Вы тут

Убачыць мозг знутры... Гармоны цемры, медыятары стомленасці і малекулы матывацыі


Нервовыя клеткі, насамрэч, аднаўляюцца, а мозг мужчын і жанчын, як і «ляўшэй» з «праўшамі», амаль не адрозніваецца. Гэтыя і іншыя міфы развянчалі на анлайн-сняданку, арганізаваным карпарацыяй «Расатам», у Сусветны дзень мозга. Удзельнікі таксама даведаліся, як «пракачаць» мозг, што такое атамныя кулі, як музыка Beatles паспрыяла развіццю ядзерных тэхналогій і куды рухаецца прамянёвая і радыенуклідная тэрапія.


Кава — не энергетык, а антытормаз

Сёлета спаўняецца 75 гадоў ядзернай галіне. У прыватнасці, ядзерная медыцына ўжо стала неад'емнай часткай лячэння анкалагічных, эндакрынных і кардыязахворванняў, бо дазваляе візуалізаваць праблему і дакладна яе дыягнаставаць. А цяжкія формы злаякасных пухлін, у тым ліку рак мозга, палова з якіх выяўляецца на позніх стадыях, лячыць кансерватыўнымі метадамі, як правіла, позна. Аднак дзейсным выратавальным сродкам можа стаць радыеімунная тэрапія, таму развіццё ядзерных тэхналогій важнае для чалавецтва.

Пра гэта падчас сустрэчы расказвала Ганна ХАРУЖАЯ, урач прамянёвай дыягностыкі, навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага клінічнага цэнтра дыягностыкі і тэлемедыцынскіх тэхналогій дэпартамента аховы здароўя Масквы (Расія). Разам з Ягорам ДАНЧАНКАМ, мадэратарам мерапрыемства, шоўменам, вядучым інтэлектуальнай гульні «Мазгабойня» (Беларусь) і Арамам ЧАХАЯНАМ, дыджэем, журналістам радыёкампаніі Sputnіk (Арменія) яна таксама разважала і тлумачыла, на што здольны наш мозг, калі яму лепш спаць, чаму ён стамляецца і чаму яго карысна паіць кавай.

Напой для бадзёрасці аматары кавы п'юць нездарма. Аказваецца, людзі, якія штодня ўжываюць адзін-два кубачкі кавы, — больш абароненыя ад нейрадэгенератыўных захворванняў, накшталт Альцгеймера ці Паркінсона. Акрамя таго, кава стымулюе выраб дафаміну, вядомага як гармон задавальнення. Такая малекула матывацыі дапамагае чалавеку актыўнічаць, растлумачыла Ганна Харужая:

— Аднак на нейроны — клеткі мозга, — з пункту гледжання нейрафізіялогіі ён аказвае не актывізуючы эфект, як прынята лічыць, а антытармазны. У нервовай сістэме чалавека ёсць два асноўныя тыпы нейрамедыятараў, якія адсылаюць паведамленні ад адной нервовай клеткі да іншай. Аднак каб такі электрычны імпульс перадаўся, ён павінен выпрацавацца ў нейкім хімічным рэчыве. І такіх у арганізме два тыпы: актывіруючыя вадкасці і тармазныя. Цягам жыцця ў нашым целе выпрацоўваюцца малекулы адэназіну, што якраз і з'яўляецца «тармазной вадкасцю». Гэтае рэчыва мае спецыфічныя рэцэптары, і ўздзеянне на іх вымушае клетку «замаўчаць», што выклікае санлівасць. Таму адэназін яшчэ называюць нейрамедыятарам стомленасці. Дык вось: кафеін з кавы далучаецца да рэцэптара адэназіну і «выганяе» яго, перашкаджаючы тармазіць клеткі. У выніку чалавек можа ўзбадзёрыцца і сканцэнтравацца.

Ад вентрыкулаграфіі да КТ

Убачыць, як узбадзёрыўся мозг пасля кавы, канешне, нельга, аднак некаторыя рэчы, якія адбываюцца ў галаве, з дапамогай сучасных ядзерных тэхналогій візуалізаваць можна. Напрыклад, прадэманстраваць фізіялогію мозга — тое, як ён працуе ў пэўны момант.

