Вы тут

Балотнае адраджэнне


Наша краіна – адзін з лідараў па аднаўленні балотаў. За апошні час забалочванне асушаных тарфянікаў і аднаўленне парушанага гідралагічнага рэжыму балотаў было праведзена на больш за 60000 га. Для чаго патрэбна гэта работа, і якія асушаныя тэрыторыі хутка таксама атрымаюць другое жыццё?

Фота ПРААН.

Захаваць прыродныя скарбніцы

У лясным фондзе Беларусі назапашаны 3,5 млрд тон вугляроду, з якіх тры чвэрці прадстаўлены арганічным вугляродам глебы, у тым ліку больш за 60 % – вугляродам торфу. У балотах жа ўтрымліваюцца каля 500 млн тон вугляроду, а тыя з іх, што захаваліся ў натуральным стане, штогод выводзяць з атмасферы каля 900 тыс. тон дыяксіду вугляроду і вылучаюць у атмасферу 630 тыс. тон кіслароду.

– Балоты Беларусі маюць вялікае значэнне для захавання біяразнастайнасці і зніжэння выкідаў вуглякіслага газу на рэгіянальным і глабальным узроўнях, – адзначыла Таццяна Кананчук, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды. – У межах Парыжскага пагаднення аб клімаце Беларусь узяла на сябе добраахвотныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў не менш за 35 % да 2030 года. І балоты адыгрываюць у дасягненні гэтага паказчыка велізарную ролю.

Аднаўленне тарфянікаў дазволіць скараціць выкіды вуглякіслага газу ў выніку мінералізацыі торфу, аднавіць страчаную біяразнастайнасць водна-балотных экасістэм і папярэдзіць тарфяныя пажары.

Паводле яе слоў, акрамя захавання натуральных экасістэм не менш важна і аднаўляць тыя з іх, што былі парушаны. У нашай краіне пэўны час вядзецца работа па аднаўленні асушаных тарфянікаў і забалочванні тэрыторый, і яна будзе працягвацца. На сёння, дзякуючы праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі, такія мерапрыемствы праведзены больш чым на 60 тыс. га.

– Вельмі важна, каб на ўсіх узроўнях – і нацыянальным, і мясцовым – разумелі значнасць такой дзейнасці і штогод у гэтай рабоце прыбаўлялі, – падкрэсліла Таццяна Кананчук.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй Кузьміч, сёння на дзяржаўным узроўні рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў па падтрымцы беларускіх балотаў. Так, у снежні 2019 года быў прыняты закон “Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў”. Падрыхтаваны праект пастановы Савета Міністраў “Аб парадку падрыхтоўкі планаў кіравання балотамі”. Такія планы будуць распрацоўвацца для балотаў, якія будуць уключаны ў спецыяльны спіс, вызначаны Мінпрыроды на падставе прапаноў НАН Беларусі. У тарфянікаў з’явіцца і свой рэестр – туды будзе паступова ўключацца інфармацыя пра ўсе тарфянікі нашай краіны: іх межы, плошча, тыпы балотаў, рэжымы аховы, запасы прыродных рэсурсаў, напрамкі выкарыстання. Плануецца таксама праводзіць комплексны маніторынг тарфянікаў.

Беларускія балоты – дом для больш чым 40 % відаў птушак, 35 % відаў насякомых, больш чым 15 % відаў дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу. Для такіх глабальна пагражаемых відаў, як вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, дубальт, балоты з’яўляюцца крытычна важнымі для глабальнага выжывання.

Пад увагай – балоты па ўсёй краіне

Сёння гэтыя тэрыторыі шмат церпяць ад чалавечай дзейнасці, у тым ліку і ад пажараў. Найбольш эфектыўнай мерай іх папярэджвання спецыялісты лічаць паўторнае забалочванне асушаных тарфянікаў і аднаўленне парушанага гідралагічнага рэжыму балотаў.

Як расказаў Андрэй Кузьміч, зараз Мінпрыроды забяспечваецца падрыхтоўка другой фазы праекту Урада Рэспублікі Карэя і Сакратарыята Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем “Аднаўленне асушаных тарфянікаў Беларусі”. У першай фазе гэтага праекту ў 2018 годзе былі паўторна забалочаны асушаныя тарфянікі агульнай плошчай за 1000 га ў Чэрыкаўскім і Касцюковіцкім раёнах Магілёўскай вобласці. Другая ж фаза будзе накіравана на паўторнае забалочванне тарфянікаў плошчай не менш за 2000 га ў Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці.

