Вы тут

Лімб #9: загадкі? Крык! Міны…


Даўным-даўно ЛІМБ задумваўся як сродак кармічнай рэакцыі на нейкую касмічную сілу, якая быццам бы вядзе несвядомыя патокі беларускай паэзіі па адной ёй вядомых шляхах. Але з часам, калі некаторых паэтаў на старонках «ЛіМа» пачынаеш бачыць другі ці трэці раз, а буслы ды іншыя бессмяротныя прывіды беларушчыны нікуды не знікаюць, паўстае пытанне: ці не з’яўляецца ЛІМБ выпадковым вінцікам у складаным легытымізацыйным механізме? Нейкі бессэнсоўны інстынкт рухае гэтае літкрытшоу наперад, пакуль яно, бы нейрасетка, праз сістэматычныя інфармацыйныя ўпырскванні нечаму вучыцца і перавучвае свайго скептычнага стваральніка. Дзявяты выпуск перыядычнага ЛІМБлюза пачынаецца на лёгкай ноце дызмаралі, якая, тым не менш, ужо хутка перацячэ ў бадзёрую ЛІМБасанову.


Тэксты Ігара ПРАКАПОВІЧА — гэта шэраг рознага кшталту спроб: расхістаць звычайныя вершаваныя памеры (то камбінаваннем розных тыпаў рыфмоўкі, то амаль набліжэннем да верлібра), задаць моцную філасофска-гуманістычную лінію (неаднаразовае прысуджэнне «чалавеку» ролі лірычнага героя, а таксама вывядзенне простых і агульначалавечых ісцін). І ўсё гэта, мякка кажучы, не надта атрымліваецца. Невялікая даўжыня радкоў гэтага ўмоўнага «гуманістычнага» цыкла твораў, канечне, выклікае асацыяцыі з нечым рэвалюцыйна-красавіцкатэзісным, але напоўненасць гэтага рытму... «Нам з табой трэба // Яснае неба, // Луста хлеба» — адна з  некалькіх суцэльных трывіяльных вершазагатовак, дзе збітыя рыфмы цягнуць за сабою збіты сэнс, а збіты сэнс — збітыя рыфмы. Больш традыцыйная любоўная лірыка (асабліва апошні тэкст — «Калі скончыцца час развітання…» з «сэрца — сагрэцца» і «прыпевачнай» парнай рыфмоўкай) толькі падкрэслівае гэта.

Невялікая (усяго толькі з двух твораў) падборка Марыі КОБЕЦ  — добры прыклад таго, як кантэкст робіць з двух выпадковых вершаў нешта большае. І калі першы тэкст яшчэ спасылаецца на гісторыю (хаця за выключэннем мімалётна згаданага «Жоўтага неба» яго можна лічыць досыць універсальным), то другі — ужо цалкам абстрактная замалёўка без гістарычнага і  амаль што культурнага кантэксту. Абодва творы па-свойму могуць называцца гімнамі паўстання: першы — больш з  пазіцыі сузіральніка (і менавіта дзякуючы вытрыманай дыстанцыі ён найбольш паэтычны з двух), другі — ужо досыць прамалінейны «крык», які апошнімі двума радкамі выводзіцца па-за тэкставыя межы і, можа, якраз і павінен прайграць першаму твору ў паэтычнасці, каб навярстаць у празрыстасці сваёй (і  верша, і  аўтара) пазіцыі.

Гімнавасці абодвум творам дадаюць і музычна-структурныя моманты: у  «Да “Жоўтага неба”» — гэта рэфрэны з «пошукам Бога» і ўнутраныя рыфмы, у «Rebel Yell» — тыя ж унутраныя рыфмы і простая мова маладога паўстанца. Але, як і казалася напачатку, галоўная каштоўнасць гэтых вершаў не ў тым, як яны зроблены, а ў тым, дзе і калі яны гучаць.

