Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: На Гомельшчыне жывуць працалюбівыя і добрасумленныя людзі


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з актывам Гомельскай вобласці. Таксама кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у адкрыцці паліклінічнага комплексу у Гомелі.


«Сёлета чвэрць агульнага фінансавання на будаўніцтва прыходзіцца на ўстановы аховы здароўя»

На сустрэчу з Прэзідэнтам прыйшлі прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады вобласці і абласнога цэнтра, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і іншыя.

«Наша вобласць унікальная сваёй прыродай, — сказаў, адкрываючы размову з лідарам краіны, старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Салавей. — Менавіта ў нас адзінае месца на планеце, дзе захаваліся некранутыя першабытныя пойменныя дубровы і адзін з самых высокіх паказчыкаў лясістасці ў Еўропе».

Гомельская вобласць займае выгаднае геаграфічнае становішча — рэгіён уваходзіць у Эканамічны пояс шаўковага шляху і з’яўляецца важным транзітным калідорам паміж краінамі ЕС і Еўразійскага эканамічнага саюза, дадаў старшыня аблвыканкама.

Сучасная Гомельшчына — гэта, па словах яе кіраўніка, высокаразвітая прамысловасць і якасная сельскагаспадарчая прадукцыя.

За апошнія пяць гадоў у яе эканоміку прыцягнута больш за 7 мільярдаў долараў інвестыцый, тут рэалізаваныя 102 інавацыйныя праекты на суму 1 мільярд 200 мільёнаў долараў. У гэты перыяд долю бюджэтных сродкаў у інвестыцыі ўдалося знізіць напалову. Тут з 2015 года выраблена імпартазамяшчаьнай прадукцыі больш чым на два мільярды долараў са стабільным штогадовым ростам на 8 працэнтаў.

«Сёння ў Гомелі ўжо два тэхнапаркі, — дадаў старшыня аблвыканкама. — Другі адкрыты літаральна месяц таму. Мы ствараем умовы для развіцця ІТ-сферы, прыцягнення тэхналогій, капіталу, і галоўнае — таленавітых людзей з усяго свету».

За год геаграфія паставак гомельскіх прадуктаў харчавання пашырылася на дзесяць краін, у тым ліку ў Японію, ЗША, Іарданію і В’етнам.

Генадзь Салавей далажыў пра створаную ў рэгіёне за апошнія гады інфраструктуру, сацыяльныя, спартыўныя, культурныя і памятныя аб’екты, пра добраўпарадкаванне, у тым ліку на тэрыторыі, якую закранула чарнобыльская трагедыя.

«Сёлета чвэрць агульнага фінансавання на будаўніцтва прыходзіцца на ўстановы аховы здароўя, як абласныя, так і рэгіянальныя, — сказаў ён. — Паслядоўна закрываем праблемы з месцамі ў дашкольных установах. Менш чым за два гады адкрылі чатыры дзіцячыя садкі ў Гомелі, Гомельскім раёне і Петрыкаўскім. Да пачатку вучэбнага года адкрыем сучасную школу ў мікрараёне новабудоўляў Гомеля, а таксама завяршым рамонт школы ў Кармянскім раёне».


Прэзідэнт: Асаблівая ўвага да тэрыторый, якія больш за астатнія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да жыхароў Гомельшчыны, адзначыў, што заўсёды цаніў падтрымку і сяброўскія адносіны да яго ў гэтым рэгіёне Беларусі.

«Я часта бываю на Гомельшчыне. Не раз пралятаючы, з вышыні птушынага палёту гляджу на тое, што зроблена: тое, што на палях, усе дарогі, будаўніцтва. Але асаблівая мая ўвага да тэрыторый, якія больш за астатнія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Вось у гэтым сутнасць нашых з вамі адносінаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў аб часе, калі беларусам прыйшлося самастойна пераадольваць наступствы аварыі на ЧАЭС:

«Гэта былі цяжкія часы і не толькі таму, што мы былі босыя, без штаноў, галодныя, не было сродкаў, каб жыць і існаваць. Праблема заключалася ў тым, што не ведалі, як зрабіць лепш. Але я для сябе прыняў рашэнне тады, што гэты квітнеючы куток не толькі Беларусі, але і Еўропы, павінен жыць, мы не павінны кінуць яго на волю лёсу. Я лічыў тады і лічу зараз, што на Гомельшчыне жывуць працалюбівыя і добрасумленныя людзі, трэба вас падтрымаць. Вы жылі ў постчарнобыльскі час. Мы імкнуліс пераконваць людзей, што тут трэба заставацца жыць. І вы мяне тады паслухаліся у большасці, а з тых, хто і з’ехаў, многія вярнуліся».

