Вы тут

Чаго не хапае вішні


Вішні займаюць нямала месца ў нашых садах. Аднак вельмі часта замест багатага плоданашэння толькі цвітуць, а ягады амаль не даюць. Каб гэтага не адбывалася, трэба пастарацца ім дагадзіць.


1. Паліваць адзін-два разы на месяц

Для атрымання добрага ўраджаю вішню трэба паліваць прыкладна раз на два-тры тыдні ў спякоту і крыху радзей у менш гарачае надвор'е. Гэта важна, бо без вады яны драбнеюць, горш пладаносяць, а пры частых палівах можа падправаць і адміраць каранёвая шыйка.

Галоўныя палівы — перад цвіценнем, пасля яго і пасля збору ўраджаю.

2. Праверыць кіслотнасць глебы

Вішня не любіць кіслую глебу, таму яе давядзецца вапнаваць, рассыпаючы прыкладна па 300 г вапны або, што лепш, даламітавай мукі, на кожны квадратны метр праекцыі кроны. Ёсць звесткі аб станоўчым эфекце вапнавання нават для чарназёму. Там, дзе вішні хларозяць, карысна падкарміць глебу суперфасфатам і сернакіслым каліем, а самі дрэвы — жалезам.

3. Угнойваць і падкормліваць

Вішня любіць перагной, гной, кампост, таму іх можна рассыпаць па паверхні глебы і неглыбока яе перакапаць, каб не пашкодзіць карані.

Гной уносяць раз у два-тры гады, а мінеральныя ўгнаенні — кожны год, падкормліваючы расліны падчас цвіцення нітрафоскай (30-40 г на 1 кв. м). Прыкладна праз два тыдні пасля цвіцення, падчас наліву пладоў — монафасфатам калію, а пасля збору ўраджаю — дыамафоскай.

4. Падабраць сорт з улікам грунтавых вод

На глебах, дзе блізка да паверхні працякаюць грунтавыя воды, нельга саджаць вішне-чарэшневыя гібрыды, або так званыя дзюкі. Тут лепш аддаць перавагу слабарослым сартам кустападобнай вішні. У асабліва складаных умовах для саджанцаў робяць пагоркі вышынёй да 50 сантыметраў.

5. Падабраць апыляльнік

Вішня мае патрэбу ў пары-апыляльніку. Чым больш розных сартоў пасадзіць на ўчастку, тым вышэйшая імавернасць добрага плоданашэння. Калі няма месца ў садзе, тады на кожнае вішнёвае дрэва трэба прышчапіць некалькі іншых сартоў. Даволі нядрэнны апыляльнік для вішні — чарэшня.

А раней рабілі яшчэ прасцей: ехалі ў стары сад ды выкопвалі парастак вішні. Пасаджаныя ў садзе, яны выдатна апыляюць дрэвы. Праўда, такія дрэвы могуць гнаць шмат парасніку і на новым месцы, і гэта сур'ёзны недахоп прыёму.

6. Праводзіць санітарнае абразанне

Загушчаныя дрэвы дрэнна пладаносяць. Выправіць сітуацыю можна з дапамогай абрэзкі, выдаліўшы загушчаныя і накіраваныя ўнутр кроны галіны, знізіўшы вышыню цэнтральнага правадніка.

7. Памятайце пра асвятленне

Саджаць вішню трэба на сонечным месцы. У цені яна расце, але практычна не пладаносіць. Размяшчаць яе трэба там, дзе з раніцы да вечара свеціць сонца.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.