Калі крыху прыплюшчыць вочы і не засяроджвацца на аўтарстве тэкстаў, надрукаваных у нумары на пачатку паэтычнай старонкі, асоба Васіля КУЗЬМІЧА наўрад ці будзе мець шанцы неяк праідэнтыфікавацца і нават можа ўключыцца ў  агульны безасабовы белпісьменніцкі камячок сухога вербальнага перакаці-поля, які так доўга і так далёка ўсё некуды коціцца, што ўжо нават выкаціўся па-за межы паняцця штампа і дакаціўся да літаратурнай палаты мер і  вагі, дзе заняў свой ганаровы залатамалінны п’едэстальчык. «Буслы» як сімвал радзімы, «бярозкі» і «клёны» як суразмоўцы, «бацькоўскія магілы» і  «сонца», што «з жалем глядзіць у  вокны», як паказчык суму, наталенне смагі з «крыніцы, што побач б’е» як аптымістычны паварот у канцы  — і  ўсё гэта толькі першы верш, пачатак якога гучыць як «Даўно я не быў у родных мясцінах», што, у сваю чаргу, як бы робіць усе астатнія радкі абсалютна непатрэбнымі. Астатнія тэксты — усё тая ж рэфлексія наконт уласнага ўзросту праз вобразы прыроды, дзе не абыходзіцца без супрацьпастаўлення восені і вясны і рыфмаў розных ступеняў «калыханачнасці», як то «пакрысе — расе».

У інерцыйным і рытмічна зацвіўшым возеры стаяць вадзяныя слупы радкоў з вершаў Настассі НАРЭЙКІ. Усе тры тэксты падборкі «Каханнем сваім ува мне ты народзіш паэта» напісаны нязменным пяцістопным амфібрахіем, што ў  сукупнасці дае адчуванне чытання нечага гекзаметрычна-іліяднага з папраўкай на тое, што замест эпікі тут лірыка, прытым любоўная. З-за дробных лексічных паўтораў і больш буйных рэфрэнных структур, з аднаго боку, толькі павялічваецца агульная зацягнутасць падборкі, з другога  ж — у некаторы момант падаецца, што даўжыня набывае нейкія несвядома-музычныя адценні, што, канечне, не дадае балаў у катэгорыі сэнсу, але ў нейкім містычным рытміка-геданістычным сэнсе цэласную карціну з гэтых тэкстаў усё ж робіць.

Больш за ўсё тэксты Дар’і ЛЁСАВАЙ нагадваюць дзіцячыя вершы. Верш «Маме» мог бы з лёгкасцю суправаджацца малюнкам, на якім мама і дачка былі б адлюстраваны па ключавым прынцыпе дзіцячага мастацтва: «палка-палка-агурочак» (і ўсё гэта з улікам таго, што кіндар ужо настолькі ўведзены ў паэзію, што ведае, хто такі Ясенін, але пакуль не ведае, што зарыфмаваць яго можна з нечым больш арыгінальным, чым «асенні»). Другі, безыменны, тэкст — агульная ў-самой-сябе-паэтасцвярджальная любоўная лірыка з выхадамі ва ўзнёслыя абстракцыі.

Загадка для ўведзеных у кантэкст сучаснай беларускай літаратурнай перыёдыкі: здагадайцеся, у сувязі з якім вобразам у вершы Аляксандра БЫКАВА «Адзінокі бусел» згадваецца непасрэдна бусел. Падказка: нават чалавек, які не разбіраецца і ўпершыню сутыкнуўся з такой з’явай у гэтым самым артыкуле, можа лёгка назваць правільны адказ. Сам аўтар гэты адказ хаваць таксама не імкнецца, таму апошняя страфа верша гучыць так: «Сум старой хаціны,  // Боль мой неадольны // Зразумець адзіны // Бусел той і здольны». Астатнія вершы аўтара хаця і гучаць па-сучаснаму лёгка, але амаль заўсёды баланс не вытрымліваецца, і лёгкасць хутка перакочваецца ў відавочнасць і разрыў паміж штылямі. Самым дысануючым прыкладам з’яўляецца «Фэйсбучны верш», які быццам бы дзякуючы гульнявой танальнасці павінен паспяхова абараняцца ад большасці заўваг, але з-за перакату ў сур’ёзнасць вобразы кшталту «віртуальная хімера» выглядаюць як тое, што сабе не дазволілі б нават паэты, чыя творчасць прыпадала на пачатак 2000-х.

