Вы тут

Сэрца святыні загучала


Ад Мінска да вёскі Мядзведзічы, што ў Ляхавіцкім раёне, каля 170 кіламетраў. Па дарозе можна ўбачыць і каталіцкія, і праваслаўныя храмы. Велічны ж мядзведзіцкі касцёл відаць здалёк: ён высока ўзносіцца над ваколіцай, бо стаіць на ўзгорку і настройвае сваім выглядам на высокі лад.


Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — помнік архітэктуры эклектыкі — асноўная славутасць Мядзведзічаў. Сёння святыня, узведзеная з цэглы ў 1908 годзе па праекце польскага архітэктара Стэфана Шылера, ахоўваецца дзяржавай.

Акрамя касцёла ў вёсцы Мядзведзічы маецца драўляны вадзяны млын (канец XIX стагоддзя), каталіцкая каплічка другой паловы XIX стагоддзя, пабудаваная з нагоды адмены прыгоннага права, і драўляны будынак былой школы (датуецца пачаткам ХХ стагоддзя).

Турыст і проста падарожнік, дарэчы, з нядаўняга часу можа не толькі атрымаць асалоду ад сузірання Мядзведзічаў, але і пачуць унікальны арган, гучанне якога нібыта пераносіць у іншую рэальнасць.

Яшчэ пару гадоў таму на інструменце немагчыма было іграць з-за яго стану. Аднак пасля міжнароднага фестывалю арганнай музыкі (ладзіўся летась у Пінску), падчас якога загучаў нядаўна адноўлены арган катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны, кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна вырашыла аднавіць мядзведзіцкі інструмент. Работы доўжыліся 10 месяцаў, а праводзілі іх мінскія энтузіясты-арганісты з дапамогай мясцовай улады і проста неабыякавых людзей.

Інструмент у Мядзведзічах, дарэчы, — другі па велічыні гістарычны арган Брэсцкай вобласці і ўсёй Пінскай дыяцэзіі. Зроблены ў 1912 годзе ў Вільні фірмай Пятра Вайцяховіча, гэты найбуйнейшы інструмент рамантычнага стылю дайшоў да нас у аўтэнтычным выглядзе, адрамантаваны да «канцэртнага стану», і з’яўляецца адным з найбуйнейшых беларускіх арганаў, пабудаваных да Першай сусветнай вайны. У ім два мануалы, педаль і 924 трубы памерам ад некалькіх сантыметраў да пяці метраў. Сярод адметнасцей інструмента і тое, што ён мае адзіны ў Беларусі язычковы рэгістр Klarneto 8`, які гучыць як найпрыгажэйшы кларнет і можа аздобіць любое сола.

Арган, упэўнена намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Святлана Юрлевіч, стане цэнтрам прыцягнення музыкантаў не толькі з Беларусі, але і ўсёй Еўропы. На жаль, з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі сёлета ў Мядзведзічах не ладзіўся міжнародны фестываль арганнай музыкі, на які мелі намер прыехаць арганісты з Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, Нідэрландаў. Аднак кіраўніцтва раёна не губляе аптымізму і плануе правесці фэст летам наступнага года. Сёлета, напрыканцы чэрвеня, адбыўся канцэртпрэзентацыя інструмента, прымеркаваны ў тым ліку і да свята апосталаў Пятра і Паўла, з удзелам выдатных беларускіх арганістаў Ігара Алоўнікава, Вольгі Падгайскай і ў прысутнасці парафіян ды гасцей з Ляхавічаў і Мінска.

Любы турыстычны аб’ект не можа існаваць асобна. Звычайна славутасці аб’ядноўваюцца ў турыстычныя кластары. Так, паводле Святланы Юрлевіч, у Ляхавіцкага раёна багаты турыстычны патэнцыял. У вёсцы Грушаўка, напрыклад, што за 5 км ад раённага цэнтра, знаходзіцца знакаміты сядзіба-паркавы комплекс Рэйтанаў канца XVII стагоддзя, капліца-пахавальня Рэйтанаў пачатку ХХ стагоддзя. У вёсцы Флер’янова захавалася сядзіба Бохвіцаў. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя флер’яноўскі фальварак быў адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносін. Пры апошнім яго ўладальніку ў доме быў створаны летні пансіянат, які наведвалі Эліза Ажэшка — добрая знаёмая Тадэвуша Бохвіца, нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры Уладзіслаў Рэймант, літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі і іншыя.

Вёска Сваятычы славіцца касцёлам святога Юрыя, а вёска Савейкі — сядзібай Навіцкіх канца XVIІІ — пачатку XІX стагоддзя.

Паводле канцлера курыі Пінскай дыяцэзіі ксяндза Андрэя Рылкі, для каталікоў Беларусі ўвогуле важна захоўваць спадчыну. Спраўны ж арган у храме — гэта цэнтр прыцягнення і нагода для сустрэч не толькі з людзьмі, але і з культурай у шырокім сэнсе слова, бо, слухаючы класічную музыку, чалавек (не істотна: каталік гэта, праваслаўны або атэіст) пачынае задумвацца аб высокім, аб духоўнасці.

Вераніка БАНДАРОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.