Вы тут

Лукашэнка: Шмат дамоўленасцяў у ЕАЭС пакуль застаюцца нявыкананымі


Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам пасля завяршэння пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета. Перамовы лідараў адбыліся сёння ў двухбаковым фармаце ў Палацы Незалежнасці.


«Ведаю, што гэта сустрэча (Міжурадсавет — «Зв.») — пэўны крок у паглыбленне адносін у ЕАЭС, прынамсі хацелася б, каб так было, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Абмен меркаваннямі адбыўся вельмі сур’ёзны».

Беларусь і Арменію аб’ядноўваюць аднолькавыя праблемы ў ЕАЭС, заўважыў беларускі лідар.

«У нас падобныя эканомікі, мы абапіраемся на рэальны сектар эканомікі, у нас няма вялікіх запасаў вуглевадародаў, як у іншых нашых калег. Яшчэ, можа, кіргізы ў такой жа сітуацыі, хоць, можа, у нейкай ступені ім прасцей. У нас няма такіх запасаў вуглевадародаў, і нам даводзіцца складаней. Нават пры падзенні коштаў (на вуглевадароды — «Зв.») Казахстан і Расія маюць вялікія магчымасці. У нас гэтых магчымасцяў няма», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На жаль, шмат дамоўленасцяў у ЕАЭС пакуль застаюцца нявыкананымі, дадаў Прэзідэнт.

«У нас яшчэ бар’ераў досыць, міждзяржаўныя межы ў нас даведзены ў сувязі з бар'ерамі да такой ступені, што бізнес часта кажа: вы ўжо ўсталюйце межы паміж дзяржавамі, нам будзе прасцей і лягчэй. Ужо нават бізнес пра гэта заяўляе. Быццам бы няма межаў, а напружанне на мяжы празмернае. Вы гэта не горш за мяне адчуваеце. Таму ёсць над чым працаваць. Але вельмі б хацелася, каб сустрэча прэм’ераў дала штуршок развязванню гэтых праблем».

Нікол Пашынян лічыць, што праблемы ў развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза ўдасца вырашыць, калі будзе на гэта палітычная воля кіраўніцтва краін-удзельніц.

Паводле яго слоў, праведзенае сёння ў Мінску пасяджэнне міжурадавага савета ЕАЭС было «вельмі эфектыўным». Бакам удалося ўзгадніць асноўныя падыходы і прасунуцца ў ліквідацыі бар’ераў. Можна гаварыць аб ліквідацыі 8 з 10 існуючых бар’ераў у ЕАЭС, канстатаваў прэм'ер Арменіі. Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні аб удзеле прадпрыемстваў і арганізацый ЕАЭС у дзяржаўных тэндарах. «Мы таксама да даволі добрага рашэння прыйшлі. Я ўпэўнены, што ў выніку сённяшняга пасяджэння гэтае пытанне будзе вырашана», — сказаў Нікол Пашынян.

Ён выказаў упэўненасць, што краіны ЕАЭС працягнуць працэс збліжэння і ліквідацыі перашкодаў на розных узроўнях.


Лукашэнка Мішусціну: Будаваць нашы саюзныя адносіны мы павінны на выключна раўнапраўнай аснове

Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы са старшынём урада Расійскай Федэрацыі Міхаілам Мішусціным.

Фота: БелТА.

«І будаваць мы нашы адносіны саюзныя павінны на выключна раўнапраўнай аснове, — падкрэсліў беларускі лідар. — Я як гісторык добра разумею, што саюзы, якія пабудаваныя на нераўнапраўнай аснове не існуюць доўга».

Да таго ж часы змяніліся, дадаў Прэзідэнт. Сёння немагчыма як у сярэднія вякі захапіць нейкую краіну і падпарадкаваць яе. «Ды і не патрэбна, у Расіі сваіх земляў хапае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Што тычыцца нашых адносін, мы нікуды не збіраемся, як некаторыя спрабуюць прадставіць Беларусь. Мы знаходзімся на гэтым кавалку зямлі, яна заўсёды была блізкай і роднай для рускага чалавека, для расіяніна. Яна застанецца заўсёды такой, нават калі мы з вамі не захочам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Народы і без нас разбяруцца, як ім жыць. Але хацелася б, каб і мы пры гэтым працэсе прысутнічалі».

У сваю чаргу Міхаіл Мішусцін адзначыў высокі ўзровень арганізацыі пасяджэння Міжурадавага савета ў Мінску.

«Абмяркоўвалі мы шырокі парадак дня, — расказаў ён. — …Лічу што мы вельмі плённа папрацавалі, адпаведныя дакументы падпісалі. Практычна ўсюды дамовіліся, ёсць кампрамісы».