Вершы Вікі ТРЭНАС хутчэй здзівяць і вымусяць закапацца ў іх чалавека заведама зацікаўленага ў паэтычным рамястве, чым нейкага выпадковага чытача. Галоўная магія адбываецца пераважна ў чаргаванні розных тыпаў рыфмоўкі (у тым ліку з выкарыстаннем халастых радкоў), з-за чаго, напрыклад, першыя два вершы ўпершыню чытаеш акуратна і няўпэўнена, быццам ідзеш па мінным полі, а на другі раз гэтак жа акуратна спрабуеш зафіксаваць творы ў  іх маналітнай разнароднасці. Паэтка свядома і жвава спалучае «банк гатовых вобразаў» (наконт чаго ў адным з вершаў нават жартаўліва рэфлектуе) і характэрныя паэтычныя недамоўкі. Гэтыя радкі чапляюць падчас першага чытання, але пасля некалькіх пачынаюць ўскрывацца абрывістасць думак, іх недакручанасць, як і недакручанасць саміх філасофскіх інтанацый, да якіх аўтарка ўвесь час імкнецца, але часта застаецца дзесьці паміж узнёслым і бытавым (калі, канечне, гэта не задума: застацца паміж — у такім разе праблемы не існуе).

Анатоль ЗЭКАЎ з першых радкоў («Кажуць, што вайна — не наша тэма, // пішуць тыя хай, хто быў на ёй. // Ды не трэба, крытыкі, дарэмна, — // у мяне разлік з вайною свой») кідае своеасаблівы выклік. І які ж адбываецца разлік, што аўтар мае сказаць па гэтай тэме? Паэт добра валодае формай, таму яму хапае навыку расцягнуць тэмы на некалькі апавядальных строф, але, па сутнасці, нічога, акрамя расцягнення гэтых далёка не самых нетрывіяльных сюжэтаў пра вайну, у вершах няма. Адзіны верш, які прэтэндуе на пераасэнсаванне, гэта «Урок скланення ў дзень Перамогі», падчас якога, дзякуючы філалагічнаму апарату, вайна разгледжана пад моўным вуглом (і тое: калі б словы «родны» і «склон» былі б выкручаны па-за межы іх філалагічных значэнняў, верш раскрыўся б куды лепш).

Сур’ёзны тон, які задае ў сваім адзіным тэксце Сяргей ЛЯВОНЦЬЕЎ, разбіваецца ўшчэнт з радком «Каму яшчэ ахвота ПАЎТАРЫЦЬ?». Такое штучнае карыстанне мемам у тэксце, дзе гэтага зусім не чакаеш, больш за ўсё іншае гаворыць пра густ аўтара і яго пачуццё меры.

У смешныя (на ўзроўні назваў) у  сваёй нечаканасці адносіны з  тэкстам А. Зэкава «Урокі скланення» ўступае тэкст Святланы ЯКУБОЎСКАЙ «Не сталі на калені!». Зразумела, што «скланенні» ў абодвух аўтараў маюцца на ўвазе розныя, але ўсё ж. А галоўнае пытанне, пасля якога цяжка рухацца па аповедзе верша, — гэта наколькі дарэчы сканструявана спалучэнне «вятрыска смерці». У тэксце няма аніякага камічнага эфекту, і гэта ў сваю чаргу прымушае адчуць сапраўдны жах за пачуццё слова аўтаркі, якая дазваляе сабе падобныя спалучэнні.

Цікава назіраць за тым, як падчас істотных грамадскіх зрухаў паэзія, адна з задач якой ісці ў авангардзе чалавечай свядомасці, пакідае сваіх праваднікоў у стане «адмененасці», безгалосымі і няправільнымі. «ЛіМ» падсвядома спрабуе адысці ад агульнапрынятых правілаў гульні, але тых крупінак крыку, што далятаюць да яго старонак, збольшага не хапае, каб пачаць на нешта ўплываць. З другога боку, калі гэта робіцца як прытрымліванне прынцыпу «мастацтва дзеля мастацтва», згодна з якім любое ўмяшанне чалавеча-бытавога аддаляе мастацтва ад вынаходніцтва чагосьці сапраўднага, можа, тады і трэба прымусіць літаратуру (і ў прыватнасці паэзію) займацца сваімі справамі. Але ці кожны знак звыш — безумоўны знак прыпынку?!.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?