Вы тут

Вока каровы, гузік цара, жыраф Гумілёва


Вока каровы, гузік цара, жыраф Гумілёва

Магла б і сама парасон адрамантаваць.

Тонкім дроцікам замацаваць спіцу альбо проста суворай ніткай у некалькі разоў. Ды падумала раптам пра Сашу, як бы файна ён зрабіў. Ён усё так робіць, хоць і музыкант, хоць багема. Я толькі сапсую, усё роўна спатрэбіцца хутка перарабляць, і яшчэ, і яшчэ. А Саша зробіць раз і назаўсёды. І панесла.

Саша рамантуе не дроцікам, не ніткамі. Знайшлася ў руплівага гаспадара дэталька, рыхтык як зламаная. Я не гляджу, што ён робіць, каб не сурочыць, а распавядаю пра фільм «Чырвоны гаалян» 1987 года кітайскага рэжысёра Чжана Імоў. Гэта першы ягоны фільм, зняты ва ўзросце трыццаці сямі гадоў. Вельмі хутка Чжан Імоў зрабіўся адным з самых знакамітых рэжысёраў свету. І яшчэ больш праславіўся, ажыццявіўшы пастаноўку Алімпіяды-2008 у Пекіне: менавіта адкрыццё і закрыццё. Гэта адзіная, не лічачы, канешне, Алімпіяды-80, алімпіяда, якую я глядзела. Нават і не ўспомню чаму, напэўна, з-за Імоу.

— Ці ведаеш ты, што такое гаалян? — пытаюся Сашу.

— Нешта падобнае на хунвэйбін? — запытваецца Саша ў адказ.

— Я таксама думала на юнага ахоўніка «культурнай рэвалюцыі», гучыць агрэсіўна, нібы назойлівы званочак, але так, аказалася, завецца кармавая расліна, з якой робяць яшчэ і віно, уяві. Дакладней, рабілі, бо менавіта падчас «культурнай рэвалюцыі» гэтыя самыя хунвэйбіны знішчылі палі гааляна кармавога. Цяпер у Кітаі толькі дзікі расце.

Саша здзіўлены. Я распавядаю Сашу цікавыя моманты з фільма. Мы абодва любім кіно. Ён уважліва слухае, калупаючыся ў парасоне. Я б ніколі не патурбавала Сашу такой дробяззю, каб ў горадзе меўся парасонавы майстар. Ён такую спіцу за два рублі памяняў бы і не бяды, але майстар з’ехаў на заробкі. Парасоны — справа нявыгадная, паступова згалеў той майстар, вось і звярнулася да прыяцеля.

Расказваю сцэну. Галоўны герой прыходзіць у закусачную ці сталоўку (ці як да Другой сусветнай называліся харчовыя ўстановы для простых людзей у Кітаі). Вельмі простая ўстанова для самых простых наведвальнікаў, бо на ўсё памяшканне — адно даўжэзны стол. Голы па пояс чалавек у акрываўленым фартуху сячэ тушу каровы прама на стале. Герой займае другі канец стала, гэта адзінае месца, дзе можна сесці. Яму наліваюць у глыбокую міску віна.

— Да віна чаго дасьцё? — пытаецца герой.

— Галаву каровіну, — адказвае гаспадар.

— Мяса хачу.

— Ёсць толькі галава.

І гаспадар падымае магутную драўляную крышку над падлогай. Там кацёл, валіць пар, і адтуль з’яўляецца каровіна галава. Проста за рогі ўзятая, яна плюхаецца на стол перад героем. Той абдзірае зубамі мяса, трымаючы таксама за рогі. Буду ведаць, калі прыйдзецца дзе галаву каровы есці, як зручней трымацца за яе.

І тут чарга Сашы здзіўляць:

— Гэта было да Першай сусветнай вайны, бабуля Соня расказвала, яны тады жылі ў вёсцы Каты, яна была маленькая. Гэта колькі ёй было? Яна з 1911 года.

— Тры. Вайна ў 1914-м пачалася.

