Вы тут

Імя і яго гісторыя


Ушаччына, энцыклапедыя, музей на Карла Маркса і «Пахне чабор». Здаецца, пра кожнага з найбольш вядомых беларускіх пісьменнікаў можна скласці такі асацыятыўны шэраг.


Пятрусь Броўка і Пятро Глебка. Полацк, 1967 г. З фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі.

Вершы Петруся Броўкі кожны беларус так ці інакш чытаў у школе. Адтуль засталіся гэтыя «нешта спявае пяшчотнае бор» і яшчэ колькі праграмных радкоў. Алімпіяднікі па беларускай мове і літаратуры хутчэй за ўсё шчыльна асацыююць імя паэта з назвай Пуцілкавічы і мо ведаюць колькі псеўданімаў з доўгага пераліку.

Тут няма мэты сказаць, што канкрэтна Петруся Броўку ці ўвогуле беларускіх паэтаў мы не ведаем. Справа ў тым, што многія аўтары, якія складаюць шэрагі беларускіх класікаў, успрымаюцца, прынамсі, тымі, хто скончыў школу ў апошнія пяць-дзесяць гадоў, абсалютна адарвана ад рэчаіснасці — і тагачаснай, і сённяшняй. І каб насамрэч пранікнуцца чыёйсьці творчасцю і па-сапраўднаму зразумець яе, патрэбна зацікаўлівацца самастойна. Чыя гэта праблема і ці праблема гэта ўвогуле — тэма для асобных доўгіх разважанняў. Гэтага тэксту яна датычыць толькі адным чынам: часам, каб сапраўды ўдумліва прачытаць і  зразумець верш, трэба, па-першае, адасобіцца ад «падабаецца не падабаецца». Па-другое: часам варта паспрабаваць унікнуць у тое, дзе, калі і чаму так, а не інакш быў напісаны гэты тэкст, чаму аўтар пісаў на пэўныя тэмы і пэўным чынам. Для гэтага, хутчэй за ўсё, не хопіць сухой біяграфіі і года напісання ў правым ніжнім куце.

Зямля сённяшняй Ушаччыны нарадзіла шмат людзей, якіх мы сёння ведаем як класікаў беларускай літаратуры. Сярод іх — Пятрусь Броўка, які нарадзіўся 115 гадоў таму ў вёсцы Пуцілкавічы. Пасвіў жывёлу, атрымаў пачатковую адукацыю ў хатах аднавяскоўцаў, працягнуў у Лепелі, хаця не да канца (у сям’і не хапіла грошаў). Але гэта не перашкодзіла будучаму пісьменніку і лаўрэату шматлікіх дзяржаўных прэмій звязаць сваё жыццё са словам яшчэ тады  — у Пуцілкавічах. У дзяцінстве Пятрусь Броўка падзарабляў тым, што пісаў лісты на фронт Першай сусветнай пад дыктоўку жанчын, чые мужы адправіліся ваяваць.

Далей — праца ў газеце «Чырвоная Полаччына», у якой у 1926 годзе з’явілася першая публікацыя вершаў, мясцовы філіял «Маладняка», педагагічны факультэт БДУ, членства ў Саюзе пісьменнікаў СССР, шлюб, прызначэнне галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Але стройнае і лагічнае развіццё творчага чалавека перарвала трагедыя сусветнага масштабу. Пятрусь Броўка аказаўся на месцы тых, каму ў дзяцінстве пісаў лісты. Ён удзельнічаў у баявых дзеяннях Вялікай Айчыннай вайны, працаваў у прыфрантавым друку. Пасля вайны вярнуўся да пасады галоўнага рэдактара «Полымя», а ў 1948 годзе ўзначаліў Саюз пісьменнікаў БССР і  прысвяціў гэтай працы 19 гадоў. Пасля — доўгі час быў галоўным рэдактарам Беларускай савецкай энцыклапедыі. Вайна пакінула адбітак не толькі ў  творчасці Броўкі, але і ў яго багажы асабістых трагедый. Маці загінула ў газавай камеры Асвенцыма, брат памёр ад франтавых ран.

Безліч паэтычных зборнікаў і кніга апавяданняў, некалькі аповесцей, лібрэта да дзвюх опер «Міхась Падгорны» і «Алеся». Як вынік — некалькі шматтомных збораў твораў. Творчая дзейнасць Броўкі ахапіла, здаецца, усе магчымыя варыянты, якія можа абраць для сябе чалавек, прывязаны да слова: журналістыка, паэзія, проза, дзіцячая літаратура, драматургія... Пятрусь Броўка — з тых аўтараў, чыя творчая біяграфія складаецца з пералічэнняў: доўгія спісы псеўданімаў, выдадзеных кніг, перакладзеных аўтараў, моў, на якія пераствораны яго вершы, і, канечне ж, пералік дзяржаўных узнагарод і прэмій.

Сёння хтосьці з пэўным скепсісам ставіцца да эмацыянальна-дакументальных вершаў Петруся Броўкі, яго адданасці сацыялагічнаму рэалізму ў  літаратуры. Але адмаўляць у здольнасцях і  літаратурным таленце немагчыма, маючы прыклады лірыкі, у якіх згаданая эмацыянальная дакументальнасць прымае абсалютна іншую форму, фіксуе пачуццё і сітуацыю комплексна, адным вобразам. Людміла Рублеўская ў публікацыі, прысвечанай юбілею выдання зборніка «Пахне чабор», прыводзіла цікавую здагадку пра тое, што менавіта гэтая зёлка магла быць выбранай для тэксту. Навуковая назва чабару паходзіць ад слова, якое з грэчаскай перакладаецца як «ахвярапрынашэнне». Тэорыя пра каханне, прынесенае ў ахвяру нерашучасці, падаецца надзвычай прыгожай. Можа быць, менавіта ў лірыцы знаходзіла адлюстраванне аўтарскае жаданне простага і светлага, жаданне літаратурнай тэрапіі і адказаў на пытанні.

Калі чалавек ужо ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры, не так ужо і важна: увайшоў ён у яе з адным вершам ці з цэлым стосам шматтомных збораў твораў. Ён, незалежна ні ад чаго, ужо ўваходзіць у цэлы комплекс уяўленняў пра беларускую літаратуру. Яго гісторыя дадаецца да агульнай вялікай гісторыі і ўключаецца ў сістэму, каштоўную менавіта сваёй шматграннасцю.

 Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».