Вы тут

Сучасны комплекс «Лiдар» для адпачынку, алiмпiйскiх перамог i канцэртаў адкрыўся ў Навагрудку


Лыжаролерная 1,5-кiламетровая траса ў гарадскiм парку, спартыўна-бiятлонны комплекс «Сялец» са стрэльбiшчам i сiстэмай штучнага аснежвання, два стадыёны, лёгкаатлетычны манеж. Дзве дзiцяча-юнацкiя спартыўныя школы i Гродзенская мiжраённая СДЮШАР прафсаюзаў, вучнi якiх нiколi не вяртаюцца са спаборнiцтваў без медалёў. Спаборнiцтвы па 16 вiдах спорту, рэспублiканскiя турнiры... Сёлета гэтыя спартыўныя здабыткi Навагрудчыны папоўнiлiся новым фiзкультурна-аздараўленчым комплексам «Лiдар».


Спартсменам, журналiстам, музыкантам...

Спартыўная зала з трыбунамi на 751 месца, 25-метровы басейн, залы для заняткаў барацьбой, лёгкай атлетыкай, фiтнесам, «трэнажорка», кавярня i нават спецыяльнае памяшканне для работы журналiстаў унутры комплексу. Пляцоўкi для пляжнага футбола, валейбола, комплекс для варкаўта i пост Асвода — звонку. «Лiдар» цалкам абсталяваны не толькi пад жаданнi аматараў здаровага i актыўнага адпачынку, але i пад патрэбы тых наведвальнiкаў, якiм неабходны спецыяльныя ўмовы: лiфт, пандусы, спецыяльны пад'ёмнiк, якi можна перасоўваць па ўсёй плошчы басейна...

— У Навагрудскiм раёне даўно марылi пра такое збудаванне, таму месца пад комплекс выбiралi загадзя i невыпадкова. Гэта буйны маладзёжны мiкрараён, якi працягвае пашырацца. А яшчэ дзесяць гадоў таму былi балоты ды пустэча. Як толькi сталi з'яўляцца жылыя дамы, навакольную тэрыторыю таксама пачалi добраўпарадкоўваць, — згадвае Сяргей ЧАРТКО, начальнiк упраўлення спорту i турызму Навагрудскага райвыканкама. — За гэты час надалi высакароднасцi нашаму азярцу, што побач з комплексам, зрабiлi спартыўныя пляцоўкi, стварылi пост Асвода для бяспечнага плавання. У вынiку з'явiлася добрае месца адпачынку i засталася вольная прастора акурат для спартцэнтра.

Навагрудчына падарыла краiне не аднаго ўдзельнiка Алiмпiйскiх гульняў па бiятлоне, грэка-рымскай барацьбе, лёгкай атлетыцы. Гэта, у прыватнасцi, Аляксандр Грабовiк, адзiн з найлепшых барцоў грэка-рымскага стылю, Людмiла Ананька, вядомая бiятланiстка, удзельнiца двух алiмпiяд, чэмпiёнка свету i Еўропы, i многiя iншыя. Добрыя вынiкi паказваюць i падлеткi на першынствах свету сярод юнiёраў. А ўсё таму, што шанцуе з трэнерамi — усе яны адданыя сваёй справе, працуюць на перспектыву.

На Гродзеншчыне гэта трэцi спартыўны комплекс падобнага кшталту. Два аб'екты ўжо збудаваны ў Астраўцы i Лiдзе, адзiн мяркуецца ў Слонiме. Праўда, навагрудчане перабудавалi ўнутраную частку будынка, зыходзячы са сваiх патрэб.

Для маленькіх наведвальнікаў комплексу мясцовыя ратавальнікі арганізавалі прывабны куточак, дзе расказваюць пра правілы бяспекі

— Кожны метр памяшканняў зрабiлi карысным, каб не прастойвалi без справы, — удакладняе Сяргей Чартко. — Закупiлi, напрыклад, спецыяльнае пакрыццё, якое можна выкарыстоўваць у спартзале, каб не пашкодзiць падлогу, — i ў будучым можна ладзiць тут нейкiя мерапрыемствы, тыя ж дыскатэкi, канцэрты. А ў холе другога паверха з часам з'явiцца мiнi-бiблiятэка, бо ў мiкрараёне пакуль няма такой установы.

Аквааэробiка i ўрокi для школьнiкаў

Адным з найбольш чаканых месцiчамi аб'ектаў «Лiдара» стаў басейн, дзе з'явiлася магчымасць займацца аквааэробiкай. Дагэтуль на ўвесь горад быў толькi басейн завода газавай апаратуры, якi знаходзiцца на ўскрайку Навагрудка. Цяпер жа ўсе найноўшыя спортпрылады можна знайсцi значна блiжэй да цэнтра.

Басейн знутры выкладзены не кафляй, а спецыяльным пакрыццём блакiтнага колеру, якое i ваду робiць прыгажэйшай, i для плыўцоў больш бяспечнае, бо мякчэйшае. Вада ачышчаецца вадкiм хлорам i ўльтрафiялетам.

Не меншую цiкавасць выклiкае i фiтнес. Яшчэ да адкрыцця комплексу 200 ахвотных ужо запiсалiся на заняткi. Мноства бацькоў маюць намер вадзiць сюды дзетак, каб навучыць iх плаваць. А ўсе школьныя гадзiны, якiя адведзены на заняткi па плаваннi, будуць праходзiць тут.

— У комплексе функцыянуюць аддзяленнi футбола, валейбола, лёгкай атлетыкi, а праз год плануем адкрыць яшчэ i аддзяленне плавання для школьнiкаў. Гэта дазволiць адбiраць найлепшых для прафесiйнага навучання. Чэмпiёнам стане не кожны, аднак здароўе набудуць усе, — абяцае Сяргей ЮШКЕВIЧ, дырэктар комплексу i Навагрудскай ДЮСШ № 2, для якой «Лiдар» стаў шматфункцыянальнай базай.

Прыпыняць удасканаленне спартыўнага жыцця тут i не думаюць. На вулiцы каля «Лiдара» плануецца зрабiць яшчэ футбольнае поле, тэнiсны корт i поле для лёгкаатлетаў, каб кiдаць молат, кап'ё, дыск.

Ужо распрацаваны i праект праектна-каштарыснай дакументацыi на лыжаролерную трасу другой чаргi спартыўна-бiятлоннага комплексу «Сялец». Калi работы выканаюць, разам з iснуючым кругам, працягласць трасы тут стане 3,3 кiламетра. Хочуць узвесцi на комплексе i асобны будынак спартыўнага прызначэння, каб дзецям было зручней трэнiравацца.

Iрына СIДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: «Лiдар» спартыўнага жыцця

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.