Вы тут

Хітраспляценні


Нават людзі з самым крытычным мысленнем хутчэй за ўсё некалі верылі ў што-небудзь нерацыянальнае і  невытлумачальнае. Следам за дзіцячай верай у цуды ідзе падлеткавае разуменне таго, што ў рэальным свеце здараюцца яны, як мінімум, рэдка і зусім не так, як мы гэта сабе ўяўляем. Магчыма, менавіта пошук страчаных цудаў і ёсць прычына папулярнасці жанру фэнтэзі ў падлеткавых колах. Зрэшты, многія праносяць пошук праз усё жыццё.


Як бы хто ні ставіўся да гэтага жанру, зразумела адно: страчваць сваю папулярнасць ён не плануе — ні сярод пісьменнікаў, ні сярод чытачоў. Беларускія аўтары фэнтэзі актыўна скарыстоўваюць несправядліва абмінуты ўвагай патэнцыял славянскай міфалогіі, надаючы ўжо багатаму на інтэрпрэтацыі жанру яшчэ адну нязвыклую галіну развіцця.

Другая кніга Аліны Длатоўскай мае назву «Арнаменты» і заяўлена як гарадское фэнтэзі, ролю пачвараў у якім адыгрываюць нячысцікі са славянскіх міфаў. Нягледзячы на надпіс на вокладцы «аповесць», на першы погляд кніга выглядае як зборнік апавяданняў, аб’яднаных галоўнымі дзеючымі асобамі. Адна частка тэксту — адна гісторыя, у якой кагосьці выратоўваюць, а кагосьці — не. Пра персанажаў, якія непасрэдна выратаваннем і займаюцца, варта сказаць асобна, бо яны трымаюць цэласнасць сюжэта і, больш за тое, мусяць трымаць яшчэ і ўвагу чытачоў і чытачак. Падобны тандэм мы бачылі неаднойчы: халодны, зацяты, геніяльны, неверагодна прывабны герой з праблемамі з сацыялізацыяй і псіхічным здароўем плюс яго верны сябра і паплечнік, больш мяккі, больш добры, больш слабы і асцярожны. За плячыма арнаментаўскіх Усевалада і Міхася стаяць адначасова і Шэрлак, і Ватсан ва ўсіх інтэрпрэтацыях, і менш папулярныя Азірафаэль і Кроўлі з «Добрых знакаў» Пратчэта і Геймана, і браты Вінчэстэры, і яшчэ бог ведае колькі падобных парачак. Аліна Длатоўская канкрэтна размяркоўвае іх ролі настолькі адпаведна характарам, ажно блытаешся — што было першым: персанаж або яго амплуа? Усевалад і Міхась — Ваяр і Знахар. Такая расстаноўка сіл дазваляе шчыра пагуляцца са стасункамі персанажаў, стварыць колькі псіхалагічна складаных і  вострых сітуацый, якія ў  інтэрнэце прыхільнікі розных папулярных твораў называюць «шклом», і, адпаведна, даць патэнцыяльным чытачам і чытачкам неблагую глебу для фанфікшну.

Але неабходна адзначыць, па-першае, што абодвум героям напісана раўназначная перадгісторыя. Дзякуючы гэтаму і збольшага роўнай задзейнічанасці ў сюжэце, ніхто з іх не атрымліваецца «галоўнейшым» за сябра. Другое — аўтарка, відавочна, ладзіць ўсе свае гульні з  персанажамі абсалютна свядома. Пра азнаёмленасць пісьменніцы з масавай поп-культурай сведчаць шматлікія згадкі розных твораў з вуснаў розных персанажаў. Выпадковыя выратаванцы галоўных герояў называюць іх тымі самымі братамі Вінчэстэрамі, а  самі героі вяртаюць адзін аднаго з нябёсаў на зямлю словамі кшталту «Ты “Марвэл” пераглядзеў». Аліна Длатоўская забівае двух зайцаў адначасова. Рэцэпт стварэння папулярнага падлеткавага культпрадукту: харызматычныя галоўныя героі ёсць, спасылачкі на папулярную культуру плюс пазнавальны сучасны свет ёсць.

