Вы тут

Расцём і жывём сяўбой ды жнівом


Сёлетняя гарачая жніўная пара ў краіне набывае асабліва глыбокі сэнс: бо якраз цяпер мы ў чарговы раз рыхтуемся да выбараў Прэзідэнта Беларусі


Жніво-2020. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей дзякуе за ўдарную працу на жніве механізатару Аляксандру Белавусаву з аграгаспадаркі “Калінінскі” Добрушскага раёна.

Розныя, здавалася б, кампаніі: уборачная ды выбарчая. Але ж, калі ўдумацца-разважыць з менталітэтам нашым спрадвечна сялянскім, хлебаробскім, то знойдуцца паміж імі цікавыя сэнсавыя паралелі.

Кожны хлебароб, як кажуць здаўна, менавіта ў жніўную пару трымае галоўны экзамен года. І атрымлівае ўрэшце “адзнаку” — вядома ж, ураджаем! — за працу ў чарговым жыццёвым цыкле. Які ўключае процьму работ: угноіць глебу, заараць яе, пасеяць збожжа, дагледзець пасевы належным чынам, своечасова сабраць ураджай. А як жа ўсё дасканала, рупліва, з захаваннем агратэхналогій павінна быць зроблена, з улікам і ўмоў надвор’я, і асаблівасцяў глебы, гатунку насення, каб кожны гектар даваў ажно пад 100 цэнтнераў пшаніцы!

Лічбу прыводжу не выпадкова. Днямі яна прагучала, калі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведваў аграгаспадарку “Новае жыццё” ў Нясвіжскім раёне Міншчыны. Гэта й ад маёй малой радзімы недалёка. І згадалася, што ў 70‑я, калі я, школьнік, працаваў на жніве ў калгасе “Беларусь” Ляхавіцкага раёна Брэстчыны (памочнікам камбайнёра ў таты, Івана Іосіфавіча Ждановіча), то пра ўраджайнасць такую мы й не чулі. Як за 40 цэнтнераў ячменю, пшаніцы на асобных участках на круг бралі — о, гэта быў поспех! Аграном, брыгадзір, старшыня калгаса маглі разлічваць на высокае месца ў сацспаборніцтве, камбайнёры — таксама. Душа ж радуецца, калі добра сыпле ў бункер, і можна неблагую капейчыну на жніве зарабіць. І славу, хай сабе і ў межах раёна ці вобласці. Прыемна было, калі тата з братам Пятром (ён раней за мяне пайшоў у памочнікі) на некаторы час, маючы новы камбайн СК‑4, аказаліся ў лідарах сацспаборніцтва. Сяляне, бацька з сынам-падлеткам з невялічкай вёскі Яцкаўшчыны трапілі на раённую дошку гонару, а ў таты журналістка ўзяла інтэрв’ю: у раёнцы “Будаўнік камунізму” надрукавалі.

Артысты прыехалі парадаваць хлебаробаў прама на ніву

Ды слава, ужо тады я пераканаўся, — пані яшчэ тая. Капрызная й недаўгавечная бывае. Трохі з камбайнам нешта не заладзілася — і лідарства таго як не было. А хлеб — ён значна больш надзейны. Заўсёды патрэбен: і ў 70‑я, і цяпер. Дарэчы, у развіццё агракомплексу беларуская дзяржава ўклала звыш 40 мільярдаў долараў толькі ў апошнія дзве пяцігодкі. Так умацоўвалася харчовая бяспека Беларусі. Своечасова! Цяпер жа ў свеце з‑за каранавіруса прагназуюцца праблемы з харчаваннем, нават голад. І варта згадаць сёлетнюю вясну, калі на пасяўную наступала “інфавірусная інфекцыя”, бо некаторым гарачым гарадскім галовам здавалася: трэба ўсіх пагалоўна ў краіне пасадзіць у каранцін. Але ж і на “форс-мажорны” выпадак беларусы даўно маюць мудрае выслоўе-вакцыну: паміраць збірайся, а жыта сей! Умелі дзяды расстаўляць прыярытэты! Не пра сябе, чалавеча, думай — пра свой род, пра блізкіх людзей. Ніхто ж не вечны: хто народжаны — той і сыдзе, як пара надыдзе. Да таго ж, пісаў Уладзімір Караткевіч, саван кішэняў не мае. А хлеб на стале й пасля нас патрэбен будзе. Таму нашы сяляне ды аграгарадкоўцы ўсё ж яравыя сеялі, азімыя даглядалі. Звыклі на сябе спадзявацца — не на чужую, а тым больш замежную, дапамогу: там дарма не дадуць, а яшчэ й папракнуць.

