Вы тут

Няма лепшага за Брэст? Тэлеграм-канал кiраўнiка горада ў кантэксце самакiравання


Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК стварыў свой тэлеграм-канал i ўпершыню выйшаў да падпiсчыкаў 15 лiпеня. I калi пачаткам стасункаў стала iнфармацыя пра перанесены на наступны год Дзень горада, падумалася, што вось будзе яшчэ адзiн афiцыйны орган гарвыканкама — накшталт газеты, толькi ў сацыяльных сетках. Але першае маё ўражанне аказалася памылковым.

Ужо на наступны дзень мэр падзялiўся зводкай аб колькасцi шпiталiзаваных i выпiсаных з бальнiц з каранавiрусам. Першых было 37, а другiх — 84. Варта сказаць, што да гэтага падобную iнфармацыю наогул нiхто не агучваў, гараджане карысталiся чуткамi ды паспяхова множылi iх. Дарэчы, сам старшыня таксама не пазбегнуў каварнай iнфекцыi i перанёс двухбаковую пнеўманiю. Сваiм падпiсчыкам з гэтай нагоды паведамiў, што ў яго лексiконе цяпер ёсць новае слова «сатурацыя», бо трэба сачыць за ўзроўнем насычэння крывi кiслародам. А скрыншот зводкi па гарадской захваральнасцi ён пракаментаваў словамi аб тым, што маленькая перамога не павiнна прытупляць нашай пiльнасцi, варта сябе берагчы.


Цiкавым для гараджан стала вiдэа з вулiцы Карла Маркса, дзе мяняюць каналiзацыйныя сеткi. З гэтай прычыны скарочаны маршрут тралейбусаў, яны не даходзяць да аўтавакзала i чыгуначнага вакзала. Кiраўнiк горада папрасiў праявiць разуменне i паставiцца нiбы да рамонту ў доме — пацярпець. Бо сеткi на гэтым участку самыя старыя ў горадзе, узведзеныя ў 1937 годзе. «Вось так труба выглядае ў свае 83 гады» — напiсаў мэр i паведамiў, што рамонт скончыцца ў апошнiх датах жнiўня.

Да лiку эксклюзiўных навiн граданачальнiк аднёс з'яўленне ў мiкрараёне Кавалёва падземных смеццевых кантэйнераў, якiя будуць устаноўлены да зiмы, а таксама ўбудаваны ў жылы дом дзiцячы садок, што з'явiцца налета ў мiкрараёне Паўднёвы Усход-4. «Ведаю, наконт такога падыходу ёсць розныя меркаваннi. Калi ж гэты фармат акажацца паспяховым, пабудуем яшчэ адзiн на Вульцы», — рэзюмаваў аўтар уласную iнфармацыю пра садок на 260 месцаў.

«А вы ведалi, што ў горадзе зарэгiстраваныя 52 абшчыны 17 канфесiй, i ўсе яны мiрна суiснуюць?» — напiсаў Аляксандр Рагачук пасля сустрэчы з прадстаўнiкамi канфесiй. Я, напрыклад, не ведала. I сапраўды, iнфармацыя здалася даволi цiкавай.

Мэр дзелiцца з падпiсчыкамi паведамленнямi пра будоўлi, прадпрыемствы, установы, якiя наведвае, нярэдка пiша пра свае ўражаннi, выказвае ацэнкi, не пазбягае эмоцый. Пры гэтым у розныя пасты не забывае ўставiць свой любiмы слоган: «Лучше Бреста нету места». Такiм чынам, тэлеграм-канал кiраўнiка горада атрымаўся жывы, ён утрымлiвае шмат карыснай iнфармацыi, таму i расце колькасць падпiсчыкаў. Бо паведамленнi з першых вуснаў нярэдка падштурхоўваюць да абмеркавання навiн i падзей гараджанамi, выказвання сваёй пазiцыi па закранутых тэмах на розных пляцоўках, што служыць стымулам для далейшага развiцця горада.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Прэв’ю: techrocks.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кніга, якую варта адкрыць кожнаму. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла ў свет унікальнае выданне аб уз’яднанні Беларусі

Кніга, якую варта адкрыць кожнаму. У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла ў свет унікальнае выданне аб уз’яднанні Беларусі

Аўтарам кнігі стаў вядомы гісторык і калекцыянер, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў.

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.