Вы тут

Чысты патэнцыял


У Палацы мастацтваў 8 ліпеня прайшла выязная прэс-канферэнцыя на тэму «Дыялогі пра мастацтва. Прэс-прэзентацыя выставак Беларускага саюза мастакоў», у якой прынялі ўдзел намеснікі старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч і Андрэй Басалыга, а таксама мастакі і куратары выставак Валерый Калтыгін, Васіль Баранаў, Пётр Васілеўскі і  Юрый Піскун. Яны распавялі пра чатыры праекты, што экспануюцца ў Палацы мастацтваў з 8 да 19 ліпеня. Пасля прэс-канферэнцыі ўсім прысутным было прапанавана наведаць непасрэдна выстаўку, каб ацаніць старанні куратараў па зборы розных твораў пад адным дахам.


Эдуард Белагураў «На Сянежы». 1981 г

Першы праект — «Мастакі Бабруйска». Куратар — Валерый Калтыгін, ён жа — старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. У Бабруйскай арганізацыі мастакоў зараз толькі дзесяць сяброў, уключаючы самога Валерыя Калтыгіна, што робіць яе самай нешматаблічнай арганізацыяй такога роду ў Беларусі.

Суполка «Пагоня» прадстаўляе праект «У сузор’і Пагоні», дзе сабраны карціны розных перыядаў творчасці тых яе сяброў, якія ў  2020 годзе святкуюць юбілеі, як і сама «Пагоня»: у гэтым годзе творчаму аб’яднанню спаўняецца 30 гадоў.

Пётр Васілеўскі выступіў як куратар выставачнага праекта «Беларусь — Яднанне», які прысвечаны вяртанню ў склад Беларусі заходняй яе часткі, што знаходзілася пэўны час пад уладай Польшчы. Сярод аўтараў — Глеб Отчык, Леў Гумілеўскі, Рыгор Сітніца і шмат іншых мастакоў. У асноўным прадстаўлены пейзажны жывапіс, бо, па словах куратара, мэта праекта — нагадаць пра важнасць Заходняй Беларусі, яе гісторыі і культурнай спадчыны, а краявіды гэтай часткі нашай краіны даўно сталі візітоўкай рэспублікі.

Апошняя выстаўка, якая пачала працаваць у Палацы мастацтваў 8 ліпеня, — персанальная экспазіцыя вядомага беларускага жывапісца і графіка Васіля Баранава. Праект можа прывабіць аматараў сучаснага мастацтва: прадстаўленыя работы вылучаюцца абстрактнасцю, метафарычнасцю. Шмат карцін Васіля Баранава даюць гледачу вялікае поле для інтэрпрэтацый, што вельмі каштоўна для тых, хто лічыць за лепшае не прабегчы выстаўку за паўгадзіны, а спыняцца каля кожнага твора і разважаць не спяшаючыся.

Кожны з праектаў у сваім ідэальным выглядзе сапраўды інтрыгуе, бо карціны адметных для беларускай культуры мастакоў прадстаўляюць розныя віды выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, напрыклад, работы са скуры і кераміка. Жанравая разнастайнасць таксама ўражвае: увазе наведвальнікаў — як класічныя нацюрморты і пейзажы, так і абстрактны жывапіс, партрэты, выкананыя ў розных стылях, нават карыкатуры. Праблемы пачынаюцца тады, калі чалавек, прачытаўшы анонс той ці іншай выстаўкі, вырашае завітаць у Палац мастацтваў, каб асабіста пазнаёміцца з карцінамі.

Па-першае, ні па афішах, ні па анонсах немагчыма здагадацца, што экспануецца адразу чатыры праекты. Канечне, больш — не менш, як кажуць, але калі чалавек свядома вырашае пайсці на выстаўку, то ўсё ж такі жадае ўбачыць тую экспазіцыю і тыя карціны, пра якія прачытаў. І будзе чакаць, што творы аўтараў, якія згадваюцца ў анонсах, зоймуць большую частку, бо дзякуючы ім ён і вырашыў выдаткаваць свой час. Напэўна, патэнцыйны госць будзе крыху расчараваны, калі зразумее, што цікавым для яго творам адведзена хіба чвэрць экспазіцыі.

