Вы тут

Калі нельга зманіць


Прэм’еру радыёспектакля «Найдорф» паводле аднайменнай аповесці Івана Пташнікава прадставіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Праект, прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі і чарговай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, створаны ў межах «Тэатра Беларускага радыё». Падчас адмысловага круглага стала стваральнікі і акцёры радыёспектакля распавялі пра вынікі творчай працы і падзяліліся бачаннем аповесці, за якую ў 1978 годзе Іван Пташнікаў атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа.


Падчас круглага стала на Беларускім радыё

Твор майстра мастацкага слова выбраны для пастановачнага жанру невыпадкова. У фондах Беларускага радыё багатая мастацкая аўдыяспадчына, дзе творы пра вайну займаюць асаблівае месца. Ваенны аўдыялетапіс ствараўся бесперапынна. Найбольш знакавымі можна лічыць радыёспектаклі па творах пісьменнікаў-франтавікоў — Васіля Быкава, Івана Мележа, Івана Шамякіна… Іван Пташнікаў належыць да творцаў пакалення дзяцей вайны, якія здолелі сказаць сваю праўду пра трагедыю мінулага стагоддзя. Яго ваенную прозу можна пазнаць па асаблівым стылі, дзе сканцэнтравана сталая філасофія народнага болю і гневу, а таксама вялікай любові да сваёй зямлі, якая дае чалавеку сілу ў самых жорсткіх выпрабаваннях. Але творы пісьменніка на радыё амаль не ставіліся, магчыма, таму, што яго проза не зусім драматургічная.

Дзеянне ў спектаклі адбываецца напярэдадні вызвалення Беларусі. Аповесць напісана па рэальных фактах, звязаных з жыццём самога аўтара, які на той час быў яшчэ падлеткам. Прынамсі, ён часта падкрэсліваў, што яго творы напісаны на дакументальнай аснове. Разважаючы пра «Найдорф», Іван Пташнікаў пісаў: «Мне хацелася на былых рэальных фактах, сваіх вясковых, стварыць вобраз мужнага чалавека Вялікай Айчыннай, аратага і партызана, які араў, сеяў, быў верны сваёй зямлі і тут жа злёг у зямлю, баронячы яе ад фашызму… Гэта быў час, калі гарэлі ў лютым агні беларускія вёскі… У гэты час згарэла Дальва з людзьмі, згарэла мая хата ў маёй вёсцы…» Стваральнікі захавалі скарыстаны аўтарам мастацкі прыём супрацьпастаўлення падзей ваеннага і мірнага жыцця. Галоўныя героі ў думках пастаянна вяртаюцца ў даваенны час да сваёй сям’і, блізкіх, і гэтыя два планы яшчэ больш падкрэсліваюць трагедыю вайны, яе антычалавечыя законы.

У творчую групу, якая працавала над радыёспектаклем амаль два месяцы, увайшлі аўтар інсцэніроўкі для радыё пісьменнік Уладзімір Сцяпан, рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў. У спектаклі гучыць музыка кампазітара Дзмітрыя Далгалёва ў выкананні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Сасноўскага. Рэдактар і кіраўнік праекта — загадчыца аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галіна Шаблінская.

— Радыётвор — самы эфектыўны сродак уздзеяння на душу чалавека, — лічыць рэжысёр Алег Вінярскі. — Толькі праз слова, якое гучыць у мікрафоне, можна дасягнуць адчування праўды жыцця. Выбар быў зроблены і дзякуючы таму, што гэты твор Пташнікава кампазіцыйна збудаваны вельмі цікава, у ім няма выразнага сюжэтнага складніка. Акцэнт зроблены на лёсах двух персанажаў і іх сямей. Я рады, што сёння адкрываецца аўтарскі сусвет Пташнікава, які дагэтуль мала хто ўсвядоміў для сябе як чытач.

Ролі ў радыёспектаклі «Найдорф» выканалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шароў, Ігар Дзянісаў, Алена Сідарава, Леанід Улашчанка, народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова, артысты Нікіта Кратовіч, Арына Рабычына, Таццяна Баўкалава і Вераніка Буслаева. Гэта акцёры адразу пяці сцэн — Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, а  таксама Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Для некаторых артыстаў радыёспектакль «Найдорф» стаў дэбютам на радыё. У іх ліку — вопытны акцёр Ігар Дзянісаў.

— Я адчуў асалоду ад вымаўлення аўтарскага тэксту, — распавядае выканаўца ролі Яхрэма Жаваранка. — Некалі прымаў удзел у здымках фільма па гэтай аповесці, праўда, сыграў там іншага героя, ды і стужка атрымалася далёкая ад арыгінала. Радыёспектакль каштоўны ўжо тым, што мы зрабілі яго на беларускай мове.

Для некаторых артыстаў аповесць важная не толькі з-за разумення становішча беларускага народа ў далёкія 1940-я гады. Зінаіда Зубкова, якая сыграла маці аднаго з галоўных герояў Алёшы Белановіча, распавядае:

— Я сама дзіця вайны. Калі яна пачалася, мне было два з паловай гады. Але я многае памятаю. Калі прачытала тое, што павінна сыграць, усё здрыганулася ўнутры. Зноў паўстала пытанне: а як жа мая маці была са мной і з братам, якому не было нават года? У 1942 годзе загінуў мой бацька. Абараняючы Кранштат, ён лёг на амбразуру. Таму гэты матэрыял літаральна растрывожыў маю душу.

Што тычыцца працы над радыёспектаклем, то Зінаідзе Зубковай хацелася перанесці цікавую мелодыку маўлення, якая ўласціва таму мястэчку, дзе жыў аўтар. Сыграць жанчыну, маці не нова, трэба прыўнесці нешта вартае, што здолеў зрабіць і пісьменнік, лічыць артыстка. Сапраўды, радыётэатр, нягледзячы на ўяўную прастату, — кірунак складаны, бо нельга схавацца ні за прыгожымі дэкарацыямі, ні за дзівосным грымам, ні за неверагоднымі касцюмамі. Мікрафон не дае зманіць.

Між тым за апошнія гады на Беларускім радыё было запісана некалькі спектакляў ваеннай тэматыкі: паводле твораў «Пастка» і «Воўчая зграя» Васіля Быкава, «Млечны шлях» Кузьмы Чорнага, «І няма шляху чужога…» Уладзіміра Саламахі. Створаны і радыёфільм «Пісьмы, вернутыя з небыцця» пра лёс старэйшага сына Кандрата Крапівы, які загінуў пад Сталінградам. І традыцыя працягваецца.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?