Вы тут

Талент, прыгажосць, душэўнасць...


Першаму ў Беларусі жаночаму вакальна-інструментальнаму ансамблю «Чараўніцы» — 45 гадоў. Пра гісторыю яго стварэння, пра адраджэнне цераз два дзесяцігоддзі распавядаюць самі ўдзельніцы творчага калектыву.


Пасля зносін з «чараўніцамі» мой і без таго добры настрой яшчэ больш палепшыўся. Павольна ідучы па сталічным праспекце Незалежнасці, аднаўляла ў памяці нядаўнюю размову. Успомнілася фраза: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Яшчэ дадам: шчаслівы чалавек шчаслівы заўсёды. Менавіта такімі — жыццярадаснымі, пазітыўнымі, нават натхнёнымі — мне падаліся ўдзельніцы ВІА «Чараўніцы». Але пра ўсё па парадку.

Сустрэліся мы з мастацкай кіраўніцай, дырэктаркай і вакалісткай ансамбля Палінай Базылевай, а таксама з вакалісткай і, дарэчы, шматдзетнай мамай Анжалікай Зайцавай ды трэцяй удзельніцай гурту — саксафаністкай, лаўрэатам спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Дар’яй Бабко на летняй тэрасе кафэ, трымаючы сацыяльную дыстанцыю, неабходную ў перыяд пандэміі каранавіруса. Паліна — і ў масцы, бо яе размова, сказала, становіцца вельмі эмацыйнай, калі гутарка заходзіць пра любімую справу — працу ў «чароўным» калектыве. Мы замовілі сабе ахаладжальныя напоі (быў гарачы поўдзень) і паглыбіліся ў рэтраспектыву. Мае суразмоўцы згадвалі, як усё пачыналася.

У «Чараўніцах» толькі дзяўчаты

Тады, у канцы мінулага стагоддзя, быў перыяд сапраўднага росквіту беларускай савецкай эстрады. Нават за межамі краіны ведалі, напрыклад, удзельнікаў мужчынскіх ВІА «Песняры», «Верасы», «Сябры»…

І вось у 1971 годзе беларускі музыка Генадзь Лятынскі вырашае «разбавіць» эстраду жаночымі галасамі і стварае калектыў, у якім выканаўцы папулярных і народных песень іграюць яшчэ і на інструментах. Гэта было галоўнай «разыначкай» гурту, дзякуючы якой «Чараўніцы» застаюцца ўнікальным ансамблем па сёння. На сучасную сцэну акрамя іх ніхто не выходзіць з трамбонам, трубой і саксафонам.

Першы склад гурту «Чараўніцы». 1977 год

Першы калектыў быў зладжаны з выпускніц гродзенскага музвучылішча. Хоць, часам, запрашалі ў гурт і проста харызматычных дзяўчат. Бо галоўнае ў выкананні, як вядома, — энергетыка.

За першы перыяд існавання ВІА — дваццаць гадоў — у складзе «Чараўніц» выступіла не адзін дзясятак дзяўчат. Частая змена салістак, як гэта здараецца ў жыцці жаночых калектываў, тлумачыцца замужжам, дэкрэтамі… Тым не менш, слава пра «Чараўніц» хадзіла па ўсім свеце. Яны ездзілі з гастролямі па Савецкім Саюзе, пабывалі ў Афрыцы, у Пхеньяне (Карэя), на найбуйнейшым касмадроме Байканур, нават адкрывалі Летнія Алімпійскія гульні ў 1980 годзе ў Маскве. Мала хто з сучасных поп-выканаўцаў могуць пахваліцца тым, што збіраюць стадыёны.

Калі наступілі цяжкія 90‑я — час глыбокага эканамічна-палітычнага крызісу — ансамбль расфарміравалі. Але кожная з яго ўдзельніц працягвала займацца творчасцю, хтосьці сышоў у педагагічную сферу. А ў 2011‑м калектыў па волі выпадку адрадзіўся. Хоць, кажуць, нічога выпадковага ў жыцці не бывае.

Заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч запрасіла былых салістак-чараўніц выступіць на сваім юбілейным канцэрце. Дзяўчаты сабраліся разам, паднялі стары рэпертуар, адрэпеціравалі пару вядомых у мінулым песень і выйшлі на сцэну. Якое ж было здзіўленне, калі гледачы пачалі падпяваць! Аказваецца, многія памяталі іх песні і з радасцю сустрэлі на сцэне. Ці трэба казаць, што пасля канцэрта было прынята аднагалоснае рашэнне: аднавіць дзейнасць «Чараўніц»! У такіх выпадках артысты звычайна кажуць: варта толькі раз адчуць смак апладысментаў, любоў гледачоў, адчуць ад гэтага эйфарыю — і ўжо хочацца зноў на сцэну.

