Вы тут

Як жывецца жывапісцу ў глыбінцы


На ўскраіне Узды можна знайсці не зусім стандартны для Беларусі жылы будынак — у доме, выкананым у шатровым стылі, жыве беларускі мастак Андрэй ЛЫЧКОЎСКІ. Туды разам з сям'ёй ён пераехаў у канцы 1990-х, калі такое архітэктурнае рашэнне было дзівам.


Праектаваннем свайго дома Андрэй Міхайлавіч не займаўся, а знайшоў схему ў венгерскім часопісе. Адразу вырашыў, што яго будучае жыллё будзе выглядаць менавіта так.

— Я мастак, а не архітэктар, але нейкія карэктывы ў праект усё ж такі ўнёс — напрыклад, ванны пакой я зрабіў на першым паверсе, а не на другім. У канцы 1990-х такі праект сапраўды быў дзівам, але і цяпер многія не перастаюць здзіўляцца — наш дом і шпакоўняй называлі, і жартавалі, што сам дом праваліўся і застаўся толькі дах. Пры гэтым многія скептычна ставяцца да такога рашэння: на іх старонні погляд, дом нефункцыянальны, у ім мала месца. Але гэта не так: яго агульная плошча — 160 квадратных метраў, тут пяць жылых пакояў, кухня і сталовая, знайшлося месца для майстэрні, гардэробнай і двух санвузлоў. Гэтага было дастаткова для сям'і з чатырох чалавек, а дачка вельмі радавалася таму, што можа ўпірацца нагамі ў столь у сваім пакоі. Цяпер жа мы жывём з жонкай удваіх, і дома заўсёды хапае месца не толькі дзецям, але і ўнукам. Зразумела, такі дом патрабуе шмат увагі: ты тут сам сабе гаспадар — і будаўнік, і дызайнер, і нават камунальная служба. Самае складанае, мабыць, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Шмат часу аддаеш на азеляненне — трэба кожны раз даглядаць газоны, кветкі, кусты і дрэвы. А за домам яшчэ ёсць сажалка, у якой жывуць рыбы ды растуць белыя гарлачыкі.

Нягледзячы на тое, што ўтрыманне такога дома аднімае шмат часу, гэта не перашкаджае Андрэю Міхайлавічу ўдзяляць увагу сваёй самай галоўнай справе — выяўленчаму мастацтву. Ужо 150 работ мастака размешчаны ў выставачных фондах і пастаянных экспазіцыях многіх музеяў і галерэй Беларусі, і кожны год ён ладзіць па некалькі персанальных і сумесных выставак з іншымі мастакамі.

— Ужо на працягу дзесяці гадоў мы з мінскімі мастакамі Фёдарам Ладуцькам і Яўгенам Шунейкам ездзім па Беларусі — выязджаем на пленэры, ладзім сумесныя выстаўкі ў музеях і галерэях, падчас якіх праводзім майстар-класы для гасцей. За гэты час мы пазнаёміліся з многімі іншымі беларускімі мастакамі — пастаянна супрацоўнічаем з Таццянай Зданевіч і Анатолем Маразюком з Бярозы, з Тамарай і Аляксандрам Стацэнкамі, Казімірам Кулешам і Васілём Грыневічам са Слоніма. Наогул у Беларусі шмат добрых мастакоў. Прыязджаеш у нейкі раён, і ўсюды ёсць знаёмыя — хтосьці з кімсьці вучыўся, дзесьці пазнаёміліся падчас выставак. Вядома, сёлета справу сапсаваў каранавірус, і давялося перанесці ўсе мерапрыемствы, але мы спадзяемся, што да восені сітуацыя выправіцца. З-за гэтага перанеслі і рэгіянальны конкурс мастацкіх школ на Берасцейшчыне, дзе мы з калегамі ўжо традыцыйна выступаем членамі журы. Летась з Фёдарам і Яўгенам мы ладзілі шмат сумесных выставак — у Бярозе, Слоніме, Мінску, Уздзе, Пінску, Ружанах і Косаўскім палацы.

