Вы тут

Акадэмічныя традыцыі ў творчасці Алены Самойленкі-Машкоўцавай і Акіма Шаўчэнкі ў рамках праекта «Рэвалюцыя. 100 гадоў»


Майстроў станковага жывапісу з гомельскімі каранямі Алену Самойленку-Машкоўцаву і Акіма Шаўчэнку звязвае не толькі жыццё ў Гомелі на мяжы 20-х гадоў ХХ ст., але і навучанне ў мастацкай студыі-школе імя М. А. Урубеля.


Выкладчыкі і навучэнцы мастацкай студыі імя М. А. Урубеля: Якаў Целішэўскі — першы злева ў трэцім радзе; Георгій Ніскі — першы злева ў другім радзе; побач з ім з правага боку Алена Самойленка-Машкоўцава.

Гэтая прафесійная мастацкая навучальная ўстанова адкрылася ў 1919 годзе. Яна стала стартавай пляцоўкай для многіх жывапісцаў і графікаў. Да моманту яе роспуску ў 1921 годзе вялікая частка студыйцаў паступіла ў Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні (раней Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства) і пераехала ў Маскву, некаторыя педагогі рушылі ўслед за імі.

Самым вядомым са студыйцаў стаў Георгій Ніскі, у будучыні — лаўрэат розных дзяржаўных прэмій, народны мастак РСФСР. Але калі прасачыць лёсы іншых студыйцаў, то мы даведаемся, што шмат з іх мелі цікавае творчае жыццё, займаючыся любімай справай і дасягнуўшы ў ёй пэўных вышынь.

На адзінай вядомай нам групавой фатаграфіі поруч з крайнім на лаве юнаком у белым адзенні і фуражцы са значком Георгіем Ніскім знаходзіцца гераіня нашай гісторыі Алена Самойленка, дачка павятовага лекара з Рэчыцы. Калі глядзіш на спакойныя ўсмешлівыя твары, неяк не прыходзіць у галаву, што ў гэты час у Гомелі зусім нядаўна скасавана ваеннае становішча. Як і паўсюль, у краіне руйнуюцца старыя асновы і традыцыі...

Людзі змагаюцца з разрухай, голадам, нястачай. І раптам — пасярод глабальнага хаосу — пачынае вымалёўвацца ядро высокай культуры! Сёння многія навукоўцы кажуць пра гэтую з’яву як пра гомельскі феномен студыі-школы імя М. А. Урубеля.

Складаныя і мудрагелістыя перапляценні чалавечых лёсаў і стыхійных акалічнасцей у Гомелі на пачатку савецкай эпохі спрыялі росквіту мясцовай культуры. Паўплываў на гэта і прыезд у Гомель мастакоў з рознай прафесійнай падрыхтоўкай, за плячыма якіх былі Кіеўскае, Віленскае і Пензенскае мастацкія вучылішчы, а таксама Пецярбургская, Парыжская, Венская і Пражская акадэміі. З’яднаўшыся на базе новай студыі, яны супольна выпрацавалі навучальную праграму і прыступілі да яе рэалізацыі.

Ахвотных атрымаць прафесійную мастацкую падрыхтоўку знайшлося нямала. Аднак час унёс свае карэктывы. Агітпрапу (агітацыйнай прапагандзе) было адведзена асноўнае месца ў працы ўсіх дзяржаўных мастацкіх устаноў: пачынаючы з гомельскага РАСТа і заканчваючы студыяй-школай імя М. А. Урубеля. Гэты факт адыграў вялікую ролю ў тым, што колькасць прыхільнікаў падзелу мастацтва на белае і чорнае значна павялічылася.

Дзякуючы агітпрапу сталі з часам вядомыя імёны графікаў Аляксандра Быхоўскага, Якава Целішэўскага, Арона Гефтэра, Яўхіма Смехава і некаторых іншых мастакоў. А вось насуперак панаванню над усімі дысцыплінамі палітыкі партыі імкнуліся спасцігнуць мастацкае рамяство ў акадэмічных традыцыях Георгій Ніскі, Акім Шаўчэнка і Алена Самойленка-Машкоўцава.

Алена Самойленка, у замужжы Машкоўцава (1898—1988), у ліку іншых урубелеўцаў пачала вучыцца ў маскоўскім інстытуце ў 1921 годзе. Перахварэўшы на цяжкую форму тыфу ў 1922 годзе, вырашыла перайсці ў  майстэрню вядомага рускага мастака Ільі Машкова, дзе вучылася 4 гады. Пасля таго, як скончыла навучанне, Алена Дзмітрыеўна ў 1933 годзе стала членам «Всекохудожника» (ранні варыянт аб’яднання мастакоў СССР).

