Вы тут

Чаму ў Пружаны едуць трэніравацца юныя спартсмены з усёй вобласці


Вольга Уважаная — выключэнне з правіл. Кандыдат у майстры спорту па фігурным катанні, якая ніколі не хацела быць алімпійскай чэмпіёнкай: «Я займалася фігурным катаннем з чатырох гадоў. Мне былі непатрэбныя гучныя спартыўныя дасягненні. Яшчэ ў пятым класе я вырашыла, што хачу быць трэнерам. Мне была цікавая менавіта гэтая сцежка». Мара Вольгі здзейснілася: ужо дзесяць гадоў яна працуе трэнерам-выкладчыкам пружанскай ДЮСШ № 2.


У Пружаны малады спецыяліст трапіла па размеркаванні ва ўніверсітэце. «Атрымала прапанову паехаць у Пружаны. Там якраз адкрылі новы лядовы палац, дзе было шмат лёду і можна было разгарнуць актыўную дзейнасць. Я згадзілася і не пашкадавала. Летась ужо быў мой першы выпуск. Радуе, што ўсе мае вучні паступілі на трэнераў у БДУФК. Я лічу, адпрацаваўшы с выхаванцам больш за дзесяць гадоў, трэнер не мае маральнага права яго кідаць. Або передаваць у надзейныя рукі, або ісці з ім да канца».

За час работы Вольга сабрала ў Пружанах «зборную каманду Брэсцкай вобласці». На заняткі да спецыяліста з'язджаюцца спартсмены з усяго рэгіёна: Яна Шаршуновіч — з Івацэвіч, Злата Амельянюк — з Брэста. Праз рэгулярныя паездкі на трэніроўкі ў Пружаны прайшлі і члэны нацыянальнай зборнай.

Марыя Салдакаева штодзённа праязджала 80 кіламетраў з Брэста, а Мікалай Казлоў ездзіў за 40 кіламетраў з вёскі Лука Кобрынскага раёна. Бацькі фігурыста нават называлі Вольгу Уважаную «другой мамай»: «Цяпер Коля жыве ў інтэрнаце ў Пружанах, а на выхадныя ездзіць дадому. Я стараюся браць удзел у жыцці кожнага спартсмена. Важна, каб яны давяралі мне свае праблемы, перажыванні, радасці. Інакш мы не зможам разам працаваць».

Чаму з усёй Брэстчыны едуць менавіта ў Пружаны? «Так склалася, што ў іншых школах няма патрэбных для фігурыстаў умоў, хоць ёсць добрыя трэнеры, — тлумачыць Вольга. — І дзеці з добрымі вынікамі ездзяць да нас. Гэта вельмі цяжка для бацькоў, якім даводзіцца траціць шмат часу і грошай. Канешне, было б лепш трэніравацца ў сваім горадзе. Я бяру ўсіх дзяцей, але адразу папярэджваю, што будзе цяжка. Я ніколі не вазьму дзіця без размовы з яго трэнерам. Калі ён лічыць, што дзіцяці будзе лепей з ім, я не буду яго забіраць. У нас усё добраахвотна і ўсе разумеюць, на што ідуць».

Праца Вольгі Уважанай і ўсёй пружанскай школы фігурнага катання прыносіць свае вынікі. На чэмпіянаце свету сярод юніёраў 2020 года ў Таліне Мілана Рамашова заняла 12-е месца. Пакуль гэта самае вялікае дасягненне сярод вучняў Вольгі. Два гады таму таленавітую фігурыстку заўважылі на зборах і прапаноўвалі трэніравацца ў спартыўнай школе алімпійскага рэзерву № 1 горада Сочы пад кіраўніцтвам алімпійскага чэмпіёна Аляксея Урманава. Вольга не хавае гонару за вучаніцу: «Мне вельмі прыемна бачыць, як спецылісты групы Аляксея Яўгенавіча цэняць Мілану. Мы заўжды на сувязі, кожны дзень сазвоньваемся, абмяркоўваем планы. І дома, і ў Сочы ў Міланы ёсць падтрымка. Зараз яна працуе са мной. Аднавіла ўсё, што ведала ў мінулым сезоне, трэніруецца, настроеная перамагаць. Хутка вернецца ў Сочы да Аляксея Яўгенавіча. Мы ўсе ўскладаем вялікія надзеі на Мілану. У мінулым сезоне на этапах Гран-пры ў яе былі 16-е і 12-е месцы. У гэтым плануем увайсці ў дзясятку».

Паехаць у Сочы разам з Міланай Вольга не можа. Дома застаюцца спартсмены, якім яна патрэбная. Усяго ў трэнера тры спартыўныя групы. Да фігурыстаў, якія ўжо ўвайшлі ў нацыянальную зборную, сёлета далучыўся 14-гадовы фігурыст з Санкт-Пецярбурга Максім Хрытоненка. Нядрэнныя вынікі паказваюць спартсмены з сярэдняй групы — 10-11 гадоў. У малодшую групу Вольга летась набрала 15 дзяцей 5-6 гадоў. Праўда, часу на іх застаецца мала з-за шматлікіх спаборніцтваў і выездаў: «Пакуль мая мара пра другога трэнера нездзяйсняльная. Маладыя спецыялісты не хочуць ехаць ў Пружаны — аддаюць перавагу Мінску і іншым буйным гарадам. Вядома, цяжка знаходзіць на ўсё час. Але са мной працуе выдатны харэограф Таццяна Хадаровіч, якая мне ва ўсім дапамагае. Нас падтрымлівае наша з'яднанасць і работа на вынік».

Да новага сезона Вольга Уважаная са сваімі вучнямі рыхтуецца на вучэбна-трэніровачных зборах. «Раней летнія зборы мы праводзілі ў асноўным у Пружанах. Сёлета не атрымалася: з-за эпідэміялагічнай сітуацыі не прыехалі расіяне, якія летам выкуплялі лёд у нашым палацы, і кіраўніцтва арэны не палічыла патрэбным заліваць яго дзеля пружанскіх спартсменаў. Таму нам давялося шукаць месцы для трэніровак. Са спартсменамі зборнай і нацыянальнай камандаў мы паехалі спачатку ў Мінск, а потым у Раўбічы. Зараз мы на зборах у Жлобіне. Але няма ліха без дабра: на ўсіх зборах з намі працуе галоўны трэнер нацыянальнай каманды Алег Васільеў. Спартсменам карысна павучыцца ў алімпійскага чэмпіёна. А мне і маім калегам цікава супрацоўнічаць з такім спецыялістам».

Планы на будучы сезон Вольга Уважаная раскрываць не спяшаецца. Прызнаецца, што верыць у прыкметы. Задачы ў трэнера і вучняў стандартныя — адбірацца на міжнародныя спаборніцтвы, у прыватнасці на Гран-пры, і паказваць там выдатныя вынікі.

«Больш за ўсё ў сваёй рабоце я ганаруся тым, што мы прывіваем дзецям любоў да спорту. Як кажа наш харэограф: «Затое нашы дзеці самыя прыгожыя». Яны сапраўды самыя лепшыя, самыя выхаваныя, самыя спартыўныя. Мабыць, наша галоўнае дасягненне заключаецца ў тым, што мы выхоўваем сапраўдных добрых людзей. Мне здаецца, гэта важнейшае нават за самыя гучныя спартыўныя дасягненні».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».