Вы тут

Калi б не туман...


«Вы б асцерагалiся гэтай дзеўкi, — сказала бабуля, упершыню ўбачыўшы Жанну. — Дужа хiтрая яна, ненадзейная...»


Тады, на пачатку вучобы ў iнстытуце, нам здавалася, што гэта няпраўда. Праз пару гадоў — што ў бабулiных словах нешта, здаецца, было. А ў самым канцы вучобы Жанна ўжо не вельмi i хавала, што трапаць нервы з дзецьмi ў правiнцыйнай школе — гэта «адстой», што ў сталiцы без блату i сталiчнай прапiскi добрай работы не знойдзеш... Таму выйсце адно — выйсцi замуж.

За каго, ёй доўга выбiраць не давялося: кавалераў хапала, бо дзеўка была прыгожая, бойкая, па слова (нават англiйскае цi iспанскае) ў кiшэнь нiколi не лезла...

Што для нас было нечаканым, выбар свой яна спынiла на Вiктары, якi таксама паходзiў з досыць беднай вясковай сям'i. Але ж пры гэтым, Жанна хвалiлася, блiскуча адвучыўся на перакладчыка, i зараз яму «свяцiлi» не толькi добрыя заробкi, але i замежныя камандзiроўкi. А значыць, з iм можна было паглядзець, як людзi жывуць у краiнах з «загнiўшым» капiталiзмам, i, калi спадабаецца, там нават застацца.

Пажанiцца яны збiралiся ў канцы жнiўня, а пакуль, каб зарабiць грошай, Вiктар падаўся некуды на Поўнач на так званую шабашку. Паехаў разам з брыгадай, як многiя ездзiлi. I вярталiся... А ён не вярнуўся — загiнуў пры няясных абставiнах, пакiнуўшы Жанне кароткую тэлеграму з незразумелымi словамi «жэ тэм» (je t'aimе, фр. «я цябе кахаю») i... сыночка, таксама Вiцю, якi нарадзiўся потым — у студзенi...

Летам жа, пагараваўшы ў горадзе, Жанна з'ездзiла да мамы — «без дзiцяцi», бо з'явiцца з iм у прыполе ёй (дарэчы, такой жа «прыпольнай») зусiм не выпадала, — сказала, што яе адпраўляюць на стажыроўку ў Кубу, i асела ў сталiцы.

Да родаў зарабляла ўрокамi (тым жа рэпетытарствам), потым на экраны выйшаў фiльм пра iнтэрдзяўчынак, i Жанна, пакiнуўшы малога на кватэрную гаспадыню ды прыбраўшыся ва ўсё найлепшае, завiтала ў рэстаран пры гасцiнiцы, зрабiла выгляд, што некага чакае.

Першым, хто звярнуў на яе ўвагу, быў сталы немец. Па-нямецку Жанна гаварыла ў рамках школьнай праграмы, але той валодаў англiйскай, яны хутка паразумелiся, шыкоўна павячэралi i паднялiся ў нумар. З яго Жанна выйшла з прыемнымi ўспамiнамi i сотняй нямецкiх марак.

Першы блiн атрымаўся ўдалым, варта, здавалася, «пячы» яшчэ i яшчэ — было чым разлiчыцца i з нянькай, i з метрдатэлем у рэстаране. Складаней было з каляжанкамi, дакладней — з канкурэнткамi. Адносiны давялося высвятляць у дамскай прыбiральнi, i ад мардабою Жанну ўратавала хiба тое, што таваркi былi маладыя i замежныя мовы ведалi дрэнна. Яна ўзялася дапамагаць iм — шукаць агульную мову з iспанцамi, французамi, iтальянцамi. I, здавалася б, пайшло-паехала, калi б...

Сына — з цвёрдым абяцаннем рэгулярна прыходзiць i забраць, як толькi знойдзе работу, — яна аформiла ў Дом малечы...

