Вы тут

Ужо два месяцы ў Мiнску працуе кавярня «Iнклюзiўны барыста»


«Толькi не пiшыце гэтыя стандартныя фразы — «людзi з абмежаванымi магчымасцямi», — у самым пачатку нашай размовы просiць Наталля Астанiна, супрацоўнiца кавярнi «Iнклюзiўны барыста». — Гэта няправiльная фармулiроўка. Трэба называць рэчы сваiмi iмёнамi: людзi з iнвалiднасцю, з парушэннем зроку, з сiндромам Даўна, iнвалiды-калясачнiкi i г. д. А абмяжоўвае або не абмяжоўвае свае магчымасцi кожны сам, i гэта не залежыць ад фiзiчных асаблiвасцяў».


Штодзённы паход на работу для вас надакучлiвая руцiна? Ёсць людзi, для якiх такая магчымасць — пастаянная крынiца радасцi. Вось ужо два месяцы ў Мiнску працуе кавярня «Iнклюзiўны барыста».

— У Беларусi гэта пакуль адзiны праект. Ён уключае ў сябе навучанне прафесii барыста i адкрыццё кавярнi, дзе ўсе супрацоўнiкi — людзi з iнвалiднасцю, — расказвае барыста Наталля Астанiна. — Iнклюзiўныя кавярнi ёсць у Санкт-Пецярбургу, у некаторых гарадах Еўропы. Але каб людзi з iнвалiднасцю самi арганiзавалi праект i цалкам ад пачатку да вынiку каардынавалi сваю работу — такога, напэўна, няма пакуль нiдзе. У гэтым плане аўтар праекта Аляксандр Аўдзевiч — першаадкрывальнiк.

Iнклюзiўны барыста

Праект нарадзiўся ў Лiдзе — адтуль родам i Аляксандр Аўдзевiч, i адна з яго першых вучанiц Наталля Астанiна. У Наталлi з нараджэння анамалiя развiцця пазваночнiка i спiннага мозгу, а Аляксандру давялося сесцi ў iнвалiдную каляску ў вынiку траўмы. У сакавiку 2018 года Аляксандр пачаў навучаць людзей з iнвалiднасцю прафесii барыста. Спачатку ў Лiдзе, потым — па ўсёй Гродзенскай вобласцi.

— Першая iнклюзiўная кавярня адкрылася ў Лiдзе, — расказвае Наталля. — Праз год, калi я паднабралася вопыту, працуючы ў кавярнi i на кейтэрынгу, сама стала навучаць такiх жа дзяўчат i хлопцаў, як i я. у 2019-м мы з Сашам паехалi па краiне — Маладзечна, Магiлёў, Брэст, Вiцебск. Ехалi ў канкрэтны горад, дзе збiралася група ахвотных, i вучылi. Навучанне цалкам бясплатнае. У прафесii барыста на вывучэнне тэорыi патрабуецца тыдзень, а практыкай трэба займацца ўсё жыццё.

Праект вырашае вельмi важную задачу. Людзям з iнвалiднасцю працаўладкавацца няпроста, i афiцыйную занятасць маюць нямногiя з iх. Застаецца так званая «аддаленая работа», калi часам увесь свет чалавека замыкаецца ў адной кватэры. Прафесiя барыста — выдатнае рашэнне для людзей з iнвалiднасцю. Але, на жаль, працаўладкавацца ў кавярнi вучням Аляксандра Аўдзевiча ўдавалася далёка не заўсёды. Узнiкалi праблемы з безбар'ерным асяроддзем — адаптаванымi лiфтамi, пандусамi i г. д.

Лагiчным рашэннем стала адкрыццё кавярняў, цалкам даступных для людзей з iнвалiднасцю — i ў якасцi работнiкаў, i ў якасцi наведвальнiкаў.

У сталiцы iнклюзiўную кавярню вырашана было адкрыць у цэнтры, расказвае Наталля, — каб у ёй маглi сустракацца людзi з розных раёнаў Мiнска, з iнвалiднасцю i без. Бо гэта i ёсць сапраўдная iнклюзiя. На адным з мерапрыемстваў Аляксандр пазнаёмiўся з прадстаўнiкамi Белаграпрамбанка, i яны прапанавалi невялiкае памяшканне ва ўласным будынку — лiтаральна за два крокi ад ГЦ «Нямiга», з мiнiмальнай арэнднай платай. У адкрыццё ўстановы Саша ўклаў грошы, якiя збiраў на кругасветнае падарожжа. Яго планам перашкодзiла пандэмiя, а сядзець без справы Аляксандр не прывык. Так на вулiцы Раманаўская Слабада з'явiлася невялiкая ўтульная кавярня. Тут вараць класiчныя кававыя напоi i Specialty-каву, падаюць гарбату i выпечку (пiрожныя i круасаны), якiя часткова заказваюць, а часткова выпякаюць самi. Адна з фiшак меню — фiрменны кактэйль «Лiдчанка».

