Вы тут

Прэзідэнт: Усе войны зараз пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў сёння з працоўнай паездкай Пухавіцкі раён. Першай кропкай ў плане Прэзідэнта стала 5-ая асобная брыгада спецыяльнага прызначэння. Кіраўнік краіны азнаёміўся з амуніцыяй вайскоўцаў, узбраеннем, паглядзіць экспазіцыю музея гісторыі і баявой славы, унёс запіс у кнігу ганаровых гасцей і правёў сустрэчу з актывам.

Ваеннаслужачыя 5-ай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння вызначыліся, выконваючы інтэрнацыянальны доўг у Афганістане на працягу трох гадоў і загад урада па стабілізацыі абстаноўкі ў Арменіі ў 1990 годзе. Брыгада прызначаная для выканання разведвальных, спецыяльных задач у тыле праціўніка і на сваёй тэрыторыі.


«Галоўнае, каб зручна было. Я памятую тую форму, асабліва летам — гэта пакуты грэшныя»

Пачалося знаёмства Прэзідэнта з часцю ў Мар’інай Горцы з адзінага стэнда, дзе камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброенных сіл Вадзім Дзенісенка дакладваў нейкую схаваную ад журналісцкіх вушэй і вачэй інфармацыю. Далей працягнулі экскурсію знаёмствам з экспазіцыяй вайсковага адзення — летняга, зімовага, міжсезоннага. Вадзім Дзенісенка ахарактарызаваў форму эпітэтамі «тканіна, якая дыхае», «зручная ў нашэнні», «практычная». Прэзідэнт вырашыў праверыць словы камандуючага, запытаўшы ў вайскоўцаў, ці падабаюцца ім новыя ўзоры. 

«Галоўнае, каб зручна было. Я памятую тую форму, асабліва летам — гэта пакуты грэшныя», — пракаментаваў Прэзідэнт.

Камандуючы Дзенісенка паказаў апрануты байцамі камплект, які распрацаваны менавіта для сіл спецыяльных аперацый. «Мы перайшлі на гэту форму. Абсалютна новы камплект, воданепранікальны», — сказаў ён.

У брыгадзе Аляксандр Лукашэнка агледзеў стралковае ўзбраенне, якое выкарыстоўваюць атрады спецыяльнага прызначэння.

Завітаў Прэзідэнт у армейскі клуб, дзе размешчаны музей гісторыі і баявой славы 334-га асобнага атраду спецыяльнага прызначэння і 5-ай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Яго супрацоўніца Людміла Галубенка ведае шмат трагічных, лёсавызначальных гісторый з удзелу спецназаўцаў у ваенных аперацыях у Афганістане.

Пасля кароткай экскурсіі Прэзідэнт пакінуў запіс у кніге ганаровых гасцей музея.

«Брыгада ўяўляе сабой «асаблівы склад нашых Узброеных сіл»

Прэзідэнт расказаў, што ў гэтай часці бывае часта і невыпадкова, бо брыгада, на яго думку, уяўляе сабой «асаблівы склад нашых Узброеных сіл».

Ён традыцыйна папрасіў дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова нагадаць удзельнікам сустрэчы аб палажэннях абноўленай Ваеннай дактрыны, якая ўлічвае асаблівасці сучасных войнаў і канфліктаў. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яна распрацавана, зыходзячы з асаблівасцяў вядзення сучасных войнаў. 

«Я гаварыў, што мы некалькі разоў мадэрнізавалі нашы Узброеныя сілы. Канечне, глыбіня мадэрнізацыі была розная. І апошняя дактрына ў 2018 годзе была прынята. Яна вызначае, як і якія войны мы будзем весці, калі раптам нам прыйдзецца абараняць нашу Айчыну», — заявіў кіраўнік краіны, сустракаючыся з актывам часці.

Дзяржаўны сакратар Саўбеза Беларусі Андрэй Раўкоў падрабязна расказаў пра асаблівасці Ваеннай дактрыны. Пры гэтым ён адзначыў, што сёння рызыкі выклікаў і пагроз для развязвання буйнамаштабнай вайны з удзелам нашай краіны мінімальныя. Для таго, каб закласці ў дакумент, аналітыкі даследавалі прычыны, перадумовы канфліктаў і лакальных войнаў.

«І таму мы кажам з поўнай адказнасцю, што проста так вайна не пачнецца, яна пачынаецца загадзя, у першую чаргу з унутраных узброеных ваенных канфліктаў, каляровых рэвалюцый, магчыма, інспіраваных з-за межаў, як гэта і было ў тых канфліктах, якія мы вывучалі. Таму мы павінны быць да гэтага заўсёды гатовы»,— сказаў Андрэй Раўкоў.

