Вы тут

Быць шчаслівым ці не быць. Эсэ


За вакном крычаць чайкі... У Беларусі — цудоўнае лета. І адчуванне, нібыта зусім недалёка бераг мора, не пакідае на працягу ўсяго працоўнага дня, стварае асаблівы яго водар. Пастаянны гул друкарні, што даносіцца да 9-га паверха Дома прэсы, дзе размяшчаецца наша рэдакцыя, вяртае ў рэаліі, падахвочвае адарвацца ад манітора і думаць пра урбаністычныя дэцыбелы, пра пейзаж за вакном... Ён, дарэчы, прыгожы. Аднойчы мы з калегам гаварылі, што так і хочацца яго сфатаграфаваць.


Ох, ужо гэты наш яго вялікасць мозг! Нястомны працаўнік. Усё фіксуе, прапануе... Вунь талерка для касмічнай сувязі бачная... За ёй удалечыні новыя гмахі. Аблокі...

Нястомныя чайкі гарадскія ўсё крычаць... А я ўпарта чапляюся за тое, што ў мяне ўнутры: за прыемны фон. Ён ствараецца галасамі птушак, успамінамі пра мора, куды ўлетку не лячу ў адпачынак. І пішу пра тое, што мне падабаецца...

Дык што?..

Мне падабаецца сядзець за сваім рабочым сталом і стукаць па клавіятуры кампа. Назіраць за тым, як думкі выяўляюцца ў словах на экране манітора, і паралельна асэнсоўваць чужую сентэнцыю, якая запомнілася. Вось яна: жыццё — гэта працэс, а не гонка. І каштоўнасць жыцця не ў дасягненнях, а ў тым, з якім адчуваннем вы прачынаецеся раніцай і з якім кладзецеся спаць. Хораша сказана! Мне імпануе.

Сёння і я прачнулася з адчуваннем шчасця. У сне ў марскіх хвалях плавала... Добра, думаю: сератанін з дафамінам у норме. Уключаю ўнутранага назіральніка: нідзе нічога не баліць, не коле, не страляе, у горле не пяршыць, нос не закладзены, пахі адчуваю. У цэлым — здаровая! Шчасце! І малеча-каранавірус, так мне хочацца думаць, ужо прайшоўся ў маім целе, без сур’ёзных для мяне наступстваў, як і ў целах 60000 у Беларусі «афіцыйна» ачунялых. Трэба ж яму недзе эвалюцыянаваць, гэтай істоце, якая падарыла і нам новыя эвалюцыйныя магчымасці, у ліку якіх не толькі дбайнае мыццё рук, але і генераванне адчування шчасця ў жорсткіх умовах пандэміі.

Так, мая раніца выдатная. Выратаваны рыжы двухгадовы Яцэк, нашчадак цэйлонскіх катоў, штодзень ускоквае на ложак — павітацца: тыкнецца халодным мокрым носам у маю шчаку, выдае кароткі гук, маўляў, ну нарэшце яна абудзілася... І спяшаецца па сваіх каціных справах. У вальеры за вакном на ранішнім сонейку лашчацца двое яго старэйшых сяброў — кот Марс і кошка Ашка. Яцэк пранікае туды на свабодную тэрыторыю і нюхае паветра. Яго носік пацешна трымціць. Гэтую звычку ён атрымаў у спадчыну ад сваёй маці, трохкаляровай Айшы, якая патрапіла ў вёсцы пад колы аўтамабіля і не выжыла. Усе каты ўтрох выдаюць смешныя гукі, калі галубы на выступе над пад’ездам снедаюць батонам, які з другога паверха кідае сусед.

Ранішняе неба чыстае. Праглядае скрозь густыя шаты дрэў: таполяў, ліп, каштанаў і бяроз, пасаджаных гадоў 60 таму навасёламі пяціпавярховых дамоў-хрушчовак. Гэтыя астраўкі забудовы ў Мінску, як на нашым Лагойскім тракце і вуліцы Каліноўскага, патанаюць у зеляніне — з’ява не рэдкая.

І асабіста мне, якая нарадзілася і жыла ў прыватным украінскім доме са сваім дваром і садам, тут жыць камфортна. Шмат зеляніны, квітнеючых кустоў язміну, бэзу — шмат кіслароду і прыемных водараў. Чым не шчасце? Ды і перакінуцца парай слоў з суседзямі па пад’ездзе таксама прыемна ў наш час «анлайн», калі вучацца праз інтэрнэт і там жа сустракаюцца, а калі і некуды бягуць, то з паскарэннем, не заўважаючы адзін аднаго.