 Па-другое, сама прастора Палаца мастацтваў не была неяк рэарганізавана для рэалізацыі задумкі з экспанаваннем чатырох праектаў. Гэта, напэўна, звязана з нейкімі фармальнымі цяжкасцямі ці недахопам бюджэту. Аднак даць гледачам зразумець, які праект і ў якой частцы прасторы знаходзіцца, хаця б элементарнымі шыльдамі пазначыць межы, дзе заканчваецца адзін праект і пачынаецца другі, было б нядрэнна. Але гэтых межаў, акрамя некалькіх амаль незаўважных таблічак з вельмі фармальнай біяграфіяй ці то суполкі, ці то мастака, няма. Ствараецца ўражанне, быццам перад табой не канцэптуальна завершаны цэласны праект, а выпадковы набор твораў розных мастакоў, якіх вырашылі экспанаваць разам.

Але многія карціны з чатырох праектаў маюць патэнцыял для аб’яднання на ўзроўні ідэі, бо яны даюць уяўленне пра тое, як розныя этапы беларускай культуры бачаць і ацэньваюць людзі, што паспелі пажыць у СССР, але таксама заспелі час змен, калі ўсе былыя парадкі былі разбураны і давялося ствараць мастацтва ў зусім іншым сацыяльна-культурным асяроддзі. Так, напрыклад, карціны Віктара Мікіты (асабліва твор «Краіна ад мора да мора») даюць разуменне таго, што шмат актуальных для сучасных беларусаў культурных кодаў былі закладзены яшчэ ў ВКЛ. Яго палотны выкананы на паперы ў камбінаванай тэхніцы, з-за чаго творы ўражваюць фактурнасцю. Гэтая фактурнасць і вельмі скрупулёзны падыход да дэталізацыі дазваляюць задумацца, што карані беларускай культуры схаваны не толькі ў творчасці Купалы, Коласа ці Караткевіча... Карціна «Кніга жыцця», дзе мастак адлюстраваў дзве рукі сталага чалавека, што разгортваюць перад гледачом тую самую кнігу жыцця (рама палатна выканана ў выглядзе кнігі), становіцца сімвалам складанага шляху беларускай культуры. Яна б магла стаць сэнсавым стрыжнем усёй выстаўкі і даць назву праекту, бо гэта вельмі выразная метафара.

Анатоль Волкаў. Інсталяцыя «Наваградак». 2017

Тэму культуры і яе ўплыву на сучаснасць працягвае і Анатоль Волкаў, чыё майстэрства вельмі ўражвае яшчэ і з-за таго, што гэта, напэўна, найлепшы прыклад арганізацыі прасторы на ўсёй выстаўцы. Дзякуючы таму, што творы мастака (яны ўяўляюць сабой розныя элементы даспехаў і зброі, выкананых з дрэва ці металу, а таксама намаляваныя на дрэве гербы) змешчаны ў невялікай абмежаванай прасторы, наведвальнік быццам апынаецца ў іншым свеце, дзе ВКЛ існуе дагэтуль і яе сімволіка і эстэтыка працягваюць быць актуальнымі. Можна нават адчуць пах дрэва і фарбы, што толькі ўзмацняе ўражанне. Экспазіцыя твораў Анатоля Волкава — добры прыклад сэнсава і эстэтычна завершанай выстаўкі.