На падобныя мэты накіраваны і пяцігадовы праект “Ветландс”, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды. Сёлета ПРААН дапаможа Беларусі ў рэабілітацыі двух тарфянікаў агульнай плошчай больш за 9000 га і аднаўленні іх кліматычнай функцыі.
Натуральны стан беларускіх балотаў дазваляе атрымліваць шэраг экасістэмных выгад:

– захоўваць больш за 7 млрд м3 прэснай вады;

– забяспечыць устойлівае воднае сілкаванне рэк і азёраў;

– захаваць у балотах каля 500 млн тон вугляроду;

– забяспечыць штогадовае вывядзенне з атмасферы каля 900 тыс. тон дыяксіду вугляроду;

– забяспечыць аднаўленне біялагічных рэсурсаў, такіх як журавіны, у аб’ёме больш за 10 тыс. тон у год;

– развіваць экалагічны турызм, арыентаваны на рэкрэакцыйны патэнцыял балотаў.

У рамках праекту ПРААН-ГЭФ “Ветландс” завершаны работы па паўторным забалочванні неэфектыўна асушанага тарфяніка “Бярозавік” (Смаргонскі і Вілейскі раёны) агульнай плошчай 4567,8 га і працягваюцца мерапрыемствы па аднаўленні парушанага гідралагічнага рэжыму на балоце Жада (Шаркаўшчынскі і Мёрскі раёны) агульнай плошчай 4744,3 га. Акрамя таго, на выпрацаваным тарфяніку “Дакудаўскае” ў Лідскім раёне будзе апрабаваная ўнікальная тэхналогія паскоранага аднаўлення нізіннага балота з пасадкай балотных раслін.

Таксама плануецца распрацаваць навуковыя абгрунтаванні для паўторнага забалочвання яшчэ васьмі парушаных тарфянікаў у Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, у тым ліку тых, што знаходзяцца на тэрыторыях, якія падвергліся забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Фота аўтара.

Як забалочваюцца асушаныя тарфянікі?

Каб асушыць тарфянік, патрабавалася пабудаваць сетку каналаў, якія дрэнажуюць (выдаляюць) ваду. Каб забалоціць тарфянік, неабходна ўзняць узровень вады прыблізна да паверхні глебы. Для гэтага на каналах, што былі раней пабудаваны, па асаблівай сістэме ствараюцца каскадныя перамычкі. Яны дазваляюць захоўваць ваду на ўсім сваім працягу і на прылеглай да іх тэрыторыі. А калі павышаецца ўзровень вады, пачынае фарміравацца расліннасць, характэрная для натуральных балотаў. Каб паскорыць гэты працэс, на тарфяніку “Дакудаўскае” будуць падсяваць насенне тыповых раслін, напрыклад, асаковых, сабранае з іншых балотаў.

У 2019 годзе праект завяршыў работы па рэабілітацыі тарфянікаў “Вострава” (Смаргонскі раён) і “Вярэцкае” (Гарадоцкі раён), а таксама правёў комплексную інвентарызацыю гідра-лесамеліярацыйных сістэм на землях ляснога фонду Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей з ацэнкай іх экалагічнай і эканамічнай эфектыўнасці. Усяго праінвентарызаваны 555 такіх аб’ектаў на плошчы больш за 256 тыс. га і распрацаваны прапановы, што з імі рабіць далей – рэканструяваць для наступнага выкарыстоўвання ў лясной гаспадарцы ці паўторна забалочваць.

Чакаецца, што рэалізацыя праекту “Ветландс” дапаможа скараціць выкіды ў атмасферу амаль 3,2 млн тон CO2-экв/20 гадоў. Гэта будзе дасягнута дзякуючы аднаўленню каля 12500 га дэградаваных і неэфектыўна асушаных лясных тарфянікаў, зніжэнню дэградацыі лясоў і замяшчэнню выкапнёвых відаў паліва аднаўляльнымі відамі энергіі з балотнай расліннай біямасы.

Праекты па аднаўленні тарфянікаў адпавядаюць Мэтам устойлівага развіцця №6 “Чыстая вада і санітарыя” і № 13 “Барацьба са зменай клімату”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.