Вы тут

Мясцовыя віды паліва ўсё часцей замяняюць газ. Як службы ЖКГ рыхтуюцца да ацяпляльнага сезона


Нягледзячы на тое, што ацяпляльны перыяд пачнецца як мінімум у канцы верасня, падрыхтоўку да яго камунальнікі пачынаюць ужо адразу пасля заканчэння папярэдняга. І традыцыйна пашпарты гатоўнасці прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны атрымаць да 30 верасня.


Сёлета ў Беларусі плануюць замяніць амаль 640 кіламетраў цеплавых сетак. Больш за ўсё новага абсталявання з'явіцца на Міншчыне і Гомельшчыне — 125 і 114 кіламетраў адпаведна. На 1 ліпеня камунальнікі выканалі амаль 40 % ад плана і замянілі больш за 250 кіламетраў сетак. Акрамя гэтага, у краіне плануюць выканаць прафілактычны рамонт 3525 кацельняў і 1739 цэнтральных цеплавых пунктаў (ЦЦП). На 1 ліпеня гэта было ўжо зроблена больш чым у дзвюх тысячах кацельняў і амаль у палове ЦЦП.

— Што ж датычыцца будаўніцтва цеплавых крыніц на мясцовых відах паліва, то гэта прадугледжана дзяржпраграмай «Энергазберажэнне» на 2016—2020 гады, якую каардынуе Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта, — адзначае начальнік аддзела энергетыкі і надзвычайных сітуацый Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Святлана ЦІМОШКІНА. — Доля мясцовых відаў паліва летась складала 43,6 % у сістэме ЖКГ з улікам рэканструкцыі і запуску новых крыніц. У канцы мая лічба павялічылася ўжо да 45,2 %, а да канца года мы плануем выйсці на 52 %.

Як адзначылі ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці, на сёння ў краіне ідзе работа па будаўніцтве 17 крыніц на драўняным паліве і торфе. Іх агульная магутнасць складзе 112 МВт. Пры гэтым тры крыніцы агульнай магутнасцю 41,5 МВт будуць пабудаваны за кошт крэдытных сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый, а астатнія 14 (на 70,8 МВт) — за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў, мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў.

— Цяпер ужо па дзесяці крыніцах былі атрыманы заключэнні дзяржаўнай экспертызы па праектнай дакументацыі і пачаліся будаўніча-мантажныя работы, а вось па астатніх сямі хутка завершыцца распрацоўка праектнай дакументацыі, — адзначае кансультант аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Ала ГАРКУНОВА. — Найбуйнейшыя крыніцы сёлета з'явяцца на Міншчыне, дзе цяпер ужо ідзе ўстаноўка катлоў. Гэта датычыцца кацельні ў Слуцку магутнасцю 14 МВт, а таксама крыніц у Стоўбцах і Бараўлянах магутнасцю 12 і 21 МВт адпаведна.

У сваю чаргу, як адзначылі ў Міністэрстве ЖКГ, да 1 кастрычніка камунальнікі павінны папоўніць запасы драўнянага паліва да 1660 тысяч шчыльных кубаметраў, цяпер жа план выкананы крыху больш чым на 70 %. Дроў прадпрыемствы назапасілі ўжо каля 80 % ад запланаванага, на 56 % выканалі план па шчапе і на траціну па торфе. Што ж датычыцца драўняных адходаў, то яшчэ на пачатак ліпеня арганізацыі ЖКГ перавыканалі план амаль у шэсць разоў.

Да работы ў асенне-зімовы перыяд рыхтуюць і аб'екты водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Напрыклад, камунальнікі ўжо больш чым напалову выканалі план па прафілактычным абслугоўванні водаправоднай сеткі і вадаводаў. Акрамя таго, яны займаюцца прамыўкай і перакладкай сетак і вадаводаў, ажыццяўляюць прафілактычны агляд артэзіянскіх свідравін і водаразборных калонак, іх рамонт, рамантуюць і мяняюць гідранты і помпы, робяць тэхнічны агляд і перакладанне сетак і калектараў.

