Вы тут

Прэзідэнт: Выбары выбарамі, а хлеб будзе патрэбны заўсёды


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў з рабочай паездкай Нясвіжскі раён

У плане працоўнай паездкі — азнаямленне з ходам уборачнай кампаніі ў рэспубліцы, вобласці і раёне на прыкладзе палеткаў азімай пшаніцы ў ААТ «Новае жыццё», а таксама наведванне Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання, дзе кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з працай сучаснага прадпрыемства па вытворчасці малочных прадуктаў.


«Трэба старацца, каб хоць бы выйсці на той узровень, які быў у мінулым годзе»

Пшанічнае ўрочышча ААТ «Новае жыццё» дае ўраджайнасць у сярэднім 97 цэнтнераў з гектара. Такі паказчык Аляксандра Лукашэнку задаволіў. Уборку ў раёне плануюць скончыць за два тыдні. Але размова — пра задачу-максімум, рэспубліканскі каравай.

«9,5 мільёна тон зерня — гэта мінімум, які мы павінны ўзяць. І мы можам яго ўзяць. Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што надвор’е будзе як раней: будуць дажджы і будуць пагодныя дні. І трэба будзе прыстасавацца. І гэта нармальна, бо, акрамя зерня, у нас жа ў полі і агароднінныя культуры, другі ўкос траў, будзе і трэці сёлета. Але для гэтага патрэбна вільгаць, таму трэба радавацца, што такое надвор’е», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што зараз аграрыі мусяць лавіць кожную гадзіну з добрым надвор’ем.

У краіне, якая месціцца ў зоне рызыковага земляробства, уборку трэба весці актыўна.

«Не шкадуйце людзям заплаціць, бо ўборка, сяўба — гэта асноўныя кампаніі, дзе людзі могуць зарабіць добрыя грошы», — даручыў Прэзідэнт.

Пацікавіўся беларускі лідар выніковасцю камбайнаў айчыннай вытворчасці — па словах аграрыяў, машыны добрыя. 

Як паведамілі Аляксандру Лукашэнку, сёлета ўборачная плошча каласавых зерневых у краіне складае 2195,6 тысячы гектараў. На сённяшнюю раніцу ўбрана 19 працэнтаў. Ураджайнасць дазваляе спадзявацца на атрыманне 8,1 тоны зерневых каласавых (+1,5 мільёна тон зерня). Рапс убраны на 89 працэнтах плошчаў.

У кампаніі задзейнічана 8,5 тысячы камбайнаў. Што да паліва, якога пакуль не хапае 60 тысяч тон, Аляксандр Лукашэнка быў катэгарычны: «Ніякіх просьбаў. Разлічвайце пакуль на сябе: добры ўраджай, рапс добры — прадавайце. Трэба пазычыць грошай, пазычым, але зарана сёння казаць аб тым, што мы з рэзерву ці адкуль зараз возьмем вам паліва. Там паглядзім».

Усе намаганні, упэўнены кіраўнік дзяржавы, сёння павінны быць засяроджаны менавіта на полі.

«Выбары выбарамі, а есці ўсе хочуць. Хто б ні быў прэзідэнтам і губернатарам, хлеб патрэбны будзе заўсёды. Крый божа паўтарыць 90-я гады, калі (як я ўжо расказваў) у Мінску было на тры дні мукі. Таму чаго б нам ні каштавала, гэты хлеб трэба ўзяць і аднавіць рэзервы», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Ураджай — гэта не толькі хлеб для людзей, але і фураж для скаціны — а значыць, мяса і малако.

«Бізнесмен той, хто пакажа сябе ў чыстым полі» 

На Нясвіжскім заводзе дзіцячага харчавання кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з працай сучаснага прадпрыемства па вытворчасці малочных прадуктаў.

На заводзе рэалізуецца інвестыцыйны праект «Будаўніцтва сучаснага экспартаарыентаванага малакаперапрацоўчага прадпрыемства ўстаноўленай магутнасцю 500 тон прымаемага малака ў суткі ў Нясвіжы».

Як расказаў Прэзідэнту старшыня савета дырэктараў Аляксандр Каранік, у Нясвіжы фактычна рэалізаваны новы тэхналагічны ўклад перапрацоўкі малака. 

«У цэлым аб’ём інвестыцый пры заяўленых першапачатковых 20 мільёнах еўра склаў 95 мільёнаў. Асноўныя інвестыцыі ўкладзены ў тэхналагічнае абсталяванне», — паведаміў Аляксандр Каранік.

Каля 96 працэнтаў прадукцыі экспартуецца — не толькі ў Расію, але ў Кітай і краіны Еўрасаюза. Усяго за першае паўгоддзе завод атрымаў дзевяць мільёнаў рублёў прыбылі. 

Па словах кіраўніка прадпрыемства, адсутнасць умяшальніцтва чалавека гарантуе бяспечнасць прадукта. Каб атрымліваць якасную сыравіну і забяспечыць рост аб’ёмаў, прадпрыемства пачынае дадаткова развіваць Валожынскі раён.

Аляксандр Лукашэнка асабіста азнаёміўся з дзейнасцю завода, наведаў цэхі і канвееры. 

«Вы калісьці казалі: калі ты бізнесмен, пакажы сябе ў чыстым полі. У прыватызацыі любы пакажа», — разважае Аляксандр Каранік. 

«Рызыка, так, дзесьці трэба. Але трэба разумець, што памылка дорага каштуе. Калі ў цябе ёсць труба, якая нафту качае, пакуль ты спіш і грошы атрымліваеш — тады можна рызыкнуць. Памыліўся? Ёсць грошы, каб гэтую дзірку залатаць», — растлумачыў свае падыходы Аляксандр Лукашэнка.

Скончылася экскурсія дэгустацыяй малочнай і кісламалочнай прадукцыі для ўсіх гасцей.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».