Вы тут

Сапраўднае застаецца


Дачка прыехала з летнiка, загартаваная лесам i камарамi, а разам з тым наскрозь «зараджаная» няўцямнымi рыфмамi i назольнымi рытмамi рускамоўнага рэпчыку ды папсы. Адразу пачала тэсцiраваць дарослых на веданне слоў супер-мега-хiтоў гэтага лета ад Клавы Кокi, Artik&Asti, Zivert i iншых, па нейкiм непаразуменнi яшчэ не лаўрэатаў прэмii Grammy ва ўсiх iснуючых намiнацыях. Як i чакалася, вынесла вердыкт «не ведаеце вы модных песень, а ваша музыка па радыё — лухта, во ў нас на дыскатэцы была нармальная!».


На маю думку, горшае, што тут можна было зрабiць, — уключыць на ўсю моц бацькоўскi аўтарытэт i альбо нiвелiраваць яе цяперашнiя захапленнi, разбiраючы па костках пустэчу псеўдаглыбокiх фраз i банальнасць мелiзмаў, альбо развязаць гарачыя спрэчкi, маўляў, тваёй Клаве, LittleBig i кампанii да сапраўднай музыкi як да Месяца, сядзi ўжо тут, вялiкi меламан... Таму я з сур'ёзным i ў меру захопленым тварам паслухала выбраныя куплет i прыпеў, i яшчэ раз, i яшчэ шмат, шмат разоў — пасля нагадала, што спрачацца аб густах справа для ўсiх бакоў загадзя пройгрышная i бессэнсоўная, i на тым тэму бацькоўскай адсталасцi ад музычнай моды закрылi. А праз некалькi дзён пачула знаёмыя акорды — дачка стамiлася ад танцаў i ўключыла сваю любiмую песню — «Хоць паверце, хоць праверце...» з савецкага мультфiльма «Папялушка», якой хутка будзе ўжо 50 (!) гадоў.

Успомнiла ўласнае дзяцiнства i ўявiла на хвiлiнку, што трывалi нашы бацькi ад трох дачок з улiкам цалкам розных музычных густаў — адной падабалася Таня Буланава i ейныя «пакуты юнага Вертэра», што гучалi з кожнага праса, другая ўключала як мага гучней падлеткавы запал «Iванушак International», трэцяя пагрузiлася ў панк-рок пад далёка не пяшчотныя песнi «Сектара Газа» i крадком перапiсвала ў сяброў касеты, ад гучання якiх, часта паўтарала мама, ва ўсяго пад'езда з'явiлася заўчасная сiвiзна... Але галоўнае, за што, як падазравала тады i дакладна ведаю цяпер, варта было сказаць бацькам дзякуй — яны не перашкаджалi нам крыху шалець ад мiтуслiвай музычнай моды, нават калi тая часам была антымузычная, i праходзiць з любiмымi выканаўцамi i гуртамi свае крызiсы росту i сталення. Так што мы з сёстрамi адслухалi ўсё тое, пра што цяпер з усмешкай кажам: «Якi жах нам падабаўся, уявi?» А паралельна мiжволi прыслухоўвалiся, як тата круцiць пад настрой пласцiнкi i касеты Уладзiмiра Высоцкага, а мама падпявае ўлюбёным запiсам Сальваторэ Адама i Джо Дасена. Прыслухоўвалiся, нешта прапускалi мiма вушэй, а сёе-тое ўбiралi ў сябе i пачыналi слухаць далей — музыку, якая падабалася нашым бацькам, iх бацькам i гэтак далей, ад фолку да джазу, ад року да класiкi. Часам, прызнаюся, музычнай школы i «наслуханасцi» не хапае, аднак сёння — залаты час, каб не толькi складаць свае асабiстыя плэй-лiсты, але i навярстаць прапушчанае, знайсцi i пазнаёмiцца з недаслуханым калiсьцi.

Я часта назiраю гэты эфект на розных музычных конкурсах — калi штогод пiшуцца новыя песнi, а сучасныя дзецi i падлеткi нярэдка выбiраюць для выканання не хiты-аднадзёнкi, а «класiку», старэйшую за iх самiх у шмат разоў. Помню, спецыяльна ўдакладняла ў педагогаў: вы параiлi? «Ведаеце, гэтым дзецям ужо так проста не параiш, можна толькi падказаць, але музычны густ i «чуйку» яны маюць i выбiраюць кампазiцыi самi», — чула ў адказ. А самi юныя выканаўцы тлумачылi: проста песня спадабалася, i якая рознiца, цi модная яна?.. З той пары я пра «сапраўдную музыку» нi з кiм не спрачаюся — лiчу, час лепей за любога знаўцу пакажа: iдзе гаворка пра «самы гарачы хiт бягучага лета», якi забудзецца праз месяц, цi пра мелодыю, якая застанецца ў памяцi слухачоў на доўгiя гады.

Выбачайце, калi што, Клава i ўсе астатнiя :)

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота: pinterest.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.