Вы тут

Адкрываем Беларусь. «Версаль» у Жылiчах


Адшукаць свае каранi — адна з найважнейшых чалавечых патрэб. Сёння мала хто ведае нават аб прадзедах-прабабулях, не кажучы ўжо пра тых продкаў, якiя жылi раней. Адсюль — цiкавасць да гiстарычных помнiкаў, старадаўнiх сядзiб i палацаў. Калi знайсцi звесткi пра лёс уласных продкаў складана, а часам немагчыма, то можна даведацца, як жылi на нашай зямлi тыя людзi, пра якiх вядома гiсторыкам.

На прасёлку каля варот з надпiсам «Увага! Будаўнiчы аб'ект» — машыны з мiнскiмi нумарамi. За варотамi — велiчны фасад палаца ў будаўнiчых лясах. Гэтым летам многiя беларусы «адкрываюць для сябе Беларусь». У сядзiбу Булгакаў у Жылiчах (Кiраўскi раён Магiлёўшчыны) турысты прыязджаюць за сотнi кiламетраў.


Хто такiя Булгакi?

Мястэчка Жылiчы вядома з XV стагоддзя. Яно належала князям Трабскiм, Хадкевiчам, Сапегам. У XVII стагоддзi тут была ўзведзена крэпасць: яе земляныя валы ў 3-4 чалавечыя росты часткова захавалiся да нашых часоў. У XIX стагоддзi крэпасць страцiла сваё значэнне. I якраз у гэты час Iгнацiй Булгак набыў Жылiчы ў Францiшка Сапегi.

— Францiшак Сапега быў вядомы авантурыст i пастаянна меў патрэбу ў грошах, — апавядае дырэктар установы культуры «Жылiцкi гiстарычны комплекс-музей» Уладзiслаў Кулакевiч. — Булгакi пазычылi яму буйную суму, i ў кошт пазыкi ён, напэўна, аддаў iм гэтыя землi.

Жыліцкі палац у нашы дні.

Новыя ўладальнiкi на месцы старой крэпасцi вырашылi пабудаваць палац. Палац у поўным сэнсе гэтага слова. Каб пусцiць суседзям пыл у вочы, каб кожны пры поглядзе на яго зразумеў: уладальнiкi — багаты i шляхетны род.

Старажытны род Булгакаў вядзе сваю гiсторыю з XV стагоддзя, але на iх долю не выпала нi яркiх перамог, нi гучных здзяйсненняў. Ды i асаблiвага багацця (разбагацеў род толькi ў пачатку XIX стагоддзя). I гэта, верагодна, непакоiла ганарыстых уладальнiкаў Жылiч.

Сафія Булгак, старэйшая дачка першага ўладальніка палаца ў Жылічах.

— Не варта думаць, што сто цi нават дзвесце гадоў таму людзi былi iншымi, — кажа Уладзiслаў Кулакевiч. — У дзевятнаццатым стагоддзi думалi i адчувалi гэтак жа, як у дваццаць першым. I гэтак жа кожнаму хацелася здавацца лепшым, чым ён ёсць на самай справе, — такая ўласцiвасць чалавечай прыроды.

— А як разбагацеў род Булгакаў?

— Дакладна невядома. Але магчыма, што не абышлося без карупцыi. Першы ўладальнiк Жылiч, якi пачаў будаўнiцтва палаца, быў правадыром дваранства — маршалкам. Гэта была выбарная пасада, так бы мовiць, «грамадская нагрузка». Але яго брат быў падкаморым — чыноўнiкам, якi распараджаўся землямi. У прадстаўнiкоў роду была магчымасць танна купляць зямлю. Да канца XIX стагоддзя 60 тысяч гектараў было скуплена сям'ёй Булгакаў. I зямля стала для роду крынiцай багацця. Iгнацiй, як цяпер сказалi б, займаўся бiзнесам: у яго былi спiртзаводы, цукровыя заводы, крухмальныя заводы, млыны, лесапiльнi. А прыбытак укладваўся ў палац.