«Адзін з найважнейшых участкаў маёй прэзідэнцкай працы - адраджэнне Палесся»

На гэта звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Я вельмі люблю бываць у вашых мясцінах, душой прыкіпеў. Калі прыязджаў сюды ў першыя гады сваёй работы, то сітуацыя была жудасная. Памятаю, як прыехаў у мясціну паміж Жыткавічамі і Петрыкавам, вёска Ляскавічы. Да мяне збегліся людзі. Дык вось, калі ўсталявалі ўжо добры кантакт, людзі папрасілі ў мяне хлеба. Цяжкія былі часы, але тое, што ў вёсцы не было хлеба — мяне гэта ўразіла».

Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў сустрэчы з мясцовымі жыхарамі ў першыя гады сваёй работы, як ён разам з імі касіў траву, вывучаў настроі людзей.

«Чаму я згадваю гэты момант —таму што сапраўды турбаваўся, каб краіна захавалася, —патлумачыў Прэзідэнт. — Нас насцярожвала, што хадзілі ідэі ўтварэння на поўдні Палескай рэспублікі. Але пасля гэтага наведвання Прыпяці ніколі больш не чуў, што людзі тут хочуць адлучыцца ад Беларусі».

Дзяржаўныя рашэнні па Гомельшчыне прымаліся на месцы 

Прыняцце рашэнняў, якія 20 гадоў таму здаваліся рызыкоўнымі, было прадыктаванае ўпэўненасцю ў тым, што патрэбныя канкрэтныя дзеянні, расказаў Аляксандр Лукашэнка. Жыццё кіраўніка дзяржавы на Прыпяці дэманстравала мясцовым жыхарам, што жыць тут можна і трэба. 

«Мы выратавалі Гомельскую вобласць», — коратка абазначыў вынік Прэзідэнт. 

Ён распавёў, як прымаліся рашэнні пра вылучэнне грошай на развіццё рэгіёна. 

«Я прапаноўваў цягам паўгода-года прадумаць той або іншы напрамак, даць мне хоць малы масіў фактаў, каб можна было прыняць рашэнне, у тым ліку і фінансавае. Такім чынам мы канцэнтравалі грашовыя сродкі, якія былі вылучаныя «пад Чарнобыль», такім чынам я перадаваў канкрэтным асобам і кіраўнікам рэгіёна гэтыя грошы, каб ні ў якім разе з Мінска іх ніхто не дзяліў, бо вам лепш бачна, што з імі рабіць».

Такім чынам, вырашэнне многіх рэгіянальных і не толькі пытанняў пачыналася на Гомельшчыне. 

«Мы, вядома, у тыя часы не маглі кінуць людзей, мы не маглі кінуць гэтыя землі, нават тады, у 90-я, жабрацкія, гады знаходзілі грошы, збіралі, укладалі мільёны ў «чарнобыльскія рэгіёны», — дадаў Прэзідэнт. 

«Гектар за гектарам вярталі да жыцця нашы палі, я разумеў, што калі мы тады не выратуем гэтую зямлю, яна зарасце хмызняком, і яе больш не падымеш», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Дарэчы, кіраўнік дзяржавы, падлятаючы да Гомеля, заўважыў каля Буда-Кашалёва землі, якія патрабуюць тэрміновай увагі. Безгаспадарлівасць не выпадае з яго полю зроку. 

«Адна з найважнейшых для вас задач — выратаваць гэтыя землі», — абазначыў лідар і даў адпаведнае даручэнне не толькі кіраўніцтву вобласці, але і ўпаўнаважанаму свайму прадстаўніку ў рэгіёне — першаму віцэ-прэм’еру Мікалаю Снапкову.

Ён агучыў галоўны свой і дзяржаўны прынцып: калі людзі самі будуць напружвацца, імкнуцца зрабіць сваё жыццё лепей, дзяржава плячо падставіць. 

