Вы тут

Беларускае Купалле на беразе Балтыйскага мора


Самая кароткая летняя ноч года на Беларусі — Купальская. Менавіта “па Сонцы”, як і было спрадвеку, прызвычаіліся адзначаць гэтае вялікае народнае свята й беларусы Літвы.


Прадстаўнікі пяці краін гатовыя запаліць Купальскае вогнішча

Рамантычнае, самабытнае, споўненае вялікіх таямніц свята ў гонар Сонца й росквіту прыроды — Купалле. З прадаўніх часоў ладзяць Купальскія святы і славяне, і балты. У кожнага народа ёсць свае традыцыі, павер’і ды іх працяг у нашым часе. І беларусы Літвы, хоць і жывуць за межамі Бацькаўшчыны, шануюць Купалле. Сёлета ўжо 17‑ы раз адзначылі яго на тэрыторыі маляўнічай сядзібы Гервячай: пры рацэ Мініі, у ваколіцах Клайпеды. Па запрашэнні мясцовай Беларускай суполкі “Крыніца” прыехалі на свята й супляменнікі з Літвы, Латвіі, Эстоніі ды Польшчы. Так што ўжо традыцыйнае на Клайпедскай зямлі свята пашырае межы, пераўтвараецца ў Фэст беларускай культуры “Беларускае Купалле на беразе Балтыйскага мора”.

Святочную імпрэзу заўсёды падтрымлівае Дэпартамент нацменшасцяў Літвы, Цэнтр нацыянальных культур Клайпедскага самакіравання, Міністэрства замежных спраў Беларусі. Шматгадовы спонсар свята — кампанія “Белинтертранс Балтик”, а яе супрацоўнікі — непасрэдныя ўдзельнікі Купалля. Праект гэты, кажучы сучаснаю мовай, паядноўвае людзей неабыякавых, творчых, таленавітых. Сярод ганаровых гасцей на фэсце сёлета былі Амбасадар Беларусі ў Літве Валеры Бараноўскі, заснавальнік фонду “Сантарвес” Юліус Казенас, паэт з Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька. Дарэчы, песня на яго верш “Беларускі дом” стала гімнам Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы.

Як парадавалі ўсіх нас юныя артысты! Выступалі ансамблі з Клайпеды “Верасок” (мастацкія кіраўніцы Валянціна Снігур ды Ірына Сімачова), “Лад” (выхаванцы Валянціны Снігур) і “Вечора” (выхаванцы Марыі Серабраковай). Прыемна, што беларускія традыцыі прадаўжаюць і развіваюць дзеці, да таго ж — разам з бацькамі. Госці ды ўдзельнікі свята любаваліся й працамі юных мастакоў на выставе “Я малюю Беларусь”. Удзельнікі яе з Клайпеды атрымалі падарункі ад Валерыя Бараноўскага (гл. стар. 2).

Тыя, хто ладзіў свята, радаваліся ўсім гасцям. Кожны з іх дарыў Купаллю свае талент і майстэрства, дабрыню сэрца й цеплыню душы. Усе разам зрабілі мы свята непаўторным і запамінальным. Скажам, ансамбль беларускай суполкі “Сябры” з Нарвы (мастацкая кіраўніца Ларыса Ждановіч) запомніўся сваёй яркасцю й выразнасцю. А гурт “Спадкі” беларускай суполкі з Тарту (мастацкая кіраўніца Ірына Хэла Каламіец) — прыгожым акапэльным спевам. Абодва гурты прыехалі з Эстоніі.

Упершыню на свята нашае завіталі госці з Польшчы: вакальна-інструментальны гурт “Лайланд” Беларускай грамады Беластока (мастацкі кіраўнік Богдан Астапчук). Неверагодны поспех! Пасля першых жа акордаў пляцоўку перад сцэнай запаўнялі танцоры: ногі самі, здаецца, туды іх неслі. А гэты ж лепшы “маркер” для любога ВІА.

На свежым паветры хораша спяваецца

З Латвіі прыехаў гурт беларускай народнай песні “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў) — ён дзейнічае пры Цэнтры беларускай культуры й беларускай суполцы “Уздым” у Даўгаўпілсе. Госці падарылі нам цудоўныя песні, да таго ж запрасілі ўсіх паўдзельнічаць у народных гульнях. Іх бліскуча й правяла на радасць усім кіраўніца ЦБК й суполкі “Уздым” Жанна Раманоўская. Які талент! Ну быццам штодзень спадарыня Жанна прымушае не адзін дзясятак дарослых людзей весяліцца як дзеці. А тым часам удзельніцы конкурсу на лепшы Купальскі вянок змаглі адправіць іх у плаванне па рэчцы.