— Ага, дык казала: то немцы да нас заходзяць, то рускія. Фронт туды-сюды, туды-сюды. Немцы адразу разводзілі сцірку, чыстую бялізну вывешвалі. Белыя-белыя прасціны па дварах. А потым — зноў бой, яны сыходзяць, і прыходзяць рускія, нямытыя, галодныя. У іх на абед варыцца аграмадны кацёл. Яны ўсё з’ядаюць, а нам кідаюць нешта. Глядзім: вока каровіна. І мы ім ў лапту гулялі. Зваранае вока цвёрдае, як мячык. Памерам — тэнісны. Добра ляціць.

— Вось дык гісторыя! Адна карова другую перайграла. Я думала цябе пазабавіць, а ты мяне пазабавіў так, што не ведаю, як аддзячыць! Куды яе схаваць, каб ніколі не забыцца?

І прыдумала, калі вярталася ад Сашы з цэлым парасонам. Нават не «з», а «пад». Своечасова пачаўся дождж. Я даўно збіралася напісаць пра вока таты. Левае вока таты было шкляным. Яны з братам падарваліся ў вайну. Назбіралі патронаў, кінулі ў распаленую печ, брату адарвала правую руку па локаць, тата застаўся без вока. Калі я прыкладна такая была, як тата, калі ён падарваўся, мы ездзілі ў Рыгу мяняць вока на новае, бо праз пэўны тэрмін яно страчвала ці то форму, ці колер, ці санітарныя нейкія якасці, ці ўсё адразу. А ў Рыгу — таму што там у вайну сталі жыць яны сям’ёй на вуліцы Васарас. Дзядуля быў ваенны, яго ўвесь час пераводзілі з месца на месца. Карацей, тата быў прыпісаны да Рыжскай афтальмалогіі. На вітрыне ў клініцы міргацелі прывабліва разнастайныя вочы. Моцна захацелася мне насіць вока замест медальёна. Ды вочы не прадаваліся, іх мянялі — старое на новае. Я нікому не сказала пра фантазію аб медальёне з вока. Хіба пра такое можна.

Фантазія перайначылася, калі ў піцерскім, адпаведна, музеі-кватэры Пушкіна сярод мноства экспанатаў паказалі кіёк паэта. Насамрэч, у Пушкіна была цэлая прорва кійкоў, больш за дзвесце штук назбіраная, але толькі адзіны пацэліў у сэрца. Надпіс тлумачальны вельмі стрыманы быў, для такой рэчы залішне аскетычны: «Кій А. С. Пушкіна з гузікам». А гузік ад сурдута Пятра I. У булдавешку ўстаўлены гузік з вензелем цара, бо ён быў хросным Ібрагіма Ганібала — прадзеда Аляксандра Пушкіна. Ганібал захаваў гузік. Тут ужо вока з упрыгожвання шыі перанеслася на апору для рукі, у булдавешку неіснуючага кіёчка. Левае вока таты заўсёды было б пад левай рукой, калі б я жыла ў часы Пушкіна і была б мужчынам. Лепшага месца, чым збоку сэрца, пад левай далонню, для талісмана адшукаць нельга. Ты яго саграваеш, а ён цябе.

Пушкін ніколі не быў за мяжой. Не можа быць, каб яму не хацелася ў Абісінію. На радзіму, калі раздумацца. З яго жывым тэмпераментам, з цікаўнасцю да ўсяго экзатычнага. Я не пушкініст, таму запыталася цёцю Марыю, якая ўсё жыццё захапляецца Пушкіным, маміну сярэднюю сястру, чаму Пушкін не быў за мяжой. Цёця сказала з гатоўнасцю, што імператар адмаўляў падпісваць дакументы на выезд яму, а ў часы Пушкіна шляхетныя людзі толькі з дазволу вышэйшай асобы маглі пакінуць краіну.

— Не разумею, чаму адмаўляў? — само сабой аформілася пытанне.

— Бо раўнаваў да Наташы.

