Вы тут

У Гродне ідзе грандыёзная рэканструкцыя моста цераз Нёман


Так склалася, што рака падзяляе горад на дзве часткі. Цяпер дзейнічае тры аўтамабільныя масты. Але пры актыўнай забудове ваколіц і павелічэнні транспартнага патоку вельмі часта на мастах узнікаюць заторы. Каб палепшыць сітуацыю, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне ўвесці ў строй стары чыгуначны мост, злучыўшы яго са шматпавярховай развязкай. Мяркуецца, што адноўлены аб'ект з усёй дарожнай інфраструктурай будзе запушчаны ў эксплуатацыю летам будучага года.


Чыгуначны мост цераз Нёман, даўжынёй 270 метраў, пабудаваны роўна 55 гадоў таму. Ён быў аднакалейны і прызначаўся для злучэння двух хімічных гігантаў горада — прадпрыемстваў «Гродна Азот» і «Хімвалакно». Але паступова патрэба ў перавозцы грузаў па каляіне знікла, і саставы па ёй больш не хадзілі. Між тым аб'ект лічыўся стратэгічным і знаходзіўся пад аховай. Яго тэрыторыю агароджваў калючы дрот, на беразе былі ўстаноўлены вышкі.

Другое жыццё моста пачалося гадоў дзесяць таму. У гэты перыяд стаў весціся дэмантаж чыгуначнага палатна. Але сам мост так і стаяў на сваіх дзевяці апорах на вышыні 32-х метраў над узроўнем ракі. А вось дзесьці праз год мясцовыя ўлады звярнулі ўвагу на аб'ект. Прычым, ідэя прыйшла падчас аблету горада на верталёце. Мост добра разгледзелі і прыйшлі да высновы, што яго можна арганічна ўпісаць у склад вялікай кальцавой дарогі вакол Гродна. І тады можна будзе размеркаваць транспартныя патокі з паўднёвых мікрараёнаў Альшанка і Вішнявец у гістарычны цэнтр горада і паўночную яго частку. Рашэнне тым больш актуальнае, што Гродна лічыцца самым аўтамабільным горадам краіны, дзе на тысячу чалавек прыпадае амаль 400 легкавых аўтамабіляў. Гэта больш, чым у сталіцы.

Разам з «аўтамабільным» статусам, важным аспектам з'яўляецца і рост самога горада. За 10 гадоў ускрайкі значна забудаваліся — вырас паўднёвы напрамак, зараз актыўна будуецца паўночны мікрараён Грандзічы. Многія жывуць у адным канцы горада, а працуюць ці вучацца ў другім. На існуючых трох мастах часта здараюцца заторы. Каб пазбавіцца транспартнага калапсу, было прынята рашэнне перабудаваць чыгуначны мост пад аўтамабільны.

Аб тым, што справа гэта сур'ёзная, сведчыць і праектны этап рэканструкцыі. Не адзін год спатрэбіўся на тое, каб прайсці ўсе неабходныя ўзгадненні. Пры гэтым улічвалася і магчымасць эканамічнага падыходу. Такім чынам удалося скараціць выдаткі амаль утрая. Было вырашана максімальна выкарыстаць сем апор з дзевяці, на якіх стаіць мост. А дзве крайнія часткова разабраць. Увогуле ўсе апорныя канструкцыі значна ўзмацняюцца за кошт жалезабетонных маналітных насадак. Усё выглядае даволі трывала і грунтоўна. Мантаж металічных канструкцый на пралёце вядзецца адначасова з двух берагоў. Даўжыня пралёта складае 240 метраў.

Будаўнічыя работы пачаліся ў канцы мінулага года. Зараз яны вядуцца ад пачатку моста да магістралі М6. Там манціруюцца новыя апоры, робяцца падпорныя сценкі з габіёнавых вырабаў, што надасць канструкцыі дэкаратыўны выгляд. Будаўнікі падыходзяць да пачатку асноўных работ па ўстаноўцы новага пралёта моста і разбіраюць стары. Даўжыня новага пралёта павялічыцца на 15 метраў. Як растлумачыў адказны прараб будаўніцтва Аляксей Аутка, праезная частка цалкам зроблена, на работах на мосце задзейнічана 100 будаўнікоў.

Паралельна вядуцца і дарожныя работы, будуецца другі праезд пад пуцеправодам. Як толькі будзе атрыманы канчатковы праект рэканструкцыі вялікага круга, дарожнікі распачнуць работы на першай чарзе, а гэта выхад ад моста на магістраль. Там з'явіцца складаная шматузроўневая развязка, тып якой вызначаецца як «ліст канюшыны». Яна будзе чатырохпалосная, шырыня адной паласы каля чатырох метраў. Ужо зараз відаць, наколькі шырокай выглядае магістральная дарога, на якую ўкладваецца чарнавы слой асфальту.

Траса будзе добра асвятляцца святлодыёднымі лямпамі, прадугледжаны прыпынкі грамадскага транспарту, у тым ліку для руху бескантактавых тралейбусаў, будуць і падземныя пешаходныя пераходы. Іх установяць з гафрыраваных труб вялікага дыяметра.

Неабходны каментарый

Уладзімір Краўцоў, старшыня Гродзенскага выканаўчага камітэта:

— Мы прыступілі да рэалізацыі глабальнага праекта ў сферы дарожнага будаўніцтва. Гаворка ідзе аб будаўніцтве вялікай аб'язной магістралі вакол Гродна з рэканструкцыяй старога чыгуначнага моста пад аўтамабільны. Першы яе ўчастак звяжа мікрараёны Вішнявец, Паўднёвы і Альшанку з трасай М6 і прамысловай зонай у раёне прадпрыемства «Гродна Азот». Акрамя гэтага, вялікая кальцавая магістраль стане самым кароткім і хуткім спосабам зносін паміж двума жылымі «анклавамі» — мікрараёнамі Паўднёвы і Грандзічы. Усё гэта — вельмі вялікія фінансавыя ўкладанні, але яны эканамічна эфектыўныя і паляпшаюць якасць жыцця нашых людзей.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота grodnonews.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».