«Мы ведаем, як жыць, і жывём на сваёй зямлі»

«Мы глядзелі на развіццё свайго - сваёй эканомікі, прамысловасці, давалі магчымасць нашым людзям зарабіць... Небагата жывуць людзі, і вы не багатыя. Вы не алігархі. Я гэта цудоўна разумею. Але ведаем, як жыць, і жывём на сваёй зямлі», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Калі сацыяльна-арыентаванай (альбо, па-просту кажучы, народнай) палітыкі ў Беларусі не праводзілася б, то і Беларусі такой, якая яна ёсць, не было б, заявіў кіраўнік дзяржавы. 

«Жылі б чорт ведае дзе, як гэта было заўсёды, нас бы абувалі ў лапці, хадзілі б без штаноў і нас бы запрагалі ў воз і паганялі б бізуном, — сказаў ён. — Але мы тады, сціснуўшы зубы, перацярпелі, асабліва тут, на «чарнобыльскай зямлі», вытрывалі. Сёння яны хочуць... Я бы не сказаў — замяніць уладу ў Беларусі. Трэба расхістаць, разгайдаць»

«Беларусы могуць вырабляць усё»

Падчас сустрэчы з жыхарамі Гомельскай вобласці кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на развіцці прамысловасці ў рэгіёне:

«Сёння і часы дзевяностых гадоў — гэта неба і зямля. Усе прадпрыемствы тады ці прастойвалі, ці працавалі сяк-так. Вакол БМЗ, Мазырскага НПЗ круціліся сотні жулікаў. Каб вы ведалі, што ў дзевяностыя ўжо загадзя ўсе прадпрыемствы былі падзеленыя. ...Усё даўно было б у руках уласнікаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што калі б у гэтым пытанні ў свой час не быў наведзены парадак, то цяпер сітуацыя выглядала б зусім інакш.

«Гарантую вам, што на «Гомсельмашы» мы б ужо не казалі пра тое, што там трэба выпускаць сучасныя камбайны на газаматорным паліве», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — «...Цяпер на Гомсельмашы ёсць пытанні, праблем яшчэ шмат. Але яны распрацоўваць самы сучасны камбайн. І ведаю дакладна, бо па ўсіх марках даваў асабіста даручэнні выпрабаваць тэхніку ў полі»,< — паведаміў Прэзідэнт.

Ён упэўнены, што беларусы ўмеюць вырабляць ўсё. Трэба толькі даць час, вытрымліваць дысцыпліну і павышаць адказнасць. 

Разважаючы на тэму прыватызацыі прадпрыемстваў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтым працэсе важна не згубіць напрацаваныя вытворчыя кампетэнцыі, работу канструктарскіх бюро, развіваць інавацыі і прыцягваць інвестыцыі.

Новая паліклініка будзе абслугоўваць 40 тысяч жыхароў Гомеля

Амбулаторна-паліклінічная ўстанова ў мікрараёне № 17 адпавядае ўсім сучасным патрабаванням — гэта адзіны аб’ект, які ўводзіцца ў гарадской ахове здароўя за апошнія дзесяцігоддзі

Прэзідэнт перарэзаў чырвоную стужку, урачыста адкрыўшы новую паліклініку.

Па завяршэнні сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка накіраваўся да новага паліклінічнага комплексу, дзе ўжо сабраўся натоўп гамяльчан, будаўнікоў, медыкаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў выдатную працу урачоў і медперсаналу ў складаны эпідэміялагічны перыяд. «Ім трэба дзякаваць за тое, што ў вельмі складаных умовах — без вакцын, без лекаў, яны навучыліся лячыць людзей. Гэта подзвіг», — сказаў Прэзідэнт

Пры гэтым ён адзначыў: утрымліваць людзей, калі яны хочуць паехаць на адпачынак за межы Беларусі, але кожны мусіць быць гатовы адправіцца на самаізаляцыю.

«За ўласны кошт. Мы вас будзем трымаць на каранціне. Прыкладна дзесяць дзён — рыхтуйцеся», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Галоўны ўрач паліклінікі Кацярына Цытко ад медыцынскай грамадскасці і ўсіх гамяльчан падзякавала Прэзідэнту за магчымасць працаваць і лячыцца ў сучасных умовах і на самым сучасным абсталяванні.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў заслугу старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папрасіў не забывацца на ўраджай, які трэба сабраць якасна і своечасова.

«Пандэмія праходзіць, выбары пройдуць, а есці трэба будзе заўсёды», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Звярнуўся ён і да надзённых тэмаў.