— Зрабіць гэта можна з дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ), якая лічыцца залатым стандартам для візуалізацыі мозга. Мы ўзбуджаем тканкі арганізма, пасля фіксуем іх адказ на гэта. Калі дзеянне радыечастотных імпульсаў заканчваецца, гэты адказ фіксуецца, пераўтвараецца з дапамогай камп'ютара і рэканструюецца ў выяву. Аднак гэта датычыцца рэакцыі мозга, калі чалавек нешта чуе, бачыць, размаўляе, рухаецца. Убачыць і зафіксаваць эмоцыі, накшталт закаханасці ці прыязнасці, пакуль складана. Праўда, у лютым гэтага года ўдалося зафіксаваць, якія зоны мозга актывізуюцца падчас эмпатыі (суперажывання). У вопыце ўдзельнічалі жанчыны, якія глядзелі фільм пра донарства органаў, і іх прасілі па чарзе паспрабаваць адчуць пачуцці дзвюх сясцёр-гераінь, адна з якіх перадавала орган другой.

Аднак да таго як у медыкаў з'явілася МРТ, вывучаць, на што пакутуе мозг, было цяжка, і да стварэння рэнтгена ўрачы з дапамогай розных інструментаў маглі толькі меркаваць, што за хвароба ў чалавека, а зазірнуць унутр, каб упэўніцца, не было шанцаў.

— Рэнтген вынайшлі толькі ў 1895 годзе, і медыцына адразу зрабіла вялізны крок у развіцці. Аднак і гэты метад не дазваляў зазірнуць менавіта ў мозг, бо перашкаджалі косці чэрапа, якія актыўна захоплівалі іанізуючыя выпраменьванні. Толькі ў 1918 годзе прыдумалі спосаб палепшыць візуалізацыю на рэнтгене. У мозгу ёсць поласці (жалудачкі), дзе знаходзіцца цэрэбраспінальная вадкасць. Дык вось яе адпампоўвалі і замянялі вадкасцю, якая лепш была відаць на рэнтгене. Такую працэдуру назвалі вентрыкулаграфія. А яшчэ праз год сталі рабіць пнеўмаэнцэфалаграфію — замест вадкасці жалудачкі прапанавалі запаўняць паветрам. Гэта былі вельмі складаныя і звязаныя з вялікімі ўскладненнямі працэдуры, якія разам з сасудзістай ангіяграфіяй існавалі да 70-х гадоў мінулага стагоддзя, пакуль не з'явілася камп'ютарная тамаграфія (КТ).

Гэты метад прапанавалі Годфры Хаўнсфілд і Алан Кормак. Аднак стварыць складаную машыну было б немагчыма без грошай. І ў гэтым дапамаглі сродкі ад продажу твораў групы Beatles, з якой заключыла кантракт кампанія, дзе працаваў Хаўнсфілд. Фірма ў той час займалася не толькі медыцынай, але і музыкай.

Першы КТ-здымак кісты ў мозгу датуецца 1 кастрычніка 1971 года. Пазітронна-эмісійная тамаграма — яшчэ адзін спосаб візуалізацыі мозга, пры якім у кроў чалавека ўводзіцца радыефармпрэпарат, і ўпершыню ПЭТ зрабілі 16 жніўня 1976 года. А 3 ліпеня 1977-га з'явілася першая магнітна-рэзанансная тамаграма грудзіны.

Гігіена сну і трэніроўка для памяці

Памятаеце анекдот пра тое, як урачы вырашылі даследаваць мозг бландзінкі? Ускрылі чэрап, а там пуста, і толькі адна вяровачка нацягнута. Перарэзалі яе, і ў бландзінкі вушы адваліліся. Смешна ці не, аднак у жыцці больш адрозненняў можна заўважыць паміж мазгамі двух выпадковых індывідуумаў, чым па палавых прыкметах паміж мужчынскім і жаночым мозгам. Таксама не існуе розніцы паміж мозгам «ляўшэй» і «праўшэй».

— Праўда, некаторыя адрозненні ўгадваюцца ў фізіялогіі мужчын і жанчын, будове нейронных сетак, а таксама мікрабудове на ўзроўні клетак і малекул, — удакладніла Ганна Харужая. — Ёсць такія клеткі — мікрагліі, своеасаблівая імунная сістэма мозга. У мужчын мікраглія больш актыўная, раней рэагуе на небяспеку і хутчэй гіне, калі ліквідуе гэтую праблему. Жаночая ж мікраглія больш марудная, але і менш гіне, абараняючы жаночы мозг.

Яшчэ адзін усім вядомы пастулат, што нервовыя клеткі не аднаўляюцца, таксама непраўдзівы.

