Вы тут

Як новыя пуцеправоды і развязкі змянілі якасць жыцця ў Брэсце


На адкрыцці аднаго з мастоў, якія ўводзілі ў строй цягам дзесяцігоддзя ў абласным цэнтры, прагучала: «Гэты мост быў патрэбны як паветра». Ды ўсе масты так: калі яны ёсць, іх амаль не заўважаеш, едзеш па роўным палатне без затораў і не думаеш пра зручнасць. А вось калі іх няма, альбо калі яны старыя і не спраўляюцца з нагрузкай... Тады жыццё выглядае інакш. Кожны дзень нехта нервуецца і спазняецца, не можа своечасова прыбыць на месца «хуткая» альбо пажарная машына, жыллё страчвае ў цане, інвестары прыходзяць неахвотна, — словам, не развіваецца як след цэлы раён горада. Таму мост — гэта аб'ект для ўсіх.


У гонар старажытнага Бярэсця

Дзесяць гадоў таму на адной з сустрэч з журналістамі тагачасны кіраўнік Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар паказваў схему будучага Заходняга абходу, расказваў, як будуць адзін за другім узводзіцца яго аб'екты. Тады нават не верылася, што такое магчыма за адносна кароткі прамежак часу. Але ўжо ў канцы 2013 года мы прысутнічалі на адкрыцці першай чаргі абходу — моста ў раёне Брэсцкай крэпасці. Гэты мост цераз Мухавец фактычна злучыў Маскоўскі раён Брэста з Ленінскім. Месцазнаходжанне і вызначыла назву: яго назвалі Берасцейскім у гонар старажытнага Бярэсця, бо пабудова моста азначала, што горад у сваім развіцці ўсё бліжэй падыходзіць да месца, адкуль ён пачынаўся 1000 гадоў таму.

Сам мост атрымаўся велічны і прыгожы. Своеасаблівы шарм яму надаюць металічныя аркі-канструкцыі па баках. Даўжыня яго складае 181 метр, шырыня — 40 метраў. Адразу з увядзеннем у строй новага аб'екта гараджане, якія дабіраліся ў цэнтр з мікрараёнаў Вулька і Кавалёва ды прастойвалі ў заторах ад дваццаці да сарака хвілін, адчулі значную палёгку. Ну а з імклівай забудовай зарэчнай часткі Маскоўскага раёна гэты мост набыў асаблівае значэнне.

«Пярсцёнак» Заходняга

А вось галоўную транспартную развязку Заходняга абходу адкрылі год таму, падчас святкавання юбілею горада. Кола развязкі нездарма назвалі галоўным аб'ектам тысячагоддзя. Яго ўзвядзенне змяніла ўсю транспартную карціну горада. Грандыёзны пуцеправод злучыў некалькі міжнародных магістраляў, разгрузіў горад ад затораў, зрабіў яго чысцейшым і больш зручным. Нездарма ж гэты ўнікальны мост назвалі адным з найвялікшых дасягненняў Брэста за апошні час. Самая вялікая развязка краіны зверху нагадвае пярсцёнак, яна вельмі эфектна выглядае з вышыні птушынага палёту. Гэта своеасаблівы сімвал транзітнага горада: усе дарогі ідуць праз Брэст. Тым больш што размешчаны «пярсцёнак» літаральна за некалькі кіламетраў ад граніцы. Заходні абход пабудавалі ў рэкордна кароткія тэрміны — за два з паловай гады.

Сама круглая развязка цалкам вылітая з бетону. У яе, як прамяні, уліваюцца чатыры дарогі. Такім чынам пуцеправод звязаў пагранічныя пераходы «Брэст», «Казловічы», «Макраны» з іншымі аўтадарогамі. Для перавозчыкаў адбылося паляпшэнне лагістыкі, а цэнтр горада вызваліўся ад велікагрузаў. А вось гараджане забыліся пра доўгія заторы перад закрытымі пераездамі — развязку ўзвялі над чыгункай і гэтак знялі вечную праблему жыхароў мікрараёнаў Рэчыца і Дуброўка. Цяпер і са спальных паўднёва-заходніх раёнаў горада можна лёгка трапіць на мінскі напрамак, а таксама на прадпрыемствы свабоднай эканамічнай зоны ў раёне вуліцы Кацін Бор, дзе многія працуюць. Павялічылася хуткасць грамадскага транспарту. Перавагі новай развязкі можна яшчэ доўга пералічваць.

