Вы тут

Ужо налета спецыялісты плануюць павялічыць агульны аб'ём уводу жылля адразу на 100 тысяч квадратных метраў


Сёлета ў нашай краіне запланавана пабудаваць 4 мільёны квадратных метраў жылля, з іх 984,13 тысячы «квадратаў» з дзяржпадтрымкай. Паводле аператыўных звестак, за студзень—чэрвень у краіне было ўведзена ў эксплуатацыю 1 мільён 774,3 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы, што складае 44,4 % ад гадавога плана. Прычым 515,3 тысячы «квадратаў» пабудавана для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з дзяржпадтрымкай. Гэтыя лічбы агучыў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.


Навасёлы, шматдзетная сям'я Сяргея i Iны Лыскіных з дзецьмi Дашай i Глебам. Пасёлак Юбiлейны Гомельскага раёна.

Акрамя таго, паводле яго інфармацыі, аб'ём будаўніцтва жылля ў нашай краіне плануецца паэтапна павышаць. Эксперты ўпэўненыя, што яго атрымаецца павялічыць да 4,1 мільёна квадратных метраў.

«На наступную пяцігодку, гэта значыць на 2021—2025 гады, мы намецілі павелічэнне гэтых планаў, таму што яшчэ шмат нашых грамадзян не маюць уласнага жылля і гэтую праблему трэба вырашаць. Для гэтага ёсць усе магчымасці ў будаўнічых арганізацый, таксама падрыхтаваныя ўмовы, каб фінансава іх падмацаваць», — падкрэсліў начальнік упраўлення. Аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва на кожны год яшчэ будуць удакладняцца, але будаўнічы комплекс краіны да гэтай работы ўжо рыхтуецца.

Таксама начальнік упраўлення паведаміў, што сярэдняя цана квадратнага метра жылых дамоў, уведзеных у эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання, за студзень—чэрвень бягучага года, па звестках статыстыкі, склаў 1123 рублі, а з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі — 1019 рублёў.

«Арэнду» вырашылі падвоіць

Што датычыцца развіцця рынку арэнднага жылля, то на бягучы год запланавана пабудаваць 135 тысяч квадратных метраў, і гэта будзе зроблена, запэўніў нас начальнік упраўлення. «З улікам таго, што ад усяго наяўнага ў краіне жылфонду арэндны фонд складае 3,4 %, 135 тысяч «квадратаў» — гэта, безумоўна, мала, тым больш што попыт на тыя кватэры вялікі. Напрыклад, у сталіцы на адну кватэру бывае па 150—200 ахвотных, таму менавіта гэтаму кірунку будзе ўдзяляцца вялікая ўвага. Ужо налета мы плануем пабудаваць прыкладна ў два разы больш, чым сёлета, гэта значыць 270 тысяч квадратных метраў», — адзначыў Аляксандр Аўраменка.

Таксама ён падкрэсліў, што калі ў наступным годзе будзе атрымлівацца пабудаваць больш арэнднага жылля, чым намечана ў планах, то будаўнічы комплекс краіны прыкладзе для гэтага максімум намаганняў. «Гэта залежыць не толькі ад нашага жадання, але, вядома ж, і ад фінансавання. І тут зноў жа будзе ўдзяляцца ўвага таму, каб будаўніцтва арэнднага жылля ажыццяўлялася не толькі за кошт бюджэтных сродкаў, як у асноўным рабілася да гэтага часу, але і за кошт сродкаў прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Заканадаўчая база для гэтага ўжо створана. Каб ахвотных будаваць такое жыллё было больш, цяпер у міністэрстве сумесна з калегамі з іншых ведамстваў прапрацоўваецца пытанне па стварэнні дадатковых ільгот такім прадпрыемствам», — расказаў ён.

Электрадачы — па тым жа графіку

Улічваючы запланаваны на бягучую пяцігодку ўвод у эксплуатацыю Беларускай АЭС, ужо пачынаючы з 2018 года ў краіне будуюцца шматкватэрныя жылыя дамы, у якіх электрычная энергія выкарыстоўваецца для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Пакуль такіх эксперыментальных дамоў пабудаваны літаральна адзінкі, але...

Колькасць электрадамоў таксама плануецца паступова павялічыць. Ужо сёлета, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў, запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 135 тысяч квадратных метраў такога жылля. На наступны год мяркуецца вызначыць заданне на будаўніцтва ў аб'ёме не менш за 270 тысяч «квадратаў».