Раніца працягваецца. І кубак духмянай кавы пасля карыснай «аўсянкі-сэр» з вельмі карысным алеем «гхі» ўзмацняе прыемнае адчуванне ўнутры. Вось яны, тыя дробныя радасці, якія куды важнейшыя за буйныя, як трапна выказаўся пра тое Рэй Брэдберы ў сваёй аповесці «Віно з дзьмухаўцоў».

Лёгкі макіяж, і я ўжо гатовая ісці насустрач новаму працоўнаму дню.

Мне падабаецца, што наш офіс у Доме прэсы недалёка ад дома. На аўто — пятнаццаць мінут. Хуткім крокам дайсці — 45. Хіба не падстава адчуваць радасць ад таго, што не марнуеш час, чартыхаючыся, у пробках, або з цяжкасцю даганяеш адыходзячы трамвай, на хаду апранаючы маску?

Яшчэ нагода парадавацца: сустрэча ў ліфце са старэйшым па пасадзе калегам. Вітаемся. І ён, хто ў іншыя дні строгі і замкнёны, сёння ветлівы, адкрыты для зносін. Перакідваемся парай словаў, пажадаўшы адзін аднаму добрага дня. І я ўсцешана, разважаю пра тое, як стэрэатыпы і шаблоны абмяжоўваюць нашу свабодную праяву ў сацыяльных кантактах. Мы хаваем свой вясёлкавы настрой, усміхаючыся толькі злёгку, каб не бянтэжыць навакольных...

Асабіста мне вельмі падабаецца ўсміхацца. Так іду звычайна па калідорах Дома прэсы да свайго кабінета, або адтуль выходжу, калі, скажам, трэба зайсці да калег у суседні пакой, ці проста памыць рукі. І ўсяляк «замыкаю на замок», не даю прарывацца ў свядомасць ходкім фразам накшталт «улыбаться просто так — глупо», «только блаженные всё время счастливы», «для радости нужен повод», «смех без причины — признак дурачины». Колькі такіх «крылатых» выразаў скоўваюць псіхіку чалавека! Яны навязаны нам яшчэ з дзяцінства, спадарожнічаюць потым па жыцці. Толькі з гадамі пачынаем скрозь іх прадзірацца, як праз густы хмызняк. А выбраўшыся на прастор, часам з болем выцягваем глыбока заселыя калючкі-клішэ... Некалі ад адной разумнай, інтэлігентнай, начытанай дамы я пачула: жыццё — гэта велізарная пакута. Памятаю, як мяне здзівілі яе словы: дама ж была цалкам «паспяховая». Замужам за вядомым пісьменнікам, двое дзяцей, кватэра ў цэнтры Мінска... Увогуле, знешнія абставіны яе жыцця і меркаванні пра пакуты ніяк не сумяшчаліся. Я разумею, што такую выснову яна магла зрабіць на падставе нейкіх вельмі асабістых, глыбокіх, унутраных перажыванняў. Хворасці, нарэшце. Сама, калі захварэю, губляю здольнасць выцягваць сябе ў радасць і не адчуваю шчасця. І не магу атрымліваць асалоду ад моманта «тут і зараз». Гэта, прызнаюся, нялёгка, нават калі ўсведамляеш: наш унутраны стан і настрой — вынік толькі нашага выбару. У тым ліку і стан здароўя. Бо да нездароўя, па-мойму, кожны з нас прыходзіць не выпадкова.

Да таго ж, цяжка атрымліваць асалоду ад жыцця, калі, напрыклад, у навінах чуеш: каранавірус у свеце забраў тысячы жыццяў, там разбіўся самалёт, а ў ЗША — тарнада і пагромы, ва Украіне — патоп, а дзесьці галадаюць дзеці... Жахаў, як ведаем, у свеце хапае.