Другая жонка Ігнація Булгака Тэрэза.

Палац будаваўся амаль сто гадоў — з 1823 года да 1910-га. Зразумела, работы не вялiся бесперапынна: як толькi з'яўлялiся свабодныя грошы, Булгакi аднаўлялi будаўнiцтва. Спачатку была ўзведзена цэнтральная частка палаца (на гэта спатрэбiлася каля 10 гадоў), потым — бакавыя крылы, у адным з якiх была аранжарэя, i ўрэшце шырокi ўнутраны двор замкнула частка з уязной аркай-брамай. Анфiлады парадных залаў, пакоi для шматлiкай чэлядзi, дамавы касцёл, статуi, бясцэнныя калекцыi мастацтва, стайнi з чыстакроўнымi коньмi — для Булгакаў палац быў паказчыкам статусу.

Іосіф-Вітольд Булгак, сын Ігнація і Ізабэлы.

— Калi акiнуць поглядам палац цалкам, можна заўважыць, што яго часткi разнастайныя. Iх праектавалi i будавалi розныя архiтэктары. Але гэта былi майстры сваёй справы, i ў цэлым ансамбль выглядае арганiчна. Цэнтральную частку праектаваў славуты Караль Падчашынскi. Завяршыў работу над палацам, хутчэй за ўсё, Станiслаў Шабунеўскi.

Паспрачаемся пра густы

Багатыя сядзiбы XIX стагоддзя будавалiся ў абсалютна розных стылях, падпарадкоўваючыся толькi густам заказчыка. Палац у Косаве — неаготыка, сядзiба ў Чырвоным Беразе — сумесь готыкi i мадэрну, а Булгакi пажадалi ўзвесцi рэзiдэнцыю ў стылi класiцызму, або ампiру.

Эдгар Булгак.

— Класiцызм досыць просты ў выкананнi i пры гэтым выглядае строга i прыгожа. Вытокi стылю — у антычнасцi, у пазамiнулым стагоддзi яго любiлi памешчыкi па ўсёй Усходняй Еўропе. Адмiнiстрацыйныя будынкi ў сталiнскiя часы будавалi ў гэтым жа стылi: так званы «сталiнскi ампiр» — водгук моды XIX стагоддзя. Ампiр патрабуе дакладных матэматычных прапорцый. У Жылiцкiм палацы яны не вытрымлiваюцца — гэта хутчэй варыяцыя на тэму класiцызму. Але ўсё разам выглядае вельмi дасканала.

Эмануіл Булгак, апошні ўладальнік Жыліцкага палаца.

Iнтэр'еры сядзiб таго часу таксама не падпарадкоўвалiся дызайнерскiм стылям — толькi густам уладальнiкаў. Гэта называецца «гiстарычны эклектызм». Напрыклад, кесонныя столi, з каштоўных парод дрэва, з ляпнiнай, выглядаюць багата i эстэтычна, i iх можна сустрэць у старадаўнiх сядзiбах з самымi рознымi iнтэр'ерамi i ў нашай краiне, i ў Расii, i ў Польшчы.

У 1970-я гады (тады ў палацы Булгакаў размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнiкум), ляпнiну афарбавалi той фарбай, якая была ў наяўнасцi. Сёння, падчас рэстаўрацыi, тая фарба здымаецца, ляпнiна дагiпсоўваецца i афарбоўваецца ў арыгiнальныя колеры: каралавы, залаты, нябесна-блакiтны, мятна-зялёны.