«Бялявая, чарнявая, а трэцця рыжа, кучаравая…»

Вось так цяпер, у пару каранавіруса, выглядаюць у Мінску афішы на тумбах

Сярод тых, хто аднаўляў калектыў у 2011 годзе, была Вольга Макушынская — вакалістка, вядомая сваім віртуозным выкананнем джаза. Цяпер яна ў «Чараўніцах» музкіраўніца, але па-ранейшаму выкладае джаз у Белдзяржуніверсітэце культуры. А яшчэ з першага складу ў сучасных «Чараўніцах» Святлана Рагула: яна грае на ўсіх відах саксафона і дасканала валодае японскай мовай. Пазней, да апошніх «чароўных» прадстаўніц далучылася Наталля Лукашэвіч — адзіная ў Беларусі трамбаністка, у якой, па словах Паліны Базылевай, спалучаюцца і прыгажосць, і прафесіяналізм, і выдатныя душэўныя якасці.

Было цікава даведацца, чым адрозніваюцца першыя «Чараўніцы» ад цяперашніх. Усё ж такі прайшло — ого! — 45 гадоў. Цяпер у групе не прытрымліваюцца ўзроставага крытэрыю: удзельніцам з першага складу за пяцьдзясят, а самым маладым — за дваццаць. Усе з вышэйшай музычнай адукацыяй, трое спяваюць, трое граюць: на саксафоне, трамбоне і трубе. У 70‑х выканальніцам нельга было нараджаць пяць гадоў пасля падпісання кантракту. Цяпер дзяўчаты спакойна выходзяць замуж, сыходзяць у дэкрэт, выходзяць з яго, не спыняючы музычную кар’еру. Са старога рэпертуару засталося няшмат песень: пару народных у сучаснай апрацоўцы і некалькі шлягераў, якія ведае і спявае ўся Беларусь. Астатнія новыя — для маладога гледача, які ў апошні час стаў актыўна падцягвацца. «Але па-ранейшаму на канцэртах мы бачым дарослых, адукаваных, самадастатковых людзей, прыходзяць і сямейныя пары», — так характарызуе свайго гледача Анжаліка.

Не магла не спытаць: як адчуваюць сябе «старажылы» эстрады на сучаснай сцэне, перапоўненай артысткамі, якія выглядаюць так, быццам сышлі з вокладак модных часопісаў. «Аліса, у нас няма канкурэнтаў! — Паліна нават засмяялася, пачуўшы маё пытанне. — Галоўнае ў нашай справе — энергетыка і дабрыня. Цяпер прафесіяналізмам і знешнасцю нікога не здзівіш. Гэтага мала! Можна выглядаць бездакорна, а ўнутры быць чэрствым, абыякавым. І глядач тое абавязкова адчуе. Бо душу чалавека не падманеш! Да таго ж мы не можам выконваць песні без сэнсу. «Чараўніцы» — інтэлектуальны ансамбль, і пра гэта ведаюць. А яшчэ ў нас музыка заўсёды пазітыўная: пяем пра шчаслівае каханне, прыроду, Радзіму… Мы ў песнях не плачам — толькі радуемся».

Аўтарытэтная эстрада

Тое, што прыхільнікі, асабліва юныя, імкнуцца капіяваць сваіх куміраў — агульнавядома і зразумела. Але ці ўсе папулярныя артысты да канца ўсведамляюць, што нясуць пэўную адказнасць, не толькі выходзячы на сцэну, але і калі згасае апошні сафіт? Успамінаю эпізоды, як музыкі ў экстазе разбівалі гітару пад крыкі скандуючага натоўпу прыхільнікаў. Некаторыя «эфектна» ўскрывалі сабе вены на вачах у шматлікай публікі. Асабістае жыццё многіх артыстаў празрыстае нібы шкло дзякуючы сацсеткам.

«Чараўніцы» таксама даволі актыўна зносяцца з прыхільнікамі праз інтэрнэт. Многія, асабліва падлеткі, нават заводзяць з імі дружбу: распавядаюць пра сябе, звяртаюцца па парады, як стаць прыгожай ці як навучыцца спяваць, іграць. А часам і проста пішуць пра тое, як прайшоў іх дзень.

Дзяўчаты з ансамбля разумеюць, што для многіх яны — аўтарытэт, і таму імкнуцца даваць канцэрты не толькі ў вялікіх, але і маленькіх гарадах і вёсках Беларусі. Каб сваім асабістым прыкладам паказваць, як можа выглядаць жанчына ў пяцьдзясят гадоў, пра што можа спяваць шматдзетная мама… «Мы адкрытыя гледачам: зносімся падчас выступаў, расказваем адна пра адну. Хочам, каб яны адчувалі нашу цеплыню, надоўга зараджаліся пазітыўнай энергетыкай».

Дар'я Бабко захапляецца скайджампінгам

Неяк выступаў ансамбль у вёсачцы. Перад пачаткам канцэрта спявачкам няўзнак паказалі на дзяўчынку, якая стаяла воддаль. Маўляў, з няшчаснай сям’і. «Чараўніцам» не спадабалася, што на дзяўчо павесілі клішэ. Але нічога гаварыць не сталі. Пасля канцэрта дзяўчынка, натхніўшыся песнямі ды музыкай, падарыла кожнай удзельніцы па прыгожым канверце, выкананым у тэхніцы квілінг (а гэта вельмі карпатлівая праца!). І дадала: запішыце свае самыя запаветныя жаданні і ўкладзеце іх у гэтыя чароўныя канверты — усё споўніцца! «Яна настолькі зарадзілася энергетыкай! — успамінае Паліна. — Убачыла, якім вялікім і прыгожым, аказваецца, можа быць свет! Вось для гэтага мы і спяваем. А яшчэ, ніколі ні на кім не стаўце крыж! Асабліва на будучым пакаленні».