На шчасце, з надвор’ем у Беларусі ўсё склалася: і цёпла, і вільгаці ў пару хапала. І ёсць надзея, што ўраджай будзе добры. Першыя намалочаныя паўтара мільёна тон разлікі апраўдваюць. Гавораць і пра выхад на рэкорд — у 9 з паловай мільёнаў тон: гэта калі да зерневых каласавых дадасца й кукуруза, пасевы якой у Беларусі штогод павялічваюцца. Зрэшты, не будзем забягаць наперад, памятаючы дзедаўскае: збожжа важ не ў полі, а ў засеках.

І выбарчая ж кампанія — гэта, па вялікім рахунку, бітва за ўраджай. Электаральны, так бы мовіць. Збор подпісаў за кандыдатаў — як “замер тэмпературнага рэжыму” палітглебы й пачатак сяўбы. Іншыя перадвыбарныя працэдуры з выплескамі эмоцый, шумам у СМІ, акцыямі й правакацыямі — гэта “догляд пасеваў”. І будзе жніво (выбары — 9 жніўня) на полі, дзе кандыдаты ў прэзідэнты нешта сеялі. Хто сеяў вецер — пажне буру. Барані Божа ад такой бяды ў жніўную пару! Па вялікім рахунку, з кандыдатаў толькі Аляксандр Лукашэнка найбольш сістэмна працуе на электаральнай ніве. Ягоная дзейнасць на пасадзе Прэзідэнта навідавоку ўжо больш за 25 гадоў. Таму й трымаецца ўпэўнена, як хлебароб з вялікім стажам. Аляксандр Рыгоравіч на Нясвіжчыне па-сялянску заўважыў, што выбары — гэта другаснае, значна важней для нас цяпер жніво. Бо хлеб, удакладніў, патрэбен заўсёды. Як вядома, і да нас многія пакаленні беларусаў апрацоўвалі — як хто мог і ўмеў — мясцовае палітполе. Падвышалі ўрадлівасць глебы, ачышчалі яе ад камянёў, хмызоў, дзядоўніку-пустазелля. Сваімі потам, крывёй, а то й жыццямі па мікронах дадавалі спажыўных рэчываў у “чарназёмны слой”. Ды яшчэ розныя вятры, пераважна з захаду ці ўсходу, імкнуліся паўплываць на мясцовы, тутэйшы клімат. Зрэшты, вятры-віхуры тыя і ў нашым часе ніхто не адмяняў: хочацца ж некаму жаць там, дзе сам не сеяў.

Святочная фотасесія на жніве з удзелам беларусаў Цюмені

Знакавым у беларускай палітагратэхніцы быў і застаецца дзень 27 ліпеня (калі й я пішу свае нататкі…). Штогод гэта — разгар жніва ў Беларусі. А трыццаць гадоў таму, 27 ліпеня 1990‑га, якраз у гэты дзень Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. І пачало станавіцца явай тое, пра што нашы папярэднікі даўно марылі: свая зямля, незалежная Беларусь — толькі працуй! Атрымлівай радасць ад працы.

Хлеб на стале, мірнае неба над галавой — гэта ж так важна для простага чалавечага шчасця. І на хвіліну сабе страшна ўявіць, што гэтых дзвюх, здавалася б, простых рэчаў — хлеба й міру — раптам не стане. То хай будзе хлебнаю Беларуская Ніва!

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.