Расійскі прэм’ер выказаў задаволенасць і рэалізацыяй двухбаковага парадку дня. Асобна спыніўся на перспектывах беларуска-расійскіх адносін, якія закладзеныя ў саюзным дагаворы.

«Кажучы пра інтэграцыю, мы заўсёды кажам, вядома, пра незалежную інтэграцыю, пра тое, каб магчымасці эканамічнага супрацоўніцтва былі абсалютна ўзаемнымі, раўнапраўнымі, і я вельмі спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі мы гэта зробім», — падкрэсліў Міхаіл Мішусцін.


Лукашэнка Аскару Маміну: У нас з Казахстанам падобныя падыходы па фарміраванні і развіцці нашага саюза

Беларусь вельмі зацікаўленая ў добрых адносінах з Казахстанам, перш за ўсё эканамічных, заявіў Прэзідэнт Беларусі на двухбаковай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Рэспублікі Казахстан Аскарам Маміным.

«Бо гэта — база, — патлумачыў Прэзідэнт. — У нас няма праблем у палітыцы, у ваенна-палітычных адносінах. Эканоміка таксама ў нас без праблем, але той тавараабарот, які маем, не для нашых эканомік, асабліва для Казахстана».

Беларускія тавары запатрабаваныя ў Казахстане, як і казахстанскія ў Беларусі, не сумняваецца Аляксандр Лукашэнка. Ён выразіў надзею, што з новым расійскім прэм’ерам праблемы ў лагістыцы паставак прадукцыі на рынкі абедзвюх краін будуць вырашаныя.

«У нас падобныя падыходы па фарміраванні і развіцці нашага саюза і мы заўсёды знаходзілі паразуменне з першым Прэзідэнтам Казахстана, калі яго стваралі, — сказаў беларускі лідар. — Таму наконт беларускага кірунку вы можаце не перажываць. Тут мы будзем працаваць толькі на наша адзінства».

Наша краіна будзе строга трымацца мэт, якія паставілі першыя асобы Беларусі і Казахстана ў супрацоўніцтве дзвюх краін, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі толькі ўрад Казахстана ў гэтым кірунку будзе рухацца, вы ад нас атрымаеце заўсёды самыя пазітыўныя крокі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аскар Мамін пагадзіўся, што ў Беларусі і Казахстана асаблівы дух адносін: стратэгічнае партнёрства, блізкасць народаў, асабістыя адносіны паміж лідарамі.

«Гэта той фундамент, на якім сёння развіваюцца і будуюцца нашы адносіны, — сказаў ён. — Правільна вы кажаце: задача ўрадаў нашых краін — выконваць тыя дамоўленасці, якія вы разам з Нурсултанам Абішэвічам і Касым-Жамартам Кемелевічам (першым і другім прэзідэнтамі Казахстана — Назарбаевым і Такаевым — «Зв.») дасягнулі. І мы будзем працаваць у гэтым кірунку».

Казахстанскі прэм’ер назваў канструктыўнымі сённяшнія перамовы са сваім беларускім калегам.


Лукашэнка кіраўніку Кыргызстана: Усе краіны ў тавараабароце рухнулі, а нам удалося дадаць

На сустрэчы з кіраўніком урада Кыргызстана Кубатбекам Баронавым Прэзідэнт Беларусі адзначыў рост тавараабароту за пяць месяцаў гэтага году, нягледзячы на пандэмію і звязаны з ёй эканамічны крызіс.

«Я калі ўзяў статыстыку, проста здзівіўся, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. — Усе краіны ў тавараабароце рухнулі, а нам удалося дадаць. Гэта добры сігнал, значыць мы патрэбныя адно аднаму».

Беларускі лідар папрасіў госця быць на кантакце з ім і з беларускім прэм’ерам, каб вырашаць любыя праблемы, разам выходзіць на ўнутраныя альбо трэція рынкі.

«У нас падобныя структуры эканомікі, аднолькава працаздольныя людзі, няма праблем у ваенна-палітычным парадку дня, ды і ў эканоміцы няма вялікіх праблем, — лічыць Прэзідэнт. — Некалі мы з нуля пачыналі, а зараз перажываем, што тавараабарот невялікі. Мы ў гэтым кірунку можам і павінны працаваць».

Кубатбек Баронаў у сваю чаргу павіншаваў кіраўніка беларускай дзяржавы з пераможным змаганнем з каранавіруснай інфекцыяй, і адзначыў карысць беларускага вопыту для іншых краін.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як новыя дасягненні вучоных паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.