Вы тут

Чаго дасягнулі нашы будаўнікі за чвэрць стагоддзя?


Так адбылося, што гэты нумар «МС», прысвечаны сферы будаўніцтва, выходзіць акурат паміж двума святамі. 16 ліпеня Міністэрства будоўлі і архітэктуры Беларусі віншавалі са 100-годдзем будаўнічай галіны, а ўжо 9 жніўня працаўнікі адзначаць сваё прафесійнае свята. Чым гэта не нагода ўспомніць, чаго дасягнулі нашы будаўнікі (хай не за сто гадоў, а за апошнюю чвэрць стагоддзя) і за што мы можам сказаць у наступную нядзелю ім дзякуй.…


1. ...за свой дом

У Беларусі ў 2019 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 4 мільёны 61,9 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што перавышае аб'ёмы 2018 года. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1 мільён 619,1 тысячы «квадратаў», або 39,9 % ад агульнага аб'ёму жылля. Для гэтай катэгорыі грамадзян з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 1 мільён 165 тысяч квадратных метраў. У 2020 годзе трэба ўвесці 4 мільёны «квадратаў» жылля. Па звестках Белстата, за студзень—чэрвень сёлета ўведзена ў эксплуатацыю амаль 1800 тысяч.

2. ...за будынкі-сімвалы

Галоўны пункт на карце сталіцы, адкуль разлятаюцца найважнейшыя навіны аб палітычным жыцці краіны, — Палац Незалежнасці, рабочая рэзідэнцыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У кастрычніку будынак будзе адзначаць 7-годдзе з моманту ўзвядзення. Слаўную будучыню і значнасць аб'екта не толькі для краіны, але і для свету прадказала і падзея, якая першай адбылася ў сценах палаца, — пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД. У 2015 годзе аб'ект прагучаў на ўвесь свет дзякуючы перагаворам лідараў «нармандскай чацвёркі» па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Сёння «зялёная» зала, дзе адбываліся перагаворы лідараў Расіі, Германіі, Францыі і Украіны, — адзін з самых цікавых пунктаў у экскурсіі па будынку. Трэба адзначыць, што ў 2019 годзе ў велічнага палаца з'явіўся не менш прыгожы сусед — новы дом Вярхоўнага суда. Чырвоную стужку перарэзаў Прэзідэнт. Ды і ўвогуле раён гэты асаблівы: акрамя двух шыкоўных будынкаў на перасячэнні вуліцы Арлоўскай і праспекта Пераможцаў знаходзяцца абноўлены выставачны комплекс («Рамонак») і Плошча Дзяржаўнага сцяга.

3. ...за «алмаз ведаў»

Менавіта такую мянушку атрымаў будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта брэнд нашай краіны, візітоўка Мінска, якую паказваюць усім турыстам. Паводле задумы аўтараў, форма аграненага алмаза сімвалізуе каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнавальнага свету. У будаўніцтве, якое пачалося ў 2002-м, задзейнічалі амаль 5000 чалавек і 200 арганізацый. У напружаныя перыяды штодзень на пляцоўцы знаходзілася да 3000 чалавек, а работы вяліся 24 гадзіны ў суткі. Адкрыццё Нацыянальнай бібліятэкі святкавалі 16 чэрвеня 2006 года. Агульная плошча будынка — 113 669 квадратаў (чвэрць ад плошчы Ватыкана), вага — 140 тысяч тон (прыкладна ў 14 разоў больш, чым у Эйфелевай вежы).

4. ...за магчымасць ганарыцца спортам

Для развіцця здаровага спосабу жыцця і спорту зроблена шмат і ў галіне будаўніцтва. Часам гэта выклікае своеасаблівую рэакцыю, але, згадзіцеся, менавіта развітая інфраструктура дапамагла беларускаму сцягу ўздымацца вышэй за іншых на міжнародных спартыўных спаборніцтвах.

Выдатны прыклад сучаснай архітэктуры Беларусі — культурна-спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», які аб'ядноўвае лядовы палац на 15 тысяч гледачоў, веладром і канькабежны стадыён. Будаўніцтва «Мінск-Арэны» пачалося вясной 2006 года, скончылася ў 2010-м. Малодшая сястра арэны размясцілася ў 2013 годзе ў Чыжоўцы — лядовая пляцоўка Беларусі, пабудаваная да Чэмпіянату свету па хакеі — 2014. У гэты маштабны комплекс уваходзяць вялікая і малая арэны, агульная зона, дзе знаходзіцца цэнтр адпачынку і забаў. Ну і, зразумела, расказваючы пра спартыўныя аб'екты, нельга не згадаць легендарны стадыён «Дынама», гісторыя якога налічвае ўжо больш за 80 гадоў. У чэрвені 2018 года ён зноў адкрыўся пасля маштабнай рэканструкцыі. Летам 2019-га цэнтральная арэна сталіцы прыняла ІІ Еўрапейскія гульні.

Каментарый у тэму

Аляксандр Бабаловіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, падкрэсліў, што будаўніцтва — галіна эканомікі, якая дае рабочыя месцы, спрыяе развіццю іншых сфер, уносіць лепту ў бюджэт. Таму ёй удзяляецца асаблівая ўвага парламентам і ўрадам. Аляксандр Бабаловіч падзяліўся думкамі, якія значныя аб'екты прадстаўляюць нашу краіну ў сферы спорту, навуцы, культуры.

«За 26 гадоў у нашай краіне пабудавана шмат выдатных аб'ектаў, якія заслугоўваюць увагі і з'яўляюцца візітоўкамі Рэспублікі Беларусь. Гэта адбылося дзякуючы нашым будаўнікам і ўраду. На маю думку, візітоўка краіны — гэта Нацыянальная бібліятэка, якая пабудавана ў 2006 годзе, а яе задума з'явілася ў 2002-м. Гэта досыць арыгінальны будынак — шматгранны куб, які ўвасобіў у сабе сучасны дызайн, незвычайную архітэктуру. Сёння ён мае не толькі багаты склад кніг, але і велізарны функцыянальны цэнтр, дзе праводзяцца нарады, пасяджэнні, форумы. Такіх будынкаў, мабыць, у іншых частках Еўропы няма!

Іншая значная пабудова — «Мінск-Арэна». Яна заслугоўвае ўвагі, бо выкарыстоўваецца для хакея і іншых відаў спорту і накіравана на садзейнічанне здароваму ладу жыцця. Для гэтага ж пабудаваны лядовыя палацы ў рэгіёнах.

Яшчэ адзін аб'ект, які ўвасобіў у сабе навуку і паслужыць для прыцягнення інвестыцый, — наша атамная электрастанцыя. Яна павінна быць уведзена ў найбліжэйшы час», — рэзюмаваў дэпутат.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.