзяцiнства ў мяне звязаны з канюшняй. Гэта, у першую чаргу, спаборнiцтвы i падрыхтоўка да iх. Для мяне гэта была цэлая падзея, мы пачыналi рыхтавацца да яе за тры месяцы, самi са стужачак рабiлi ўзнагародныя разеткi для коней, шылi сабе амунiцыю. А самае лепшае было тое, што тры днi можна было спаць на сене, смажыць шашлыкi каля вогнiшча i сядзець там з дарослымi.

— Акрамя рамантыкi i трэнiровак, конi патрабуюць штодзённага догляду...

— Так, але i ў дзяцiнстве, i цяпер мяне складаней прымусiць памыць падлогу дома, чым у канюшнi цэлы дзень з тачкай цягаць сена (усмiхаецца).

— Непазбежны момант коннага спорту — падзеннi. Яны вас не палохалi?

— Страх быў, асаблiва пасля сур'ёзных траўмаў. I гэта не боязь сесцi ў сядло, а страх трапiць у такую ж сiтуацыю, неяк справакаваць каня або сесцi на наравiстую жывёлу. Але жаданне зрабiць i пайсцi далей перамагае страх. Звычайна дастаецца галаве i пазваночнiку, бо рукi-ногi аднаўляюцца хутка. У сядло трэба садзiцца з упэўненасцю: жывёлы не разумеюць слоў, яны адчуваюць iнтанацыю i настрой.

— Хто часцей вiнаваты ў падзеннях — конь цi чалавек?

— Цяжка сказаць. Часцяком наогул вiнаваты нейкi вонкавы фактар, калi конь чагосьцi спалохаўся або маладая жывёла не зразумела каманду. Гэта справа выпадку.

«Калi конь спакойны — на арэне ён не баец»

— Неяк вы ездзiлi працаваць на канюшнi ў Нiдэрландах i Германii. Навошта?

— У мяне з'явiлiся Сандра i новы трэнер Iрына Лiс, на той момант найлепшая спартсменка, якая толькi скончыла выступаць. Разам з iмi паўстала планка, разуменне, да чаго трэба рухацца, чаму вучыцца. Але я разумела, што ў Беларусi мне не хапае аб'ёму работы, коней i наогул той поўнай карцiны коннага спорту, да якой трэба iмкнуцца. Трэнеры пачалi дапамагаць выязджаць у так званыя працоўныя лагеры за мяжу, каб набрацца вопыту. Там я працавала на канюшнях, выязджала са спартсменамi на спаборнiцтвы, бачыла, як праводзяць турнiры, паказваюць i выбiраюць коней. Мне ўдалося папрацаваць на канюшнi, дзе ладзяць аўкцыёны, гэта значыць я бачыла, як да iх рыхтуюць коней, бо вельмi многае застаецца за кадрам. Фiзiчна гэта было вельмi складана, уставаць даводзiлася а 5-й ранiцы. Спачатку я кармiла коней, потым прыбiрала боксы, сядлала коней па раскладзе. Потым кармiла iх абедам, за гэты час трэба было паспець паесцi i самой, затым выпускала коней у левады ды кармiла вячэрай. Трэба разумець, што там зусiм iншы менталiтэт: нават на канюшнi павiнен быць iдэальны парадак. У пакоях для амунiцыi былi белыя падлогi, якiя трэба мыць кожны дзень. Часам паесцi паспявала толькi ўвечары, але ўсю гэтую работу я выконвала не за грошы, а для таго, каб атрымаць гадзiну заняткаў з добрым канём i квалiфiкаваным трэнерам.

— Як у вас з'явiўся Сандра?

— Яго знайшлi ў Галандыi мае трэнеры, прывезлi ў Беларусь. Тады ён быў трохгадовым незаезджаным канём з вельмi няпростым характарам. Пацiкавiлiся ў мяне, цi не хачу купiць яго сабе. Бацькi на той момант прадалi бабулiну кватэру i набылi мне на 18-годдзе старую BMW. Але яна ў мяне вельмi часта ламалася, таму хутка вырашылi прадаць. Роўна гэтую суму мне назвалi за каня. Параiлася з мамай, а яна сказала: «Вырашай сама — альбо ездзiць на машыне, альбо на канi». Усе разумеюць, што без каня коннага спорту не iснуе, якi б таленавiты i працавiты ты нi быў, таму выбар быў вiдавочны.

— Вы адразу бачылi ў Сандра патэнцыял?

— Так, з гэтага ўзросту ўжо вiдаць пэўныя лiнii, алюр, малюнак каня, яго вуглы, зразумелыя паходжанне, парода. Яго дзед — чэмпiён свету, i Сандра ўжо тады выглядаў як добры конь для выездкi.

— Таленавiтыя конi, як i людзi, часта бываюць са складаным характарам?

— Калi конь ад прыроды спакойны, яго ўвага арыентавана на чалавека, то, хутчэй за ўсё, ён i на арэне не баец. Павiнен быць агеньчык, i толькi ён можа перамагаць. У канкуры ў бразiльца быў конь, здаецца, ён нават выйграў Алiмпiйскiя гульнi, — якi выходзiў i альбо скакаў увесь канкур чыста з запасам над бар'ерамi, альбо падыходзiў i проста спыняўся перад iмi.