А следам пачала сваё новае, «прыгожае жыццё»: вечарам i ўначы была на рабоце (калi гэты занятак можна так называць), зранку i днём спала. Але ж зняла-такi асобную кватэру i нават абжылася, за некалькi месяцаў накупляла дарагой парфумы, абутку, iмпартных шмотак... Да малога не з'ездзiла нi разу — цi то адвыкла, цi то прывыкнуць не паспела... А таму афiцыйны лiст з паведамленнем, што Вiцю ўсынавiла сямейная пара без жыллёвых i матэрыяльных праблем, яе не надта i засмуцiў.

Непрыемнасцi здаралiся з-за iншага: ёй маглi не заплацiць, маглi сярод ночы выгнаць, «сапсаваць фасад» (гэта значыць, пабiць...). Калi-нiкалi даводзiлася плацiць мiлiцыянерам, каб не заўважалi таго, што павiнны.

Гады праз два, калi шмаццё ўжо не змяшчалася ў шафах, Жанна купiла сабе двухпакаёўку, стала хадзiць на розныя выстаўкi ды прэзентацыi. Там выбiрала чарговую ахвяру, запрашала дамоў. Ад валюты рашуча адмаўлялася, але якi-небудзь залаты сувенiр прымала з ахвотай. А гэта былi ўжо iншыя грошы, за якiя гаспадыня па-еўрапейску аздабляла сваю кватэру ў горадзе i матулiну хату ў вёсцы, дзе яе раздражняла толькi адно: роспыты ўсiх i кожнага, калi ўжо яна, такая прыгожая ды разумная, выйдзе замуж?

Стамiўшыся ад гэтых пытанняў, Жанна аднойчы i ляпнула, што калi за нейкага галадранца i п'янiцу, то нiколi, а вось за багатага англiчанiна цi iспанца, дык вельмi можа быць... I тады ўжо з'едзе сама i маму забярэ.

Тая (хто ведае?) мо, хацела ўявiць, а мо, iншае нешта ўдумала, але пасля гэтага стала загаворвацца, забывацца паесцi, выключыць газ, зачынiць комiн...

Мясцовы доктар нiякiх хвароб у яе не знайшоў, сталiчныя таксама — хiба ўзроставыя змяненнi? А жанчыне, мiж тым, станавiлася ўсё горай i горай, таму ўрэшце Жанна здала сваю кватэру таварцы па рабоце i часова вярнулася ў вёску.

...У тыя ж гады, але на iншай арбiце, вiравала жыццё яе аднавяскоўца дзядзькi Колi. Той з талковага iнжынера ператварыўся ў досыць паспяховага прадпрымальнiка, падняўся на гандлi камп'ютарамi. (Немцаў, дарэчы, здзiвiў пры першай жа дзелавой сустрэчы — i не столькi добрым веданнем iх мовы, колькi... пацераў, якое змог захаваць у бязбожным Савецкiм Саюзе.)

З падачы тых здзiўленых замежных калег стаў гандляваць мабiльнiкамi, дом пабудаваў для сябе, потым яшчэ два — для замужнiх дачок. У школе, дзе вучыўся сам, як i ў тых, куды хадзiлi ўнукi, абсталяваў камп'ютарныя класы. На вясковых могiлках новую каплiцу паставiў, планаваў яшчэ два кiламетры новай дарогi пралажыць...

А бяда прыйшла адкуль не чакаў: на цукровы дыябет захварэла жонка, потым да яе ж прычапiлася яшчэ колькi хвароб. I куды яны нi ездзiлi, чаго нi рабiлi, вынiк быў адзiн, вядомы ўсiм i загадзя: здароўя не купiш — нават за вельмi вялiкiя грошы.

Свае апошнiя гады i днi хворая дажывала то з дочкамi ў час iх дэкрэтных, то з мужам у доме яго бацькоў, у царстве кветак i... катоў, якiм, нягледзячы на хваробу, Жаннiна мацi, а потым ужо i дачка, штодзень прыносiла малако.

...Так i «стрэлiся дзве адзiноты».

Праз работу i хваробы жонкi Мiкалай стаў забывацца, што ён мужчына, але Жанна змагла нагадаць, што Чарлi Чаплiн апошнi раз стаў бацькам у 73 гады, Эрве Базен — i наогул — у 80!