«Сёння наша міністэрства цесна працуе з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам і Мінэнерга па адпрацоўцы схем падключэння такіх дамоў. Бо для таго, каб планаваць будаўніцтва падобнага жылля, трэба падрыхтаваць неабходную інфраструктуру, то-бок пракласці кабелі, пабудаваць трансфарматарныя падстанцыі і іншае. Гэта патрабуе дадатковага планавання і ўкладання пэўных грашовых сродкаў», — адзначыў Аляксандр Аўраменка.

З улікам сур'ёзных планаў па будаўніцтве электрадамоў на 2021—2025 гады пастаўлена задача сумесна з Мінэнерга вызначыцца па кожным аб'екце для магчымасці своечасовага праектавання магістральных сетак і іншага інжынернага абсталявання.

Шматдзетныя ў жыллёвай чарзе — не больш за год

Начальнік аддзела рэгулявання жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна ПІНКОЎСКАЯ, у сваю чаргу, адзначыла, што дзяржава аказвае грамадзянам комплексную падтрымку ў фінансаванні жыллёвага будаўніцтва. У асноўным гэта актуальна для шматдзетных сем'яў.

«Перад намі стаіць задача, каб з наступнага года шматдзетная сям'я знаходзілася ў чарзе на жыллё не больш за год. У невялікіх райцэнтрах гэты гадавы тэрмін у асноўным выконваецца, там шматдзетныя сем'і даволі хутка накіроўваюцца на будаўніцтва жылля. Праблема існуе ў буйных раённых, абласных цэнтрах і Мінску. Але тэмпы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі грамадзян павялічаны, як і тэмпы накіраванняў на будаўніцтва жылля», — паведаміла яна.

Іна Пінкоўская нагадала, што з пачатку гэтага года шматдзетным сем'ям дазволена датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Гэта велізарная дапамога. Да таго ж дзяржаўная дапамога будзе павялічвацца, заканадаўства ў гэтым плане ўдасканальваецца, сёння дадаткова разглядаюцца магчымасці падтрымкі шматдзетных сем'яў.

Аднак у буйных гарадах нават шматдзетныя затрымліваюцца ў чэргах па некалькі гадоў. Намеснік начальніка аддзела прававога рэгулявання і рэалізацыі жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Алена Радзько паведаміла, што цяпер на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у Мінску знаходзіцца больш за 192 тысячы сем'яў, з іх 6283 — шматдзетныя, прычым з гэтых шматдзетных 3456 яшчэ не накіравана на будаўніцтва жылля, а звыш 890 сем'яў стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу, больш за тры гады. У спісе шматдзетных сем'яў, якія прэтэндуюць на зямельны ўчастак, зараз больш за 800 сем'яў.

Для шматдзетных у Мінску будуюць адразу 23 шматпавярхоўкі

Як адзначыў начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзяніс НІКІЦІН, цяпер у сталіцы ў стадыі будаўніцтва знаходзяцца 140 жылых дамоў агульнай плошчай 1,6 мільёна квадратных метраў. З іх 500 тысяч «квадратаў» будуюць камунальныя забудоўшчыкі, 1,1 мільёна — камерцыйныя прадпрыемствы.

Найбольш маштабнае будаўніцтва жылля вядзецца ў Кастрычніцкім раёне, дзе ўзводзіцца каля 700 тысяч квадратных метраў жылля, што складае больш за 40 % ад усяго аб'ёму жыллёвага будаўніцтва ў сталіцы. У тройку лідараў таксама ўваходзяць Цэнтральны і Маскоўскі раёны, дзе ўзводзіцца 245 тысяч і 219 тысяч квадратных метраў жылля адпаведна. Па выніках года ў Мінску плануецца выканаць заданне, даведзенае ўрадам, па будаўніцтве 630 тысяч квадратных метраў жылля.

«У Мінску прыярытэтным у жыллёвым будаўніцтве з'яўляецца накіраванне грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на будаўніцтва жылля. У першую чаргу гэта шматдзетныя сем'і. Сёння для названых катэгорый грамадзян у стадыі будаўніцтва знаходзіцца 23 шматкватэрныя жылыя дамы, а гэта больш за тры тысячы кватэр. Да канца года запланавана будаўніцтва яшчэ 27 шматкватэрных жылых дамоў», — паведаміў Дзяніс Нікіцін. Асноўныя будаўнічыя пляцоўкі для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца ў мікрараёнах Лошыца, Чыжоўка і яшчэ некаторых. У Мінску таксама вызначаны зямельныя ўчасткі для будаўніцтва індывідуальных дамоў. Размешчаны яны будуць у мікрараёнах Сокал, Чыжоўка, вёсцы Зацань, а таксама на тэрыторыі паміж вуліцамі Ангарскай і Байкальскай.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Будаваць жылля будзем больш

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.