Вы тут

На выхадных пачне цяплець


Вось і заканчваецца другі месяц лета. Ён адзначыўся недаборам ападкаў на большай частцы тэрыторыі, асабліва ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Толькі ў асобных раёнах па цэнтры і ўсходзе Беларусі выпала паўтары-дзве месячныя нормы. Ды і гэта адбылося дзякуючы моцным ліўням. Што да тэмпературы, то яна размеркавалася нераўнамерна. Калі на паўночным усходзе краіны было халадней за норму на 1-2 градусы, то на паўднёвым захадзе, наадварот, на столькі ж цяплей. Ці зменіцца характар надвор'я ў пачатку жніўня? Пра гэта расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Апошні дзень ліпеня нічым не вызначыцца на фоне сваіх папярэднікаў. Удзень на большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер пры гэтым будзе заходні ўмераны, а вось слупкі тэрмометраў пакажуць усяго 17—23 цяпла. Такія паказчыкі ніжэйшыя за кліматычную норму на 2-4 градусы.

Першага жніўня характар надвор'я крыху пагоршыцца. У суботу да нас працягне паступаць няўстойлівае і халаднаватае паветра з Фінскага заліва. Кароткачасовыя дажджы пройдуць уначы месцамі, а на працягу дня — у многіх раёнах. Вецер зменіць свой напрамак на паўночна-заходні і ўзмоцніцца да парывістага. Месцамі на паўночным усходзе ён чакаецца моцны парывісты. Уначы будзе ўсяго 8—14 цяпла, а вось удзень — як і ў пятніцу, плюс 17—23. На лепшыя лічбы на тэрмометры могуць разлічваць жыхары заходніх раёнаў краіны.

Пачынаючы з нядзелі, надвор'е пакрысе пачне пераходзіць на летнія рэйкі. Вырасце атмасферны ціск, дзякуючы чаму дажджавыя аблокі пакінуць тэрыторыю Беларусі. З-за гэтага ўначы пахаладае яшчэ на пару градусаў. У дзённы ж час на Брэсцкую вобласць пачне распаўсюджвацца больш цёплае паветра з Заходняй Еўропы. Там тэрмометры пакажуць ужо сапраўдныя летнія плюс 25—27. На астатняй тэрыторыі захаваецца паніжаны тэмпературны фон — ад 19 да 24 цяпла.

У панядзелак сінаптычная абстаноўка чакаецца нераўнамернай. На захад краіны змесціцца атмасферны фронт. Таму ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях могуць прайсці кароткачасовыя летнія дожджыкі. Вецер зменіцца з заходняга на паўднёвы. Уначы па-ранейшаму будзе халаднавата — усяго ад 6 да 13 цяпла. Затое ўдзень — цалкам камфортныя 21—27 градусаў.

Цеплыня доўга не пратрымаецца. Ужо ў аўторак вернуцца звыклыя для нашага лета 18—25 градусаў. Толькі на поўдні яшчэ крыху прыпячэ — да 28 цяпла. А вось у начны час тэмпература павысіцца — чакаецца ад 11 да 17 градусаў. Месцамі пройдуць невялікія дажджы, не абыдзецца таксама і без навальніц.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Прэв’ю: bobrlife.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?