Вы тут

«Барысаў-Арэна» займае сёмае месца ў рэйтынгу найлепшых стадыёнаў свету


Знешняму выгляду Барысава дадае прывабнасці велічнае спартыўнае збудаванне — стадыён «Барысаў-Арэна». Ён уражвае сваёй незвычайнай футурыстычнай архітэктурай. Зверху стадыён нагадвае сапраўдны касмічны карабель. Звонку ён аздоблены металічнымі лістамі, якія перамяжоўваюцца з тэкстыльнымі ўстаўкамі, што спрыяе паступленню святла і хавае дэталі канструкцыі. У тарцах даху ўстаноўлены пражэктары для асвятлення гульнявога поля памерам 105 на 68 метраў. Вакол арэны таксама стаяць пражэктары, якія асвятляюць тэрыторыю ў цёмны час сутак, што выгадна падкрэслівае архітэктурную форму збудавання.


fcbate.by

Дзяржаўная спартыўная ўстанова «Барысаў-Арэна» — гэта самы сучасны шматфункцыянальны футбольны стадыён у Беларусі, які з'яўляецца дамашняй арэнай для вядомага футбольнага клуба БАТЭ. Тут створаны адмысловыя ўмовы — як для спартсменаў, балельшчыкаў, так і для адпачынку жыхароў і гасцей горада. На арэне налічваецца 13 121 пасадачнае месца, у тым ліку абсталявана 10 VІP-лож, якія змяшчаюць 120 чалавек, 650 месцаў павышанага камфорту, ложа для прэсы на 114 чалавек, зала для прэс-канферэнцый, крама футбольных сувеніраў, кавярня, дзіцячы гульнявы цэнтр, фітнес-зала і трэнажорная зала. На тэрыторыі таксама прадугледжана паркоўка на 1000 месцаў. Яна выглядае маляўніча і арыгінальна, бо пабудавана ў форме пяціканцовай зоркі, промні якой адыходзяць у розныя бакі ад будынка.

«Барысаў-Арэна» з'яўляецца гонарам не толькі жыхароў горада і раёна, але і Мінскай вобласці, і ўсёй Беларусі. Гэты аб'ект па версіі польскага сайта StadіumDB.com займае сёмае месца ў рэйтынгу найлепшых стадыёнаў свету, якія пачалі функцыянаваць у 2014 годзе.

— Я хаджу сюды не толькі паглядзець футбольныя матчы сваёй любімай каманды, але і наведаць трэнажорную залу. Яна прасторная, з сістэмай кандыцыянавання. Заняткі праходзяць пад кантролем вопытных інструктараў, якія могуць скласці індывідуальную праграму трэніровак. Пасля можна расслабіць мышцы ў інфрачырвонай саўне, — расказвае Сяргей, якога я сустрэла непадалёк ад арэны з сябрам Іванам і жонкай Ірынай.

— А я аматар більярда. Менавіта ў більярднай зале пазнаёміўся з новымі сябрамі. І цяпер час ад часу тут сустракаемся. Не дзеля спартыўнага азарту — проста каб з карысцю правесці вольны час, абмяняцца навінамі, пагутарыць, — дадае Іван. — А затым пасядзець у кавярні. Як кажуць, усе выгоды пад адным дахам.

— У нас з Сяргеем сын і дачка ходзяць у дзіцячы садок, — падтрымлівае размову Ірына. — Мы любім адпачываць з малымі ў дзіцячым гульнявым цэнтры. Тут нашы дзеці могуць паскакаць на батуце, пагуляць у лабірынце. Для бацькоў таксама ёсць магчымасць заказаць дзіцячае свята з аніматарам. А падчас футбольнага матча за малымі сочаць спецыялісты.

Ідэя пабудаваць у Барысаве спартыўны аб'ект міжнароднага ўзроўню з'явілася яшчэ ў лістападзе 2010 года. Для яе ажыццяўлення былі запрошаны архітэктары са Славеніі — Шпела Відзечнік і Рок Оман. Менавіта дзякуючы гэтым таленавітым спецыялістам на іх радзіме ў горадзе Марыбор з'явіўся стадыён «Людскі врт». Гэты спартыўны аб'ект быў узяты за ўзор, аднак са значнымі зменамі ў канструкцыі. Узвядзенне «Барысаў-Арэны» працягвалася каля трох гадоў.

З аднаго боку стадыён «глядзіць» у горад, з другога — удала ўпісваецца ў лясны масіў. Форма збудавання дазваляе выдатна канцэнтраваць гук. Адтуліны па ўсёй акружнасці арэны шматфункцыянальныя і перш за ўсё служаць добрай вентыляцыі, што вельмі важна, бо на арэне Барысава выкладзены натуральны газон. Вентыляцыя дазваляе падтрымліваць яго ў раўнамерным выглядзе і выдатным стане.

Спартыўны аб'ект аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое адпавядае ўсім міжнародным нормам і стандартам. Стадыён можа прымаць не толькі паядынкі кваліфікацыйных стадый еўракубкаў, але і сустрэчы Лігі Чэмпіёнаў і Лігі Еўропы аж да паўфіналаў. Афіцыйнае адкрыццё «Барысаў-Арэны» адбылося 3 мая 2014 года фінальным матчам розыгрышу Кубка Беларусі паміж гродзенскім «Нёманам» і салігорскім «Шахцёрам». БАТЭ правёў свой першы матч тут 10 мая 2014 года, прымаючы футбольны клуб «Слуцк». Гаспадары перамаглі.

У цырымоніі закладкі фундамента стадыёна ўзяў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кульмінацыяй урачыстасці стала закладка капсулы з пасланнем нашчадкам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: У выглядзе касмічнага карабля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».