Нiчога iнклюзiўнага, акрамя някiдкай шыльды з назвай, у атмасферы i дызайне кавярнi няма. I гэта правiльна. Людзi проста прыходзяць сюды выпiць кубачак кавы i перакусiць, а не адчуць сябе «сацыяльна адказнымi». Нi дапамогi, нi спагады ўдзельнiкам праекта не трэба — з цяжкасцямi яны ўмеюць спраўляцца i самi. Iдэя ў тым, што абсалютна любы чалавек, незалежна ад узросту, полу або фiзiчных асаблiвасцяў, мае права на душэўнае цяпло, утульнасць i дабрыню.

— Вы адкрылiся, калi многiя ўстановы былi на каранцiне. Не баялiся, што не будзе наведвальнiкаў?

— Было зразумела: цяпер або нiколi. Мы маглi страцiць памяшканне, так што Аляксандр адважыўся — i не памылiўся. У нас стабiльна ёсць наведвальнiкi. Будзем развiвацца далей, будуць новыя пазiцыi ў меню i новае ў дызайне кавярнi. «Iнклюзiўны барыста» — не толькi магчымасць зарабiць чалавеку з iнвалiднасцю (зарплата ў кавярнi на ўзроўнi сярэднестатыстычнай зарплаты барыста па Мiнску), але i сацыялiзацыя, магчымасць мець зносiны з людзьмi i жыць актыўным жыццём.

Алхiмiя кавы

— Здаецца: хiба гэта складана — каву зварыць? Насыпаў, нацiснуў кнопку — i ўсё. На самай справе гаворка iдзе пра алхiмiю, — усмiхаецца суразмоўнiца. — Долi грама кавы ўплываюць на смак напою. I, вядома, вопыт барыста. Па таўшчынi струменьчыка можна зразумець, якая будзе кава на смак. Гэтаму нельга навучыцца за некалькi дзён тэарэтычнага курса. I не ўсе, хто прайшоў навучанне, застануцца ў прафесii. Акрамя прафесiйных навыкаў, патрэбныя бесканфлiктнасць, камунiкабельнасць, шматзадачнасць. Iнтраверту працаваць барыста будзе некамфортна.

Барыста працуюць з вельмi якасным кававым зернем класа Specialty.

У кавярнi ўжо ёсць свае пастаянныя клiенты. Па-першае, установа дае знiжкi супрацоўнiкам банка i людзям з iнвалiднасцю, i абсалютна для ўсiх наведвальнiкаў кожная шостая кава — бясплатная, трэба толькi ўзяць картку i не забываць ставiць штампы за кожны кубачак. А па-другое, барыста тут працуюць з вельмi якасным кававым зернем — клас Specialty, таварная катэгорыя кавы павышанай якасцi.

— Слова Specialty звычайна не перакладаюць, але калi перакласцi, то будзе «асаблiвы». У нас асаблiвыя людзi i асаблiвая кава, — тлумачыць Наталля.

Дарэчы, тое, што стапрацэнтная арабiка — самая смачная кава, аказваецца, усяго толькi стэрэатып з рэкламы. Звычайна яна кiславатая, а сарты рабусты маюць яскравую гарчынку. Каб атрымаць пэўны смак, iх змешваюць у розных прапорцыях.

— Мая спецыяльнасць — педагог-псiхолаг iнклюзiўнай адукацыi — апавядае Наталля, паспяваючы i гатаваць каву, i ўсмiхацца наведвальнiкам, i дапамагаць сваёй вучанiцы, дзяўчыне з другой групай iнвалiднасцi па зроку: яна ўжо прайшла навучанне i стажыроўку, хутка стане яшчэ адным барыста кавярнi. — У Лiдзе я тры гады працавала па спецыяльнасцi. Але зразумела, што хочацца паспрабаваць што-небудзь новае. I тут Саша запрасiў мяне прайсцi навучанне на барыста. Аказалася, што ў мяне ёсць здольнасцi. Я ўжо нават у спаборнiцтвах барыста паспела паўдзельнiчаць. Пакуль мне складана з-за недахопу вопыту канкурыраваць у катэгорыях «Латэ» або «Класiчныя напоi». Але я ўдзельнiчала летась у спаборнiцтвах па каптэстынгу i заняла 7-е месца з 22 удзельнiкаў. А цяпер за два месяцы, якiя працуе наша кавярня, я атрымала больш вопыту, чым за два папярэднiя гады.