«Чараўніцы» часта прымаюць удзел у дабрачынных канцэртах. Неяк перад Новым годам патэлефанавала ім кіраўніца Палаца культуры з Маладзечна і папрасіла паўдзельнічаць у акцыі: купіць цукеркі ад імя гурту. Іх потым збіраліся развесіць на галоўнай ёлцы у горадзе і затым публічна ўручыць каму-небудзь з дзяцей мясцовага дома-інтэрната. Але «Чараўніцы» вырашылі падарыць цацку і не аднаму, а ўсім дзецям. «Стаю ў краме і думаю: 25 мышак большых або 35 меншых? Мучуся, вырашыць не магу. Падыходзіць прадавец, пытаецца, у чым мая дылема. Калі даведалася — аддала мне бясплатна яшчэ 10 цацак. Яна была гаспадыняй крамы, сама ж мама чатырох дзяцей. Мяне тое да слёз кранула. Бо многія наогул трубку кідаюць, калі іх просяць паўдзельнічаць у дабрачыннасці», — распавядае Паліна. Дарэчы, тады ў Маладзечне хацелі нават рэпартаж зрабіць пра дабрыню «Чараўніц», але дабрадзейнікі катэгарычна адмовіліся: яны перакананыя, што добрыя справы трэба рабіць ціха, каб ніхто пра іх не ведаў.

Чарнічны торт Анжалікі Зайцавай

Есці, спяваць, кахаць…

Энергіі і запалу «Чараўніц» хапае не толькі на песні ды зносіны з прыхільнікамі. У кожнай — разнастайныя хобі. Анжаліка Зайцава выпякае тарты амаль прафесійна! Паліна Базылева, перыядычна змяняючы лабутэны на гумовыя боты, блукае па лясах-балотах з мужам у пошуках дзічыны. Сама не палюе — шкада звера. А рыбу лавіць любіць. Святлана Рагула — прыхільніца здаровага ладу жыцця: доўгае жыццё ў Японіі відавочна паўплывала на яе светапогляд. І на рэпетыцыю заўсёды прыязджае на веласіпедзе. Дар’я Бабко — фанатка скайджампінга (скокі на батуце), нават атрымала адмысловы сертыфікат. Наталля Лукашэвіч захапляецца выяўленчым мастацтвам і спрабуе пісаць карціны. Вольга Макушынская, нягледзячы на ўсе заваяваныя ёю прафесійныя вяршыні, працягвае паглыбляцца ў вывучэнне джазавай тэмы, і, бывае, гадзінамі перакладае іншамоўныя тэксты для сваіх студэнтаў. «А яшчэ яна закатала слоік з агуркамі! — з гонарам за калегу кажа Дар’я. — Трэба хутчэй ехаць да яе ў госці!»

Паліна Базылева вядзе імпрэзу з кабіны верталёта

У бліжэйшых планах «Чараўніц»… «пашыць спаднічкі трошкі вышэй». Нечакана! Мы, вядома, смяемся, і дзяўчаты ў той жа гумарыстычнай танальнасці тлумачаць: трэба ж адпавядаць часу! Пытаюся напрыканцы: што наконт Еўрабачання? Аказваецца, «Чараўніцы» туды і не спрабавалі прабіцца. Ну, не жадаюць «стаяць у чарзе», калі імі былі ўжо сабраныя стадыёны. «А тыя, хто «жжёт», скача і бегае — «за» любую ініцыятыву. У нас ёсць некалькі песень на англійскай мове, якія мы нікому не паказвалі. Бо па ўмовах Еўрабачання кампазіцыя не павінна нідзе дагэтуль гучаць. Так што… Чаму б і не?» — паглядваючы адна на адну кажуць Анжаліка і Дар’я.

Анжаліка і яе сям'я — на сцэне разам

…Крочачы пад пякучым ліпеньскім сонцам па самым доўгім праспекце Мінска, я разважала, якую ролю адыгрывае не мyзыка, а муз?ыка. Не песня, а выканаўца. Прызнаюся, раней не задумвалася над тым, наколькі важная асоба самога артыста з яго светапоглядам, каштоўнасцямі, прыярытэтамі. Але патрапіўшы ў вір станоўчай энергіі гэтых чароўных, душэўных дзяўчат (ну і хай ім ужо за…), у чарговы раз пераканалася: шчасце заразлівае. Нездарма ж кажуць, з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Так што я жадаю выдатным салісткам гэтага папулярнага ансамбля доўгіх гадоў і росквіту. З юбілеем, чараўніцы!

Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.