Вы тут

Край разрываны ўвесь на часці…


Сто гадоў таму — 11 ліпеня 1920 года — скончылася амаль гадавая польская акупацыя на той час ужо сталічнага горада Менска. Ды ў хуткім часе Беларусь была разарваная: на Усходнюю й Заходнюю. Глянем на супярэчлівы час у гісторыі Бацькаўшчыны праз чароўную прызму: вершы Янкі Купалы.


Янка Купала

Памятная дата вызвалення Менска ад палякаў за савецкім часам не абходзілася ўвагай афіцыёзу. Вядома ж, расстаўляліся адпаведныя акцэнты. Янка Купала меў магчымасць, як кажуць, на сваёй скуры адчуць сутнасць як бальшавіцкае палітыкі ў дачыненні да Беларусі, так і палітыкі польскае ўлады. Таму слушна будзе звярнуцца да бачання гістарычных падзей Прарокам.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года і ў далейшым пасля заняцця Беларусі нямецкімі акупантамі паэт Іван Луцэвіч жыў у Смаленску, які тады разглядаўся як беларускі горад. Разумеючы ці адчуваючы важнасць падзей, у кантэксце якіх адбылося абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года), паэт пасля доўгага паэтычнага маўчання нібыта выходзіць з зацягнутага самнамбулічнага стану ды зноў пачынае прамаўляць: гучна й канцэптуальна. У новых паэтычных творах яшчэ яскравей акрэсліваюцца два галоўныя матывы: абуджэнне-адраджэнне беларускага народа і ў сувязі з тым насцярожанасць адносна суседзяў — як з усходу, так і з захаду. Таму й разважае паэт: “А ўсё ж як тамка сваякі-суседзі/ Яе паймуць, хацелася бы знаць, —/ Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?/… Адно, снуючы з сумам па праследдзі,/ Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,/ Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!” (“Для Бацькаўшчыны”, 1918).

З абвяшчэннем БССР (1 студзеня 1919 года) Янка Купала прыязджае ў сталіцу рэспублікі — Менск. І становіцца не проста ў цэнтры — у авангардзе культурна-палітычнага жыцця Беларусі. Да паэзіі дадаўся публіцыстычны фармат, з выпадамі асабліва надзённымі й вострымі. Па-ранейшаму трохі апераджаючы падзеі, калі савецка-польскае змаганне на Беларусі яшчэ не набыло вастрыні, але й нямецкая акупацыя падыходзіла да завяршэння, а БНР так і не здолела замацавацца, Прарок піша: “Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь свежай,/ Запрог цябе ў няволю, ў батракі/ І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,/ Жывую рве на часці, на кускі. <…> Паўстань, народ! Прачнісе, беларусе!/ Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!/ Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,/ Як твой навала злыдняў скарб грабе!” (“Свайму народу”, 29.10.1918) У вершы — увесь Купала: ён “уваскрашае мінуўшчыну” свайго народа й “выказвае цяпершчыну”, акрэслівае межы Бацькаўшчыны й падкрэслівае гонар яе, абуджаючы яго ў калектыўнай памяці, а ўрэшце палымяна заклікае свой народ “строіць” “для будучыны шчасце”, “каб пут не строіў больш сусед”.

Аднаго такога закліку, нягледзячы на яго мастацкую сілу, было б замала для народнага збуджэння. Таму паэт не спыняецца: амаль кожны верш таго часавага прамежку так ці інакш паглыбляе й пашырае ідэйна-тэматычную парадыгму, у плыні якой праблема падзелу, раздзірання роднае зямлі й супрацьстаяння той нацыянальнай трагедыі гучыць як адна з канцэптуальнейшых, атрымліваючы розныя сэнсавыя й пачуццёвыя інтэрпрэтацыі: “Чужы і свой хлеб станавіцца жорсткім комам/ І душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам/ Варшава панская і царская Масква” (“Наша гаспадарка”, 1918). І чарговая ваенная хваля, якая прайшла па Беларусі як непасрэдна савецка-польскае супрацьстаянне, натуральным чынам каталізавала ў публіцыстычнай паэзіі й тэму падзелу беларускай зямлі больш моцнымі суседзямі: “Ідзеш у край, які бязбожна/ Жыўцом парэзалі на часці,/ А брат проць брата стаў варожна/ І памагае край раскрасці. (“Новы год”, 1919).

