Вы тут

Пах валошак на ўвесь свет


У чарговы раз сёлета ў Мінску пройдзе Міжнародная летняя школа беларусістыкі: з 17 па 28 жніўня. Прычым у анлайн-­фармаце.


Міжнародныя летнія школы беларусістыкі ладзіць Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (РІВШ) з прыцягненнем шматлікіх валанцёраў. Сімвалам 5‑й ужо школы стане валошка, кветка-васілёк. Арганізатары спадзяюцца: вобраз, а таксама й пах такой кветкі здольны нагадаць беларусам з замежжа пра асалоду роднай мовы. Спасцігаць яе, даследаваць патаемныя глыбіні сёлета навучэнцы з розных краін будуць на адлегласці, у анлайн-рэжыме: пандэмія каранавіруса прыўнесла свае карэктывы. Новыя анлайн-методыкі выкладання ды анлайн-праграмы па вывучэнні мовы распрацавалі супрацоўнікі РІВШ. Ідэя ж арганізацыі школы належыць Лідзіі Сямешцы, заснавальніцы навукова-метадычнай школы выкладання беларускай мовы як замежнай (другой).

“Мы прытрымліваемся так званага лінгвакультуралагічнага падыхода ў выкладанні мовы, дзе яна — неад’емны феномен культуры, — гаворыць загадчыца кафедры моладзевай палітыкі й сацыякультурных камунікацый РІВШ Алена Ігнатовіч. — У Школе беларусістыкі мова спасцігаецца ў спалучэнні з літаратурай, гісторыяй і культурай. Лекцыі цягам двух тыдняў чытаюць вядомыя беларускія даследчыкі. Інтэнсіўны моўны курс прыпадае на першую палову дня, а разнастайная культурная праграма — на другую”. Навучэнцы школы змогуць анлайн наведаць беларускія музеі, выставы, бібліятэкі, віртуальна сустрэцца з вядомымі дзеячамі культуры, навукі й мастацтва, патрапіць на інтэрактыўныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі. Можна будзе завітаць на літаратурныя вечарыны, паўдзельнічаць у майстар-класах па гатаванні традыцыйных беларускіх страваў. Музейшчыкі, дарэчы, спецыяльна рыхтуюць віртуальныя экскурсіі для навучэнцаў школы пад канкрэтныя моўныя праграмы. Экскурсіі, як і сустрэчы з вядомымі спевакамі, музыкамі, пісьменнікамі ды іншымі культурнымі дзеячамі, будуць інтэрактыўнымі. А па ходзе анлайн-трансляцый навучэнцы школы змогуць падмацаваць веданне мовы на практыцы, задаўшы пытанні суразмоўцам.

Каго чакаюць у МЛШБ сёлета? Беларусаў замежжа, якія захапляюцца беларускай мовай і літаратурай, замежных студэнтаў, магістрантаў з іншых краін, што яе вывучаюць больш глыбока, выкладчыкаў беларускай мовы як замежнай. Упершыню запрошаны прадстаўнікі дыпмісій з усіх краін ды іх сямейнікі. Для іх распрацавана спецыяльная праграма па развіцці навыкаў валодання вуснай і пісьмовай афіцыйна-дзелавой мовай “Беларуская мова як сродак прафесійнага развіцця дыпламатычных работнікаў”. Ладзіцца й асобная адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі “Методыка выкладання беларускай мовы як замежнай (другой)”. У адпаведнасці з ёй будуць павышаць кваліфікацыю і ўдасканальваць педагагічныя методыкі выкладчыкі беларускай мовы як замежнай.

Кожная з гэтых груп навучэнцаў школы будзе адрознівацца і ўзроўнем моўнай падрыхтоўкі: пачатковым, сярэднім ці высокім. На кожным узроўні валодання мовай будзе прапанавана прайсці адпаведны моўны курс. Высвятляць жа ўзровень дапамогуць распрацаваныя ў РІВШ тэсты.

І ўжо ёсць намер ладзіць таксама Дзіцячую летнюю школу беларусістыкі. Паўдзельнічаць у ёй змогуць дзеці беларусаў замежжа, дыппрадстаўнікоў Беларусі за мяжой, наогул усе дзеці ад 7 да 14 гадоў, зацікаўленыя беларускай мовай, гісторыяй і культурай, з Беларусі таксама. Адукацыйная праграма для дзяцей будзе праходзіць у інтэрактыўным рэжыме з ужываннем гульнёвых тэхналогій — юныя й не заўважаць, што вучацца.

Па выніках навучання ўсе ўдзельнікі атрымліваюць сертыфікат РІВШ. Для ўдзелу ў Школе беларусістыкі трэба даслаць заяўку да 15 жніўня 2020 года. Яе можна знайсці па спасылцы: https://docs.google.com/forms/d/1pBQWdN2FsAXvpLvgDEd0vqt2hQjbFіuu5BB7X8Q7PaQ/edіt. А пытанні арганізатарам дасылайце на электронны адрас школы: Skolabel2020@gmaіl.com

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.