Згодна з новымі правіламі, з 2021 года адключаць гарачую ваду для спажыўцоў будуць не больш чым на 12 дзён.

Рыхтуюць да ацяпляльнага сезона і жылыя дамы — на 1 ліпеня ўжо напалову выкананы план па прафілактычным рамонце сістэм ацяплення дамоў і цеплавых пунктаў, ажыццёўлена іх апрасоўка. Шмат увагі камунальнікі ўдзяляюць шкленню месцаў агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў, рамонту балконаў і лоджый — на 1 ліпеня яны выканалі больш за палову плана. Такія ж лічбы дасягнуты і ў рамонце стыкаў сценавых панэляў і дахаў.

— Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ажыццяўляе штотыднёвы і штомесячны кантроль за падрыхтоўкай прадпрыемстваў сістэмы да ацяпляльнага сезона па розных паказчыках, — тлумачыць начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Андрэй РАМАШКА. — Наогул падрыхтоўка ідзе на ўзроўні мінулых гадоў, і ў поўнай гатоўнасці прадпрыемствы сферы ЖКГ будуць ва ўстаноўленыя тэрміны.

Што ж датычыцца сталіцы, то раённыя КУП ЖКГ да кастрычніка павінны атрымаць 40 пашпартоў гатоўнасці.

— У рамках традыцыйнага вясновага агляду жылога фонду камунальныя службы Мінска ўдакладнілі аб'ёмы работ, сфарміравалі графікі і планы мерапрыемстваў па падрыхтоўцы жылога фонду да будучага ацяпляльнага сезону, — адзначае начальнік вытворчага аддзела ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Валянціна ГРЫДЗЮШКА. — На сёння мы ўжо адрамантавалі ўнутраныя сістэмы ацяплення амаль у пяці тысячах дамоў, што складае 76 % ад плана. Выканалі апрасоўку 4348 дамоў і 5307 цеплавых вузлоў, што складае больш за 60 % ад плана.

Па інфармацыі Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, на сёння ўжо была зроблена гідрапнеўмапрамыўка 1081 сістэмы ацяплення, што складае 65 % ад плана. Амаль на 90 % выкананы план па рамонце воданагравальнікаў, цыркуляцыйных і павышальных помпаў. Што ж датычыцца рамонту дахаў, то на сёння камунальнікі абнавілі амаль 185 000 квадратных метраў, што складае 65 % ад гадавога плана. Нейкая частка работ праводзілася за кошт сродкаў бягучага рамонту, нейкая — за кошт капітальнага. Ужо больш чым на 70 % ад плана выкананыя рамонт стыкаў сценавых панэляў, уцяпленне загараджальных канструкцый і шкленне месцаў агульнага карыстання. Амаль на 90 % выкананы план па рамонце балконаў — на сёння адрамантавана 1350 канструкцый.

— Цяпер камунальныя службы прачысцілі 9649 дымавых і 18 720 вентыляцыйных каналаў, і яны знаходзяцца ў тэхнічна спраўным стане, — дзеліцца Валянціна Аляксандраўна. — На 1 ліпеня было паверана амаль 2500 прыбораў уліку, што складае амаль 70 % ад плана, таксама было ўстаноўлена шэсць з дзевяці сістэм аўтаматычнага рэгулявання цяпла.

У тэму

На прэс-канферэнцыі першы намеснік генеральнага дырэктара, галоўны інжынер ДВА «Белэнерга» Уладзімір БАБРОЎ адзначыў, што аб'екты ведамства таксама вядуць падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона. На сёння ўжо выканана замена 117,32 кіламетра цеплавых сетак у 1-трубным вылічэнні, што складае 64,1 % ад гадавога плана, падрыхтавана больш за 340 тысяч тон топачнага мазуту пры патрэбе ў 350 тысяч.

— Што ж датычыцца электратэхнічнага абсталявання, то ўсе работы выконваюцца ў поўным аб'ёме, — адзначыў спецыяліст. — Рамонт падстанцый і работы па павышэнні надзейнасці электрасетак выкананы больш чым на 60 % па ўсіх пазіцыях.

Валерыя КІСЛАЯ

Прэв’ю: novopolotsk.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.