Пад столлю парадных залаў застылi ў палёце грыфоны, драконы, конi i каляснiцы. Тут можна ўбачыць сюжэты антычнай, бiблейскай, усходняй i славянскай мiфалогii. У розныя гады будаўнiцтвам i iнтэр'ерамi палаца займалiся зусiм розныя людзi, хоць усе яны належалi да роду Булгакаў. Па ляпнiне на сценах i столi можна меркаваць пра iх характар i эстэтычныя погляды. Зразумела, тут працавалi выдатныя дызайнеры — напрыклад, вядомы мастак i скульптар Тадэвуш Раствароўскi. Але дызайнер — усяго толькi выканаўца, а «музыку замаўляе» той, хто плацiць. Дзе-нiдзе ляпнiна буйная i грубаватая — з серыi «возьмеш у рукi — маеш рэч». У iншых залах — тонкая, някiдкая, арыстакратычная. Магчыма, да аздобы некаторых з iх прыклалi руку першая i другая жонкi Iгнацiя Булгака. Абедзве былi вытанчаныя арыстакраткi — верагодна, iх род i сабраў буйную калекцыю мастацтва, якая захоўвалася ў палацы i папаўнялася нашчадкамi.

Ляпніна і кесонныя столі зараз рэстаўрыруюцца.

У савецкія гады столі афарбавалі той фарбай, якая была ў наяўнасці.

У першага ўладальнiка палаца ад дзвюх жонак было дзевяць дзяцей. Палац у рэшце рэшт атрымаў у спадчыну малодшы сын Эдгар. Ён вучыўся на аграрыя ў Рыжскiм полiтэхнiкуме, потым быў студэнтам у Штутгарце (Германiя). Вёў на сваiх землях перадавую гаспадарку. У Эдгара былi гадавальнiк, дзе вырошчвалiся персiкi, абрыкосы i нават ананасы, метэаралагiчная станцыя i 200 гектараў фруктовых садоў. Адзiн з прадстаўнiкоў роду, Ян Булгак, быў у лiку пiянераў мастацкай фатаграфii (менавiта па яго фатаграфiях аднаўляюцца сёння iнтэр'еры палаца). А апошнi ўладальнiк радавой рэзiдэнцыi, Эмануiл Булгак, быў тэолагам, унiверсiтэцкiм выкладчыкам, аўтарам шэрагу прац па рэлiгіязнаўстве. З пачаткам Першай сусветнай вайны ён вывез з рэзiдэнцыi ў Жылiчах усе каштоўнасцi ў горад Арол — там у Булгакаў таксама была нерухомасць.

— Першапачаткова тут была вялiкая бiблiятэка — 6 тысяч тамоў рукапiсных i старадрукаваных кнiг. Калекцыя сямейных партрэтаў i жывапiсных палотнаў, у тым лiку пэндзля Яна Дамеля, Яна Ксаверыя Канеўскага, iтальянскiх майстроў. Каштоўная калекцыя скульптуры. Бронза, мармур, фарфор. 18 слуцкiх паясоў. Калекцыя сярэднявечнай зброi i антычнага мастацтва, — пералiчвае суразмоўца.

На жаль, большая частка гэтых скарбаў цяпер страчана. Сем палотнаў з калекцыi палаца захоўваюцца ў Арлоўскiм музеi выяўленчых мастацтваў. Астатняе бясследна знiкла.

Прывiдаў тут няма

Якi ж палац без гiстарычных анекдотаў i рамантычных гiсторый? У «Жылiцкiм Версалi» ёсць зала з маскаронамi ў выглядзе твару жанчыны.

— Паводле адной з версiй, гэта выява першай жонкi Iгнацiя Булгака, Iзабелы, — тлумачыць Уладзiслаў Кулакевiч. — Яна памерла ў 1831 годзе, калi тут лютавала эпiдэмiя халеры. Лiчыцца, што няўцешны ўдавец загадаў скульптару вылепiць твар каханай. Зрэшты, смутак не перашкодзiў Iгнацiю Булгаку неўзабаве ажанiцца з малодшай сястрой першай жонкi, Тэрэзай.