Па сваёй падрыхтоўцы для выканання задач ва ўсіх спектрах узброенай барацьбы 50-ая асобная брыгада спецыяльнага прызначэння самая аснашчаная і падрыхтаваныя.
Прэзідэнт, звяртаючыся да ваенных, дадаў, што дабра дасведчаны пра ўнутраную сітуацыю ў брыгадзе.

«Ваша брыгада асаблівая, не толькі па сваім прафесійным прызначэнні, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нас два такія падраздзяленні: ваша брыгада і механізаваная брыгада ва Уруччы».

Па словах Прэзідэнта, калі ён служыў у арміі, гэтыя падраздзяленні былі асаблівымі. І калі яму прыйшлося ў якасці ўжо кіраўніка дзяржавы выбіраць брыгады двайнога прызначэння, ён спыніўся на гэтых падраздзяленнях.

Часці, якія выбраў Прэзідэнт, добра падрыхтаваныя, у тым ліку каб не дапусціць напружанасці і ўнутры краіны. 

«Дзяржсакратар правільна сказаў, што ўсе войны зараз пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас мала «майданутых»), іх падцягнуць з боку. Гэта будуць прафесійныя ваенныя, бандыты, якія працавалі і працуюць, спецыяльна рыхтуюцца ў асноўных у рамках ПВК (прыватных ваенных кампаній. — «Зв.») па ўсім свеце і зарабляюць грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што так было ў цэлым шэрагу краін, уключаючы Лівію, Ірак, Сірыю. «Стала толькі горш. Гэта кіраваны хаос», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Сёння Прэзідэнт таксама наведаў новы плавальны басейн у Мар’інай Горцы і пагутарыў з жыхарамі горада

Агульная плошча аб’екта — 4551,87 кв. метра. Кошт будаўніцтва аб’екта склаў 10,8 мільёна рублёў. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва — 14,5 месяца, аднаразовая прапускная здольнасць — 110 чалавек у дзень. 

У складзе аб’екта стандартны плавальны басейн на 5 дарожак (25×11 метраў, разбежка глыбінь — 1,2–1,8 метра), міні-басейн для навучання дзяцей плаванню, лазневы комплекс з саунай і хамамам, зала барацьбы на 1 мат, трэнажорная зала на 20 чалавек, распранальні, душавыя з санвузламі, адміністрацыйныя памяшканні, дапаможныя памяшканні, газавая кацельня. 
Фізкультурна-спартовае збудаванне перададзена ў аператыўнае кіраванне Пухавіцкай СДЮШАР, што дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць спартыўны аб’ект (будзе адкрыта аддзяленне па плаванні). 

Навучэнцы будуць плаваць у басейне і наведваць саўну бясплатна у рамках аднаўляльных мерапрыемстваў, могуць займацца ў басейне і усе ахвотныя. Мар’інагорцам прапануюць таксама заняткі па аквааэробіцы, стэп-аэробіцы, індывідуальныя заняткі з трэнерам на трэнажорах.

«І будзем пытацца ў насельніцтва, якія, у які час патрэбныя заняткі. Мабыць, нехта перад працай пажадае плаваць», — распавяла «Звяздзе» дырэктар спартыўнай школы Алена Чаратаева.

Будынак створаны з нуля — гэта першы і пакуль адзіны басейн у Пухавіцкім раёне.
У комплексе «АкваМарын» ёсць зала барацьбы, трэнажорная зала, якая пры падтрымцы НАКа ўкамплектавана на найвышэйшым узроўні.

Усяго ў школе пяць аддзяленняў: баскетбол, вольная і грэка-рымская барацьба, футбол, лёгкая атлетыка. Як адзначыла дырэктар, дагэтуль працавалі на базе школ, а тут усё ў адным месцы. Асабліва гэта важна ўзімку.

«Пухавіцкая спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву» атэставана на права ажыццяўлення дзейнасці па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву і спартсменаў высокага класа.

У Пухавіцкай СДЮШАР навучаецца 467 юнакоў і дзяўчат. У 2019–2020 гадах падрыхтаваны адзін майстар спорту Рэспублікі Беларусь, пяць кандыдатаў у майстры спорту, 1 разрад атрымалі 13 чалавек. Перададзена ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі 13 чалавек. 
У склад нацыянальных і зборных каманд Беларусі ўключана 11 выхаванцаў Пухавіцкай СДЮШАР. 

Для заняткаў фізічнай культурай і спортам у Пухавіцкім раёне маецца 148 фізкультурна-спартыўных збудаванняў рознай ведамаснай прыналежнасці, з іх 64 збудаванні — у сельскай мясцовасці, функцыянуюць чатыры арганізацыі фізічнай культуры і спорту.

