Вы тут

Сенатар Васіль Маркевіч правёў некалькі выязных прыёмаў


Васіля Маркевіча ў акрузе ведаюць. Генеральны дырэктар ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Баранавіцкага раёна яшчэ да таго, як стаць членам Савета Рэспублікі, шмат зрабіў для школ, устаноў здароўя, іншых сацыяльных аб'ектаў на тэрыторыі гаспадаркі. Акцыянернае таварыства заўсёды падтрымлівала пенсіянераў, дапамагала жыхарам вёсак. Таму на прыёме ў сенатара звычайна бывае шматлюдна.


Фота: produkt.by

Вось і сёлета член Савета Рэспублікі правёў некалькі выязных прыёмаў, на якія прыходзілі людзі з рознымі пытаннямі. Традыцыйна многа зваротаў датычылася рамонту дарог і добраўпарадкавання тэрыторый, абсталявання прыпынкаў у вёсках, былі прапановы аб уладкаванні ФАПаў, устаноў культуры. Па-ранейшаму на адрас парламентарыя паступае нямала просьбаў дапамагчы ў працаўладкаванні. Нярэдка да сенатара прыходзяць людзі, якім знайсці рабочае месца самастойна няпроста. Гэта можа быць звязана са станам здароўя, сямейным становішчам, іншымі абставінамі. Так было, напрыклад, у Рэгіны Г. з пасёлка Жамчужны. Ва ўзросце 27 гадоў жанчына стала інвалідам другой групы, а да гэтага, вядома, працавала. Але праз сем гадоў ёй удалося перамагчы хваробу, атрымаць законнае права на працу. Ды з трэцяй групай інваліднасці, пасля доўгага перапынку ў працоўным стажы знайсці работу аказалася складана, тым больш што работа павінна адпавядаць стану здароўя. З гэтай праблемай Рэгіна Міхайлаўна і прыйшла на прыём. Цяпер яна працуе аператарам ЭВМ і вельмі ўдзячная сенатару за чуласць і дапамогу.

У яе аднасяльчанкі Вольгі сітуацыя была таксама складаная. Жанчына адна выхоўвае дваіх дзяцей, ды яшчэ на руках бацька-інвалід, якога трэба даглядаць. З дапамогай сенатара ўдалося знайсці работу з рухомым графікам, каб можна было пры неабходнасці бываць дома. З працаўладкаваннем дэпутат парламента памог і маладым мужчынам, якія дэмабілізаваліся пасля тэрміновай службы ў войску, і яшчэ адной жанчыне, якая даглядае састарэлага бацьку ў вёсцы Стайкі.

Добрыя словы ў адрас сенатара прагучалі ў Пачапаўскай сярэдняй школе. Яе дырэктар Валянціна Скараход таксама сёлета была на прыёме. У выніку школа атрымала тэнісны стол і іншае абсталяванне для гуртка настольнага тэніса. Акрамя таго, да пачатку новага навучальнага года будзе адрамантаваны ганак будынка школы за кошт гаспадаркі. Работа ўжо вядзецца.

— «Дружба» — нашы даўнія і надзейныя шэфы, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — Ніхто і ніколі столькі школе не дапамагаў, як гэтае прадпрыемства. Ці трэба нам музычны інструмент, ці жалюзі на вокны, ці нейкі сур'ёзны дапаможнік для ўдасканалення вучэбнага працэсу — мы звярталіся да Васіля Пятровіча і ніколі не чулі адмовы. Ужо восем гадоў нашых дзяцей з навакольных вёсак падвозяць у школу аўтобусы «Дружбы». Настаўнікі, якія ездзяць на работу з горада, а таксама Сталовіч, Гарадзішча, гадамі карыстаюцца транспартам прадпрыемства. Апошняе — хай і невялікія, але важныя знакі ўвагі, якія сведчаць пра павагу аграрыяў да працы сельскіх настаўнікаў. Мы разумеем, што за гэта павінны быць удзячны менавіта Васілю Пятровічу, бо сацыяльны аспект палітыкі прадпрыемства нароўні з іншымі аспектамі зыходзіць, вядома, ад яго — кіраўніка. Такія людзі, як Маркевіч, і павінны прадстаўляць нашы інтарэсы ў Савеце Рэспублікі, — падсумавала дырэктар школы.

У Гарадзішчанскім сельскім Савеце расказалі, што дэпутат Маркевіч паспрыяў рамонту асобных участкаў дарогі, аб чым яго прасілі жыхары вёсак на прыёмах. Дарогу паправілі спецыялісты дарожных арганізацый.

Сам Васіль Маркевіч на пытанне карэспандэнта «МС» аб яго рабоце ў акрузе адказаў вельмі сціпла: «Стараемся людзям дапамагаць па меры магчымасці». Пэўна, больш і не трэба нічога дадаваць, справы кажуць за сябе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Калі справы за сябе кажуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.