Скручваць асобныя апавяданні ў цэласную аповесць пачынаюць часткі, дзеянне якіх адбываецца пяць гадоў таму. Гэтыя раздзелы вельмі функцыянальныя. Яны расказваюць перадгісторыю кожнага з галоўных герояў і паказваюць іх знаёмства, з розных бакоў тлумачаць пабудову фэнтэзійнага свету з неверагоднай колькасцю дэталяў, а заадно абцяжарваюць і без таго траўміраваную псіхіку Усевалада яшчэ адным блізкастасункавым канфліктам. Тут адразу з’яўляецца шмат новых персанажаў, праз якіх раскрываюцца нюансы падрыхтоўкі маладых Ваяроў да служэння Перуну на карысць балансу ў свеце. Восемдзесят адсоткаў Ордэна джэдаяў і дваццаць адсоткаў Хогвартса, некалькі ступеней навучання, вобраз ідэальнага настаўніка і — адзіны абсалютна незразумелы персанаж. Міраслава — калега Усевалада па ваярскім цэху, якая толькі назірае за стасункамі Усевалада і настаўніка і заадно закохваецца ў настаўніка, а пазней канчаткова пераходзіць на пазіцыю другаснага персанажа. Магчыма, аўтарка імкнулася стварыць погляд на сітуацыю збоку, але спроба асабліва ні на што ў кнізе не паўплывала. Гэтая частка аповеду ў выніку адчуваецца занадта перагружанай падрабязнасцямі светаўладкавання і ў нечым блытанай.

У Міхасёву лінію флэшбэкаў уключаецца куды больш рэальная праблематыка  — жорсткасць і хатні гвалт над дзецьмі, крыху стыгмы на псіхічных захворваннях і звычайная чалавечая адзінота. Законы існавання магічнага свету тут тлумачацца з іншай пазіцыі і, адпаведна, куды больш хаатычна. Супрацьпастаўленне і галоўны, творастваральны канфлікт у «Арнаментах», на шчасце, больш складаны за дабро і зло.

У адным з апавяданняў Аліна Длатоўская ўпісвае ў свой наскрозь язычніцкі свет праваслаўную веру ў Бога, якая пры ўмове сваёй высокай шчырасці абараняе ад нячысцікаў не горш, чым прафесійныя замовы Ваяроў. Гэты аспект светабудовы згадваецца двойчы — яшчэ раз ён усплывае ў самым канцы твора ў надзвычай блытаным кантэксце, так што да канца незразумела, якую частку ўяўнага свету «Арнаментаў» ён займае.

Разбітасць на асобныя гісторыі, безумоўна, працуе на карысць лёгкасці чытання, але тут яна не жыццёва неабходная, бо пісьменніца добра перадае дынамічнасць дзеяння і стылістычна. Побытавыя апісанні і дэталі, хаця і адыгрываюць у тэксце заўважную ролю, у асноўным аформлены ці хуткім пералічэннем, ці выступаюць тлумачэннямі да пэўных частак дыялогу.

У апошніх раздзелах дзеянне пачынае развівацца занадта хутка, быццам 160 старонак мы сядзелі ля вогнішча, а за апошнія 40 вугаль, што трапіў у траву, паспявае запаліць увесь лес. У канцы, па класіцы падобных твораў, адбываецца фінальная бойка. Кульмінацыйны момант твора за пару старонак перацякае ў развязку пры дапамозе старога добрага бога з машыны. У дадзеным выпадку — амаль што літаральна. Калі дагэтуль сцэны бітваў з нячысцікамі былі апісаны вельмі грунтоўна, то ў фінальнай бойцы згубіць нітку сюжэта вельмі лёгка. У пэўным сэнсе гэта можа перадаваць стан некаторых герояў, але ўсё ж такі, відавочна, героі ў ёй разумеюць болей, чым чытачы. Каб прасачыць за тым, хто дзе ўзнік, куды пабег, каго забілі, а каго — не, даводзіцца заўважна запавольвацца. Вялікае выратаванне зноў перадае прывітанне Гары Потэру і Зорным войнам, а пасля ўсё рэзка заканчваецца. Пісьменніца не дае хэпі-энду, але разам з тым увогуле няма ніякага «энду» — мы даведваемся, што адбылося з галоўным персанажам, а ўсе астатнія застаюцца хаатычна ляжаць на полі бойкі. Гэта можа значыць або тое, што аўтарка дапісвала свой твор вельмі хутка, або тое, што яна плануе працяг. Вельмі хочацца спадзявацца на другое, прычым не толькі дзеля ўражанняў ад кнігі.

«Арнаменты» атрымалі сваю назву таму, што магічныя закляцці, якія ствараюць нашы героі, выяўляюцца праз сімвалы нацыянальнага беларускага арнаменту і могуць сплятацца ў кампазіцыі. Гэтая дэталь вельмі добра ўяўляецца візуальна і падмацоўвае адчуванне, што стваралася на працягу ўсёй кнігі, — вось бы кіно або гульню па гэтым творы. Распрацаваны аўтаркай свет занадта вялікі для двухсотстаронкавай аповесці, але хавае яшчэ дастаткова нераскрытага. Таму, калі на стварэнне франшызы пакуль немагчыма спадзявацца, застаецца паспадзявацца хаця б на кніжны працяг.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.