Вы тут

Сакрэтны код ДНК


Са школьных урокаў мы ведаем, што носьбітам генетычнай інфармацыі з’яўляецца макрамалекула ДНК, яна забяспечвае захоўванне, перадачу з пакалення ў пакаленне праграмы развіцця і функцыяніравання любога жывога арганізма. Паслядоўнасць элементаў ДНК — нуклеатыдаў — мае індывідуальныя асаблівасці ў кожнай асобнай жывёлы ці расліны (акрамя блізнят або клонаў).

Да сярэдзіны мінулага стагоддзя спосаб перадачы спадчыннай інфармацыі заставаўся для вучоных загадкай. Расшыфроўка структуры ДНК (дэзоксірыбануклеінавая кіслата, 1953 г.) стала адным з паваротных момантаў у гісторыі біялогіі, а навукоўцам, якія здзейснілі адкрыццё, была прысуджана Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне (1962 г.). З гэтага моманту пачалося ўсебаковае і пільнае даследаванне ДНК — кода біялагічнай памяці, які зберагае генетычныя дадзеныя на працягу ўсёй эвалюцыі жывых істот.

У кожнага асобна ўзятага арганізма ДНК усіх саматычных клетак цалкам супадае.

Таму ў хуткім часе вучоныя змаглі на аснове аналізу ДНК стварыць «індывідуальны профіль», які здольны служыць «генетычным пашпартам» для ідэнтыфікацыі асобы.

Сёння ДНК-тэхналогіі найперш шырока выкарыстоўваюцца ў сусветнай судовай практыцы для аналізу біялагічных доказаў, пры вызначэнні ступені сваяцтва або бацькоўства, выяўленні псіхаэмацыянальных асаблівасцей асобы і інш.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь у ліку першых сярод краін СНД стаў укараняць тэхналогіі ДНК-ідэнтыфікацыі для судова-біялагічных экспертыз.

Іх эфектыўнасць у шэрагу выпадкаў прыкметна вышэй за традыцыйныя. Дзякуючы працы навукоўцаў, біёлагаў і генетыкаў магчыма досыць хутка па мікраскапічным элеменце вызначыць асобу, якая з'яўляецца ўдзельнікам злачынства або пацярпелым, а гэта ўжо зусім новыя гарызонты ў крыміналістыцы. Напрыклад, па кроплі крыві і ўзятай з яе ДНК сёння можна высветліць узрост, колер вачэй, валасоў, нацыянальнасць і нават рэгіён паходжання невядомага чалавека. Дзяржкамітэт судовых экспертыз РБ зараз мае базу дадзеных ДНК, якая ўтрымлівае больш за 300 тысяч генатыпаў і выкарыстоўваецца пры раскрыцці злачынстваў.

Для любой краіны адно з найважнейшых прававых пытанняў для судовай практыкі — доказнасць, пераканаўчасць фактаў. Сёння ў Беларусі (і ў цэлым у СНД) часта вяртаюцца на даследаванне старыя нераскрытыя справы, і яны завяршаюцца паспяхова. Тэхналогіі ДНК-ідэнтыфікацыі цяпер дазваляюць не толькі больш эфектыўна змагацца з крыміналам, але і абменьвацца дадзенымі з Інтэрполам, іншымі міжнароднымі структурамі. Сярод самых актуальных задач — барацьба з наркатрафікам. Раней, каб выявіць маршруты паступлення наркатычных рэчываў, патрабаваліся значныя выдаткі і чалавечыя рэсурсы. З дапамогай жа ДНК-ідэнтыфікацыі ўзрастае аператыўнасць, а доказная база становіцца больш дасканалай і аргументаванай.

У 2017 годзе вучоныя Беларусі і Расіі распачалі сумесныя даследаванні ў межах праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя».

Вядома, перш за ўсё праграма ўяўляе цікавасць для праваахоўных структур. Але нельга не адзначыць і яе сацыяльную значнасць. Вельмі часта ў выпадку пажару, авіякатастрофы або тэхнагенных аварый цяжка вызначыць асобу сярод пацярпелых. З дапамогай ДНК-тэхналогій і «генетычнага пашпарта» гэта можна зрабіць на працягу некалькіх сутак, але навукоўцы кажуць аб будучай выніковасці гэтага аналізу за лічаныя хвіліны.

Таксама праграма «ДНК- ідэнтыфікацыя» здольная расказаць пра нашу стрэсаўстойлівасць, апісаць псіхаэмацыянальны стан чалавека, што вельмі важна для ацэнкі здольнасцей да асобных прафесій або экстрэмальных відаў дзейнасці — гэта тычыцца падбору супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў, выратавальнікаў і пажарных, пілотаў, авіядыспетчараў і інш.

Медыцынскія прагнозы

Вядома ж, пашырэнне даследаванняў ДНК мае вялікае значэнне і для развіцця медыцыны. Новыя тэхналогіі дапамагаюць выявіць генетычную схільнасць да сардэчна-сасудзістых, аўтаімунных, эндакрынных, анкалагічных захворванняў. Сёння ў Беларусі выконваецца шэсць праектаў, якія тычацца вывучэння лячэбнага аспекту і прафілактыкі амаль 20 найбольш частых захворванняў. У кожнай з вызначаных хвароб ёсць свае ДНК-маркеры, якія робяць магчымым дыягнаставаць іх на ранніх стадыях.