— Для розных вiдаў коннага спорту патрэбныя розныя пароды коней?

— Так. Конь для канкура будзе з моцнымi заднiмi нагамi, у яго карацейшая шыя. Калi конь для выездкi, то ён крыху прысаджаны назад, з доўгай шыяй, вялiкай патылiцай, вельмi эфектнымi алюрамi i лёгкiм перадам. Гэтым займаюцца спецыялiсты-генетыкi, скрыжоўваюць пароды i атрымлiваюць патрэбных коней. У Германii, напрыклад, гэта цэлая iндустрыя.

— Што было самым складаным у рабоце з маладым Сандра?

— Трэба было перажыць падлеткавы ўзрост. У мяне, дзякуючы характару, хапiла на гэта цярпення. З iм нельга было змагацца, прымушаць сiлай, таму што ён усё роўна мацнейшы. Трэба было проста штодня працаваць. Наша супрацоўнiцтва з пяці да сямі гадоў было самым цяжкiм перыядам. Калi я выехала з iм на першыя спаборнiцтвы, нас выключылi падчас язды. Сандра проста падняўся на заднiя ногi i развярнуўся ў момант выканання элемента. Але я ўсё роўна разумела, што гэта конь высокага класа, ды i ўсе спецыялiсты казалi тое ж самае.

— Колькi часу вы праводзiце з iм цяпер?

— Кожны дзень з 9 ранiцы да 7 вечара. Гэта не толькi трэнiроўкi, але i проста прагулкi. Стараюся, каб конi гадзiн пяць праводзiлi па-за межамi бокса, бо па прыродзе яны павiнны быць практычна ўвесь час у руху — у сваiх боксах жывёлы пачынаюць чэзнуць.

«Пачак вiтамiнаў — 100 еўра, магнiтная папона — ад дзвюх тысяч»

— У чым заключаецца асноўны догляд спартыўных коней?

— Па-першае, там, дзе яны трэнiруюцца, павiнен быць пэўны грунт. Гэта белы кварцавы пясок, перамяшаны з геатэкстылем, ён абавязкова павiнен быць мокры. Тады гэты грунт не правальваецца, а дае каню магчымасць амартызаваць, што захоўвае яго звязкi, сухажыллi i суставы. Другi момант — умовы ў канюшнi. Там патрэбныя вокны, усё павiнна праветрывацца, важныя высокiя столi, каб забяспечыць добрую цыркуляцыю паветра. Нягледзячы на тое, што ёсць выраз «конскае здароўе», здароўе ў гэтых жывёл вельмi ўразлiвае, таму вельмi важны момант — харчаванне. Трэба пэўнае сена, мы купляем яго ў некаторых гаспадарках у Беларусi. За мяжой заказваем мюслi i вiтамiнныя комплексы. Таксама ў нашых коней ёсць салярый, мыйкi, магнiтныя папоны i накладкi. Яны выкарыстоўваюцца для расслаблення. Ёсць спецыяльныя апараты для масажу. Спартыўным коням трэба i пэўнае ветэрынарнае абслугоўванне — гэта не толькi вакцынацыя, але i рэнтгены, ультрагук. На шчасце, у нас ёсць добрыя спецыялiсты. Конi як паўнавартасныя спартсмены, iм часта трэба больш, чым чалавеку.

— А на што яны часцей за ўсё хварэюць?

— Самае распаўсюджанае — гэта траўматызм. Маладыя конi гуляюць i могуць траўмiравацца, дарослыя атрымлiваюць пашкоджаннi ў вынiку нагрузак. Частая хвароба i праблема — колiкi, яны часцей за ўсё абумоўлены няякасным харчаваннем. Калi каню проста даць папасвiцца ў прыродзе, ён нiколi не возьме лiшняга, будзе выбiраць кожную травiнку, але калi гэта сена, то ён ужо не можа вызначыць нешта дрэннае, i ад гэтага могуць быць негатыўныя наступствы. У коней няма рвотнага рэфлексу, таму ўсё, што трапiла ўнутр, там i застаецца. У расiйскай спартсменкi нядаўна конь загiнуў з-за колiк проста на турнiры, а страта жывёлы — гэта заўсёды трагедыя, таму што гэта нашы дзецi.

— Якi ўзрост аптымальны для спартыўнага каня?

— Ад 10 да 16 гадоў. А вось для спартсмена ў гэтым плане нiякiх абмежаванняў няма. Напрыклад, жанчыне, якая сёння займае першае месца ў сусветным рэйтынгу, 50 гадоў, i яна з'яўляецца самай тытулаванай спартсменкай у конным спорце.

— Ад каго больш залежыць поспех — ад каня або спартсмена?

— Ёсць чатыры кампаненты, важныя ў роўнай ступенi, — гэта спартсмен, конь, трэнер i фiнансаванне. Калi адно звяно выпадае, нiчога не атрымаецца.

