Вы тут

1 жнiўня стартуе ўнiкальная выстаўка «Пахавальныя традыцыi Радзiвiлаў»


У Нацыянальным гiсторыка-культурным музеi-запаведнiку «Нясвiж» 1 жнiўня стартуе ўнiкальная выстаўка «Пахавальныя традыцыi Радзiвiлаў».


— Перш чым расказаць аб экспазiцыi, варта нагадаць, якiя падзеi гэтаму папярэднiчалi, — кажа дырэктар музея-запаведнiка Сяргей Клiмаў. — Два гады таму мы разам з лiтоўскiмi калегамi правялi даследаванне крыпты i астанкаў прадстаўнiкоў роду Радзiвiлаў пад касцёлам Божага Цела. Там трымалася вялiкая вiльготнасць, i трэба было вызначыцца, што рабiць далей на ўзроўнi хоць бы рэкамендацый рэстаўрацыi. Адкрылi некалькi саркафагаў. Аказалася, што вада трапляла не толькi на сцены ўсыпальнiцы, але i ўнутр саркафагаў. Астанкi некаторых Радзiвiлаў былi пашкоджаны. Практычна нiчога не засталося ад мумiй Пане Каханку, Рыбанькi, Уршулi Радзiвiл. Захавалiся толькi некаторыя фрагменты iх адзення. Зразумела, тыя рэчы, якiя суправаджалi Радзiвiлаў у iншы свет, мы не маглi пакiнуць там, бо праз колькi гадоў яны ператварылiся б у пыл. Па рашэннi Нясвiжскага райвыканкама, як уласнiка гэтых памяшканняў, рэчы былi выняты. А на сесii райсавета дэпутаты далi згоду на тое, каб яны ўвайшлi ў музейны фонд краiны. Усяго ж дасталi адтуль звыш 90 прадметаў, частку з iх адрэстаўрыравалi ў Лiтве. Пад гэтыя прадметы i рабiлася экспазiцыя на грошы Мiнiстэрства культуры, Еўрасаюза (сумесны грант для Лiтвы, Латвii i Беларусi), а таксама нашы ўласныя сродкi.

Экспазiцыя практычна ўжо на выхадзе, засталiся дробязi. Падчас даследавання гiсторыкi выявiлi малавядомы раней факт, што Радзiвiлы прэтэндавалi на каралеўскiя ўшанаваннi, паколькi былi князямi Свяшчэннай Рымскай iмперыi. I пахавальны цырыманiял узяты з аналагiчнага цырыманiялу. Менавiта так хавалi рымскiх iмператараў, а затым — каралёў i князёў у Еўропе. Гэта быў складаны, нават не разавы рытуал, а шматмесячная працэдура ў сувязi з тым, што Радзiвiлы са смерцю ўваходзiлi ў арэол славы. Iм як бы аддавалася пашана за ўсе iх зямныя справы. Для хрысцiянiна — як католiка, так i праваслаўнага — факту адыходу ў iншы свет аддавалася вялiкая ўвага, да гэтага яны рыхтавалiся яшчэ пры жыццi. Iснаваў цэлы рытуал: як хаваць, у чым, якiя абрады праводзiць.

— Аб гэтай культуры мы мала ведаем. I для нас важна не тое, што працэдура пахавання была пышная, урачыстая, а тое, што мы даведваемся аб паўсядзённым жыццi тагачасных людзей. У гэтым выпадку арыстакратаў, прадстаўнiкоў магнацкага роду. Што наблiжае нас да гiсторыi, i мы лепш разумеем, што за людзі былi ў мiнулым, якая ў iх была матывацыя, як яны жылi, як памiралi, — лiчыць Сяргей Клiмаў.

— Якiя прадметы клалi ў труну Радзiвiлам?

— Па-рознаму. Напрыклад, Рыбанька быў гетманам, меў звычайную баявую шаблю «Карабэла». Ад яе ацалела некалькi асобных фрагментаў. Але нашы лiтоўскiя калегi, да якiх мы звярнулiся, iх склеiлi. У Пане Каханку захавалася толькi частка лiтога залатога поя-
са, вельмi дарагога i рэдкага. На сусветных аўкцыёнах ён надзвычай цэнiцца, — расказвае Сяргей Мiхайлавiч. — У 50-я гады мiнулага стагоддзя ў крыпце праводзiлiся даследаваннi. Магчыма спецыялiсты шукалi сакрэты бальзамавання для наступнага выкарыстання ў Савецкiм Саюзе. Так яно цi не, цяпер цяжка сказаць. Аднак, паводле афiцыйнай версii, гэта былi даследаваннi на прадмет з'яўлення там мiкраарганiзмаў, якi могуць выклiкаць эпiдэмiю. Можа, тады пояс i быў разрэзаны на асобныя часткi. У саркафагах пад касцёлам Божага Цела нiчога каштоўнага не знаходзiлi, акрамя рэчаў, якiмi людзi карысталiся ў жыццi, i яны — найбольш важныя артэфакты нашай экспазiцыi, якую рыхтуем. Дарэчы, у 1913 годзе частку саркафагаў адкрывалi самi Радзiвiлы, пра што сведчыць той факт, што драўляная труна была перавязана дротам i апячатана пломбай са свiнцовай пячаткай магнацкага роду.