Пра Базена Мiкалай распытваць не стаў, а Чаплiна ў фiльмах бачыў i нават неяк акрыяў, бо на добры дзясятак гадоў быў маладзейшы...

Аб чым яшчэ там былi размовы, гiсторыя замоўчвае, факт, што справы iшлi да цiхага вяселля ў вузкiм сямейным коле, цi, як мiнiмум, да роспiсу ў сельсавеце.

...Сярод тыдня Жанна вырашыла махнуць у горад, забраць пашпарт, а насамрэч, каб пахвалiцца перад сяброўкамi сваiмi перспектывамi, каб годна развiтацца з былым жыццём — зрабiць так званы дзявочнiк. (Мабiльнiк яна пакiнула дома, каб будучы муж не даймаў званкамi. А каб не павёз яе сам, спецыяльна выбрала дзень, калi ён чакаў аўтакран i машыну з трубамi для рамонту дарогi.)

Таваркi «адарвалiся» тады на славу, як тыя першакурснiцы, аж па той бок ночы: чаго толькi не елi-пiлi, чаго не выраблялi... Потым яшчэ выбiралi таксiста, з якiм можна разлiчыцца натурай, бо «раптам мужу яна не патрэбная?» — смяялiся дзяўчаты. А Жанна адбiвалася, казала, што галоўнае — трапiць у сям'ю, а там... «Два зяцi ў чалавека... Хоць адзiн ды клюне, калi «пад градусам...»

Сама ж яна, даглядаючы мацi, амаль адвыкла ад алкаголю, таму глядзела на «абранага» таксiста нiбы праз сон. I ўжо канкрэтна засынаючы, тлумачыла маршрут.

З гадзiну яны лiха iмчалi па апусцелай шашы, потым разоў колькi спынялiся (пасажырку ванiтавала), а на пад'ездзе да возера, ад якога было рукою падаць да Жаннiнага мястэчка, трапiлi ў гэткi туман, што спачатку проста збавiлi хуткасць, а потым i наогул сталi. Разбудзiўшы пасажырку i пачуўшы, што iм трэба звярнуць у лес, таксiст заявiў, што «сустрэча» з ласём у планы яго не ўваходзiць (нават за вялiкiя грошы), а таму — «на выхад, маўляў... Калi ласка...»

«Бач якi ветлiвы! — абурылася Жанна. — Ён лася баiцца... А я, жанчына, што — нiчога?!» «А дзе яна? Хто тут жанчына? — у адказ засмяяўся таксiст. — Ты? П'янь... Шалахвостка. Дойдзеш дадому, у люстэрка на сябе паглядзi». — «Ну i дайду», — пасажырка ляпнула дзвярыма.

На дарозе было цiха i цёмна — хiба вецер даносiў «пераклiчку» сабак. Намацваючы нагамi дарогу, Жанна пабрыла на iх галасы i, на шчасце, хвiлiн праз колькi ўбачыла наперадзе нейкi агеньчык. Так i ёсць: на аўтобусным прыпынку ў плашчы з паднятым башлыком курыў нейкi дзед.

Жанна спытала ў яго, цi правiльна iдзе да мястэчка... I толькi тут, па голасе, пазнала Мiкалая, якi, знерваваўшыся, узяў лiхтар i выйшаў яе шукаць.

Давялося завесцi дадому.

Там хацеў распытаць, цi добра з'ездзiла, аднак «падарожнiца», моцна абняўшы сумачку, адразу ж завалiлася спаць.

Мiкалай разуў яе, хацеў сцягнуць запэцканы белы пiнжак, у рукi ўзяў сумачку... Закарцела зазiрнуць туды — даведацца, што ж за скарб яму паслалi нябёсы. I не ўтрываў — дастаў пашпарт (i знайшоў там запiс пра дзiця), убачыў афiцыйны лiст з паведамленнем пра ўсынаўленне.

А ранiцай нi тлумачэнняў, нi апраўданняў ён слухаць не стаў: паказаў на дзверы i папрасiў iх больш не адчыняць — нiколi.

Пракляты туман...

Цi ўсё ж пахвалёны?!

Iван Бойка, г. Баранавiчы.

Фота ў прэв'ю носіць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.