— Наколькi самому спартсмену сёння даводзiцца ўкладвацца ў фiнансаванне свайго каня?

— Практычна на ўсе сто працэнтаў. Для таго каб трапiць на прафесiйную арэну, трэба вельмi многае забяспечыць сваёй жывёле. Напрыклад, пачак вiтамiнаў каштуе 100 еўра, магнiтная папона — ад 2000 еўра, мяшок мюслi — ад 20, яго хапае на тыдзень. Цяпер, калi я трапiла ў нацыянальную каманду, у мяне ёсць пэўнае фiнансаванне, зарплата, амунiцыя, паездкi на спаборнiцтвы, сутачныя. А раней збiрала ўсё па крупiнках, i калi б не тая старэнькая BMW, не факт, што ўсё гэта было б у мяне зараз.

«На пенсii нiякiх мясакамбiнатаў»

— Цi шмат у выездцы залежыць ад суддзяў?

— Вядома, доля суб'ектыўнай ацэнкi там прысутнiчае. Выездка — гэта ўсё ж такi класiчны вiд коннага спорту, вiд з гiсторыяй, i ты павiнен шанаваць яго традыцыi, прытрымлiвацца iх. Спартсмен становiцца майстрам, толькi калi сам выгадуе каня, а не проста купiць яго i адзiн раз паспяхова выступiць. Таму калi суддзi бачаць, што тваё выступленне не разавая акцыя, то на штосьцi могуць заплюшчыць вочы, але гэта датычыцца толькi самых дробных памылак.

— У Еўропе конны спорт папулярны сярод гледачоў?

— Так, да таго ж цяпер там зрабiлi вельмi цiкавы сэрвiс Spectator Judging. Ён дазваляе назiраць за спаборнiцтвамi анлайн i паралельна з суддзямi ставiць адзнакi. Потым на табло з'яўляюцца балы суддзяў i сярэдняя адзнака гледачоў, у фiнале публiкуецца, хто перамог на думку адных i iншых. На буйных спаборнiцтвах гледачу, якi максiмальна наблiжаецца да адзнак суддзяў, выдаюць адмысловы сертыфiкат з аўтографамi ўсiх спартсменаў. Гэта вельмi цiкава, гэта захоплiвае i прымушае гледачоў разбiрацца ў тым, што робiць пара i якiя балы за гэта павiнна атрымаць. Чалавек пачынае вывучаць правiлы, чытаць, цiкавiцца. Сёння нам такога не хапае.

— У Беларусi ў вашым вiдзе сёння моцная канкурэнцыя?

— На жаль, з-за недахопу масавасцi ў асноўным мы канкурыруем у Цэнтральнаеўрапейскай зоне, таму што на фiналы адбiраемся адтуль, на Алiмпiяду — таксама. Гэта значыць, мы змагаемся з расiянамi, украiнцамi, прыбалтамi, палякамi, чэхамi i гэтак далей. Але, на шчасце, у нас ужо з'яўляецца шмат таленавiтых перспектыўных пар.

— Якiя задачы цяпер стаяць перад вамi з Сандра?

— У нас абнулiлася квалiфiкацыя да Алiмпiйскiх гульняў, але лiцэнзiя ў краiне засталася. Гэта звязана з iх пераносам. Таму за цяперашнi сезон нам iзноў трэба атрымаць квалiфiкацыю, а гэта значыць праехаць два пэўныя турнiры на высокiм узроўнi, набраць там неабходныя балы ад самых вядомых пяцiзоркавых суддзяў, якiя працуюць на Алiмпiйскiх гульнях, чэмпiянатах свету i Еўропы.

— Крыўдна страцiць такую доўгачаканую пуцёўку?

— Не, таму што мы атрымалi дадатковы час падрыхтавацца, прыйсцi ў форму, выправiць нейкiя свае памылкi. Мiнулы сезон быў вельмi насычаны i вельмi цяжкi, тым больш Сандра яшчэ толькi другi год выступаў па Вялiкiм прызе, а гэта вельмi мала, i тое, што ён зрабiў, для мяне фантастыка.

— I апошняе пытанне, якое часта цiкавiць чытачоў. Што чакае спартыўных коней на «пенсii»?

— Нiякiх мясакамбiнатаў, як кажуць некаторыя. Яны пачынаюць жыць яшчэ лепш, чым падчас спартыўнай кар'еры. Нi адзiн спартсмен свайго каня нiколi не кiне i не дасць пакрыўдзiць. Калi ёсць магчымасць ды дазваляе здароўе, мы трэнiруем на iх дзетак або выпускаем шпацыраваць разам з маладымi канямi. Але калi раптам у коней здараецца нейкая сур'ёзная хвароба, то толькi ўсыпленне — мы не дапускаем пакут. Гэтыя жывёлы дораць нам столькi яркiх момантаў i станоўчых эмоцый усiм сваiм жыццём, яны праходзяць з намi побач такiя складаныя выпрабаваннi, што падарыць iм шчаслiвую пенсiю — гэта самае малое, чым мы можам iм аддзячыць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Алесі РЭЎТАВАЙ і Марыі КАЛЕСНІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».