Вы тут

Магілёўскі этнаграфічны музей запрашае акунуцца ў дзяцінства


Ад гэтых праніклівых фотаздымкаў павявае такім цяплом і шчырасцю, што, нават дарослыя пачынаюць адчуваць сябе дзецьмі. Цікава, што нагадаў вунь таму сівавалосаму мужчыну хлопчык з залацістым рабаціннем на натхнёным тварыку? Можа, ён пазнаў у ім сябе — інакш чаму ўжо хвіліну не можа адвесці ад фатаграфіі позірку, стаіць і думае аб нечым сваім? На выставе 36 фотаімгненняў дзяцінства — яркіх, запамінальных, захапляльных.


— Мы невыпадкова прапанавалі магілёўскім фотамастакам пашукаць у сваіх архівах фотаздымкі, звязаныя з дзяцінствам, — кажа загадчыца музея этнаграфіі Святлана Рыбакова. — Вельмі добра, што Анатоль Талкачоў падтрымаў наш праект «Дзяцінства. Малалецтва. Юнацтва». Ён, дарэчы, марыць адкрыць пры фотаклубе дзіцячы фотагурток. Гэтая выстава добра ўпісваецца ў канікулярную пару. Тут шмат сімпатычных твараў з яскравымі вачамі, аблітых, як той казаў, сонцам. Мы заўважылі, што работы вядомых нашых фатографаў выклікаюць жывы інтарэс. У нас выстаўляліся Аляксандр Ліцін, Ірына Савосіна, Георгій Дондзік. На гэтых выставах вельмі шмат гістарычных момантаў, звязаных з Магілёвам. Наведвальнікам заўсёды прыемна ўбачыць вобразы роднага горада, які апошнім часам вельмі прыкметна змяніўся. А колькі радасці бывае, калі на здымках атрымаецца заўважыць яшчэ і знаёмы твар!

У Магілёве добра ведаюць сваіх фотамастакоў. Анатоль Талкачоў — аўтар шматлікіх выстаў і ўдзельнік творчых абменаў з часоў Савецкага Саюза. Яго работы неаднаразова адзначаліся дыпломамі і медалямі, а ў 1997 годзе ён атрымаў ганаровае званне «Артыст FІAP» Міжнароднай федэрацыі фотамастацтва. З 2012 года фотамайстар узначальвае ў Магілёве народны фотаклуб «Вясёлка», членам якога ён з'яўляецца з 1972 года.

Адметна, што сябры гэтага фотаклуба актыўна супрацоўнічаюць з музеямі. У выставачнай зале музея гісторыі Магілёва нават падоўжылі фотавыставу Ірыны Савосінай «Праекцыя», такі да яе быў інтарэс. Ну а «Дзяцінства. Малалецтва. Юнацтва» Анатоля Талкачова толькі адкрылася, але ўжо выклікала цікавасць. Аўтар прызнаўся, што работы падбіраў з вялікім задавальненнем, а самы першы здымак датуецца аж далёкім 1967 годам. Цяпер Анатоль у чарговай вандроўцы з фотаапаратам — сплаўляецца разам з падлеткамі праваслаўна-патрыятычнага клуба па Нёмане. А значыць, прывязе з паходу не менш цікавую фотасправаздачу.

Што да гэтай выставы, то яна будзе працаваць да сярэдзіны жніўня.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Прэв’ю: iz.ru

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.