Да традыцыйнай беларускай культуры звяртаецца мастак з Бабруйска Эдуард Белагураў у сваім творы «На Сянежы». Мы бачым быццам змешванне тэндэнцый Адраджэння і Сярэднявечча ў сучаснай апрацоўцы. Ад першага тут вельмі ўмоўны пейзаж на фоне. Ён адсылае герояў у натуральны свет прыроды, які адыгрывае вельмі важную ролю ў светапоглядзе беларусаў. Сярэднявечча паўплывала на выявы персанажаў карціны: дзве жанчыны ў традыцыйных касцюмах і мужчына, які нагадвае Уладзіміра Мулявіна. Іх твары не дэталізаваны, як і фігуры. Позірк слізгае па іх і спыняецца толькі на элементах традыцыйнага касцюма. Але дзве дэталі выводзяць гэты твор з кола жанравага жывапісу і падымаюць на прыступку вышэй. Першая з іх: пейзаж у левай частцы значна больш цёмны, і гэтая цемра падымаецца ўвышыню, каб на верхняй мяжы карціны сабрацца клубамі дыму. Гэты вобраз падкрэслівае і тое, што клубы фактурныя: мастак у манеры імпрэсіяністаў напластаваў у гэтай частцы твора фарбу. Другая дэталь — чыстая блакітная прастора, якая аддзелена ад астатняга пейзажа гэтым цёмным дымам. Дынаміка фігур адной з жанчын стварае адчуванне, быццам яна вось-вось праваліцца ў блакітны космас, бо мяжа дзвюх умоўных прастор праходзіць акурат па яе спіне.

Міфалагічныя вобразы выкарыстоўвае мастак Анатоль Концуб, але яго погляд на міфалогію вельмі сучасны, з прымешкам фэнтэзі — творы бабруйскага майстра вылучаюцца амаль кіслотнымі колерамі і дзякуючы гэтаму адразу прыцягваюць увагу. Карціна «Падарожжа» ўвогуле абвальваецца на гледача градам яркіх фігур і вітражных вокнаў, з-за чаго твор пачынае нагадваць калейдаскоп, але разам з тым прымушае ўважліва разглядаць яго, каб разабрацца ў ідэі.

Не абмінула выстаўка і савецкі перыяд, які найбольш удала адлюстраваны ў творах Юрыя Нікіфірава і Уладзіміра Рубцова. Нягледзячы на тое, што ўмоўны перыяд, які яны даследуюць у сваёй творчасці, аднолькавы, оптыка мастакоў вельмі розная. Калі «савецкасць» у самых удалых творах Юрыя Нікіфірава адчуваецца праз непасрэдны выбар сюжэтаў, а таксама жорсткасць, напружанасць, то Уладзімір Рубцоў «савецкі» больш з пункту гледжання стылістыкі, але тэмы яго твораў іншыя. Так, прадстаўлены трыпціх з карцін «Версіі», «Сярэднявечча» і «Новы час», дзе мастак спрабуе сабраць разам культурныя коды, найбольш значныя на розных этапах станаўлення чалавецтва, засноўваючы сваё бачанне на хрысціянскай традыцыі.

Некаторыя мастакі спрабуюць паразважаць над сучаснасцю, а часам нават і зазірнуць у будучыню. Так, напрыклад, празрыстыя карціны Сямёна Абрамава, на якіх будынкі быццам бы створаны з крышталю, а людзі сатканы с рознакаляровага паветра, аддаюць нейкім прыемным, амаль настальгічным рэтрафутурызмам. Здаецца, што менавіта такой — сонечнай, бесклапотнай і яскравай — людзі ў Савецкім Саюзе бачылі камуністычную будучыню.

Сяргей Гумілеўскі «Францішак Багушэвіч». 2012 г.

Частка твораў, што выстаўляюцца цяпер у Палацы мастацтваў, заслугоўваюць прасторы іншага ўзроўню канцэптуальнасці і завершанасці, ім патрэбна больш увагі. Нават у тым хаосе, які мы бачым на выстаўцы сёння, можна знайсці патэнцыял для таго, каб зрабіць ідэйна аформленую і цэласную экспазіцыю. Яна будзе прыцягваць не толькі імёнамі і юбілеямі, але і канкрэтным адчуваннем: мастакам і арганізатарам было што сказаць, у іх меўся не выпадковы набор твораў, які трэба паказаць па тых ці іншых прычынах, а паўнавартаснае выказванне, выразная ідэя.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».