Вы тут

Чыжык альбо лірнік беларускі? Да 140-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Гальяша Леўчыка


Імя Гальяша Леўчыка (сапр. Ляўковіч Ілья Міхайлавіч) мала вядома сучаснаму беларусу, але на пачатку ХХ ст. гэты малады паэт актыўна ўключыўся ў нацыянальную беларускую справу, стаўшы адным з «нашаніўцаў». Тады ж з-пад яго пяра нарадзіўся зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (1912). З ім ён і асацыіруецца для многіх даследчыкаў літаратурнай спадчыны беларусаў.


Творчасць Леўчыка на гэтым не перапынілася. Вядома, што ён падрыхтаваў да друку новы паэтычны зборнік «Жаўранак беларускі», прасіў Беларускае выдавецкае таварыства аб перавыданні першага зборніка, толькі ўжо кірыліцай замест лацінкі. У другой палове 1920-х гг. ім была складзена кніга з малюнкамі «Мудра прыгаворка — соладка і горка», у якую ўвайшлі 138 трыялетаў, і зборнік сатыры з карыкатурамі. Гальяш быў паэтам, перакладчыкам, мастаком і меў магчымасць прафінансаваць выданне сваіх кніг. Але, на жаль, ніводная з іх так і не была надрукавана. Паасобныя трыялеты, адзінкавыя яго вершы можна знайсці на старонках розных заходнебеларускіх газет, некаторыя з іх увайшлі ў «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры» Ігната Дварчаніна. Вядомы беларускі літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік назваў 1920-я гады перыядам «выразнага творчага ўздыму» Г. Леўчыка.

Найбольш поўна творчую спадчыну і эпісталярый паэта сабралі ў кнізе «Доля і хлеб» да 100-годдзя Г. Леўчыка беларускія літаратуразнаўцы Я. Саламевіч і Н. Ляшковіч. Большасць даследчыкаў літаратуры, якія пісалі пра Г. Леўчыка, пакідалі па-за ўвагай адзін важны аспект яго асабістага жыцця  — выхад з касцёла і далучэнне да метадысцкай царквы. Зразумела, што складальнікі зборніка «Доля і хлеб» у 1980 г. маглі спецыяльна не пісаць пра гэта, бо праз згадкі Бога і рэлігіі цэнзура магла б не прапусціць да друку ўвесь зборнік. Аднак застаецца фактам: у той час літаратуразнаўцы ні слова не сказалі пра яго духоўную паэзію, якая нарадзілася ў выніку пакаяння і збліжэння з метадыстамі. Нямногім вядома, што каля 1924 г., жывучы ў Варшаве, Гальяш Леўчык пазнаёміўся з місіянерамі гэтай царквы і стаў актыўным пашыральнікам метадызму сярод беларусаў. Ён шчыра верыў, што метадызм зможа стаць нацыянальнай царквой для беларусаў і жадаў пазнаёміць сваіх землякоў з асновамі гэтага веравучэння, перакладаў яго на беларускую мову.

Усведамленне Бога як адзіна правільнага шляху моцна паўплывала на жыццё Гальяша і надало натхненне і новы накірунак для творчасці. Ён стварае шэраг твораў на духоўныя тэмы. Г. Леўчык становіцца адным з аўтараў беларускамоўных рэлігійных выданняў «Дух і Праўда», «Светач Хрыстовае Навукі», актыўна займаецца перакладам хрысціянскіх гімнаў на беларускую мову. У 1925 г. у Вільні свет пабачыў першы спеўнік для беларусаў «Песьні духоўныя з Гарфы Сіонскай» з 12 гімнаў. Другое, пашыранае, выданне зборніка, якое з’явілася праз два гады, налічвала ўжо 20. Нарэшце, у 1930 г. пад назвай «Божая ліра» з’явіўся трэці зборнік, які змяшчаў 145 вядомых хрысціянскіх гімнаў. Выданне да друку падрыхтаваў Г. Леўчык, які зрабіў пераклад большасці надрукаваных спеваў. Пра тое, як нара-дзілася ў яго жаданне заняцца гэтай працай, апавядае дакумент, напісаны суперінтэндантам метадысцкай царквы ў Польшчы Эдмундам Чэмберсам і надрукаваны па-англійску ў метадысцкім часопісе «Місіянерскі голас» у 1931 годзе. Прапануем азнаёміцца з гэтым дакументам, перакладзеным на беларускую мову. Ён апавядае, як нарадзілася «Божая ліра». На такой назве зборніка настаяў сам Г. Леўчык. Ён таксама парупіўся аб аздабленні вокладкі выявай ліры і абвясціў, што ў далейшым збіраецца, як лірнік, пехам пайсці па беларускіх вёсках, у спевах распаўсюджваючы Евангелле сярод свайго народа. Ці не будзе больш адпаведным называць адгэтуль Гальяша Леўчыка не «чыжыкам», а «лірнікам» беларускім?