Тут я і села, а ўжо была ў дзвярах, амаль сыходзіла з кіслай капустай. Таму цёця бадзёра і адказвала, бо бачыла што сыходжу, і няхай бы хутчэй ішла. Я сканцэнтравалася ўсё ж, выйшла на паветра. Іду, у галаве званы. Сам імператар Мікалай I сімпатызаваў Наталлі Ганчаровай. Дык, можа, і дуэль не была выпадковай? З іншага боку, чым назло стрымліваць паэтаву цягу да вандраванняў, няхай адпусціў бы Пушкіна ва ўсё замежжа, каб мець свабодны доступ у кватэру, якая цяпер музей, дзе кій з гузікам. Ай, не мае гэта справы. Пра нешта ж я хацела больш патрэбнае і важнае пра Афрыку. А пра што?

Пра Гумілёва. Вось паэт Мікалай Гумілёў быў у Абісініі, цяперашняй Эфіопіі, ажно двойчы. Між тым ніякай радні там не меў, у адрозненне ад Пушкіна. Няма ў свеце справядлівасці. Я па сёння шкадую, што, пяць гадоў правёўшы на самым поўдні Партугаліі, адкуль рукой падаць да Марока праз Гібралтарскі праліў, так і не дабралася да Афрыкі. Адлегласць ад Фару, горада дзе я жыла, да Танжэра — дзвесце трыццаць чатыры кіламетры. Да Касабланкі — трыста сорак пяць. Лёгка запамінальныя лікі, а пераадолець гэтыя кіламетры не ўдалося. Менавіта ў Танжэры палову жыцця пражыў і там памёр адзін з любімых пісьменнікаў — Пол Боўлз, аўтар рамана «Пад покрывам нябёсаў». Не пералічу, колькі разоў чытала, яшчэ цяжэй падлічыць, колькі глядзела экранізацыю, знятую Бернарда Берталучы. Касабланка ўсім вядомая па аднайменным з назвай горада фільме 1942 года рэжысёра Майкла Кёрціса, які нічога роўнага «Касабланцы» так і не зняў за доўгую кінакар’еру. Затое атрымаў Оскара за гэтую культавую стужку, і няма сэрца, якое не адгукнецца на фінальную рэпліку адтуль, калі герой Хамфры Богарта з капітанам сыходзяць у туман, пераадолеўшы з мужнымі тварамі ўсе магчымыя і немагчымыя перашкоды, і Рык (Богарт) кажа пад занавес: «Мне падаецца, гэта пачатак сапраўднай дружбы».

Туман мацнее, фільм заканчваецца, сапраўдная дружба толькі пачынаецца.

Сапраўдная паэзія ў мяне пачалася з Гумілёва. Цікавасць да паэзіі. Канец 1980-х, забароненыя ў савецкія часы выданні як з неба завалілі гурбамі паліцы кнігарняў. Сімвалічна, што Гумілёў быў першым сярод нечытаных, даўно чутых імёнаў. Чырвоны зборнік тбіліскага выдавецтва «Мерані». Тры дні ў ліхаманцы вясновых канікулаў на першым курсе сельскагаспадарчай акадэміі не адрывалася ад яго старонак. Чырвоны Гумілёў ап’яняў, як чырвоны гаалян, дакладней віно з гааляна. Я не смакавала, але, калі верыць Імоў, яно было нашмат мацней звычайнага вінаграднага. Назва знішчанай без падставы расліны гучыць рэхам прозвішча знішчанага ні за што паэта. Званочкам на шыі «вытанчанага» жырафа з праграмнага цяпер гумілёўскага верша, а тады ён для мне быў вялікім адкрыццём, падарункам лёсу. Нават складоў аднолькавая колькасць: Гу-мі-лёў. Га-а-лян. Можа, каму цяжка ўявіць жырафа са званочкам, але ў існаванне музыканта, які рамантуе парасон, я б не паверыла таксама, калі б не пабачыла на ўласныя вочы.

Таня СКАРЫНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.