Беларускія вучоныя Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН РБ ужо склалі больш як 15 тысяч медыцынскіх «генетычных пашпартоў».

Усё гэта надзвычай важна для карэкціроўкі дыягназу і індывідуальных рэкамендацый пры лячэнні. У будучым гэты аб'ём дадзеных ляжа ў аснову персаніфікаванай сістэмы медыцынскага абслугоўвання, што дазволіць лячыць хворага не па агульнай сярэднестатыстычнай схеме, а індывідуальна, з улікам яго геному.

Асабліва важна загадзя вызначыць схільнасць да цукровага дыябету, тыроідных парушэнняў, сардэчна-сасудзiстых адхіленняў. Шмат увагі надаецца маніторынгу генетычнай рызыкі да інфаркту, гіпертаніі і некаторых іншых сардэчных захворванняў. З гэтай мэтай на базе РНПЦ «Кардыялогія» былі арганізаваны сістэмныя назіранні на працягу двух гадоў.

Вывучаючы геном чалавека, рэальна даць прагноз, чым ён можа ў перспектыве захварэць. А гэта дазваляе скарэкціраваць яго лад жыцця або схемы яго лячэння. Акрамя таго, дэталёвае вывучэнне інфармацыі, якую ўтрымлівае геном пэўнай этнічнай або рэгіянальнай групы, будзе ўлічвацца фармацэўтамі пры распрацоўцы рэкамендацый па прыёме лекавых прэпаратаў, эфектыўнасці або неэфектыўнасці іх для дадзенага рэгіёна або этнасу.

Метад ДНК-ідэнтыфікацыі таксама дае магчымасці сфарміраваць групы рызыкі па захворваннях для правядзення эфектыўнай прафілактыкі. Як вынік — прагнозы зніжэння захворванняў і інваліднасці, паляпшэнне якасці і працягласці актыўнага жыцця насельніцтва. У перспектыве гэта дазволіць больш эфектыўна выдаткоўваць бюджэтныя сродкі на сацыяльныя мэты.

«Нечалавечая» генетыка

Многія ўпершыню пачулі гэты тэрмін зусім нядаўна, вядома ж, ён прадказальна выклікаў цікавасць. Так вучоныя абазначылі пашырэнне даследаванняў у рамках праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя» на іншыя біялагічныя аб'екты.

— Сёння існуе шмат актуальных задач, што звязаны з эканамічнымі злачынствамі, — тлумачыць доктар біялагічных навук, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі. — Напрыклад, прымяненне ДНК-тэхналогій пры генетычнай ідэнтыфікацыі паходжання драўніны дазволіць вызначаць выпадкі незаконнай рубкі лесу, нават магчыма ўстанавіць, у якім лясніцтве гэта адбылося. ДНК-ідэнтыфікацыя відаў жывёл дапаможа змагацца з незаконнай здабычай і вывазам рэдкіх звяроў для продажу за мяжу. Важная таксама і праца з раслінамі, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы. Або селекцыйная праца для памяншэння верагоднасці імбрыдынгу — блізкароднаснага скрыжавання пры развядзенні. Апроч усяго, на гандлёвых рынках сёння фальсіфікацый больш чым дастаткова.

Да працы над праграмай «ДНК-ідэнтыфікацыя» былі запрошаны вядучыя генетыкі і біёлагі акадэмічных навуковых устаноў Беларусі і Расіі. Таму мэтазгодным стала разам з вывучэннем «генетычнага пашпарта» чалавека прыступіць да распрацоўкі інавацыйных тэхналогій ідэнтыфікацыі іншых аб'ектаў, так званай «нечалавечай» генетыкі. Такі тэрмін існуе ў замежнай навуковай літаратуры. Першыя такія даследаванні непасрэдна тычацца эканамічных злачынстваў: фальсіфікацыі харчовых тавараў, асабліва з рыбы і ікры, кавы і шакаладу, мяса і мясных вырабаў. Як вядома, ад якасці і бяспекі спажывецкіх прадуктаў наўпрост залежыць здароўе, а іншым разам і жыццё чалавека. Фальсіфікацыя прадуктаў часта адбываецца шляхам надання тыповых прыкмет вонкавага выгляду, аднак пры агульным пагаршэнні або поўнай страце харчовай каштоўнасці.Таму праблема фальсіфікацыі харчовых прадуктаў значна шырэй, чым проста падман і продаж няякаснага тавару з карыслівай мэтай.

— Ці ёсць недасягальныя пакуль мэты ў генэтыкаў? — пытаюцца цікаўныя журналісты ў акадэміка Аляксандра Кільчэўскага.

— Ёсць такія, — шчыра ўсміхаецца акадэмік у адказ. — Вывучэнне генетыкі інтэлекту — вельмі складаная і пакуль невырашальная праблема. Мы да яе толькі падбіраемся. Як, напрыклад, вызначыць патэнцыйнага Пушкіна або Эйнштэйна? Задача для будучыні.

Але мы ведаем, што ёсць адкрыцці, якія апераджаюць нават самыя смелыя ўяўленні. Бо навука заўсёды звернутая тварам у заўтрашні дзень.

Алена ЦЯРЭНЦЬЕВА


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».