Вы тут

Ступенi поспеху, або Як на Мядзельшчыне рыхтуюць чэмпiёнаў


Тут так прызвычаiлiся да поспехаў юных весляроў i лыжнiкаў са спецыялiзаванай дзiцяча-юнацкай школы алiмпiйскага рэзерву раёна, што перамогi на абласных i нават рэспублiканскiх спаборнiцтвах успрымаюць без асаблiвых эмоцый. Неаднойчы былi поспехi i на мiжнародным узроўнi.


Найбольш яркiм дасягненнем стаў бронзавы медаль вясляркi Алёны Лапцiк на чэмпiянаце Еўропы ў Румынii. Як расказалi ва ўстанове, за апошнiя гады ўдзельнiкамi чэмпiянатаў Еўропы былi весляры Аляксей Махнiст i Аляксей Талочка, у фiнальнай частцы чэмпiянату Еўропы па валейболе ў складзе нацыянальнай зборнай гуляў Пётр Мiнянкоў. Удзельнiчаў у чэмпiянаце свету па лыжных гонках Аляксандр Малько. Няблага для не самага вялiкага раёна, праўда? Хоць ва ўстанове лiчаць, што можна працаваць i яшчэ лепш. Так бы мовiць, ёсць куды расцi.

З верасня мiнулага года да традыцыйных для Мядзела аддзяленняў лыжных гонак ды веславання на байдарках i каноэ дадалося аддзяленне лёгкай атлетыкi. «Бо, па-першае, — тлумачыць дырэктар установы Андрэй Малько, — у раёне ёсць стадыёны з сучасным пакрыццём (мядзельскi гарадскi i сярэдняй школы ў курортным пасёлку Нарач), па-другое, якраз па гэтай спецыяльнасцi закончыў унiверсiтэт наш выхаванец, i мы зрабiлi на яго запыт. Па-трэцяе, лёгкая атлетыка дае магчымасць праявiць сябе вялiкай колькасцi дзяцей: хтосьцi — спрынтар, нехта — кiдальнiк молата або дыска... Амаль кожнае дзiця ў гэтым вiдзе спорту можа знайсцi сваю нiшу. Да таго ж па лёгкай атлетыцы праводзiцца шмат спаборнiцтваў, яна не патрабуе вялiкiх выдаткаў i даступная ў любую пару года». У 2019/2020 навучальным годзе аддзяленне функцыянавала на базе агульнаадукацыйных школ раёна — у курортным пасёлку Нарач, аграгарадках Будслаў, Занарач i Сырмеж. I ўжо ёсць перамогi на першынствах Мiнскай вобласцi ў эстафеце, бегу на дыстанцыi 800 метраў i спартыўнай хадзе.

Андрэй Малько i сам выпускнiк гэтай школы. Вярнуўся сюды трэнерам, а ў 27 гадоў стаў дырэктарам.

Цяпер для выхаванцаў створаны ўсе ўмовы: у Мядзелі ёсць фiзкультурна-аздараўленчы цэнтр, арганiзавана наведванне басейна, кожны забяспечаны iнвентаром. Што, канешне, вельмi добра. Але, сцвярджае Андрэй Малько, не гэта ў першую чаргу вызначае поспех. Выхаванцы спецыялiзаванай дзiцяча-юнацкай школы заўсёды, на працягу дзесяцiгоддзяў, паказвалi добрыя вынiкi — нават тады, калi з iнвентаром было значна горш. Бо ўсё ж галоўная ўмова спартыўных дасягненняў — жаданне трэнера i яго выхаванца перамагаць ды працаваць дзеля гэтай перамогi.

Дарэчы, пра трэнераў. Касцяк калектыву — колiшнiя выпускнiкi гэтай жа школы. Усе амаль аднаго ўзросту — прыкладна 50 гадоў. Гэта людзi, якiя прыйшлi сюды пасля заканчэння ВНУ i засталiся. А вось моладзь пасля абавязковай адпрацоўкi часта сыходзiць у нарачанскiя здраўнiцы, дзе вышэйшыя заробкi i не трэба дасягаць высокiх вынiкаў.

На думку Андрэя Малько, са спортам звязаны вялiкiя перспектывы для Мядзельшчыны. Менавiта гэтая галiна дае магчымасць заявiць пра раён на сусветным узроўнi. Бо для спартыўных дасягненняў не патрэбны нi карысныя выкапнi, нi ўрадлiвыя землi, нi вялiкiя фiнансавыя ўкладаннi. А ўсе ўмовы створаны, i людзi, якiя могуць i жадаюць працаваць, у азёрным краi ёсць.

Наталля ЛIСIЦКАЯ

Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.