Дазвольце апавесці вам добрую гісторыю

Эдмунд Чэмберс апавядае як Гальяш Ляўковіч стаў вернікам Метадысцкай царквы ў Варшаве, і потым прымусіў «Джона Уэслі заспяваць у Беларусі».

Гальяш Ляўковіч з’яўляецца дабраахвотным хрысціянскім супрацоўнікам у Польшчы. Зусім нядаўна ён працаваў канторскім служачым пры магістраце Варшавы, але калі прыйшлі палітычныя перамены, спачатку немцы занялі месца рускіх, а потым палякі выціснулі немцаў, ён згубіў сваё месца працы ў гэтай сумяціцы. Аднак, паколькі ён не лічыўся ворагам Польшчы, то яму была прызначана невялікая пенсія штомесяц, якая забяспечыла пакрыццё яго простых патрэбаў.

Але ў душы Гальяша хаваецца не проста пісар. Ён любіць свой беларускі народ і складае вершы. Выхаваны ў складанай школе жыцця, ён у многім ёсць цяжкім чалавекам. У сварках, якія ён вельмі любіць, ён заўжды займае ваяўнічую пазіцыю. Ён чакае, што яму будуць супрацьстаяць, нападаць і ставіцца з непаразуменнем і гатовы да гэтага. І гора таму чалавеку, хто стане на яго шляху. Ён не адступіцца ад свайго лёгка. Калі ён абмяркоўвае палітыку, рэлігію ці якую іншую тэму, твар Гальяша блішчыць святлом змагання. Непрыветлівы выгляд і любоў да змагання прымушаюць многіх пазбягаць яго. Без жонкі, дзяцей, і нават сваякоў, яго жыццё было самотным і не ведала любові.

Але каля чатырох гадоў таму адбылася перамена. Ён пазнаёміўся з некаторымі метадыстамі ў Варшаве і зацікавіўся іх вучэннем. Яшчэ больш яго прывабілі сяброўства і давер, якія яны праявілі да яго.

Перад ім адкрыўся новы і невядомы дагэтуль свет — свет добрага спачування і супрацоўніцтва без нейкіх карыслівых мэтаў.

Яго сэрца адгукнулася на гэты заклік. Гальяш далучыўся да метадысцкай царквы.

Нейкі сябар з Амерыкі даслаў праз біскупа тры сотні даляраў, каб пасадзейнічаць працы ў Польшчы. Яны былі скіраваны на служэнне беларусам, каб падрыхтаваць і надрукаваць беларускамоўны зборнік метадысцкіх гімнаў і музыкі. Гэта запала ў вушы Гальяшу. Яго любоў да паэзіі, музыкі і рэлігіі, аб’яднаныя з любоўю да свайго народа паспрыялі таму, што гэтая праца была даверана яму. У яго з’явілася магчымасць паслужыць! Гэта магло стаць сведчаннем для царквы і для яго народа пра рэальнасць пераменаў, якія адбыліся ў яго жыцці. Справы лепш за словы!

На яго вялікую радасць ён атрымаў даручэнне  — «прымусіць Джона Уэслі заспяваць у Беларусі». І ў мінулым студзені ён пераехаў на пражыванне ў Вільню, дзе быў наладжаны беларускамоўны друк і меліся сябры, якія маглі дапамагчы з літаратурнай апрацоўкай тэкстаў.

На працягу сямі месяцаў ён жыў у тым горадзе за свой уласны кошт, просячы толькі каб былі пакрыты некаторыя экстра выдаткі, якія перавышалі яго сціплыя сродкі на існаванне. Ён пераклаў гімны, альбо спраўдзіў ужо існуючыя пераклады, узгадніў словы і музыку, кіраваў працэсам іх друку, і нарэшце ў жніўні прадставіў завершаную кнігу, словы і музыку 150 гімнаў з псалмамі і парадкам служэння хлебаламання на адвароце. Толькі той, хто рабіў падобную працу, ведае колькі гэта вымагае высілкаў, але для яго гэта была ўлюбёная справа. І настолькі, што сакратару рэдакцыі давялося абмяжоўваць яго памкненні аздобіць усю кнігу прыгожымі малюнкамі, прывабнымі для простых вясковых людзей. Адным з малюнкаў, на змяшчэнні якога ўсё ж настаяў Гальяш, акрамя надрукаваных на свабодных месцах хрысціянскіх сімвалаў, — была выява старога музыкі, які граў на сваёй «ліры». І сама кніга была названа «Хрысціянская Ліра», ці «Божая Ліра».