Дарэчы, на такіх мерапрыемствах з'яўляюцца і ахвотныя набыць карціны мастакоў, просяць намаляваць на заказ. Аднак звычайна ад такіх прапаноў Андрэй Міхайлавіч адмаўляецца і не ставіць мэты зарабляць на мастацтве.

— Менавіта на заказ я карціны ніколі не маляваў — не бачу ў гэтым сэнсу. Прадаю іх толькі выпадкова — здараецца, што чалавек захоча нешта набыць на выстаўцы, — але не імкнуся да гэтага. Наогул я лічу, што пісаць на продаж за нейкую сімвалічную цану — не мастацтва. Куды важней пакінуць след пасля сябе — тыя ж работы для папаўнення выставачнага фонду галерэі ці музея, калі ў іх няма грошай іх набыць. І вельмі ж добра, калі мае ўнукі будуць праз гады бачыць мае карціны ў беларускіх музеях. Многія мастакі шмат малююць, але не любяць дарыць свае работы музеям ці галерэям. У выніку можа здарыцца і такое, што мастак пайшоў з жыцця, а яго карціны знаходзяць нават на сметніках, хоць мастак быў выдатны. Хтосьці ж, наадварот, ладзіць выстаўкі з аднымі і тымі ж работамі, якім ужо больш за дваццаць гадоў, а новага нічога няма. Датычыцца гэта і буйных выставак у Мінску — бясспрэчна, сярод мастакоў яны лічацца прэстыжнымі, але, на мой погляд, гэта крыху фальшыва ў нейкім сэнсе. Каму цікава прыходзіць і бачыць адны і тыя ж работы адных і тых жа мастакоў?

Тым не менш цікавыя заказы, ад якіх цяжка адмовіцца, таксама прапаноўваюць. Некалькі гадоў таму да мастака і яго калегі звярнуліся мінчане з просьбай распісаць сцяну ў іх кватэры.

— Адразу мы падрыхтавалі эскізы, каб людзі ўяўлялі, як усё будзе выглядаць. У выніку на сцяне з'явіўся італьянскі дворык, які мы намалявалі акрылавымі фарбамі, і з гэтай работай мы справіліся за адзін дзень. Пасля я атрымаў цікавы заказ, і разам з Яўгенам Шунейкам мы распісалі пад'езд у жылым доме Дзяржынска — на кожным пралёце з'явіліся паўнавартасныя карціны з беларускімі матывамі.. Для роспісу мы таксама выкарыстоўвалі акрыл, а на кожную з карцін пайшло каля трох гадзін, прытым што недзе мы падпраўлялі работы адзін аднаго. Канешне, яшчэ ў савецкі час я займаўся роспісам сцен, маляваў плакаты. Але гэта былі афарміцельскія работы, такія ж цяпер можна сустрэць і ва Уздзе на фасадах жылых дамоў — пра небяспеку тых жа пажараў. Каму яны зараз патрэбны? Такія работы ніяк не назавеш высокім мастацтвам, яны зусім не ўпрыгожваюць горад. Роспіс фасадаў зарадзіўся за мяжой, і беларусам таксама трэба развіваць вулічную эстэтыку. Добрыя творчыя работы прыцягваюць турыстаў, становяцца мясцовымі славутасцямі. І каб гэты кірунак быў прафесійны, неабходны савет мастакоў, у які б уваходзілі спецыялісты сваёй справы. Асабіста мяне натхняе творчасць славутага андэграўнднага мастака Бэнксі — у яго работах ёсць сэнс, яны добрыя з мастацкага пункту гледжання.

Што ж датычыцца стылю Андрэя Лычкоўскага, то ён працуе з алейнымі фарбамі, а карціны піша ў асноўным на пленэрах круглы год. Цяпер Андрэй Міхайлавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Дагэтуль ён працаваў у мясцовай школе № 2 імя Кандрата Крапівы — выкладаў выяўленчае мастацтва і ладзіў дадатковы гурток для сваіх вучняў. Некаторыя з іх і да гэтай пары выязджаюць разам з настаўнікам на пленэры.

Валерыя КІСЛАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Архітэктура мастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.