Яшчэ адзін гурт з Латвіі, з суседняга з Клайпедай горада Ліепая — ужо шмат разоў паўдзельнічаў з намі ў сумесных імпрэзах. І на самым першым свяце “Купалле”, у 2004‑м, ён быў з намі. Гэта вакальны ансамбль “Паўлінка” (мастацкая кіраўніца Жанна Буйніцкая). Гурт дзейнічае пры Беларускай суполцы “Мара”. На дзіва артыстычныя, прыгожыя й жыццярадасныя людзі. Мы ўпэўненыя, што наша супраца й надалей будзе плённай.

Усе гледачы з захапленнем сустрэлі беларускія музычныя гурты з Літвы: вакальны ансамбль “Раніца” (мастацкі кіраўнік Францішак Міцкялевіч) Беларускага культурнага цэнтра ў Шальчынінкаі ды ансамбль беларускай песні “Світанак” (мастацкі кіраўнік Сяргей Шабадалаў) Беларускага культурнага цэнтра “Крок” з Вісагінаса. Заслугоўвае вялікай павагі шчырае імкненне нашых супляменнікаў з Літвы зберагаць этнакультурную спадчыну беларусаў. І заўсёды хочацца ім падпяваць — так і на гэты раз было.

А на заключэнне ў святочным канцэрце па традыцыі выступалі гаспадары: вакальны ансамбль “Купалінка” (мастацкая кіраўніца Валянціна Снігур) Беларускай суполкі “Крыніца”. Сустрэчам з гэтымі артыстамі жыхары горада заўсёды рады. Абноўлены рэпертуар, меладычнасць кампазіцый, чыстыя й звонкія галасы, жыццярадаснасць удзельнікаў — усё як мае быць! Калектыў адзначыў нядаўна 15‑гадовы юбілей, і ўвосень у Клайпедзе будзе яго вялікі канцэрт.

Пад гукі песень, музыкі, галасы родных людзей набліжалася самая кароткая летняя ноч. Калі закончыўся канцэрт, усе яго ўдзельнікі атрымалі памятныя дыпломы й падарункі: ад імя арганізатараў фэсту іх уручаў кіраўнік суполкі “Крыніца”, Ганаровы консул Беларусі ў Латвіі Мікалай Логвін.

Якія дзяўчаты!

І вось, нарэшце, надышоў час запаліць Купальскае вогнішча. Тое было даверана прадстаўнікам пяці краін, якія прынялі ўдзел у фэсце. Ад Беларусі паходню ўзяў Валеры Бараноўскі. Калі ж гарэў агонь, то свята й далей спявала й танцавала. Усе ахвочыя артысты змаглі яшчэ раз паказаць сваё майстэрства й парадаваць гледачоў. Потым былі й скачкі цераз вогнішча, і купанне ў Купальскай вадзе. Гэта, як вядома, традыцыйныя народныя спосабы ачысціцца: агнём і вадой. І спрадвечныя традыцыі жывуць у беларускай культуры па сёння.

Дзякуй усім, хто быў у гэты вечар і ноч з намі! Асаблівая падзяка жыццярадасным вядучым: Наталлі Дамненцы ды яе сыну Данілу. Сваёй цудоўнай беларускай мовай, разумнымі й дарэчнымі рэплікамі яны ўпрыгожылі вечар. Дзякуй і аўтару сцэнара Сяргею Шабадалаву. Ён шмат папрацаваў і на падборы ўдзельнікаў, рэпертуару, ды сам не змог да нас прыехаць. Адзначым як заўсёды бездакорную працу шматгадовага гукарэжысёра свята Рамана Крылюка. Яны ўсе справіліся — на выдатна.

Над рэчкаю Мініяй, з Купальскім вяночкам

Я ўпэўнена: добрая традыцыя праводзіць з песнямі й гульнямі самую кароткую ноч года разам прадоўжыцца пры гасціннай Клайпедзе яшчэ не адзін год. Будзем спадзявацца, што склад удзельнікаў, іх “геаграфія” пашырацца. Так што — да новых Купальскіх сустрэч!

Наталля Ляпешка.

Фота: Валеры Зубакоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.