Вы тут

Што ўяўляе сабой адноўленая Гродзенская абласная філармонія?


Год таму яна адкрылася пасля кардынальнай рэканструкцыі. Будынак, якому больш за тры дзесяцігоддзі, узведзены амаль што нанова. На гэта спатрэбілася сем гадоў. Такі тэрмін абумоўлены грандыёзным праектам, на які былі скіраваны намаганні значнага кола спецыялістаў і вялікія капітальныя ўкладанні з боку дзяржавы. І вынік сябе апраўдаў. Леташні чэрвень стаў новым пунктам адліку культурнага жыцця рэгіёна — з новым будынкам, сучаснымі тэхналогіямі і творчым багажом.


grodnonews.by

«Музычны» фасад, Дошка гонару і фантан

Па-першае, змяніўся знешні выгляд абласной філармоніі. Былы палац хімікаў ператварыўся ў мадэрновую канструкцыю са шкла і бетону. Пры гэтым нескладана здагадацца, што гэта культурная ўстанова, — на фасадзе ўстаноўлена выява амаль трохметровай віяланчэлі са шкла і сталі. Яна мае колер неба, а вечарам зіхаціць ад святла пражэктараў. У вестыбюлі пакладзена незвычайная дарожка з мармуру ў выглядзе чорных і белых клавіш раяля. Зразумела, тут пануе музыка. Дарэчы, многія памяшканні філармоніі, у тым ліку сцэна, маюць аздабленне рознымі відамі камянёў асобых парод з выкарыстаннем бліскучага оніксу.

Фасад будынка падобны на вялізны экран са шкла, які сімвалізуе відовішчную прастору. Па яго баках — участкі сцяны, якія нагадваюць канцэртную заслону. Цікавінкай фасада сталі дэкаратыўныя хвалі на фоне цёмнага шкла. Гэтая частка таксама мае адмысловую падсветку.

Значна змянілася і наваколле. У адпаведнасці з праектам, насупраць філармоніі знесены былыя карпусы гарбарнага завода, які перастаў існаваць шмат гадоў таму. Частка тэрыторыі адведзена пад паркоўку. Яшчэ адна важная рыса — абласная Дошка гонару, якая знаходзіцца побач з філармоніяй і ўяўляе сабой даволі арыгінальную канструкцыю. Таксама перад фасадам з'явіўся круглы фантан з музычнай скульптурай.

Новыя ўмовы для гледачоў і артыстаў

Праект у першую чаргу скіраваны на пашырэнне сцэнічнай прасторы. Канцэртная зала павялічылася амаль удвая. Будынак вырас за кошт унутранага дворыка, які раней займаў вялікую плошчу і дазволіў удасканаліць праект. Такім чынам, ад былога палаца хімікаў савецкіх часоў амаль нічога не засталося, акрамя каркаса і нясучых канструкцый. Былі дэманціраваны нават сцены, якія не адпавядалі сучасным нормам. У выніку атрымаўся трохпавярховы стыльны будынак з усімі неабходнымі для філармоніі памяшканнямі, холам для мерапрыемстваў, некалькімі кавярнямі.

Але самым галоўным атрыбутам, безумоўна, з'яўляецца сцэна. На ёй усталявана паваротнае кола, што дазваляе хутка змяняць дэкарацыі. З'явіліся і ўнікальныя для нашай краіны гукавыя панэлі, а таксама першы ў Беларусі святлодыёдны экран. Ён мае радыус павароту 15 градусаў і дае магчымасць адначасова паказаць да 15 розных выяў.

Такой вялікай канцэртнай пляцоўкі не было раней не толькі ў Гродне, але і ў іншых абласных цэнтрах, паведамілі ў філармоніі. Далёка не танным светлавым і гукавым афармленнем начынена не толькі сцэна, але і глядзельная зала, якая разлічана больш чым на 1200 месцаў. Устаноўлена некалькі пультаў кіравання, у тым ліку для відэапраекцыі і светладыёднага экрана. Апаратура дазваляе весці запіс і трансляцыю канцэртаў. Дарэчы, незвычайная падсветка суправаджае наведвальнікаў філармоніі паўсюдна — ад хола да канцэрнай залы. Яна стварае хвалі па фасадзе, якія адлюстроўваюцца ў вялізных вокнах.

Асабліва ўражвае трохметровая люстра, якая важыць ажно 750 кілаграмаў. Трэба сказаць, што такі цуд створаны на лідскім прадпрыемстве, дзе адраджаюць традыцыі шкляной мануфактуры Радзівілаў. Люстры лідскіх майстроў упрыгожваюць многія дзяржаўныя і культурныя ўстановы краіны, у тым ліку Палац незалежнасці, Дзяржаўны цырк, Нясвіжскі палац і многія іншыя значныя аб'екты.

Творчы багаж папоўніцца

За гады рэканструкцыі канцэртнае жыццё ў Гродне значна сцішылася. Гродзенцы вымушаны былі ездзіць на канцэрты славутых артыстаў у іншыя абласныя цэнтры альбо ў сталіцу. Прытым што Гродна па праве лічыцца адным з самых прыгожых і культурных гарадоў краіны.

Па словах начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч, адкрыццё галоўнай канцэртнай сцэны рэгіёна — гэта новая эра ў жыцці ўсёй Гродзеншчыны. Творчая пляцоўка мае ўсе прадумовы ўзняць яе культурнае жыццё на новы, больш маштабны ўзровень, зрабіць гастрольныя афішы насычанымі, а творчасць артыстаў больш разнастайнай. Музычныя калектывы філармоніі добра вядомыя ў нашай краіне і неаднойчы прадстаўлялі Беларусь за мяжой. Гэта аркестр пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова, Гродзенская капэла, ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», ансамблі «Гарадзенскія карункі», «Грацыя», музычны тэатр «Рада», салісты і музыканты. Многія з іх ужо выступілі на адноўленай сцэне перад гледачамі. Разам з тым фармат мерапрыемстваў пашыраецца. Задзейнічана пляцоўка каля філармоніі, але не толькі. Гродзенцам і гасцям горада падабаюцца канцэрты на балконах па аўторках, музычная серада ў гістарычных дворыках. Кожны чацвер адбываецца сустрэча з артыстам на адкрытай пляцоўцы.

Як сведчаць афішы, пра сваё жаданне выступіць заяўляюць многія сусветна вядомыя зоркі. І хоць цяпер канцэртны сезон пакуль сцішыўся, артысты не адмаўляюцца ад тураў, а пераносяць іх на пазнейшы тэрмін.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Сцэна як у сталіцы і першы ў краіне святлодыёдны экран

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.