Савецкая сацыялагізатарская крытыка ў пазнейшым часе таксама заўважыла (пра тое пісаў Лукаш Бэндэ), што “матыў “парэзанай бацькаўшчыны” паўтараецца і ў вершах “На сход” і ў некаторых іншых. <…> Паэт і на гэтым этапе, як і ў сваіх старых вершах, выступае супроць “чужынцаў” наогул, не аддзяляючы ворагаў працоўных мас Беларусі ад іх саюзнікаў. “Чужынцы суседзі” наогул, без дыферэнцыяцыі — вось хто, па ўяўленню паэта, вораг беларускага народа, яны збіраюць мёд з яго вулляў, яны “запрэглі” яго ў няволю. Паэт упарта не хоча прызнаць, што царская Масква у выніку Кастрычніцкай рэволюцыі адыйшла ў мінулае, што пролетарская совецкая Масква нічога агульнага не мае з царскай Масквой. Ён… у сваіх вершах імкнецца паказаць, што ў Расіі і ў выніку соцыялістычнай рэвалюцыі нічога не змянілася, што засталася царская Масква — прыгнятальнік і душыцель нацыянальнасцей”. (Падаецца як у арыгінале. — Рэд.).

У сваіх паэтычных творах Прарок таксама кажа пра чужака, які “ў нашым краі пануе” (“На нашым…”, 1919), чужынца (“Беларускія сыны”, 1919), разбойнага чужаніцу (“Свайму народу”, 1918), ворагаў (“Габруся ў жаўнерку ўзялі…”, 1919), чужых бадзяк (“Паўстань…”, 1919), суседа паганага (“Як цені…”, 1918), паганцаў, суседзяў, якія “нябожна паганьбілі нас” (“На біблейныя матывы”, 1920), груганоў, якія “тваіх там продкаў косці рвуць” (“На сход!”, 1918) і г. д. — бадай, ніхто й блізка з паэтаў тагачасся не даваў столькі пеяратыўных (абразлівых) найменняў суседзям Беларусі з усходу й захаду, як Янка Купала.

Што характэрна: паэтычныя інтанацыі Янкі Купалы практычна не вар’іруюцца ў сувязі са зменамі ўлады на Беларусі ды ў сувязі са зменамі ўлад, пад якімі даводзілася апынацца самому творцу (яны пасля стануць канвою для вядомейшай п’есы “Тутэйшыя”, 1922). Купала тады заставаўся ў Менску, які два разы за няпоўных паўтара года перажыў польскую акупацыю. Разумеючы, што надышоў скрушны час, прадказаны ім гадоў колькі таму, паэт спрабуе прадухіліць драматычную падзею раз’яднання народа і пачынае выступаць як публіцыст у жанры, даступным успрыманню больш шырокаму колу паспалітага люда. Прывядзём найбольш яскравы ўрывак Купалавай публіцыстыкі часу эмацыйнага для паэта 1919 года, калі да падзелу Беларусі заставалася ўжо нядоўга. Як тонка прадбачыць ён падзею! “Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці.

Для адбудавання вялікай Польшчы “ад мора да мора” трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.

Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наагул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання” (“Незалежнасць”, 1919).

Польскія салдаты на вуліцах Менска. 10 жніўня 1919 года.