Зразумела, што мы не можам самаўхіліцца ад інфармацыі. Але вось што кажуць на гэты конт псіхолагі з сайта tserf.ru:

«Калі ў вас ёсць звычка кожны дзень чытаць навіны, калі негатыўная інфармацыя цалкам захоплівае вас, калі вы эмацыйна ўключаліся ў яе — то вы «засынаеце», гэта значыць: перастаяце займацца сваім уласным жыццём. Адна справа — проста глядзець навіны, каб быць дасведчаным і ведаць, што адбываецца ў свеце, і зусім іншае — апускацца ў гэтую інфармацыю, перажываць, турбавацца і актыўна ж абмяркоўваць яе з усімі знаёмымі. Памятаеце: куды вы накіроўваеце сваю ўвагу — туды сыходзіць і ваша энергія. Але ці варта марнаваць энергію, эмацыйныя і душэўныя сілы на тое, каб даведацца пра ўсе падрабязнасці чарговай катастрофы, калі вы ўсё роўна нічым не можаце дапамагчы пацярпелым?».

Я разумею, успрымаю боль людзей. І многія родныя мне людзі ўжо сышлі з жыцця. Сыходзяць па розных прычынах і блізкія, і сябры. Вось нядаўна сяброўку юнацтва пахавалі... Усе мы пражываем падобныя драматычныя моманты. Але жыццё працягваецца. І зноў прыходзіцца збіраць сябе па частках пасля стрэсаў. Хто ведае цацку Лашарык, той зразумее, пра што я кажу. У гэтыя моманты збірання ўспамінаеш пра нейралінгвістычнае праграмаванне, пра яго простыя тэхнікі, з дапамогай якіх цягнеш сябе ў радасць — у свет іншых вібрацый, дзе людзі адчуваюць сябе шчаслівымі. Цела і розум не слухаюцца, здрадліва вяртаюцца ў мінулае. Успаміны душаць. Але ты праяўляеш упартасць, бо ведаеш цану ўнутранаму стану, калі лёгка дыхаецца і працуецца, калі свет навокал набывае прыемныя адценні. Яго фарбы тады больш яркія і насычаныя нават у пахмурны дзень... Яшчэ намаганне, і яшчэ, і ты зноў вольны: пачынаеш адчуваць ціхае шчасце. І здаецца, ужо нішто не зможа твой настрой азмрочыць. Але раптам здараецца нейкая дробная непрыемнасць: калега стукне дзвярыма, ці раздражнёна адкажа на пытанне, ці сутыкнешся з нейкай нечаканай праблемай — і панеслася душа... Але, на жаль, з раю...

«Эмацыйныя арэлі» ў кантактах паміж намі і ў сем’ях, у соцыуме — з’ява нярэдкая. І разгойдваюцца яны ад плюса да мінуса, ды так, што наш унутраны стан рэзка зменьваецца. І тады ні пра радасць, ні пра шчасце гаворка ісці не можа, бо мы так моцна паглынуліся знешнімі абставінамі!.. А калі праблемы вырашацца, пачынаем здзіўляцца, задаем пытанне: і навошта мы такое вялікае значэнне ім надавалі?

Вось і атрымліваецца, што любая дробязь можа выбіць нас з каляіны. Як таму супрацьстаяць — методык мноства. Было б жаданне і здольнасць прымнажаць радасць у душы, здабываючы карысць з любой сітуацыі.

Выходзіць, што мы самі выбіраем: ці быць нам шчаслівымі, ці не быць.

Калі ў 1996 годзе мы з мужам абыходзілі пешшу Беларусь уздоўж дзяржаўнай мяжы, то задавалі людзям пытанне: што такое шчасце. Яны ў большасці сваёй адказвалі — здароўе. Акрамя таго, гаварылі і пра жыццёвыя рэчы, якія робяць нас шчаслівымі: пра сяброўства, каханне, сям’ю, дзяцей... Адзін хлопчык і зусім адказаў, як філосаф: шчасце — гэта проста жыць. А ці шмат у свеце падстаў для шчасця, пыталіся мы. Ды колькі заўгодна: рыбалка, паляванне, фатаграфаванне, язда на ровары... Увогуле з маленькіх радасцяў можна сабраць цалкам прыстойнае шчасце. І мы, людзі, у сваім да яго імкненні падобныя. Вось толькі ўтрымліваем гэты стан па-рознаму. Каму шанцуе, а каму — так сабе.

Як раяць псіхолагі, у кожным ёсць досыць месцы для радасці, а калі раптам яго мала, то трэба тэрмінова вынесці лішняе.

Дык давайце паспрабуем! І будзем усе шчаслівыя!

А чайкі за вакном усё крычаць...

Валянціна Ждановіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».