Вы тут

З 1 жніўня ў Беларусі ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў


Гэтыя меры зацверджаны Пастановай № 68 Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 22 ліпеня 2020 года, гаворыцца ў паведамленні Мінпрацы і сацабароны.


Мінімальны спажывецкі бюджэт (МСБ) для сям’і з чатырох чалавек будзе складаць 413 рублёў і 10 капеек (з 1 мая па 31 ліпеня дзейнічаў МСБ у памеры Br406,04).

Пастановай Мінпрацы таксама ўстаноўлены сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям’і з трох чалавек у памеры Br446,97; працаздольнага насельніцтва — Br522,13; пенсіянераў — Br404,52; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — Br344, 25; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — Br447,3; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — Br449,28.

Як удакладнілі ў Мінпрацы, сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям’і з чатырох чалавек служыць падставай для вызначэння права беларусаў на атрыманне ільготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў. А таксама права грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 20 тысяч чалавек, на ільготныя крэдыты на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылля, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і збудаванняў, адзначае Мінпрацы.

Акрамя затрат на харчаванне і адпачынак мінімальны спажывецкі бюджэт беларускай сям’і з чатырох чалавек у цэнах на чэрвень уключае таксама аплату жыллёва-камунальных паслуг (8,6 % МСБ); набыццё адзежы, абутку і бялізны (18,5 %); выдаткі на бытавыя паслугі, транспарт і сувязь (8,7 %); мэблю і культурна-бытавыя і гаспадарчыя прадметы (8,7 %); на ўзносы і плацяжы прыходзіцца 2,5 % МСБ; на лекі і прадметы санітарыі і гігіены — 2,5 %.

Амаль палову (49,3 %) вызначанага мінімальнага спажывецкага бюджэту (МСБ) беларуская сям’я з чатырох чалавек траціць на харчаванне. Менш за ўсё (1,3 %) яны выдаткоўваюць на культурна-асветніцкія мерапрыемствы і адпачынак. Мінімальны спажывецкі бюджэт прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змен узроўню жыцця насельніцтва і ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе, паведамляецца на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты штоквартальна зацвярджаюцца пастановай Мінпрацы ў цэнах апошняга квартала для шасці сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва і двух відаў сямей рознага складу.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: prof.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.