— Даследаванні паказалі, што ў мозгу ёсць тры вобласці, дзе нараджаюцца і развіваюцца новыя нейроны. Гэтыя вобласці знаходзяцца ў розных частках мозга, аднак найбольш важная — зубчатая звіліна гіпакампа, якая знаходзіцца ў скроневых долях. Гіпакамп — парная структура, вельмі важная для фарміравання ўспамінаў. Калі яна пашкоджана, то чалавек не можа сфарміраваць новыя ўспаміны, іншымі словамі, не можа нічога запомніць у прынцыпе. Нейрагенез працягваецца нават у старых людзей за 90 гадоў, і нават хворых на Альцгеймера, аднак вельмі зніжаецца з-за паталогій. Як прымусіць клеткі аднаўляцца хутчэй, каб перамагчы старэчыя хваробы, пакуль вывучаецца.

Каб наш мозг працаваў лепш, яму трэба высыпацца і вытрымліваць гігіену сну. Пры гэтым засынаць і прачынацца трэба ў адзін час, не есці перад сном, пазбягаць фізічных нагрузак, спаць сем-восем гадзін. А класціся лепш у той момант, калі вас мацней за ўсё хіліць у сон. Тады ў крыві максімальная колькасць гармону цемры — мелатаніну, які сінхранізуе фізіялагічны гадзіннік арганізма з біялагічным гадзіннікам мозга.

Дзякуючы нейрапластычнасці мозга — здольнасці мяняць і ствараць новыя нейронныя сувязі паміж нервовымі клеткамі — чалавек можа вучыцца і развівацца.

— Чым лепш вы авалодваеце нейкімі навыкамі, тым мацнейшыя сувязі ў нейроннай сетцы, якая адказвае за прапрацоўку гэтага навыку. Напрыклад, чым часцей катаешся на ровары, тым больш дакладныя будуць рухі. Каб палепшыць памяць, можна карыстацца мнемонікай. Напрыклад, трэба запомніць шмат рознай інфармацыі. Уявіце нейкае знаёмае месца для сябе, магчыма, вашу спальню, дзе ёсць рабочы стол. І кожную інфармацыю раскладзіце візуальна па яго шуфлядах. Потым, калі спатрэбяцца пэўныя звесткі, вы проста возьмеце іх там, дзе «паклалі». Каб метад працаваў, трэба трэніравацца, — параіла ўрач.

Кожнай пухліне — свой імунны ключ

У ядзернай медыцыне існуюць тры кірункі: радыенуклідная дыягностыка, прамянёвая тэрапія і радыенуклідная тэрапія. На радыенуклідах працуе бадай што 50 % усёй ядзернай медыцыны. Найбольш сучасны метад — пазітронна-эмісійная тамаграфія (ПЭТ) — метад даследавання ўнутраных органаў, калі ў арганізм уводзіцца радыефармпрэпарат.

— Цяпер у радыенукліднай тэрапіі развіваецца тэхналогія атамных куль. Гэта радыеімунная тэрапія, аб'яднаная з імунным лячэннем. Да ізатопа, які прызначаны для захопу пэўнай пухлінай, далучаецца лекавае рэчыва — спецыяльнае антыцела, якое будзе звязвацца з рэцэптарам на пухліне. Атрымліваецца гэткі двайны траянскі конь. Такая тэрапія выгадная пры лячэнні раку малочнай залозы, нейрабластомы, меланомы, — расказала эксперт. — Новая методыка — будучыня пухліннага лячэння, бо кожная пухліна ўнікальная па структуры і пад яе трэба падабраць свой ключ, чым імунная тэрапія і займаецца.

Эксперты прагназуюць, што расходы на ядзерную медыцыну ў найбліжэйшай будучыні ўзрастуць у два-тры разы, бо відаць патэнцыял радыенукліднай тэрапіі, а працэдуры, у сваю чаргу, будуць пакрысе таннець. З'явяцца новыя радыенукліды з больш дакладным уздзеяннем на пэўныя віды пухлін, будуць створаны радыеімунныя прэпараты для складаных пухлін, пашырыцца колькасць спецыялізаваных цэнтраў для лячэння. У прамянёвай дыягностыцы стане шырэй выкарыстоўвацца штучны інтэлект — алгарытмы камп'ютарнага зроку, якія стануць дапамагаць урачам пры дыягностыцы паталогій.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.