Вы тут

Сядзiбы прапануюць: хатка на дрэве, дзявочыя сакрэты i беларускiя iндзейцы


Басанож прабегчыся па расе, даведацца, як пахне чабор, пакаштаваць чарнiцы з куста... Ну чаго яшчэ жадаць ад дзiцячага лета! I ўсё гэта можна падарыць хлопчыкам i дзяўчынкам, нават калi вашы бабулi даўно перабралiся жыць у горад, а лецiшчам вы так i не абзавялiся. Цяпер аграсядзiбы ладзяць разнастайныя летнiкi для малых. Сёлета такi адпачынак асаблiва запатрабаваны — у адрозненне ад звычайных стацыянарных лагераў, сядзiбы прымаюць невялiкiя групы дзяцей, на што падчас каранавiруса бацькi звяртаюць увагу.


У вёсцы Зароўе Лепельскага раёна, што на Вiцебшчыне, на гэты час тэрыторыя сядзiбы «Лясны дом» ператварылася ў сапраўднае дзявочае царства. Кожная ранiца ў маленькiх прыгажунь пачынаецца з ёгi i майстар-класаў па прыгатаваннi розных жаночых штучак. Тут вараць мыла, робяць свечкi i ўпрыгажэннi, разам гатуюць прысмакi, знаёмяцца з зёлкамi, нарыхтоўваюць iх, вядуць дзённiкi, ставяць спектаклi, танцуюць i спяваюць беларускiя народныя песнi, спасцiгаюць сакрэты прыгажосцi. А ўвечары паляць вогнiшчы, чытаюць кнiгi, iграюць на музычных iнструментах. Тут можна быць самой сабой, дзялiцца з сяброўкамi патаемным, загадваць жаданнi. Удалечынi ад гарадской мiтуснi дзяўчаты вучацца заўважаць, якi непаўторны свет навокал, адчуваць яго гукi i водары, задумваюцца, што такое сапраўдныя хараство, сяброўства, гармонiя.

Побач у лесе разбiты палатачны гарадок для маленькiх мужчын. Аляксей Харужка — iнжынер i выкладчык, арганiзатар актыўных тураў i падарожжаў, якi мае вопыт выжывання ў любой мясцовасцi, а таксама Сяргей Цiмавец — кiраўнiк сядзiбнага праекта «Лясны дом», прафесiянал у справе экабудоўлi, дзеляцца сваiмi ведамi з хлопчыкамi. У праграме лагера — паходы, даследаванне закiнутых месцаў у лесе, пошук былых пасяленняў людзей, навучанне лазанню па дрэвах са страхоўкай, вязанне вузлоў, назiранне за прыроднымi сiстэмамi, вызначэнне напрамку руху рэк, даследаванне раслiннасцi на розных участках лесу, пабудова хаткi на дрэве i паходнай лазнi, вязанне плыта i сплаў праз возера.

У вёсцы Маргi Глыбоцкага раёна адбываецца прысвячэнне ў «iндзейцы». Незвычайны этналагер стварылі гаспадары аграсядзiбы «Утрына» Наталля Трафiмава i Раман Мельнiчэнка. Тут хлопчыкi i дзяўчынкi вучацца ездзiць на конях, як гэта рабiлi сапраўдныя iндзейцы — без сядла. Даведваюцца, хто такiя хаскi, катаюцца на iх, збiраюцца на савет каля вогнiшча разам з павадыром Хуакасам, робяць сувенiры сваiмi рукамi. Дарэчы, размяшчаюцца дзецi ў традыцыйным iндзейскiм жытле — цiпi.

А вось у «Таццянiнай сядзiбе», што ў вёсцы Шыпкi Вiлейскага раёна на Мiншчыне, гаспадары пастаралiся стварыць такiя ўмовы, каб дзецi адчувалi сябе як у гасцях у бабулi. Малыя жывуць ва ўтульным дамку ў пакоях на 2-4 чалавекi, побач — прыгожы сад, месцы для гульняў i тэраса, дзе можна праводзiць разнастайныя мерапрыемствы: танцы, спектаклi, дыскатэкi. А яшчэ iх чакаюць творчыя i кулiнарныя майстар-класы, навучанне яздзе на конях, катанне на лодках, уласныя паказы мод i канцэрты...

Калi ж бацькi пакуль не гатовыя адпусцiць малых адных у летнiкi, можна паехаць у сядзiбы разам. Сёння шмат прапаноў для сямейнага адпачынку. Чаму б не выбрацца з экскурсiяй на страўсiную цi слiмаковую ферму, у кантактны заапарк, музей пчол або старажытных музычных iнструментаў, у конны паход, вяровачны гарадок, не ўзяць напракат веласiпед альбо байдарку? Можна падарожнiчаць па ўжо вядомых агратурыстычных маршрутах «Валожынскiя гасцiнцы», «Вялесаў шлях» цi апрабаваць новы «Муховецька кумора», якi звязвае Кобрынскi i Жабiнкаўскi раёны. Кожны такi маршрут аб'ядноўвае гаспадароў аграсядзiб, рамеснiкаў, мясцовыя школы i ўстановы культуры, дорыць многа эмоцый, адкрыццяў i знаёмстваў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.