Вы тут

«Астрамечаўскі рукапіс». Трыццаты па ліку


Нагадаем, альманах выходзіць штоквартал у Брэсце. Яго заснавальнікі  — Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама, Брэсцкае аддзяленне СПБ, Брэсцкая раённая бібліятэчная сетка. Рэдактар і ўкладальнік — Аляксандр Валковіч.


Другі ў 2020 годзе (і 30-ы з часу заснавання) нумар «Астрамечаўскага рукапісу» ў значнай ступені прысвечаны тэме Вялікай Перамогі. Зразумела, невыпадковай з’яўляецца рубрыка «Беларусь памятае». Тэма Вялікай Айчыннай, ушанавання памяці пра землякоў, якія загінулі, — у артыкулах, карэспандэнцыях Васіля Басацкага, Яўгена Бабенкова, Марыны Самасевіч, Аляксандра Колесава, Наталлі Талкачовай, Зоі Федчанкавай.

Матэрыялы досыць грунтоўныя, ілюстраваныя. У гэтым  — таксама адметнасць краязнаўчага альманаха. Пройдзе час і, магчыма, адзінай публіцыстычнай, візуальнай і ілюстрацыйнай крыніцай да той ці іншай рэгіянальнай тэмы будуць якраз старонкі «Астрамечаўскага рукапісу».

Іншыя раздзелы, рубрыкі альманаха — «Святкаванне 75-годдзя Перамогі», «Астрамечава і астрамечаўцы», «Чароўныя спевы і паданні», «Народныя святы і  паданні», «Літаратурная сядзіба», «Вернісаж», «Калаўрот культурнага жыцця», «Старонкі гісторыі». У публікацыях  — гісторыя і сучаснасць. Відавочна, што ў значнай ступені пазіцыя рэдактара выдання, заснавальнікаў якраз і заключаецца ў тым, каб адлюстраваць сучаснае жыццё рэгіёна.

Функцыянальна гэта, несумненна, апраўдана. Хаця хацелася б бачыць болей насычаным такі, напрыклад, раздзел, як «Старонкі гісторыі». У апошнім нумары змешчаны публікацыі «Гісторыя брэсцкай вёскі Аркадзія з XVII стагоддзя» Наталлі Шляжко і «Камень з вёскі Кабёлка Брэсцкага раёна, які крычыць» Віктара Гайдучыка. Дарэчы, пошук аўтара другога артыкула быў справакаваны ранейшай публікацыяй у «Астрамечаўскім рукапісе» — запісанага ў 2012 годзе студэнткай філфака Брэсцкага дзяржуніверсітэта падання ад жыхаркі вёскі Кабёлка. Так што, выснова наступная: чытайце ўважліва фальклорныя запісы, якія сістэмна друкуюцца ў альманаху.

Вось і ў гэтым нумары выдання доктар філалагічных навук Іна Швед змясціла артыкул «Русальны тыдзень на Берасцейшчыне», грунтоўна апісаўшы народную традыцыю. «Адным з вельмі шанаваных у народным календары жыхароў Берасцейшчыны тыдняў з’яўляецца Русальніца, якая пачыналася ў панядзелак пасля Сёмухі. У гэты час забаранялася прасці і ткаць, садзіць гародніну, гарадзіць платы і падобнае. Асабліва сцерагліся працаваць у “Градовую” (“Сухую”) сераду (як і пасля Пасхі), каб не наклікаць градабой, навальніцу ці засуху», — пачынае расповед глыбокі знаўца берасцейскага і ўвогуле беларускага фальклору Іна Швед.

Далей ідуць запісы песень-вяснянак, звязаных з рытуалам гукання вясны. Адрас запісаў — вёска Ляплёўка Брэсцкага раёна. Фальклорныя матэрыялы, якія змяшчаюцца ў «Астрамечаўскім рукапісе», як правіла, з адпаведнымі каментарыямі,  — добры ўзор выкарыстання фальклору ў вывучэнні пэўнай мясцовасці. І выдатна, што ў рэдактара выдання ёсць такі памагаты, як кіраўнік лабараторыі «Фальклор і краязнаўства» Іна Швед.

Складзеныя разам, яе публікацыі ўяўляюць цэласную фальклорную рэгіёназнаўчую кнігу. І яе трэба было б выдаць асобна. Як прыватная, магчыма, у нейкай ступені суб’ектыўная парада для фарміравання зместу альманаха.

Варта было б надрукаваць у «Астрамечаўскім рукапісе» інструкцыю па арганізацыі фальклорных запісаў. Некалі такія практыкі былі ў краязнаўчых выданняў 1920-х гадоў. Можна нават перадрукаваць адну з публікацый славутага беларускага часопіса «Наш край». Альбо такую рэкамендацыйную інструкцыю з улікам сучаснага досведу выкладзе Іна Швед. Навошта гэта трэба? Каб прыцягнуць да запісаў новых патэнцыйных аўтараў  — бібліятэкараў, супрацоўнікаў клубных устаноў.

«Астрамечаўскі рукапіс», які, безумоўна, з’яўляецца на свет і дзякуючы энтузіязму, публіцыстычным і краязнаўчым зацікаўленням Аляксандра Валковіча,  — унікальны ўзор выдання краязнаўчай перыёдыкі ў нашай краіне. Прыйдзе час  — і яго нумары складуць адметную краязнаўчую энцыклапедыю па вывучэнні жыцця Брэсцкага раёна.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.