— Паводле апошняй iнвентарызацыi 1999 года, у крыпце знаходзяцца 70 саркафагаў, дзве канопы (сасуды з бальзамаванымi вантробамi нябожчыкаў) i адна урна з прахам, — тлумачыць старшы навуковы супрацоўнiк музея-запаведнiка Андрэй Блiнец. — Адметнасць касцёла Божага Цела ў тым, што ён увесь час заставаўся дзейным. Богаслужэннi тут не перапынялiся на працягу ўсiх 400 гадоў. Праходзiлi набажэнствы i пры Радзiвiлах, i пры Расiйскай iмперыi, калi касцёлы закрывалiся i перабудоўвалiся ў праваслаўныя храмы, i пры другой Рэчы Паспалiтай, i ў савецкi час, працуе ён i цяпер. Нi ў склады, нi ў гаспадарчыя памяшканнi святыню не перабудоўвалi.

— Магчыма, таму i радавы склеп захаваўся?

— Бясспрэчна, касцёл i крыпта — часткі аднаго цэлага. Iх нельга падзяляць, без касцёла не было б i крыпты, а крыпты без касцёла. А што датычыцца традыцый пахавання, то давайце разважаць часавымi рамкамi. За чатыры стагоддзi любы звычай змяняецца, любая традыцыя эвалюцыянуе. Тое, што было прымальнае для XVII стагоддзя, непрымальнае для XX i наадварот. Таму казаць пра адзiныя пахавальныя рытуалы, якiя былi б нязменныя пры пахаваннi, мы не можам. Кожны раз цырымонii адбывалiся па-рознаму, у адпаведнасцi з культурным кантэкстам, традыцыямi, поглядамi людзей таго цi iншага часу.

Самае першае пахаванне, якое дакладна задакументавана, — гэта пахаванне будаўнiка касцёла Мiкалая Кшыштофа Радзiвiла Сiроткi ў 1616 годзе. Дык вось ён загадаў хаваць яго без лiшняй помпы, у сцiплым убраннi пiлiгрыма, а каб труну неслi жабракi, якiх князь называў сваiмi братамi. Нi пышных катафалкаў, нi гучных прамоў. Перад аблiччам смерцi ты не князь, не рыцар, не ардынат, а толькi пiлiгрым, якi прыйшоў у гэты свет i адыходзiць з яго.

— У XVIII стагоддзi ўжо была зусiм iншая традыцыя. Пахавальная цырымонiя магла расцягвацца на тыднi i нават месяцы. Для яе стваралiся адмысловыя катафалкi, збiралiся велiчныя пахавальныя працэсii, — расказвае Андрэй Уладзiмiравiч. — Катафалк з целам нябожчыка або нябожчыцы месяцамi аб'язджаў усе ўладаннi, радавыя сядзiбы, мястэчкi, за iм iшла вялiкая жалобная працэсiя з блiзкiх, купцоў, рамеснiкаў, вышэйшых слаёў гарадскога насельнiцтва, жаўнераў-афiцэраў радзiвiлаўскай армii. Паўсюдна адбывалiся жалобныя набажэнствы. Затым памерлага прывозiлi ў Нясвiж i змяшчалi ў касцёл у пабудаваны ўнутраны храм, так званы замак смутку. Туды ставiлi труну, i яшчэ некалькi дзён гучалi прамовы, богаслужэннi, бiлi ў званы, давалi гарматныя залпы. Прыступкi былi выкладзены сотнямi метраў аксамiту, у касцёле i на падыходзе да яго гарэлi тысячы свечак. Па ўсiм горадзе былi абсталяваны жалобныя развiтальныя аркi. I толькi пасля гэтага цела апускалi ў радзiвiлаўскую крыпту.

У XIX стагоддзi, калi замак быў пусты, закiнуты, стаяў без гаспадароў, нябожчыкаў проста прывозiлi ў касцёл i пасля службы апускалi труну ў крыпту, затым адбывалася памiнальная вячэра ў замку.

У XX стагоддзi было зладжана пышнае пахаванне толькi Альберта Антонiя Радзiвiла ў 1936 годзе. Ён памёр у снежнi 1935-га, але хавалi яго крыху пазней. На цырымонiю з'ехалася амаль што ўся арыстакратычная элiта Рэчы Паспалiтай, прадстаўнiкi мясцовага свету, духавенства, ганаровая варта ад палкоў Войска польскага, з якiмi князь быў так цi iнакш звязаны. Гэта апошнi раз, калi замак прымаў вялiкую колькасць гасцей. Служба адбывалася ў Замкавай каплiцы, а труну адтуль выносiлi гаёвыя (егеры).

— А самае апошняе пахаванне прайшло летам 2000 года, калi урну з прахам Антонiя Радзiвiла прывезлi ў Нясвiж. Усё было ў традыцыях нашага часу — развiтальныя прамовы, канцэрт-рэквiем. Таму казаць пра нейкую стандартную схему пахавання магнацкага роду нельга, — падсумаваў напрыканцы Андрэй Блiнец.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота з сайта mlyn.by

Загаловак у газеце: Па той бок жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».