Зараз уся праца ўжо скончана і Гальяш мусіць знайсці наступную справу. Я абмяркоўваў з ім яго планы на будучыню. Як і трэба было чакаць, яны адпавядаюць яго характару — ён збіраецца стаць сучасным бардам ці спеваком. З лірай у руках і са словамі і мелодыямі нашых любімых метадысцкіх гімнаў на вуснах, Гальяш збіраецца вандраваць пешкам ад вёскі да вёскі, абвяшчаючы спевамі Евангелле свайму народу. Жыццё будзе складаным, але што можа быць лепшым служэннем Богу праз таго, хто па характару і жыццёваму досведу падрыхтаваны да змагання з цяжкасцямі? Некалькімі гадамі раней любоў Бога праз Хрыста змагла нарадзіць [у ім] ласку, сілу і прыгажосць жыцця. Можам верыць, што Гаспадар, які бачыць усё, скажа пра такога як Гальяш, як ён аднойчы сказаў жанчыне, якая аддала ўсё што магла Госпаду, «Ён зрабіў тое, што ён мог». Чаго яшчэ можа любы з нас пажадаць, як не такога падсумавання вынікаў нашага жыцця ў дзень, калі будуць улічаны ўсе нашы намеры, магчымасці і дасягненні?

У 1930-я гг. Г. Леўчык натхніў пастара Яна Пятроўскага заняцца выданнем беларускамоўнага евангельскага часопіса «Светач Хрысціянскае Навукі». На яго старонках сустракаюцца зусім малавядомыя творы паэта, якіх няма ў зборніках ці хрэстаматыях па літаратуры. Раней пра паэзію Г. Леўчыка літаратурныя крытыкі пісалі, што яна пакутная, напоўненая журбой, шкадаваннем, плачам. Духоўныя ж вершы 1930-х гг. адметныя зусім іншым успрыманнем і адлюстраваннем рэчаіснасці. У творах паэта гэтага часу з’яўляецца вера і надзея, што беларускі народ знойдзе дарогу да Хрыста, які «прыйдзе ў родны хаты».

Струна

(Санэт)

Адну струну я выняў з сэрца — жальбавỳю —

Сярэбрану струну, як быццам павуціну,

І нацягнуў на ліру — зтуль яе ня выну —

Няхай зьвініць і сочыць сьлёзы — я іх чую…

І зазьвінела струнка — як вясной дуброва,

І сьлёзну жальбу грае — ўсім уходзіць ў грудзі,

І слухаюць струны той сьлёзну жальбу людзі,

І капаюць на сэрцы сьлёзы — ўсё на нова…

Вось нацягнуў струнỳ я на сялянскай ліры,

Дый хачỳ, каб сόнца сáмо ветрам грала,

Усім братом і сёстрам голас працы шчыры,

І цэламу народу граць не пакідала,

Усе каб чулі людзі, як струна іграе —

Чаго люд беларускі для жыцьця жадае! —

(З ліста да Я. Пятроўскага ад 15.01.1939 г. З фондаў БДАМЛМ)

 

Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос! З вясной ідзе —

Усюды песняй раздаецца —

Вялікдзень ў шчасце нас вядзе,

А сэрца к’ сонейку аж рвецца!

Хрыстос уваскрос. Адродзіць ўсё —

Ўжо воды скідваюць аковы —

Дасць Бог, што новае жыццё

Знясе нам сумны час зімовы!

Ўставай хутчэй і кідай сон —

Ўжо сонейка ўсім ярка ззяе —

Хрыстос, як велікодны звон,

Нам у сэрцы радасна спявае!

Бядак, багач, батрак, паны:

Ён кліча ўсіх да адраджэння —

Ўставай з грахоў, пачуй — званы!

Ўваскрэснуць добры лятуценні!

Зямелька родна кліча вас:

Работнік, пан, сявец, араты —

Ўставайце! Сеяць Праўду час!

Хрыстос ідзе у родны хаты!

 

Новая дарога

Шукайма новае дарогі!

Свет грэшны вельмі, свету путы

Без спагадання, злосны, люты; —

Адкуль браць сіл, дастаць падмогі?

Шукайма ў Хрысце дарогі!

Ёсць жывы, любячыя сэрцы:

Жадаюць шчасця, адраджэння

Для маладога пакалення;

Адважна клічуць без трывогі:

Шукайма ў Хрысце дарогі!

Мы не ў пустыні і не самі,

І не адна ідзе дарога —

Дарог, як зор — як думак Бога,

Агнём ірдзеюць перамогі —

Шукайма ў Хрысце дарогі!

Шукайма новае дарогі

Да тых святынь жыцця, мастацтва,

Да тых святых абшараў брацтва —

І ты — багаты, і — убогі –

Шукайма ў Хрысце дарогі!

1937 г.

Юрась БАЧЫШЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.