Гэта ўнікальнае збудаванне, якому няма аналагаў у краіне. Даўжыня пуцеправода са з'ездамі складае больш за 2,5 кіламетра. Вонкавы дыяметр кола, якое ўзнята над зямлёй на 10 метраў, складае 140 метраў. Прапускная здольнасць — 2,5 тысячы машын за суткі. Гэтую маналітную канструкцыю перад здачай тэсціравалі павялічанай нагрузкай. Восем грузавікоў з пяском па 33 тоны кожны на пэўны час устанавілі ў цэнтры пралётаў. Электронныя датчыкі не паказалі нават дапушчальных адхіленняў, закладзеных у праекце. Такім чынам спецыялісты ўпэўніліся ў запасе трываласці канструкцыі, якую трымаюць 109 апор-гігантаў.

Названы аб'ект будавалі па праграме святкавання 1000-годдзя Брэста. Нездарма 6 верасня мінулага года кіраўнік краіны свой візіт, прымеркаваны да ўрачыстасцяў з нагоды юбілею горада, пачаў з агляду гэтага важнага аб'екта. Тады ён сказаў: «Вы з гонарам выканалі маё даручэнне. Рашэнне аб узвядзенні гэтага аб'екта было не проста правільнае і своечасовае... Брэст з'яўляецца прыгранічным транзітным горадам, яго чыгуначны вузел — адно са звёнаў новага Шаўковага шляху». Прэзідэнт назваў новую развязку сапраўдным упрыгажэннем Брэста і найлепшым падарункам да тысячагадовага юбілею.

Дарэчы, увесь Заходні абход з улікам першай і другой чаргі, у які ўваходзяць названая круглая развязка, Берасцейскі мост, дарога ў бок вуліцы Паплаўскага, частка праспекта Машэрава, абышоўся ў 180 мільёнаў рублёў. Палова сродкаў была выдзелена з рэспубліканскага бюджэту, другая палова — субвенцыя дарожнага фонду.

З усходу на захад

У Дзень Незалежнасці летась урачыста адкрывалі Кобрынскі мост. Названы пуцеправод — не проста адзін з гарадскіх мастоў, а, у пэўным сэнсе, галоўны мост у горадзе. Ён злучае ўсходнюю частку — вуліцу Маскоўскую, якая плаўна пераходзіць у трасу М1, — з заходняй і цэнтральнай. Турысты, госці горада, якія накіроўваюцца ў крэпасць, абавязкова праязджаюць па гэтым мосце. Шлях большай часткі гараджан, што жывуць у спальных раё-
нах на ўсходзе, паўднёвым усходзе горада, штодня праходзіць праз названы пуцеправод.

Кобрынскі мост упершыню быў узведзены прыблізна сто гадоў таму.

За стагоддзе ён перажыў некалькі рэканструкцый. Гэтым разам яго цалкам знеслі і перабудавалі наноў. Праўда, зносілі часткамі, каб не перакрываць рух зусім на такой важнай дарозе. Падчас адкрыцця прагучалі словы пахвалы дарожнікам, будаўнікам, інжынерам, якія сумелі правесці такую гіганцкую работу з мінімальнымі нязручнасцямі. Бо перад пачаткам будоўлі гаварылася, што адна паласа пэўны час будзе адкрыта толькі для грамадскага транспарту, але за ўвесь час работы так і не перакрывалі рух для іншых машын нават на дзень. Дарожнікі працавалі ў холад, дождж і спёку і не падвялі.

Да рэканструкцыі гэта быў зусім іншы мост. У новым варыянце, па сутнасці, узведзены два новыя пуцеправоды, па тры паласы руху на кожным. З'явіўся падземны пешаходны тунэль, а таксама інфраструктура, якая служыць бяспецы перамяшчэння пешаходаў і транспарту.

Будаўніцтва моста абышлося краіне прыблізна ў 20 мільёнаў рублёў. На яго адкрыцці, дарэчы, адзначалі, што яшчэ пяць-шэсць гадоў таму такая рэканструкцыя выглядала нязбытнай марай. Але дзякуючы таму, што аб'ект быў уключаны ў праграму святкавання тысячагоддзя, мара здзейснілася. Днём мост паспяхова выконвае функцыю сучаснага пуцеправода на галоўнай магістралі горада, а ў цёмны час сутак — яшчэ і ўпрыгожвае яго арыгінальнай падсветкай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з Тэлеграм-канала Аляксандра Рагачука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?