«Мы стварылі сваімі рукамі сваю краіну. Гэты Гомель-прыгажун, самы прыгожы горад. Нам нельга згубіць тое, што мы з вамі стварылі, — гэта галоўнае. Гэты кавалак зямлі, які належыць сёння не нам, а вось ён стаіць маленечкі (хлопчык у натоўпе. — «Зв.»), гэта ім належыць, мы павінны захаваць», — заклікаў Прэзідэнт.

Напрыканцы кіраўнік дзяржавы пажадаў гамяльчанам не мець патрэбы ў наведванні паліклінік і бальніц. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у сімвалічным пераразанні чырвонай стужкі, адкрыўшы тым самым новы комплекс.

У новай паліклініцы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік азнаёміў Аляксандра Лукашэнку са становішчам і перспектывамі сваёй сферы. Кіраўніка дзяржавы цікавілі і асаблівасці ўнікальнага паліклінічнага комплексу ў Гомелі.

Жыхары Гомеля падрыхтавалі першай асобе ў падарунак карціну, а медыкі — тэматычны сувенір. Пакуль Прэзідэнт знаёміўся з новай паліклінікай, гараджане працягвалі чакаць кіраўніка дзяржавы на вуліцы.

Гутарка Прэзідэнта і мясцовых жыхароў стыхійна працягнулася і пасля выхаду кіраўніка дзяржавы з новай паліклінікі. Закранулі праблему дэфіцыту школ і дзіцячых пляцовак у Навабеліцкім раёне Гомеля, пагутарылі пра мэтазгоднасць пабудовы лядовых палацаў, пра развіццё спорту.

Людзі дзяліліся асабістымі гісторыямі, дзякавалі за клопат.

Завяршылася размова фатаграфаваннем з Прэзідэнтам і частаваннем ад яго імя шакаладам.


Паліклініка для дарослага насельніцтва, якая сёння ўводзіцца ў строй, будзе абслугоўваць сорак тысяч жыхароў трох мікрараёнаў Гомеля. Штатная колькасць супрацоўнікаў установы — 451 пасад, створана 150 новых працоўных месцаў.

На дзевяці паверхах новага комплекса месцяцца аддзяленне агульнай урачэбнай практыкі, хірургічныя, жаночая кансультацыя, рэнтгенаўскія, уралагічныя і іншыя аддзяленні.

Сёлета ў Беларусі плануецца завяршыць пераход устаноў аховы здароўя, якія аказваюць першасную медыцынскую дапамогу, на агульнаўрачэбную практыку, што дазволіць павысіць даступнасць і якасць аказання меддапамогі. Таму ў новай паліклініцы створаны ўсе ўмовы для функцыянавання 27 каманд агульнай урачэбнай практыкі.

Акрамя медабслугоўвання тэрытарыяльнага насельніцва ў комплексе будзе функцыянаваць восем цэнтраў калектыўнага карыстання для жыхароў Гомеля і Гомельскага раёна агульнай колькасцю 583 тысячы чалавек.

Арыенціровачны кошт аб’екта склаў 26,4 мільёна рублёў, у тым ліку на набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання накіравана сем мільёнаў рублёў.

Усяго ў Гомельскай вобласці функцыянуе 244 арганізацыі аховы здароўя. Укамплектаванасць урачэбнымі кадрамі па стане на 1 ліпеня склала 96 працэнтаў, сярэднім медыцынскім персаналам — 97,7 працэнтаў.

У вобласці выкананыя сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя. Летась працягвалася развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Гомельшчыны: завершана мадэрнізацыя памяшканняў пад размяшчэнне рэнтгенаўскага камп’ютарнага тамографа ў абласным клінічным анкалагічным дыспансеры, рэканструкцыя аперацыйнага блоку і першага хірургічнага аддзялення бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, капітальны рамонт галоўнага корпусу цэнтральнай раённай бальніцы ў Жыткавічах, у Мазырскай гарадской бальніцы ўведзены ў эксплуатацыю новы ангіяграфічны комплекс і іншае.

У вобласці набыта 37 адзінак санітарнага аўтатранспарту, сем адзінак атрымана бязвыплатна.