Болем непапраўнай страты занатавалася ў Купалавым сэрцы старонка БНР, двухгадовую гадавіну абвяшчэння незалежнасці якой паэт сустракае вершам з паказальнай назвай — “25.ІІІ.1918– 25.ІІІ.1920. Гадаўшчына-памінкі” (24 сакавіка 1920). Прычына для болю — усё тая ж: “За катам кат на нашы гоні/ Прыходзіў, грабіў, зністажаў…/ <…> Край разрываны ўвесь на часці —/ Народ аграблены яго…” Вядома ж, і гэта потым не засталося незаўважным для тых, хто ўважліва вывучаў жывыя рухі Купалавай душы. Становішча працоўных мас Беларусі на савецкіх землях ён (Янка Купала. — А. Т.) паказвае такім-жа, як і на землях, акупаваных белапалякамі. І яго жалобная канстатацыя факта, што замест “незалежнасці” — “падняволле”, не вядзе паэта да разрыву з прадажнымі халуямі польскага імперыялізма — беларускімі нацыяналістамі, да вызвалення ад фальшывай, хімернай ідэі Бенеероўскай “незалежнас- ці”, — напісаў у сваім артыкуле-інвектыве сацыялагізатар Л. Бэндэ. І ён часткова меў рацыю! Часткова таму, што ў вершы няма прапольскіх сімпатый. Нават больш таго: прафесар Вячаслаў Рагойша ўбачыў тут менавіта “смелы выклік паэта тагачасным белапольскім захопнікам, якія вуснамі Пілсудскага аб’яўлялі аб збаўленні беларускага народа ад “бальшавіцкай акупацыі”, аб разуменні імкнення беларусаў да дзяржаўнай незалежнасці, а самі, захапіўшы беларускія землі, устанавілі на іх “падняволле” й “рабства”. Акадэмік Уладзімір Гніламёдаў удакладняе: паэт “асуджае і савецкую, і польскую акупацыю, не шкадуючы фарбаў для праўдзівага паказу карціны нацыянальнай трагедыі”. Апошняя з працытаваных ацэнка найбольш дакладная, але ж літаратуразнаўца не пайшоў у глыб адпаведнай аналітыкі.

Звернем яшчэ ўвагу на тое, што заўважыў слынны літаратуразнаўца Іван Навуменка: “...і пераклад Слова аб палку Ігаравым” (такая назва ў Купалы), спачатку празаічны, а затым і паэтычны (1918–1921 гады), Янка Купала стварае “ў цяжкую часіну, калі беларускую зямлю рвалі на кавалкі розныя захопнікі і акупанты”. У гэтым можна пабачыць імкненне да ўзмацнення патрыятычных пачуццяў, катэгарычнае непрыняцце чужацкага панавання на Беларусі. Як слушна пісаў Валеры Максімовіч, у суровых віхурах часу Янка Купала шукаў шляхоў паяднальнасці, духоўнага кантакту з народам дзеля ўсталявання — у якасці канчатковае мэты — нацыянальнай дзяржаўнай супольнасці. Задача была: выпрацаваць стрыжнявы нацыянальны ідэал. І гэта было як надзённае патрабаванне часу, так і аб’ектыўная гістарычная заканамернасць.

Літаратуразнаўца Аляксей Каўка прыходзіць да высновы, што сутнасць і пафас Купалавай думкі ў яе мастацка-вобразнай праяве зводзіцца да наступнага: “Успрыманне “Усходу” й “Захаду”, вузей — суседніх Расеі ды Польшчы дэтэрмінавана характарам і наступствамі іх удзеяння на жыццёвыя лёсы Беларусі й Беларушчыны, удзеяння ў агульным і гістарычным балансе адмоўнага, з неаблічальнымі стратамі для беларускага нацыянальнага будаўніцтва”. Яшчэ ў адным, пазнейшым артыкуле гэты ж даследчык пашырае думку наконт дэтэрмінізму складанай беларускай долі: “Вось яна, найвастрэйшая драма Беларусі: цяжар і сорам ад неадчэпнага чужацкага, не абавязкова іншаземнага, засільля пры фармальнай вольнасьці і… добраахвотным халопстве яе насельнікаў. У айчыннай славеснасьці да Купалы, а мабыць і пасьля Яго, наўрад ці патрапіў хто нагэтулькі востра й дакладна вызначыць, “агаліць” суворым словам тую злаякасную пухліну на грамадскім целе краіны, імя якой — нацыянальнае нутранае нявольніцтва”.

Сваім паэтычным словам Прарок зрабіў неацэнны ўнёсак у нацыятворчае развіццё супляменнікаў. Адчуваючы найвастрэйшыя праблемы й небяспекі, якія меў беларускі народ і якія на яго насоўваліся ў бліжэйшай перспектыве, паэт як мог змагаўся супраць іх, выпраўляў і папярэджваў. Але ж прапанаваныя шляхі (найперш узмацнення нацыянальнага адзінства) на той гістарычны момант немагчыма было прайсці: нацыянальная эра для беларускага народа толькі пачыналася, і не было яшчэ належнага досведу. Разам з тым ён імкліва набываўся. У тым ліку й перадусім дзякуючы паэтычнай пасіянарнасці Янкі Купалы.

Анатоль Трафімчык,

кандыдат філалагічных навук, вучоны сакратар філіяла “Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы” дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.