Кубачкi тут таксама асаблiвыя: ручной работы, са шрыфтам Брайля. Фразы на iх напiсаныя рэльефна-кропкавым тактыльным спосабам, прызначаным для чытання людзьмi з сур'езнымi парушэннямi зроку. Барыста кажуць: можа быць, хто-небудзь з наведвальнiкаў з нармальным зрокам зацiкавiцца i захоча вывучыць гэты спосаб пiсьма — хоць для таго, каб даведацца, што напiсана на кубках.

Думаць пазiтыўна

Каманда кавярнi — 4 чалавекi. Два барыста, уладальнiк Аляксандр Аўдзевiч i iнклюзiўны дырэктар Вася. У Васi сiндром Даўна. Ён падпiсвае накладныя, прымае свежую выпечку, адказвае за пiяр — запрашае прэсу на мерапрыемствы. I выдатна спраўляецца са сваiмi абавязкамi.

— Наколькi складана сёння ў нашым грамадстве жыць людзям з iнвалiднасцю? Даводзiлася чуць, што пра безбар'ернае асяроддзе нават у Мiнску пакуль можна гаварыць толькi ў будучым часе...

— Ну, я б так не сказала, — адзначае Наталля. — Можа быць, са мной хтосьцi не пагодзiцца, асаблiва з калясачнiкаў, але я лiчу, што трэба думаць пазiтыўна. Ужо зроблена многае, што спрашчае наша жыццё. Прынамсi, у Мiнску. У Лiдзе я была больш абмежаваная ў перамяшчэннях, а тут у любы пункт горада, у прынцыпе, магу дабрацца. Вядома, на перыферыi яшчэ вельмi многае трэба зрабiць. Але паступова наша краiна развiваецца ў гэтым кiрунку.

Даступнае асяроддзе — гэта чыста тэхнiчнае пытанне. Аднак з цягам часу свет мяняецца i ў дачыненнi да таго, як людзей з iнвалiднасцю ўспрымаюць у грамадстве.

— Перажыткi савецкага мiнулага пакуль засталiся, але цяпер да нас ставяцца значна прасцей. Хоць ёсць i негатыў.

Наталля ўспамiнае, як нядаўна прыехала на канцэрт i пачула на свой адрас: «Што ты тут наогул робiш? Ты павiнна сядзець дома!»

— А як успрымаюць асаблiвых барыста наведвальнiкi?

— Нармальна ўспрымаюць. Як звычайных людзей. Цяпер ужо так, а было па-iншаму. Напрыклад, усе 11 гадоў агульнаадукацыйнай школы я была на хатнiм навучаннi. Гэта моцна паўплывала на маю сацыялiзацыю. Вядома, я своечасова здолела скампенсаваць гэта заняткамi спортам — з 13 гадоў займалася танцамi на калясках, потым скакала з парашутам (у мяне дзесяць скачкоў i ўдзел у спаборнiцтвах па парашутным спорце ў Францыi i Расii). Але калi я паступiла ва ўнiверсiтэт (я вучылася ў Маскоўскiм дзяржаўным гуманiтарна-эканамiчным унiверсiтэце), мне было складана прывыкнуць да таго, што ёсць парта, выкладчык каля дошкi, iншыя студэнты вакол. Добра, што цяпер дзецi з рознымi вiдамi iнвалiднасцi навучаюцца разам са здаровымi.

Работа ў кавярнi для ўдзельнiкаў праекта — крынiца радасцi i задавальнення.

Падчас размовы з Наталляй мне ўвесь час хацелася спытаць яе: «Як навучыцца не апускаць рукi ў цяжкай сiтуацыi?» Удзельнiкi праекта «Iнклюзiўны барыста» — поўныя энергii i планаў, у той час як модная хвароба нашага часу — дэпрэсiя...

— Калi ты сапраўды хочаш нешта зрабiць, трэба браць сябе за валасы i выцягваць з балота, як барон Мюнхгаўзен. Трэба выходзiць з зоны камфорту, як бы банальна гэта нi гучала. Быць гатовым, напрыклад, сарвацца i паехаць у iншы горад, калi гэта неабходна для вашага развiцця. I пастаянна спрабаваць нешта новае. Толькi так. Iнакш нiчога не атрымаецца.

Аляксандра Анцэлевiч

Фота з архiва праекта «Iнклюзiўны барыста»

Загаловак у газеце: Кава як спосаб iнклюзii

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.