Ёсць i iншая версiя паходжання «жаночай маскi». Паводле легенды, малодшы сын Iгнацiя, Эдгар, быў закаханы ў мясцовую сялянскую прыгажуню. Яна адказвала яму ўзаемнасцю. Але ажанiцца з сялянкай Эдгар не мог. Гэта азначала б стаць iзгоем сярод мясцовых памешчыкаў, а для Булгакаў, вiдавочна, статус быў адным з найважнейшых прыярытэтаў. Легенда кажа, што Эдгар адаслаў каханую ў адзiн са сваiх далёкiх маёнткаў, каб нiколi больш яе не бачыць. Праўда гэта цi не — невядома, але Эдгар Булгак нiколi не быў жанаты i ў яго не было дзяцей.

Дарэчы, менавiта з гэтай постаццю звязаны адзiн гiстарычны анекдот. Пляменнiк i спадчыннiк Эдгара Эмануiл шмат падарожнiчаў i сабраў багатую калекцыю антычнага мастацтва. У адным з падарожжаў ён купiў старадаўнi мармуровы саркафаг i падарыў яго пажылому Эдгару як прадмет мастацтва. Дзядзька ж расцанiў падарунак як абразу: «Пляменнiчак хоча ў труну мяне пакласцi!» Адбылася сварка. У вынiку Жылiцкi палац Эмануiлу дзядзька не завяшчаў, а прадаў.

Аздоба аднаго з парадных залаў. Фота Яна Булгака.

Анфілада. Фота Яна Булгака.

Бальная зала. Фота Яна Булгака.

Банкетная зала.

— У свецкай хронiцы пiсалi, што кошт палаца быў большы за мiльён рублеў. На самай справе, згодна з фiнансавай дакументацыяй, дзядзька прадаў пляменнiку гэты маёнтак за 300 тысяч рублеў, — распавядае дырэктар музея. — Але i гэтая сума ў тыя часы была астранамiчнай.

Старадаўнiя палацы ў народнай свядомасцi звязаныя з мiстыкай i жахлiвымi гiсторыямi.

Від з балкона палаца. 1910 год.

— Я зусiм не згодны, што «страшныя казкi» неабходныя, — кажа Уладзiслаў Кулакевiч. — Такiя «байкi» ў вуснах экскурсаводаў — часцей за ўсё сведчанне таго, што на гiстарычным аб'екце не праводзiлася сур'ёзная навуковая работа. Значна цiкавей расказваць турыстам праўду, а не казкi. Дарэчы, пра Жылiцкi палац таксама ёсць байка, нiбыта ў адну з калон замураваная трохгадовая дзяўчынка.

Ёсць такi распаўсюджаны сюжэт — падмуркавая ахвяра, тлумачыць суразмоўца. У раннiм сярэднявеччы людзi не ўмелi добра будаваць, iнжынерыя i матэматыка ў «цёмныя стагоддзi» былi забытыя, еўрапейцам трэба было адкрываць iх нанова. Будынкi падалi, людзi звязвалi гэта з гневам Божым i спрабавалi ўлесцiць багоў ахвярай. Звычайна замуроўвалi ў падмурак курыцу або ягня, а часам i чалавека.

З палацавай мэблі да нашых часоў захаваўся толькі столік, але яна была прыкладна вось такой.