У аўтабіяграфіі Алены Самойленкі значыцца, што асноўным яе заняткам было стварэнне мастацкіх пано, якія ўпрыгожвалі розныя грамадскія памяшканні: павільёны ВДНГ (распісвала супольна з выбітным мастаком-анімалістам Васілём Ватагіным), станцыі маскоўскага метрапалітэна (у час і пасля Вялікай Айчыннай вайны), «атэлье НКУС, музей антрапалогіі пры I-м МДУ» і г. д. Ёсць нават запіс пра выкананне «мармуровага мазаістага стала па ўласным эскізе». Вельмі запатрабаваным у перадваенную, ваенную і пасляваенную эпохі было ўменне маляваць «як на фатаграфіі», без «лішняга» суб’ектывізму, — гэтай здольнасцю Алена Самойленка таксама валодала. У музеі палаца Румянцавых і Паскевічаў знаходзяцца эцюды, накіды, пейзажы і нацюрморты, якія мастачка зрабіла з натуры падчас падарожжаў па краіне. Вельмі важна, что сёння ў нас ёсць магчымасць любавацца сціплымі, але пры гэтым па-майстэрску выкананымі творамі Алены Дзмітрыеўны Самойленкі.

Акім Міхайлавіч Шаўчэнка (1902—1980) нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Спачатку займаўся ў настаўніцкім вучылішчы ў Гомелі, потым — у студыі імя М. А. Урубеля, але прыйшоў туды пазней, чым Алена Самойленка. Апроч Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрань вучыўся ў Ленінградскім інстытуце пралетарскага выяўленчага мастацтва (цяпер інстытут імя І. Я. Рэпіна), дзе атрымаў дыплом «побытавага мастака». Асобай, якая найбольш паўплывала на творчасць Шаўчэнкі, сам мастак лічыў А. Дрэвіна. Сёння мы ведаем шмат пра лёс Акіма Міхайлавіча: як паранены трапіў у палон у самым пачатку вайны, здолеў збегчы з яго, як спрабаваў трымацца ў акупаваным Гомелі падчас вайны. Потым быў стралком-аўтаматчыкам у пяхотнай частцы. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і рознымі медалямі. Меў некалькі падзяк ад камандзіраў за праяўленыя мужнасць і гераізм. Бязмежная сціпласць гэтага добрага і мудрага чалавека, што чытаецца ў  поглядзе з фатаграфіі, перашкодзіла ў свой час прыйсці заслужанай славе і пашане.

Таксама мастак выкладаў асновы выяўленчага мастацтва, аднак і сам заўсёды імкнуўся браць удзел у мастацкіх выстаўках. Пачаўшы выстаўляцца з 1929 года, у 1940-м уступіў у  аб’яднанне мастакоў. Пра выкладчыцкую дзейнасць Акіма Шаўчэнкі ў Гомелі, у вучылішчы імя А.  К.  Глебава і ў БДТМІ (былы тэатральна-мастацкі інстытут, цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе мелі гонар выкладаць абраныя майстры, вядома няшмат. Сярод яго студэнтаў — Уладзімір Уродніч, Валянцін Пакаташкін, гомельская майстарка акварэлі Марыя Ягорава і іншыя.

Здольнасці і глыбокія веды Акіма Шаўчэнкі падсілкоўваліся штодзённымі практыкаваннямі з колерам і  палітрай. У прыватнасці, пра гэта сведчыць велізарная колькасць эцюдаў, выкананых маслам на кардоне, часам памерам з паштовы канверт. Яны папоўнілі фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ў 2017 годзе. У эцюдах прасочваюцца законы традыцыйнага падыходу: лінейная перспектыва, змены колеру і тону ў залежнасці ад светлавога асяроддзя і г. д. Гэта выдатны прыклад велізарнай працавітасці мастака і шматгадовай штодзённай працы над сабой. Але не толькі сотні эцюдаў складалі творчы багаж Акіма Міхайлавіча. Ім створаны шэраг выразных партрэтаў, а таксама твораў на тэму вайны і калгасных працоўных будняў. Творы выбітнага каларыста, якія сведчаць пра талент і зацятую працу мастака з Гомельшчыны Акіма Шаўчэнкі, засталіся рассеянымі па беларускіх музеях.

 Прабеглі гады, праскочыла XX стагоддзе, змянілася нямала пакаленняў, але святло далёкай зоркі гомельскага феномена — спараджэння Кастрычніцкай рэвалюцыі і студыі-школы імя М. А. Урубеля — будзе яшчэ доўга ззяць з бездані тых гадоў.

Алена КАЛУГІНА, навуковы супрацоўнік мастацкага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».