Сёлета працягваецца аснашчэнне ўстаноў аховы здароўя высокатэхналагічным дарагім абсталяваннем: рэнтгенаўскімі мамографамі, рэнтгендыягнастычным апаратам з функцыяй электронна-аптычнага пераўтварэння, аперацыйным мікраскопам, відэаэндаскапічным абсталяваннем, апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, наркозна-дыхальнымі, ультрагукавымі дыягнастычнымі апаратамі, абсталяваннем для правядзення мікрахірургічных высокатэхналагічных аперацый ў афтальмалогіі. У гэтым годзе плануецца набыццё апарата дыстанцыйнай літатрыпсіі для абласной клінічнай бальніцы, пастаўлены апараты КТ, пульмаскан, мамаграфічны апарат для паліклінікі ў раёне №17.

Для мясцовых жыхарак Марыі Якаўлеўны і Наталлі Паўлаўны адкрыццё паліклінічнага комплексу стала доўгачаканым святам. Гамяльчанкі ўжо з ранку чакалі магчымасці паглядзець на новую ўстанову.

Муж Марыі Якаўлеўны, якая жыве літаральна па суседстве, — інвалід.

«Вазіць не магу, а ён не ходзіць. Патрэбна паліклініка побач, вельмі патрэбна! Дванаццаць год будавалі», — падзялілася жанчына.

Побач ужо працуе дзіцячая паліклініка, а новы комплекс будзе запатрабаваны не толькі ў насельніцтва мікрараёна, а ва ўсіх гамяльчан.

«А то вечна бяжыш на вуліцу Ландышава, не дазваніцца...» — узгадалі жыхаркі Гомеля.

Аснашчэнне новай паліклінікі ў Гомелі стане новым стандартам у Беларусі

Аб гэтым заявіў журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік напярэдадні адкрыцця комплексу ў мікрараёне №17.

«Гэты раён хутка расце, жыхары сапраўды досыць даўно чакалі гэту паліклініку, патрэба ў амбулаторнай дапамозе ўвесь час павялічваецца. Гэта першая абласная паліклініка, дзе ёсць камп’ютарны тамограф, дзе вельмі добрае рэнтгендыягнастычнае аддзяленне і аснашчэнне вузкіх спецыялістаў», — растлумачыў міністр.

Па яго словах, сёння ўжо афтальмалагічная табліца Сіўцава і нават рэфлектар-атаскоп перамясціліся ў кабінет урача агульнай практыкі. У прыватнасці, у новай паліклініцы ўжо на ўзроўні праекта створаны ўсе ўмовы для працы каманды ўрачоў агульнай практыкі (урач, яго памочнік і медсястра). Такі фармат разгружае ўрача і робіць медыцынскую дапамогу больш даступнай. Пры гэтым урач агульнай практыкі можа выканаць і першасныя функцыі і кардыёлага, і эндакрынолага.

У вузкіх спецыялістаў, адзначыў Уладзімір Каранік, працоўнае месца абсталявана так, як раней аснашчаліся прасунутыя стацыянары.

«Такім чынам першаснае звяно становіцца цэнтрам клініка-дыягнастычнай дапамогі, стацыянар застаецца для кругласутачнага назірання, высокатэхналагічных умяшальніцтваў», — дадаў міністр.

У Беларусі адраджаецца санітарная авіяцыя

«Плануецца дааснашчэнне яшчэ дваццаццю камп’ютарнымі тамографамі сёлета, трыма магнітна-рэзананснымі тамографамі, трыма ангіёграфамі. Яны будуць усталяваны менавіта ў апорных клініках», — удакладніў кіраўнік ведамства.

Сістэма хуткай меддапамогі сёння таксама мадэрнізуецца: на базе Мінскай вобласці будзе абкатвацца адзіная інфармацыйная сістэма, плануецца закупка дзвюхсот новых абсталяваных машын і адраджэнне санітарнай авіяцыі.

«Зараз адпрацоўваем з МНС дастаўку пацыентаў верталётам — у выпадку неабходнасці нават проста з месца ДТЗ», — паведаміў міністр.

Новы кірунак — стварэнне прыёмна-дыягнастычных аддзяленняў неадкладнай дапамогі.

Паступова ўсе цэнтральныя раённыя паліклінікі Беларусі будуць аснашчаны камп’ютарнымі тамографамі. У Мінску ў бліжайшы час пачнуць прыём пацыентаў для правядзення КТ-даследванняў восем паліклінік.

Будзе дапоўнена

Варвара МАРОЗАВА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».