— Але гэта датычыцца толькi ранняга сярэднявечча. Булгакi ж будаваць сваю рэзiдэнцыю пачалi ў XIX стагоддзi. Да таго ж нiякая крывавая ахвяра не дапушчальная для хрысціянiна, а Булгакi былi дбайнымi каталiкамi. Тым больш што першым дойлiдам палаца быў Караль Падчашынскi, сын прыдворнага архiтэктара Радзiвiлаў, прафесар Вiленскага ўнiверсiтэта. Ён спраектаваў i пабудаваў мноства будынкаў, якiя стаяць да нашых дзён. Дапусцiць думку аб «падмуркавай ахвяры» ў сувязi з гэтым чалавекам гэтак жа дзiка, як выказаць здагадку пра падобнае ў нашы днi. Такiя легенды не толькi неразумныя, але i шкодныя, бо людзi часам не надта добра ведаюць гiсторыю i будуць думаць, што на нашай зямлi ўсяго 150-170 гадоў таму жылi варвары, якiя дзяцей у сцены замуроўвалi. На самай справе, паўтаруся, людзi XIX стагоддзя нiчым ад нас у плане маралi, жаданняў i памкненняў не адрознiвалiся.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пачытаць лiсты, якiя пiсала Тэрэза Булгак свайму мужу Iгнацiю ў яго «камандзiроўкi». Яна папракала мужа ў тым, што ён занадта шмат працуе, а яна сядзiць дома адна, i на ёй — дзецi i хатняя гаспадарка. Знаёма?

Лёс палаца

Палац у Жылiчах сур'ёзна не пацярпеў нi ў гады Першай сусветнай вайны, нi ў Вялiкую Айчынную — немцы толькi разабралi аранжарэю на падсыпку дарог i вывезлi, адступаючы, вытанчаную старадаўнюю мэблю. У савецкiя гады ў сценах палаца быў сельгастэхнiкум, i вось тады помнiк панёс самыя буйныя страты. Спачатку са сцен дамавога касцёла былi збiты ўсе анёлы. Пасля пацярпелi паркетныя падлогi, кожная з якiх была творам мастацтва. Яны не былi разлiчаны на натоўпы студэнтаў. Потым «у расход пайшлi» печы i камiны. Справа ў тым, што палац у Жылiчах не быў прыстасаваны да таго, каб парадныя залы выкарыстоўвалiся ўзiмку. У халодны сезон у верхнiх залах падтрымлiвалася тэмпература 14-15 градусаў, дастатковая, каб не псавалiся мэбля i прадметы мастацтва. Але студэнтам было холадна, у палац правялi паравое ацяпленне, а абкладзеныя каштоўнымi кафлямi печы i камiны папросту дэманцiравалi (цяпер iх аднаўляюць па старадаўнiх фатаграфiях). А потым дайшла чарга i да столяў. У 1960-я ў некаторых аўдыторыях пачаў працякаць дах, падчас рамонту кесонныя столi знялi, а вярнуць назад не змаглi.

Інтэр’ер дамавога касцёла Булгакаў. Пачатак ХХ стагоддзя.

Жылічы. Малюнак Напалеона Орды.

Аранжарэя. Фота Яна Булгака.

— З iншага боку, калi б палац не аддалi пад тэхнiкум, будынак дайшоў бы да нашых дзён у значна больш сумным стане, — адзначае дырэктар музея. — Любая пабудова без людзей памiрае. Калi гiстарычны будынак эксплуатаваўся, рэканструяваць яго прасцей, чым закiнутыя пабудовы.

Першая чарга рэканструкцыi ўжо завершана — у адноўленай частцы палаца з 2011 года працуе дзiцячая школа мастацтваў. Другая чарга завершана часткова. Цяпер работы вядуцца ў цэнтральнай частцы палаца — тут будуць музей i бiблiятэка. Плануецца, што ўрэшце палац зноў стане такiм, якi ён быў у 1910 годзе. У тым лiку, як спадзяецца кiраўнiцтва музея, будзе адноўлены i французскi парк вакол палаца — з алеямi, альтанкамi, скульптурамi i высахлым ад мелiярацыi возерам. Цяпер з'явiлася ўпэўненасць, што справа пойдзе хутчэй, — рэстаўрацыйныя работы ў палацы ў Жылiчах згаданыя ў распараджэннi Прэзiдэнта, падпiсаным у пачатку лiпеня.

Сталовая

Камін у парадных пакоях палаца.

Фота 1939 года.

Аляксандра Анцэлевiч, фота аўтара

Загаловак у газеце: «Версаль» у Жылiчах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».