Вы тут

Яны рабілі гісторыю нашай краіны


​Дзве кнігі пра беларусаў і для беларусаў

  1. І. Масляніцына. М. Багадзяж. Легендарныя героі беларускай гісторыі, XI – XIX стст. Мінск. Выдавецкі дом “Звязда”, 2020.

Трыццаць сем гістарычных нарысаў ад аўтараў кнігі “Беларусь далетапісная”. У новай працы, якую можна разглядаць як працяг папярэдняй, Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж распавядаюць пра славутых герояў і гераінь беларускага народа. Князь Усяслаў Чарадзей, Зоя Усяслаўна, Ефрасіння Полацкая, Давыд Гарадзенскі, Сямён Мсціслаўскі, Сямён і Анастасія Алелькавічы, Багуслаў Радзівіл, Васіль Вашчыла, Ганна Паўліна Сапега, Андрэй Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, Эмілія Плятэр і многія іншыя, якія сталі прыкладамі ўпартага змагання за Радзіму, за веру альбо за асабістыя прыярытэты.

Не ўпершыню звяртаецца пісьменніцкі тандэм Масляніцына – Багадзяж да жанчын у беларускай гісторыі. Чытачы і асабліва чытачкі будуць уражаныя вобразамі нашых выбітных зямлячак.

Дачка Усяслава Чарадзея, жонка спадчынніка візантыйскага базілеўса Зоя Камніна з’яўляецца аўтаркай першай навуковай працы па медыцыне ў еўрапейскай гісторыі – трактата “Мазі”, напісанага на грэчаскай мове ў 1130 годзе, большая частка якога была прысвечана акушэрству і догляду за немаўлятамі.

Жанчыны ў беларускай гісторыі па зразумелых прычынах найчасцей заставаліся на другасных ролях, але калі лёс прымушаў іх надзець кальчугу альбо наладжваць гаспадарку, аніколькі не саступалі мужчынам. Слуцкі князь Сямён Алелькавіч і яго жонка Анастасія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі як ратаборцы – абаронцы Слуцкага княства ад набегаў крымскіх татар; пасля смерці князя змагацца з ворагамі давялося мужнай Анастасіі. Ганна Радзівіл, калі спачыў яе муж Караль Станіслаў, выкупіла закладзеныя маёнткі, пабудавала масты, дамбы, млыны, стварыла мануфактуры, фабрыкі і дала дарогу рамёствам, паказаўшы сябе першай у краіне жанчынай, якая ўзялася за нязвыклую справу – развіццё прамысловасці і дасягнула поспеху. Сярод герояў вызваленчага паўстання 1830 – 1831 гадоў пачэснае месца займае Эмілія Плятэр, якая жыла дзеля высакароднага імкнення – аддаць жыццё за шчасце Айчыны. Не бракуе ў кнізе і рамантычных гісторый пра каханне.

Багаты матэрыял, апрацаваны і прадстаўлены даследчыкамі, сведчыць: маладым беларусам ёсць чым ганарыцца. Наша гісторыя гераічная, павучальная і неверагодна цікавая. 

  1. “Яна была: 16 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі”. Мінск, “Галіяфы”, 2019.

Праекты ў духу “girl power” рэалізуюцца сёння ў многіх краінах. Мы ўжо расказвалі пра кнігу Э. Фоўлі, Б. Коўтс “Як бы зрабіла Клеапатра? Як вялікія жанчыны вырашалі штодзённыя праблемы: ад Фрыды Кало да Ганны Ахматавай”. Нядаўна ў Беларусі з’явілася кніга на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай, у якой прадстаўлены гісторыі шаснаццаці жанчын, што жылі ў нашай краіне ў XIX-XX стагоддзях і зрабілі ўнёсак у культуру, эканоміку, навуку і палітыку. Мэты праекта, па словах яго ініцыятарак Ірыны Саламацінай і Наталлі Кухарчык, – падтрымаць гістарычную справядлівасць у адносінах да нашых суайчынніц і распавесці жаночыя гісторыі поспеху. Кніга прызначаная для падлеткаў. Ёсць у ёй партрэты як усім вядомых жанчын, так і тых, чые імёны і справы былі незаслужана забытыя ці заставаліся ў ценю мужчынскіх дасягненняў. Сярод гераінь – шматгадовая кіраўніца Нацыянальнага мастацкага музея Алена Аладава, дзяячка БНР Палута Бадунова, вучоныя Таццяна Бірыч і Соф’я Кавалеўская, мастачкі Алена Кіш і Надзея Хадасевіч-Лежэ, удзельніца паўстання 1831 года Эмілія Плятэр, доктарка, пісьменніца Саламея Русецкая (Пільштынова), выбітная акторка Стэфанія Станюта, заснавальніца бровара “Аліварыя” Рохля Фрумкіна ды іншыя. Унікальнасць праекта яшчэ і ў тым, што яго праілюстравалі 16 беларускіх мастачак – кожная выбрала жаночую гісторыю, якая яе натхніла.

Алена Брава


Інфармацыю пра наяўнасць часопіса "Алеся" у кіёску можна знайсці па нумарах: Брэст + 375 162 219838 Віцебск + 375 212 358437 Гомель + 375 232 558813 Гродна + 375 152 569508 Магілёў + 375 222 734102 Мінск і Мінская вобл. + 375 173 272542

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.