Па ініцыятыве Федэрацыі веласіпеднага спорту Мінскай вобласці ў Пухавіцкім раёне рэалізуецца бестэрміновы патрыятычны праект «Подзвігам няма забыцця». Штогод для дзяцей і падлеткаў праводзіцца каля 20 веласіпедных фестываляў, прысвечаных памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і герояў Вялікай Айчыннай вайны. У праграме фестываляў, акрамя спаборніцтваў, дзеці знаёмяцца з гісторыяй герояў-землякоў, сустракаюцца з членамі іх сем’яў. 

Загрузка фізкультурна-спартыўных збудавання летась склала 89 працэнтаў (у 2018 годзе — 72 працэнты), першае паўгоддзе 2020 года — 74 працэнты. 

У 2019 годзе на развіццё фізічнай культуры і спорту ў раёне было накіравана 883,7 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў, у першым паўгоддзі 2020 года выдаткі на галіну склалі 473,3 тысячы рублёў.

«Тут рыхтуюцца будучыя чэмпіёны»

Ля новага аб’екта Прэзідэнта чакалі жыхары Мар’інай Горкі, каб асабіста павітаць — а па магчымасці, і дакрануцца да першай асобы. Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з дзеткамі, пацікавіўся, калі ў школу пойдуць. І паабяцаў: яшчэ пагутараць, спярша трэба адкрыць новы комплекс.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын далажыў кіраўніку краіны, што сёлета ў вобласці уведзены ў строй тры дзіцячыя садкі, будзе уведзена яшчэ дзевяць. Ён таксама закрануў перспектывы ўзвядзення аб’ектаў сістэмы аховы здароўя і школ, у тым ліку вясковай, у Мядзельскім раёне.

Спартыўны аб’ект, аналагічны таму, што адкрыўся ў Мар’інай Горцы, па распараджэнні Прэзідэнта ў 2021 годзе будзе здадзены ў Міханавічах, яшчэ тры (у Старых Дарогах, Дзяржынску і Уздзе) — самае позняе ў 2022-м.

Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з зоркамі беларускага спорту, наведаў басейны, трэнажорную залу і залу для барацьбы.

Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, якія чакалі кіраўніка дзяржавы каля будынка басейна, Прэзідэнт расказаў, што яго візіт у Мар’іну Горку планаваўся паўгода таму. «Вырашылі пабудаваць басейн, каб тут займаліся не толькі спартсмены (вядома, вы павінны на-гара выдаваць у Мінск, каб там рэкардсмены раслі), але і вы самі. Я хачу, каб вы былі здаровыя», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дарэчы, новы аб’ект ў Мар’інай Горцы стаў пятнаццатым басейнам, пабудаваным у нашай краіне за апошнія два гады.

«Для таго, каб тут не проста куляцца, а былі сапраўдныя спартсмены, ёсць усё… І гэта задача кожнай школы», — заключыў Прэзідэнт.

На вуліцы Аляксандра Лукашэнку чакалі жыхары, якім кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ягоны візіт у Мар’іну Горку быў запланаваны за паўгода.

Сёння Мар’іна Горка адзначае 65-годдзе ў статусе горада. З гэтым юбілеем жыхароў павіншаваў Прэзідэнт.

«Я не пажартаваў, калі я вам сказаў, што ў вас ўсё ёсць і вы на курорце жывяце, — гэта адзін з найпрыгажэйшых куткоў нашай Беларусі. І зусім яшчэ малады, зялёны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы і паабацяў падставіць плячо, каля нешта для горада трэба зрабіць.

Гаспадары падрыхтавалі Аляксандру Лукашэнку падарунак у адказ — вялікі кошык знакамітага мар’інагорскага марожанага. «У нас не прападзе!», — адрэагаваў Прэзідэнт і папрасіў малых дапамагчы з пачастункам.

Па дарозе адбылася незапланаваная размова лідара краіны з гараджанамі, якія стыхійна сабраліся. І канечне, ён не змог прайсці міма.

Людзі звярталіся з самымі рознымі праблемнымі пытаннямі, у тым ліку прасілі дапамогі ў урэгуляванні спрэчных момантаў з арэндным жыллём, выдзяленні зямлі пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, цікавіліся пытаннямі стварэння новых працоўных месцаў, развіцця мясцовых прадпрыемстваў і развіцця дарожнай сеткі, агучвалі асабістыя просьбы

Аляксандр Лукашэнка даў даручэнні глыбей разабрацца ў праблемах і пастарацца знайсці рашэнні.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Прэв’ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.