Вы тут

У аб'яднанні «Белая Русь» працягваецца інтэнсіўная работа ў фармаце грамадскіх прыёмных


Асабісты прыём грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі, звароты ў пісьмовым выглядзе і па электроннай пошце... У Рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні «Белая Русь» працягваецца інтэнсіўная работа ў фармаце грамадскіх прыёмных. Праблемныя пытанні, прапановы і пажаданні жыхароў разглядаюцца на рэгіянальным узроўні і па меры неабходнасці перадаюцца ў цэнтральны штаб. У гэтым працэсе задзейнічаны
дэпутацкі корпус і актыў РГА «Белая Русь».


Упаўнаважаны РГА «Белая Русь», генеральны дырэктар СП ААТ «Спартак» Алег Жыдкоў прымае звароты.

Напярэдадні ў Гомелі асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правёў упаўнаважаны РГА «Белая Русь», генеральны дырэктар СП ААТ «Спартак» Алег ЖЫДКОЎ. Да яго звярнуліся жыхары Гомеля. Дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў упэўнены, што ў вырашэнні надзённых праблем насельніцтва роля такой формы работы са зваротамі грамадзян вельмі значная:

— У перыяд выбарчых кампаній актыўнасць насельніцтва традыцыйна ўзрастае. Гомельская вобласць — не выключэнне. Звычайна людзі прыходзяць з прапановамі і праблемамі, з якімі сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці.

І вось акрэслены пачатак работы грамадскай прыёмнай... Першы тэлефонны зварот, на сувязі гамяльчанка — Любоў Асадчая. Жанчына расказвае, што жыве адна, але пажылы ўзрост і сур'ёзныя праблемы са здароўем не дазваляюць не тое што самастойна абслугоўваць сябе ў побыце, але ўвогуле жыць самастойна.

Алег Мікалаевіч цікавіцца аказаннем ёй паслуг сацыяльнымі службамі: магчыма, патрэбна дадатковая прапрацоўка гэтага пытання. Важна таксама, ці ёсць дзеці або сваякі ў пенсіянеркі і чаму яны не клапоцяцца пра пажылога чалавека.

— Дачка жыве ў Тураве, там работа і жыллё, — дзеліцца састарэлая жанчына і просіць кругласутачнага дагляду.

Дэпутат запэўніў, што звяжацца з сацыяльнымі службамі па месцы пражывання гамяльчанкі, але падкрэсліў, што неабходна, каб родныя таксама не заставаліся ўбаку ад праблемы. Алег Жыдкоў прапанаваў: калі дачка гамяльчанкі згодзіцца пераехаць да маці, каб яе даглядаць як належыць, то дэпутат, у сваю чаргу, гатоў дапамагчы ёй уладкавацца на работу.

Між тым паралельна з тэлефоннымі зваротамі ў прыёмнай ужо чарга з тых, хто прыйшоў на асабісты прыём. Людзі запісаліся загадзя.

Гамяльчанін Дзмітрый Кунін завітаў да дэпутата з заканадаўчай ініцыятывай. Прадпрымальнік расказвае, што некалькі гадоў таму яго бізнес-праект «прагарэў». Прайшоўшы ўсе стадыі санацыі прыватнага прадпрыемства і банкруцтва, мужчына ўпэўнены: яго вопыт можа быць карысны для заканатворчасці ў гэтай сферы.

Пажылая сямейная пара — Аляксей і Марыя Шаўчэнкі з Гомеля — прыйшла на прыём, каб атрымаць тлумачэнне ў нюансах падаткаабкладання. Пенсіянеры паскардзіліся, што праз грашовыя пераводы ад дачкі з-за мяжы іх «пераследуюць» спецыялісты падатковай інспекцыі. Зварот гамяльчан адразу пераадрасуецца кіраўніцтву падатковай службы па месцы пражывання пажылой пары. Сям'я атрымае ўсе неабходныя тлумачэнні па сваім звароце.

Разабрацца па сутнасці скаргі папрасіў яшчэ адзін наведвальнік грамадскай прыёмнай — гамяльчанін Рыгор Бабкоў. Пенсіянер абураны вынікамі неаднаразовых праверак дзейнасці кіраўніцтва гаражнага кааператыва, членам якога ён таксама з'яўляецца.

На прамую лінію да ўпаўнаважанага паступіў і калектыўны зварот. Яго аўтары — жыхары шматпавярховак па вуліцы Мазурава. Маладыя сем'і з дзецьмі папрасілі пракансультаваць, як ініцыяваць узвядзенне новых дзіцячых пляцовак.

Дэпутат растлумачыў, што пры актыўнай пазіцыі жыхароў, якія маюць намер фінансава ўдзельнічаць у аднаўленні дзіцячых гульнявых зон, лягчэй знасці спонсараў сярод прадпрыемстваў горада.

Між тым Алег Жыдкоў адзначыў, што ў якасці ўпаўнаважанага «Белай Русі» ў фармаце грамадскіх прыёмных ужо правёў сустрэчы з грамадзянамі і прамыя тэлефонныя лініі ў Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Добрушскім, Гомельскім і Калінкавіцкім раёнах. У большасці звароты жыхароў райцэнтраў датычыліся прыватных бытавых праблем і пытанняў камунальнага кірунку. Аднак паступіў шэраг цікавых грамадскіх ініцыятыў і прапаноў. Адна з іх, напрыклад, — пажаданне ад работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, якія імкнуцца замацавацца ў раёнах, узводзіць як мага большую колькасць арэнднага жылля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Прапановы вітаюцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.